Нягледзячы на сучасныя выклікі і пагрозы, шматлікія абмежаванні з боку несяброўскіх краін, Беларусь і Расія паспяхова развіваюцца, з улікам нацыянальных інтарэсаў удасканальваюць саюзную інтэграцыю. Удаецца гэта ў тым ліку дзякуючы Форуму рэгіёнаў, які стымулюю ўзаемадзеянне абласцей Рэспублікі Беларусь і суб’ектаў Расійскай Федэрацыі ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і гуманітарнай сферах. За мінулыя дзесяць гадоў у межах форуму было падпісана 588 пагадненняў рознага ўзроўню, заключана камерцыйных кантрактаў на агульную суму больш за 20,5 мільярдаў беларускіх рублёў. Па суме заключаных кантрактаў адзінаццаты Форум рэгіёнаў перасягнуў папярэднія рэкорды: партнёры наблізіліся да сумы больш як 1 мільярд 100 мільёнаў беларускіх рублёў. Усяго на палях апошняга форуму падпісана звыш 250 дакументаў.
Да ўдзельнікаў форума па відэасувязі звярнуліся кіраўнікі нашых краін.
Форум рэгіёнаў — адзін з самых паспяховых і рэзультатыўных праектаў Саюзнай дзяржавы, адзначыў у сваім відэазвароце Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Форум стаў унікальнай дыялогавай пляцоўкай, набыў свой асаблівы, непаўторны стыль і працягвае прырастаць смелымі, амбіцыйнымі ініцыятывамі. На яго пляцоўках заключана 588 пагадненняў, падпісаны камерцыйныя кантракты на агульную суму звыш 450 мільярдаў расійскіх рублёў. Дасягнуты сур’ёзныя поспехі ў навукова-тэхнічнай і адукацыйнай палітыцы», — сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, цяпер на парадак дня Форуму заканамерна выходзяць пытанні пабудовы інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы, паколькі ў сучасным свеце забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі немагчыма без распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных рашэнняў. «У Беларусі і Расіі для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы. У нас захаваліся найлепшыя навуковыя школы, забяспечана моцная матэрыяльная база. Рэалізуецца адзіная прамысловая палітыка і фарміруецца адзіная навукова-тэхналагічная прастора. І самае галоўнае — мы маем моцны чалавечы патэнцыял», — сказаў Прэзідэнт. Беларусі і выказаў упэўненасць у тым, што ідэі цяперашняга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі знойдуць сваё ўвасабленне: «Мы выйдзем на новы ўзровень саюзнай інтэграцыі, развіцця перадавых тэхналогій і інавацый, рэалізацыі нашых стратэгічных прыярытэтаў».
У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваім відэазвароце адзначыў, што рухавіком гандлю Беларусі і Расіі з’яўляюцца менавіта рэгіёны. Вялікую практычную карысць для паглыблення расійска-беларускага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва прыносяць інтэграцыйныя працэсы, якія развіваюцца як у рамках Саюзнай дзяржавы, так і па лініі Еўразійскага эканамічнага саюза, зазначыў Прэзідэнт РФ: «Менавіта дзякуючы ўсё больш цеснай інтэграцыі кампаніі нашых краін, у якім бы рэгіёне яны ні знаходзіліся, атрымліваюць магчымасць працаваць ва ўмовах адзінага эканамічнага поля, без бар’ераў і перашкод. Гэта непасрэдна датычыцца і сфер навукі, тэхналогій і інавацый — менавіта тых напрамкаў узаемадзеяння, якія абмяркоўваліся ў гэтыя дні на форуме». Прэзідэнт Расіі таксама скарыстаўся выпадкам і павіншаваў беларусаў з надыходзячым Днём Незалежнасці і 80-годдзем вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Як звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, важнасць такой дыялогавай пляцоўкі, як Форум рэгіёнаў, цяжка пераацаніць. «Гэта той фармат стратэгічнага супрацоўніцтва, якім мы ганарымся і па праве можам называць здабыткам нашых брацкіх народаў, — падкрэсліла яна. — За невялікі па гістарычных мерках перыяд Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў адным з сімвалаў Саюзнай дзяржавы. За дзесяцігоддзе гэты міжрэгіянальны саміт, які традыцыйна праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі з удзелам шырокага прадстаўніцтва выканаўчых органаў улады, бізнесу, вучоных, набыў свой асаблівы, непаўторны стыль і працягвае прырастаць новымі творчымі ідэямі і самымі смелымі, амбіцыйнымі праектамі».
