Планы на наступную пару года абвяшчае майская «Маладосць» пад мятна-блакітнай вокладкай. Адкрываецца выпуск ілюстрацыяй Маі Пракаповіч «Снежная каралева», якую суправаджае надпіс на лаціне, у перакладзе: «вясна ідзе за зімой, за смуткам — радасць».
Маладосцеўцы амаль праз увесь нумар правялі тэму будучыні — яе непрадбачанасці, магчымасцей дакрануцца да яе таямнічасці, пакручастасці, спроб хітраваць і прагназаваць. І што з хітрыкаў і гульняў з прышласцю можа атрымацца.
Непазбежна і згодна з канцэпцыяй часопіса ядро яго складаюць проза — Маргарыты Латышкевіч, Кацярыны Назаравай, Вікторыі Сінюк, Жанны Міус, Наталлі Ніканчук і Сяргея Белаяра, а таксама паэзія — Васіля Зуёнка, Людкі Сільновай, Андрэя Кімбара, Міхала Бараноўскага, Вольгі Друшчыц.
МДЛУ прапаноўвае новыя пераклады, гэтым разам — з Фрэнсіса Скота Фіцджэральда. У рубрыцы «Круглы стол» прадстаўнікі творчых прафесій абмеркавалі ўплыў штучнага інтэлекту на сучаснае жыццё. «Люстэрка лёсу» працягваецца перакладамі з кнігі «Украпіны» Аляксандра Радзькова. Кацярына Часнакова аглядае свежую кнігу Міколы Мікуліча, прысвечаную Максіму Танку. Ясенія Аляксеева распавядае аб спектаклі «На чорнай-чорнай вуліцы» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.
«Сямнаццаць працэнтаў унікальнасці — гэта мала? Дастаткова?» Футурыстычнае дэтэктыўнае апавяданне «Душапрыказчык» Маргарыты Латышкевіч абазначана загадкай-інтрыгай, разгадка якой вынесена літаральна на апошнюю старонку твора. Чытанне патрабуе пільнага падыходу. Складана сказаць, у якім мы стагоддзі, назіраецца стракатасць у сацыяльнай дыферэнцыяцыі — нязменнай з’яве, што доўжыцца ўвесь час існавання чалавека, дзе ніколі не будзе роўнасці. Чалавек збольшага ўсё той жа, баліць яму, як і раней. Так не хочацца выдаваць спойлеры, бо апавяданне бачыцца захапляльным. Калі любіце антыўтопію, калі вас цікавіць навуковая фантастыка, прысвечаная развіццю геннай інжынерыі, кланіравання, кібертэхналогій і іх маральнаму боку, то твор Маргарыты Латышкевіч для вас.
«Дзесяць крокаў...» Пошук скарбаў з Вілейшчыны ад Кацярыны Назаравай — апавяданне «Золата бабы Луцэйкі». Гісторыя ідэалістычная і кранальная, пры ўзмоцнена рэалістычным выяўленні многіх непарадных адметнасцей вясковага жыцця. Родныя застаюцца роднымі, калі іх не раз’ядноўвае прага спадчыны, а набліжае адно да аднаго нованароджанае сямейнае паданне.
Спрабую пазнаць лакацыі ў апавяданні «Каштэля» Вікторыі Сінюк. Сабор Пятра і Паўла ў парку — дзе яго шукаць, апрача Гомеля? Пра які маленькі старажытны гарадок ідзе гаворка, пра якую кнігу з рэпрадукцыямі якога мастака? Зрэшты, ці важна ўсё гэта ў імпрэсіях закаханых, удала апісаных унутраных адчуваннях і прамаляваных знешніх дэталях?
Чым можа пахваліцца сабака? Апавяданні Жанны Міус «Маёвая Майка — любові ўраган!» і «Журбавокі Шансанье» — тэматычна адметныя апошнім часам для «Маладосці». Бо ці часта сустрэнеш тут творы, дзе галоўныя героі — жывёлы, а дакладней, сабакі.
«Павінен да дажджу справіцца». Быль Наталлі Ніканчук «Лёс чалавека, альбо Гром на поўдні» прысвячаецца гісторыі яе прадзеда Івана Іванавіча Хмялеўскага і ўключае фрагменты сямейнага летапісу. Адметны, а можа, тыповы, прадказальны альбо нечаканы будзе гэты сінтэз мастацкага і дакументальнага тэкстаў... Верагодна, скіруе задумацца, ці варта чытаць «Кнігу лёсаў» і зазіраць у будучыню.
«Мерцвякам уласціва маўчаць». Цыкл фантастычных апавяданняў Сяргея Белаяра пад назвай «Трыбунальская Інстыгаторыя», які быў распачаты яшчэ ў 2022 годзе (№ 5, 10), далей — у № 11 за 2023-ці, знайшоў свой працяг ў 5-м нумары «Маладосці». Чытача чакаюць творы «Хрустальная павуціна», «Вендыга: логава звера», «Вендыга: рытуал крыві», «Акрататэрм» з малюнкамі аўтара, якія спрыяюць візуалізацыі ключавых персанажаў, такіх, як спадары Рынг і Мамут, Монстр. Прапанаваныя тэксты — наступная (і, як абяцана, не апошняя) порцыя дэтэктыўных навукова-фантастычных кароткіх аповедаў, дзе нязменна прысутнічае інтэртэкст рознага характару, напрыклад, эпіграфы-цытаты — даніна павагі Джаан Роўлінг, Рабіндранату Тагору, Ашоту Наданяну, Амару Хаяму і іншым, а таксама іншамоўныя словы і выразы з тлумачэннямі.
