Зацікавіць школьнікаў і студэнтаў навукай у цэлым і геалогіяй у прыватнасці можа толькі сапраўды захоплены чалавек. Валянціна Смалякова, загадчык Музея землязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, абуджае ў юнаках даследчы дух, вучыць берагчы і шанаваць планету, разумець глабальнасць працэсаў, што адбываюцца на ёй, думаць і аналізаваць. Пад кіраўніцтвам Валянціны Лявонцьеўны музей змяніўся, стаў сучасным і прывабным як для дзяцей, так і для дарослых.
— Валянціна Лявонцьеўна, раскажыце крыху пра музей. З чым можна пазнаёміцца на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ?
— Наш музей сучасны, навукова абгрунтаваны, структураваны. Усе аддзелы абсталяваны сучаснай тэхнікай, сэнсорнымі экранамі. У кожнай з дзвюх залаў па тры аддзелы. У першым прадстаўлены мінеральна-сыравінныя рэсурсы Рэспублікі Беларусь, самацветы свету і палеанталагічныя знаходкі. Выстаўленыя закамянеласці не толькі ўражваюць, але і выступаюць маўклівымі сведкамі мінулых геалагічных эпох, расказваюць, як развівалася наша планета, як зараджалася жыццё на Зямлі. У другой зале сабраны экспанаты для навучальных мэт: мінералы класіфікаваны па хімічным складзе, марфалагічных і фізічных уласцівасцях, дадзены петраграфічныя (хімічныя, мінералагічныя і структурныя) характарыстыкі горных парод. З задавальненнем да нас прыходзяць не толькі студэнты-геолагі, але і хімікі, фізікі, матэматыкі. Ёсць у нас і невялікі аддзел (адна вітрына) для гісторыкаў-археолагаў, дзе яны могуць наглядна ўбачыць, з якіх матэрыялаў горных парод людзі раней рабілі прылады працы. Прадстаўленыя знаходкі дапамагаюць зразумець, як адрозніць крэмній, дыябаз ці базальт.
— Да вас прыходзяць не толькі студэнты, але і школьнікі. Як Вы прывабліваеце і натхняеце дзяцей?
— Актыўна выкарыстоўваем інтэрактыўныя панэлі, праводзім канферэнцыі, форумы, квэсты. Калі прыходзяць дзеці, гуляем з імі, студэнты ладзяць майстар-класы. Наша мэта — даць веды, навучыць параўноўваць і аналізаваць працэсы і з’явы адначасова па некалькіх паказчыках. Мы гуляем у студэнтаў, выстаўляем дзецям адзнакі, якія настаўнікі потым пераносяць у журнал. Школьнікі вылучаюць гіпотэзы, рашаюць задачы. Штогод падчас школьных канікулаў мы прадстаўляем цікавыя праграмы мерапрыемстваў у рамках музейнага марафону «#НЕКАМНИ» і далучаемся да Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Пастаянна арганізуем міжнародныя мінералагічныя выставы «Каменная казка».
Прыемна, калі дзеці гавораць, што наш музей самы лепшы. Вядома, атрымліваецца і паўплываць на выбар прафесіі (усміхаецца). Летась да мяне падышлі два выпускнікі-геолагі і падзякавалі. Яны ўпершыню наведалі наш у музей у пятым класе і да гэтага часу памятаюць, што ім расказвалі. Мне было так прыемна! Так, мы тут усе педагогі! І ўласная калодзеж ведаў у нас ёсць! Гэта разумны крэмень з трыма дзірачкамі, які дапаможа запісаць патрэбную інфармацыю ў свой «суперкамп’ютар»!
Выклікае цікавасць і геалагічная алея — на другім паверсе нашага факультэта выкладзены плітачкамі ўзоры горных парод, якія ў Беларусі выкарыстоўваюцца як абліцовачныя. На падлозе парамі размешчаны 27 квадратаў, якія наглядна паказваюць, што гэта за парода, з якога радовішча, якія ў яе асаблівасці. Вельмі карысна для студэнтаў, якія вывучаюць петраграфію (аддзел геалогіі, накіраваны на вывучэнне горных парод, мінеральных мас, іх паходжання і хімічнага складу, умоў іх залягання і змянення. — Заўв. рэд.). А школьнікі атрымліваюць гэтую інфармацыю з дапамогай інтэрактыўнай панэлі. Яны гуляюць, «круцяць-верцяць шар блакітны» і даведваюцца, з якой краіны да нас паступаюць тыя ці іншыя будаўнічыя матэрыялы, як яны выглядаюць.
Штогод нас наведвае да 10 тысяч чалавек. Гэта не толькі навучэнцы і студэнты, але і розныя дэлегацыі. Рэдкія калекцыі, мультымедыйная тэхніка, аўдыягід, які працуе на рускай, англійскай і кітайскай мовах, гемалагічная лабараторыя робяць музей сучасным навукова-асветніцкім, культурным, метадычным і кансультатыўным цэнтрам.