Па словах спікера, заяўленая тэматыка XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі «Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы» надзвычай актуальная і запатрабаваная. «Гэта важная мэтавая задача, ключавая ўмова забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі нашых краін, — лічыць Наталля Качанава. — Эпоха прарыўных навуковых рашэнняў, інавацый і высокатэхналагічных дасягненняў дыктуе свае жорсткія правілы канкурэнцыі і барацьбы за перадавыя пазіцыі ў сістэме міжнародных каардынат. І толькі таго чакае поспех, хто ідзе ў нагу з часам, апярэджвае прагрэс і не баіцца ўзначаліць неад’емныя і непазбежныя працэсы сучаснасці. Гістарычная місія цяперашніх пакаленняў — забяспечыць няўхільнасць інавацыйнага развіцця Саюзнай дзяржавы на карысць нашых краін і народаў».
Старшыня Савета Рэспублікі вызначыла канцэптуальныя пытанні, ад вырашэння якіх залежыць паспяховасць інавацыйнага развіцця Саюзнай дзяржавы. Па-першае, гэта стварэнне інавацыйнай прадукцыі. Па словах спікера, гэта шматскладовы бесперапынны працэс, які патрабуе глыбокай уцягнутасці ўсіх зацікаўленых: дзяржаўных органаў і арганізацый, бізнесу, навуковых і экспертных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і сродкаў масавай інфармацыі.
«Спрыяць гэтаму павінна перш за ўсё фарміруемая адзіная навукова-тэхналагічная прастора Беларусі і Расіі, якая прадугледжвае забеспячэнне ўзаемнага доступу да даследчай інфраструктуры, фарміраванне эфектыўнай сістэмы камунікацыі паміж навуковымі калектывамі, гарманізацыю нарматыўнай прававой базы, — канкрэтызавала спікер. — Стратэгію навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2035 года трэба напоўніць канкрэтнымі мерапрыемствамі, забяспечанымі неабходнымі прававымі, арганізацыйнымі і фінансавымі інструментамі. Несумненна, вызначэнне ў якасці галаўных навуковых арганізацый па рэалізацыі стратэгіі — Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь і навукова-даследчага цэнтра „Курчатаўскі інстытут“, дзе сканцэнтраваны асноўныя навуковыя кампетэнцыі нашых краін, несумненна, дадуць свой вынік».
З мэтай павышэння ўзроўню скаардынаванасці сумеснай работы ў цэлым Наталля Качанава прапанавала ўвесці традыцыю аб’яўлення тэматычнага года Саюзнай дзяржавы. Наступны, 2025 год, плануецца прысвяціць тэме навукі, інавацый і тэхналогій, што, па словах спікера, дазволіць сінхранізаваць памкненні не толькі Беларусі і Расіі ў гэтым напрамку, але і Саюзнай дзяржавы з ключавымі геапалітычнымі гульцамі і ўсімі краінамі, з якімі ў нас агульнае бачанне будучыні.
«Мы павінны больш ведаць інавацыйны патэнцыял і фактычныя магчымасці адзін аднаго, аб’ядноўваць нашы перавагі і разам ствараць эксклюзіўныя, запатрабаваныя рынкам тавары і паслугі, перадавыя рэсурсазберагальныя і экалагічныя прамысловыя тэхналогіі, якія павышаюць канкурэнтаздольнасць саюзнай эканомікі», — адзначыла Наталля Качанава.
Мэтазгодным бачыцца больш актыўна падключаць да беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сферы інавацый маладзёжную, студэнцкую і навукова-экспертную супольнасці.