Жаданне даведацца пра аўтараў як мага болей прывяло на YouTube-канал паэта і выкладчыка Андрэя Кімбара. І я знайшла там, апрача метадычных напрацовак па прадметах, відэа, дзе аўтар чытае творы беларускіх пісьменнікаў. І там ёсць запісы вершаў трох з пяці паэтаў майскага нумара — Васіля Зуёнка, Людкі Сільновай і Міхала Бараноўскага. Такі вось красовер. Падабайка, падпіска, званочак, як кажуць блогеры.
Актуальная нізка Андрэя Кімбара складзена са свабодных вершаў. Тут пра экзістэнцыю і адвечныя пытанні, пра важкасць слова і цішыні, пра каханне. Паўстае ў тэкстах і тэма ролі паэта, з ноткамі самакапання, пошуку сэнсу ў вершаскладанні:
Трапныя словы —
узважна-патрэбныя,
поўняцца сэнсамі,
лекуюць розумы,
толькі чамусьці
бы выкапні рэдкія.
Гукі збіраюцца,
ціш разбіваецца,
думкі губляюцца.
Мо памаўчым? («***Лішнія словы...»)
Міхал Бараноўскі прадставіў дзве старонкі «Пункцірам», акуратных, сціслых і адначасова напоўненых думкай паэтычных мініяцюр. Як на мой густ, то яны гавораць самі за сябе.
Прачытала і спынілася, згадала паэму народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: «Мне цябе не стае // Тае...». Задумалася, што маленькі тэкст можа несці ў сабе такі абсяг жыцця, цэлы прыватны сусвет.
Нешта бачыцца лірычным, і сузіральнасць выкручваецца на максімум — у гэтым свая прыгажосць — выхапіць да пейзажу адпаведнае цялеснае адчуванне:
з леташняй травы
сонца злізвае шэрань
смачна глядзець
Недзе, быццам знаходзішся ў натоўпе, дзе, спыніўшыся на вачах суседа, зловіш у сябе і ў яго аднолькавую думку:
не кранаю балючыя тэмы
баюся
раптам не забаліць
А недзе будзе жарт з адпаведнай «чарнінкай» (калі можна так сфармуляваць. Я перачытала тры разы і рассмяялася гучна):
самыя бескампрамісныя крытыкі класікаў
галубы
Маладая паэтэса Вольга Друшчыц прадставіла два вершы ў класічнай сілаба-тоніцы: адзін — пра любоў да Радзімы, другі — пра каханне да чалавека.
Нізка «Прыроды лісток абарваны» Васіля Зуёнка — вершы, у якіх суадносіцца свет без чалавека і свет, створаны і апрацаваны чалавекам, вершы, дзе адбываецца ўзважванне каштоўнага для асобы. Якім бачыцца паэту час? Дарагім або танным? Якая праца больш важная, пачэсная і складаная? Як паўплывае камп’ютарны век на наступныя генерацыі, ці не зробіць бяскніжнікамі? Паэт уважлівы да адвечных з’яў, якія ўраўноўваюць усіх і ўсё:
Як сонца вякоў вякі
Свяціла — няхай і свеціць,—
Не важна зусім — калі,
Але каб тут, на зямлі:
Па-летняму шчодра — у леце,
Па-зімняму крышку — зімой,—
Жывому ўсяму на свеце.
І — на рахунак мой...
(«На зімняе сонцастаянне»)
Іранічна-злабадзённым чытаецца верш «Мядзведзю-2023 (па-сяброўску)» (напэўна, усе памятаюць навіну пра прыход дзікага звера ў межы горада), ён выклікае ўсмешку, але скіроўвае задумацца аб месцы і прызначэнні кожнай жывой істоты ў свеце:
Скажы мне, браце мядзведзь,
Нашчадку Зялёнай Пушчы,
Як мне цябе зразумець:
Я ў лес — а ты мне насустрач.
Мяне мае сцежкі вядуць
У лес ад звягі і тлуму.
А ты — на якую бяду
Пакінуць прыволле надумаў?
Калі пажывіцца, яно
З такімі і ў нас завозна.
А жыць... Не гуляй у кіно!
Вяртайся, пакуль не позна!..
Вершы Людкі Сільновай сцвярджаюць важнасць маленькіх з’яў, якія мы часта абясцэньваем, робім незаўважнымі і бязважкімі. Так з паўсядзённымі радасцямі, працай, рэчамі навокал. Тут будзе гарбата з ружы, спісаны нататнік, кніга, якая здаецца ўсяго толькі дробным побытавым прадметам... Пісьменнік і яго шлях, набытак і спадчына для чытача-нашчадка, увага, шанаванне — яшчэ адна важная тэма ў паэтэсы.