— Якімі экспанатамі Вы сапраўды ганарыцеся? Ці ёсць узоры, якімі не могуць пахваліцца іншыя музеі?
— Заўсёды кажу, што візітная картка нашага музея — гэта самы вялікі эксклюзіўны крышталь кварцу, вага якога амаль паўтоны. Яшчэ ў 1950-я гады была арганізавана экспедыцыя на Урал, адкуль змаглі прывезці чатыры буйныя крышталі. Магу дакладна сказаць, што такога волата няма ў музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Краснаярска, Іркуцка, Забайкалля, еўрапейскіх дзяржаў. Многія не вераць нават, што ў нас у краіне, у вучэбным музеі, ёсць такі вялікі крышталь!
Ганаруся і самавітай калекцыяй бэзавых аметыстаў. Іх знайшлі толькі ў XXI стагоддзі ў Бразіліі. Утварыліся гэтыя цікавыя жэоды (пустэчы, запоўненыя крышталямі) яшчэ 130 млн гадоў таму, калі ішло актыўнае гораўтварэнне. Яны проста цудоўныя! Гэта сапраўдныя каменныя фіялкі, застылыя галінкі бэзу! Ніхто не сыходзіць абыякавым, усе захапляюцца, любуюцца імі. Аметысты дзіўныя і тым, што з’яўляюцца самымі п’езаздольнымі крышталямі! Упершыню ўбачыла іх 18 гадоў таму, на мінералагічнай выставе ў Варшаве. Паўдня не магла адысці ад гэтага цуду прыроды. Прасіла Сусвет, каб яна паслала такія крышталі і ў наш музей. І неяк у Кракаве сустрэла суайчынніка, які займаўся гандлем аметыстаў. Я яго запрасіла да нас у БДУ. Выстава «Каменная казка» вельмі спадабалася гэтаму чалавеку, ён прыехаў да нас яшчэ раз, а потым прывёз і падарунак. Сказаў, што так запомніў мае вочы, маё захапленне, што не змог устаяць і вырашыў падарыць чароўны аметыст! А затым здарыўся яшчэ адзін цуд: затрымалі цэлую партыю бразільскіх крышталёў. Першапачаткова іх хацелі аддаць у Нясвіжскі музей. Але я ўпірала на тое, што замак Радзівілаў — гэта ў першую чаргу гістарычны музей, а ў нас рыхтуюць студэнтаў, да нас прыходзіць шмат наведвальнікаў, ды і раскідваць калекцыю не варта: яна згубіцца. І што вы думаеце? Сусвет пачуў мяне!
Вядома, сярод нашых экспанатаў шмат метэарытаў. Ёсць узоры з Сахары, Аргенціны, Кеніі, Марока, Аўстраліі. Вельмі цікавы Брагінскі метэарыт, так званы хандрыт (жалезакаменны метэарыт). Як вы ведаеце, амаль 93% да нас ляціць менавіта каменных метэарытаў. Усяго каля 2% — гэта жалезакаменныя, яшчэ некалькі працэнтаў — жалезныя. Каменныя метэарыты разбураюцца, як толькі трапляюць у атмасферу. Навукоўцы падлічылі, што кожныя суткі на Зямлю падае 5-6 т каменнага пылу. Далятаюць да нас у асноўным жалезныя метэарыты, таму што яны вельмі трывалыя, аб’ёмныя. Часцей за ўсё яны падаюць бліжэй да полюсаў.
У нашай калекцыі ёсць асаблівыя шведскія метэарыты. Калі іх адпаліраваць і адшліфаваць, яны ўяўляюць вельмі цікавую відманштэттэнавую структуру (геаметрычна правільнае размяшчэнне элементаў, прамыя роўныя лініі). А знайшлі гэтыя метэарыты яшчэ ў 1906 годзе. Узрост наначасціц у гэтых метэарытах, аказваецца, да 6 млрд гадоў! Сучасныя тэхналогіі дазволілі дасканала вывучыць іх склад. Як да нас трапілі такія каштоўныя ўзоры? Неяк патэлефанавалі з аэрапорта з просьбай паглядзець на кускавое ржавае жалеза, якое адпраўлялася ў Кітай. Як убачыла, адразу зразумела, што гэта вядомыя шведскія метэарыты... У гэты час якраз БДУ споўнілася 100 гадоў. Пачала прасіць, каб нам хоць кавалачак перадалі, а атрымалі цэлых два ўзоры. Нашай радасці не было мяжы! Адзін важыць 126 кг, другі — 39 кг. Наогул метэарыты вельмі цяжкія, бо ў іх складзе не толькі жалеза, але і нікель, яны яшчэ маюць звышмагнітныя ўласцівасці.
Самы вялікі жалезны метэарыт знаходзіцца ў Намібіі (Афрыка): яго вага — 60 т, а дыяметр — амаль 3 м.