Асобны акцэнт у пашырэнні міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння будзе зроблены на інтэграцыі сферы навукі і высокіх тэхналогій у рэальны сектар эканомікі. Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, прамысловасць таксама абавязана фарміраваць выразны запыт на канкрэтныя новаўвядзенні, нарошчваць інвестыцыі ў даследаванні і распрацоўкі, задаваць вектар тэхналагічнага развіцця. «Бізнес і дзяржава павінны несці салідарную адказнасць за падтрымку прыкладной навукі», — падкрэсліла спікер.
Яна дапоўніла, што інфраструктурная сістэма стварэння, укаранення, рэалізацыі і ўтылізацыі інавацыйнай прадукцыі мае патрэбу ў пастаянным удасканаленні. «Відавочна, што інавацыйная эканоміка з’яўляецца дастаткова капіталаёмістай, патрабуе значных інвестыцыйных укладанняў, аднак нароўні з фінансавым складнікам для іх паспяховай рэалізацыі не менш важны чалавечы патэнцыял», — заўважыла спікер, дадаўшы, што трэба надаваць прыярытэтную ўвагу падрыхтоўцы спецыялістаў, захаванню і ўзмацненню кадравага патэнцыялу.
Наталля Качанава лічыць, што інавацыйнае развіццё трэба разгарнуць тварам да звычайных людзей, зрабіць інавацыйную эканоміку па-сапраўднаму народнай, не страціўшы за інавацыямі самога чалавека. «Варта шырэй папулярызаваць айчынныя адкрыцці і распрацоўкі, асабліва сярод моладзі, якая сёння масава імкнецца ў ІТ-сферу, праз паўсюднае ўкараненне інавацый праяўляць клопат дзяржавы аб людзях, павышаць прывабнасць Беларусі і Расіі, Саюзнай дзяржавы як месцы для жыцця, працоўнай дзейнасці, усебаковага самаразвіцця», — канкрэтызавала спікер.
Старшыня Савета Рэспублікі заявіла, што трэба максімальна арыентаваць інавацыйны патэнцыял нашых краін для прынцыповага адказу на агульныя выклікі. «Перш за ўсё — гэта пытанні дэмаграфічнай бяспекі, уцягвання працаздольнага насельніцтва ў эканоміку, працягвання актыўнага даўгалецця, стварэння інклюзіўнага асяроддзя, прафілактыкі і барацьбы з віруснымі інфекцыямі, прыроднымі і тэхнагеннымі катаклізмамі, — удакладніла Наталля Качанава. — Не менш важна аб’ядноўваць намаганні ў пытаннях фарміравання ў насельніцтва інфармацыйнага імунітэту, забеспячэння пераемнасці пакаленняў, захавання гістарычнай памяці і абароны праўды пра падзеі мінулага, сацыякультурную адаптацыю мігрантаў і іх інтэграцыю ў паўсядзённы ўклад жыцця беларусаў і расіян. Мы павінны разам умацоўваць класічны статут сям’і і шлюбу, захоўваць і абараняць традыцыйныя каштоўнасці, выхоўваць сапраўдных патрыётаў».
Дакладна разумець глабальныя тэндэнцыі інавацыйнага развіцця, сучасныя сацыяльныя запыты і патрабаванні да інавацыйнай прадукцыі, аб’ядноўваць сумесныя намаганні ў пошуку і асваенні новых напрамкаў павышэння экспартнага патэнцыялу — яшчэ адна задача, якая стаць перад беларускімі рэгіёнамі і расійскімі суб’ектамі. «На знешнім контуры Саюзнай дзяржавы асноўнымі задачамі інавацыйных беларускіх і расійскіх кампаній у супрацоўніцтве з замежнымі арганізацыямі, перш за ўсё па лініі ЕАЭС, ШАС, БРІКС, АСЕАН, з’яўляюцца развіццё шматбаковай навуковай дыпламатыі, садзейнічанне даследчай дзейнасці, забеспячэнне рэалізацыі міжурадавых пагадненняў, стварэнне сумесных інавацыйных навукова-тэхналагічных цэнтраў, распрацоўка і рэалізацыя сумесных праграм інавацыйнага развіцця, — дапоўніла Наталля Качанава. — І галоўнае — нам трэба асэнсавана, мэтанакіравана, планамерна фарміраваць саюзную культуру інавацыйнага развіцця ва ўмовах постглабальнага свету. Інавацыі павінны непазбежна служыць мэце ўмацавання ідэалагічных пазіцый Саюзнай дзяржавы як апоры здаровага сэнсу, справядлівасці, дабрадзейнасці, выключнай якасці сацыяльных стандартаў, устойлівасці светапогляднага падмурка, высокай духоўнасці і маральнасці. Наш нязменны арыенцір — перш за ўсё чалавек і чалавечнасць, і калі гэтыя непераходзячыя каштоўнасці будуць заўсёды наперадзе інавацый і інавацыйнага развіцця, то тэхналагічны прарыў непазбежны».