Пэўная філасофская канцэпцыя жыцця лірычнай гераіні праглядаецца ў лаканічным вершы «Тэорыя неадноснасці»:
Мне жыць Эйнштэйн дапамагае:
"Усё адносна, дарагая...
Калі балюча невыносна,
Успамінай, што ўсё адносна«.—
«І нават калі зімы — вёсны?» —
"Усё, усё, што ёсць, адносна«.—
«А неадносна — што? На дзіва?..»
Сама сабе кажу: «Радзіма!»
«...няма сэнсу бегчы па доктара». Пастаянны чытач ведае прозвішча перакладчыцы з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Марыны Макарыч. Гэтым разам у літаратурным меню скарбонкі сусветнага пісьменства апавяданні амерыканскага аўтара, яскравага прадстаўніка так званага «страчанага пакалення» Фрэнсіса Скота Фіцджэральда (1896–1940) «Скіпяціце вады — як мага больш!», «Пакой за зялёнымі аканіцамі» і «Таямніца закладной Рэйманда».
«Як засцерагчы сябе ад бяздушнага розуму». Прысвечана тэме «Штучны інтэлект VS творца: прыгажосць у недасканаласці» рубрыка «Круглы стол». У абмеркаванні ўзялі ўдзел прадстаўнікі розных сфер дзейнасці і ўзростаў, адказалі на пытанні, датычныя штучнага інтэлекту і нейрасетак, ступені пранікнення іх у жыццё, этычнасць выкарыстання, магчымасць поўнай замены чалавечай працы. Арганізатар размовы Ксенія Зарэцкая атрымала каментарый ад прадстаўніка офіса цыфравізацыі Следчага камітэта адносна ўплыву штучнага інтэлекту на бяспеку асобы.
«Не выхоўвайце дзяцей, усё адно яны будуць падобнымі да вас. Выхоўвайце сябе». Рубрыка «Люстэрка лёсу» напаўняецца працягам публікацыі перакладу фрагментаў з кнігі Аляксандра Радзькова «Украпіны», падрыхтаваным Алесем Карлюкевічам. Гэтым разам друкуюцца словы ў афіцыйныя, навуковыя і карпаратыўныя даклады, а таксама — для зместу бяседных і таварыскіх гутарак.
«З яе старонак паўстае велічны вобраз М. Танка як грамадска-культурнага феномена, аднаго з самых магутных і яркіх талентаў у гісторыі беларускай літаратуры». Грунтоўную рэцэнзію Кацярыны Часнаковай на кнігу аднаго з вядучых даследчыкаў літаратуры Заходняй Беларусі Міколы Мікуліча «Максім Танк: асоба, паэзія, лёс» (Беларуская навука, 2023) змяшчае «Літаратурны свет».
«У кожнага свая гісто­рыя і сваё жыццё, і ўсё ж кожны з іх — вечнае зло, бязлітаснае і хітрае, і кожны з іх — чалавечае дабро, шчырае і бескарыслівае». Напрыканцы нумара — водгук аглядальніцы Ясеніі Аляксеевай на спектакль для дарослых Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек слыннага ўжо рэжысёра Яўгена Карняга. Абавязкова падкрэслю, што маю перад вачыма тэкст-камплімент, не галаслоўны, падрабязны, якому веру, бо ўжо наведвала адну з пастановак адзначанага рэжысёра. І ўвогуле Тэатр лялек не пакідае мяне без уражанняў сваёй адметнай атмасферай і ўнікальным падыходам да дзеі.
Па-за асноўным зместам вы знойдзеце думкі аўтараў пра творчасць, найболей у дачыненні да жанраў, з якімі працуюць, першых публікацый, любімых кніг. У нумары прыадкрываецца таямніца, што надрукуюць у найбліжэйшай будучыні. Наперадзе чакаюць вынікі конкурсу «БрамаМар», паэзія Віктара Шніпа, Навума Гальпяровіча, Віктара Яраца, Аляксандры Жалязновай, Леры Гілеўскай, проза Зінаіды Дудзюк, Алеся Бадака, Віктара Варанца і іншых пісьменнікаў — слынных і тых, хто толькі пачынае. Абяцаюць быць нязменна поўнымі адкрыццяў матэрыялы, прысвечаныя постацям Уладзіміра Караткевіча, Міколы Матукоўскага, Міхася Лынькова... Спадзяюся, што бязмежна натхняльнымі будуць гутаркі з прафесіяналамі сваёй справы, напрыклад, анансавана інтэрв’ю з мастацтвазнаўцай, галерысткай Кацярынай Давыдавай-Высоцке. Пашыраць кола замежнай літаратуры на беларускай мове пераклады сусветнай класікі, выкананыя прадстаўнітцвам МДЛУ — з’явяцца публікацыі Хаакіна Дысенты, Оскара Уайльда, Роберта Льюіса Стывенсана...
Кацярына ЦІМАНОВІЧ
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.