Што яшчэ выдзяляецца ў нашай калекцыі? Вядома, цікавыя «разумныя» крэмні Беларусі. Сустракаюцца яны толькі ў адным радовішчы каля Гродна (Ваўкавыскі рэгіён). Гэта фантастыка! Быццам мастак нешта падмаляваў ці падрэзаў. Але не, гэта матухна-прырода — натуральная майстрыха, яна ніколі не паўтараецца, вось і падарыла нам крэмні ў выглядзе пеўніка, прышэльца, коніка…
У палеанталагічнай экспазіцыі ганаруся рэдкім экспанатам дрэвападобнай папараці. Яму прыблізна 300–360 млн гадоў. Гэта скамянелы стволік, выпадкова знойдзены нашай выпускніцай у Бабруйску. У нас шмат беларускіх белемнітаў. Аманітаў (вымерлая мезазойская фауна) менш, але ёсць рэдкі Speetoniceras, ракавіны якога практычна нідзе не захаваліся. Наш палеантолаг выпадкова знайшоў гэты экспанат, які прывезлі на выставу і хацелі прадаць.
— Ці шмат цікавых знаходак у Беларусі?
— Так, у нас знаходзяць шмат цікавага. Нават брыльянцікі (усміхаецца). У Беларусі вельмі магутны асадкавы чахол, таму не можам пахваліцца крышталямі, але затое багатыя на солі, будаўнічыя матэрыялы, торф, гліну. Нафта ў нас вельмі добрай якасці. Адкрыта адно радовішча, дзе чысты вуглевадарод, які дазваляе адразу запраўляць ім дызеля. Наогул маем шмат багаццяў, якія часта недаацэньваюцца. А смарагдавыя рэкі і азёры, лясы? Да нас прыязджаюць студэнты з Сярэдняй Азіі і кажуць: «Вы вось распавядаеце аб ізумрудах і брыльянтах, а ў вас тут такая зеляніна ўлетку!» Вада — гэта каштоўнасць № 1. Нядаўна даведалася, што ў Брэсцкай вобласці адкрыты дзве падземныя крыніцы ўнікальнай вады, адфільтраванай прыродай, узбагачанай мікраэлементамі. Літр яе ацэньваецца вельмі дорага! Пройдзе дзясятак ці больш гадоў, і галоўным рэсурсам будзе пітная вада. І гэта наша багацце.
— Ці папаўняецца калекцыя музея?
— Вядома! Збіраем экспанаты з усяго свету. Дапамагаюць вучоныя, выкладчыкі, студэнты, жыхары і госці Беларусі. Звыш 2 тысяч рэдкіх экспанатаў нам перадала дзяржава: данбурыты, нефрыты, аметысты, агаты... Сама бывала ў экспедыцыях у Забайкаллі, на Кольскім паўвостраве. З Сібіры прывезлі алтайскія нефрыты, чараіты, афікальцыты, апатыты, амазаніты, шпінелі і іншыя экспанаты.
Нешта нам прэзентуюць прыватныя асобы. Нядаўна праводзілі канферэнцыю, а потым госці, навукоўцы-ўральцы, пацікавіліся, ці ёсць у нашай калекцыі Чэбаркульскі метэарыт. На жаль, не было. Дык яны нам яго перадалі!
Хачу адзначыць Анатоля Чабана, ураджэнца Бабруйска. Працуе ў Якуціі, дзе шукае біўні мамантаў і іншыя рэдкасці. У Год малой радзімы ён папоўніў наш музей 33 рэдкімі экспанатамі. Сярод іх: чэрапы маманта (верхняя і ніжняя сківіцы) і шарсцістых насарогаў, аўцабыка, дзікага каня, рэшткі скамянелых дрэў.
Выпускнік геафака Аляксей Гайдашоў, які ўзначальвае антарктычную экспедыцыю, калі прыязджае ў краіну, таксама абавязкова што-небудзь прывозіць роднаму факультэту. Апошнія яго падарункі — яйка пінгвіна, закамянелыя ўзоры (чарвякі і парода) са дна Паўднёвага акіяна. Дзякуючы Аляксею Аляксандравічу ў нас з’явіўся куток Антарктыды! Асабліва варта адзначыць В. Н. Сакалова, які з’яўляецца добрым спецыялістам, нястомным падарожнікам. Ён унёс значны ўклад у калекцыю музея. Паціху пашыраем экспазіцыю, каб студэнты, навучэнцы і іншыя наведвальнікі маглі ўбачыць сапраўдныя творы прыроды, пашырыць веды аб Зямлі.
Валянціна Лявонцьеўна — сапраўдны энтузіяст, яе вочы гараць, калі яна расказвае пра музей, пра любімыя экспанаты, чароўны свет камянёў. Яна марыла зрабіць музей землязнаўства прывабным і сучасным і дабілася свайго. Ніводны наведвальнік не застаецца абыякавым. Тут заўсёды цікава і захапляльна!
Аксана САЛОВА
Фота Віктара ДРАЧОВА
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.