У сваю чаргу, Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянціна Матвіенка адзначыла, што на нашых вачах мяняецца глабальны светапарадак, трансфармуецца сістэма міжнародных адносін. «Мы сутыкаемся з беспрэцэдэнтнымі геапалітычнымі, тэхналагічнымі выклікамі, і, відавочна, што ў гэтых умовах перамога будзе за тымі краінамі, якія зробяць стаўку на інавацыйнае, высокатэхналагічнае развіццё эканомікі, на максімальную абароненасць ад знешніх пагроз, — канстатавала спікер. — Расія і Беларусь выбралі для сябе менавіта такі шлях. Мы планамерна працуем над тым, каб забяспечыць імунітэт нашых эканомік да любых знешніх узрушэнняў».
Па словах Валянціны Матвіенка, няма мэты замяніць усё і ўся. «Аднак у ключавых галінах Расія і Беларусь павінны быць лідарамі, калі хочаце заканадаўцамі трэндаў, — падкрэсліла яна. — І для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы і магчымасці. Найважнейшай падзеяй стала прыняцце ў пачатку бягучага года Стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года. Гэтым дакументам вызначаны цэлы спектр канструктыўных напрамкаў сумеснай работы».
Кажучы аб узаемадзеянні ў прамысловай сферы, спікер паведаміла, што прыярытэтным пытаннем застаецца далейшае развіццё вытворчай кааперацыі расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў. Стратэгічных напрамкаў, па яе словах, тут вельмі-вельмі шмат. «Мяне вельмі радуе, што нашы рэгіёны ўспрымаюць аб’ектыўна няпросты час — перш за ўсё як час новых магчымасцяў, і ўсё больш у рамках нашага форуму гавораць не аб праблемах, цяжкасцях (значыць мы навучыліся іх пераадольваць), а гавораць аб тых новых магчымасцях, якія адкрыліся ў гэты новы час, — падкрэсліла Старшыня Савета Федэрацыі. — Актывізавалася бізнес-місія, рэгулярна праводзяцца візіты дэлегацый ва ўзаемныя рэгіёны, у ходзе якіх абмяркоўваюцца і дэталёвыя перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва — гэта каркас, фундамент, тое, што звязвае і ўмацоўвае нашу Саюзную дзяржаву».
Рэзюмуючы, Валянціна Матвіенка звярнула ўвагу на тое, што патэнцыял беларуска-расійскага супрацоўніцтва невычэрпны, задач наперадзе — шмат. «Упэўнена, што сяброўства нашых дзяржаў стане магутнай, рухомай сілай для рэалізацыі новых прарыўных праектаў, а наша вялікая каманда, я б нават сказала сям’я рэгіёнаў, зробіць для гэта ўсё магчымае», — дапоўніла спікер.
Па завяршэнні работы пленарнага пасяджэння бакі прынялі выніковы дакумент, адбылася цырымонія падпісання пагадненняў аб супрацоўніцтве. Аднак няма мяжы дасканаласці. Наступны, дванаццаты, Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прыме Ніжні Ноўгарад, і, магчыма, будзе яшчэ больш паспяховым за той, які з годнасцю правяла Віцебшчына.
Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
г. Віцебск
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.