Мінск і Ленінградская вобласць абмяняліся вопытам у сферы сацыяльнай рэабілітацыі. Напрамкі супрацоўніцтва абмеркавалі ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце на пасяджэнні круглага стала «Комплексная рэабілітацыя і інтэграцыя інвалідаў». Карэспандэнт «Звязды» высветліў падрабязнасці сапраўды важнай размовы.
Сацыяльная абарона людзей з інваліднасцю з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі Беларусі. Між тым толькі ўсім разам — органам улады, медыкам, сацыяльным работнікам, вучоным, грамадскім аб’яднанням інвалідаў — можна павысіць эфектыўнасць працы з людзьмі з інваліднасцю, палепшыць якасць іх жыцця.
Удзельнікамі круглага стала сталі намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Стрыгельскі, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Пётр Шуцько і яго намеснік Вольга Васілеўская, а таксама прадстаўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёнаў сталіцы.
Для іх прэзентавалі работу дзяржаўнай аўтаномнай нетыповай прафесійнай адукацыйнай установы Ленінградскай вобласці «Мультыцэнтр сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі». Тут маладых людзей з інваліднасцю навучаюць прафесіі, дапамагаюць з працаўладкаваннем, паўнавартаснай інтэграцыяй у грамадства. Дырэктар «Мультыцэнтра сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі» Ірына Драздзенка распавяла мінскім калегам аб магчымасцях шматпрофільнага рэсурснага цэнтра, рэгіянальнай мадэлі комплекснага суправаджэння грамадзян, якім патрэбна ўвага і дапамога дзяржавы.
«Мы ў гэтым кірунку працуем ужо дзясяты год. Не проста вучым прафесіі, працаўладкоўваем, а дапамагаем здабыць жыллё, стварыць там ўтульнасць, сем’і. таксама жанім, хрысцім... — адзначыла Ірына Драздзенка. — Гэта пытанне вяртання людзей, якія набылі інваліднасць на працягу жыцця або нарадзіліся з пэўнымі парушэннямі функцый, у соцыум. Ствараем умовы і магчымасці, каб узровень іх жыцця не пакутаваў, не было сацыяпатыі. Гэта грамадзяне нашай дзяржавы, нашы дзеці. Губляецца сэнс нацыянальнага праекта „Дэмаграфія“, калі мы тых дзяцей, якія чымсьці адрозніваецца ад нормы, будзем увесь час пакідаць за бортам, хаваць, не знаходзячыся побач, разам з імі».
Яна прапанавала на практыцы пазнаёміцца з інавацыйнымі падыходамі цэнтра, а таксама падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве са сталічнымі ўстановамі сістэмы сацыяльнага абслугоўвання, каб абменьвацца інавацыйнымі напрацоўкамі і вопытам.
Намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Стрыгельскі назваў вопыт Ленінградскай вобласці па сацыяльнай рэабілітацыі ўнікальным. «Тэма вельмі актуальная для горада Мінска. Сёння ў сталіцы пражывае больш за 100 тысяч чалавек з інваліднасцю. Многія людзі, асабліва тыя, хто ўпершыню сутыкнуўся з такой жыццёвай праблемай, маюць патрэбу ў прафесійнай дапамозе па перанавучанні, каб набыць новыя прафесійныя кампетэнцыі, у сацыялізацыі, уладкаванні побыту. Ленінградская вобласць у гэтай частцы вельмі сур’ёзна прасунулася. Мы пачулі шэраг сур’ёзных напрацовак, якія, безумоўна, вывучым», — адзначыў Андрэй Стрыгельскі.
Ён анансаваў візіт дэлегацыі ўстаноў сацыяльнай абароны горада Мінска ў расійскі рэгіён, які, як чакаецца, адбудзецца ў жніўні. «Мы вывучым вопыт нашых калегаў, падпішам дамову аб супрацоўніцтве і будзем абменьвацца практыкамі, методыкамі, якія прыносяць карысць жыхарам сталіцы і Ленінградскай вобласці», — дадаў Андрэй Стрыгельскі.
«Мультыцэнтр сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі» размешчаны ў горадзе Усеваложск. Установа ажыццяўляе адукацыйную дзейнасць па рэалізацыі адаптаваных адукацыйных праграм прафесійнай падрыхтоўкі па розных прафесіях. Працэс навучання ўключае элементы дуальнай адукацыі і ўяўляе сабой комплекснае суправаджэнне маладых інвалідаў на працягу ўсяго перыяду знаходжання. Наступнае працаўладкаванне з «гарантыйным тэрмінам» прадугледжвае суправаджэнне выпускніка на працоўным месцы ў перыяд адаптацыі групай спецыялістаў мультыцэнтра — юрыста, педагога-псіхолага, сацыяльнага педагога і майстра вытворчага навучання.
Улічваючы рост колькасці дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця, якія прыводзяць да росту інвалідзізуючых захворванняў, ключавое значэнне для рэгіёну мае служба ранняга ўмяшання і дзіцячай рэабілітацыі.
Рэабілітацыя і абілітацыя праводзяцца для паляпшэння якасці жыцця інвалідаў, стварэння неабходных умоў для дасягнення і захавання іх максімальнай незалежнасці і самастойнасці, індывідуальнай мабільнасці, фізічных, разумовых, сацыяльных і прафесійных здольнасцяў і максімальнага ўключэння ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства.
Законамі Рэспублікі Беларусь вызначаны асноўныя напрамкі рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў: медыцынская, сацыяльная, прафесійная, а таксама працоўная рэабілітацыя. Замацавана, што рэабілітацыя, абілітацыя інвалідаў праводзяцца на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі, абілітацыі інваліда, індывідуальнай праграмы рэабілітацыі, абілітацыі дзіцяці-інваліда (ІПРА), якія фармуюцца па выніках правядзення медыка-сацыяльнай экспертызы.
Сёння для людзей з інваліднасцю бар’ераў становіцца ўсё менш. Гаворка — пра бар’еры рознага роду — і ў навакольным свеце, і ў грамадскай свядомасці. Грамадства становіцца інклюзіўным, больш адкрытым для такіх людзей. З іншага боку — адчувальныя зрухі адбываюцца ў заканадаўчым плане. У Беларусі, дарэчы, замацавана магчымасць стварэння на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях цэнтраў альбо падраздзяленняў рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Кацярыны УРБАН
Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.
Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.
«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».