Як гэта — быць першай скрыпкай у калектыве? Чаму важна вучыць музыцы дзяцей, а дарослым — часцей бываць у канцэртных залах? Як атрымоўваецца заставацца ў выдатнай фізічнай форме? У чым, апроч музыкі, для нашай гераіні шчасце?
Напярэдадні юбілею я папрасіла першую скрыпку Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Юлію Стэфановіч расказаць пра свой шлях да прафесійных вышыняў, падзяліцца ўласным поглядам на «ўзвышанае і зямное».
З дзяцінства мяне акружала музыка. Тата працаваў наладчыкам электраабсталявання, мама — эканамістам, але абое вызначаліся музычнай адоранасцю. Тата самастойна асвоіў баян, акардэон, саксафон, кларнет, іграў у аматарскім ансамблі.
Калі высветлілася, што ў мяне добры слых, бацькі адвялі мяне ў музычную школу, дзе ўжо займалася на цымбалах старэйшая сястра Таццяна. Думаю, з таго моманту мой лёс быў прадвызначаны. У родных Баранавічах я шмат выступала, хутка прывыкла да апладысментаў і адчувала сябе гарадской знакамітасцю. А калі ў 14 гадоў прыехала ў Мінск і паступіла ў Рэспубліканскую гімназію-каледж пры БДАМ, высветлілася, што шмат чаго ўпушчана. Я быццам трапіла пад халодны душ і прынялася актыўна наганяць. З таго часу, здаецца, ніколі не давала сабе спуску.
У Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь я прыйшла, выйграўшы конкурс на месца канцэртмайстра. Была маладая, амбіцыйная, і, вядома, хацелася прымераць на сябе ролю першай скрыпкі. Выйсці на сцэну і іграць, тым больш выканаць сольную партыю, — вялікая адказнасць.
Часам чуеш абывацельскую думку: «Што гэта за праца — сядзі і пілікай сабе на скрыпачцы?» Насамрэч наша прафесія патрабуе каласальнай самааддачы. Ёсць творы, над якімі працуеш, як археолаг, спрабуючы «дакапацца» і зразумець, як яго лепш прадставіць слухачу. Адну і тую ж музыку сёння выканаеш адным чынам, а праз год ужо зусім інакш. Больш за 20 гадоў працую ў адным калектыве, зраднілася з філарманічнай залай. І ўсё роўна перад кожным канцэртам нервуюся, і ўсе дамашнія выдатна ведаюць: лепш мяне ў гэтыя дні не чапаць. Што заўгодна можа выбіць з каляіны, адбіцца на выступленні.
Свайго жыцця без музыкі не ўяўляю. Мне здаецца, я была б без яе зусім іншай, значна менш шчаслівай. Бліжэй за ўсё мне творчасць рускіх класікаў і кампазітараў эпохі рамантызму. На мой погляд, з усіх мастацтваў музыка мацней за ўсё ўздзейнічае на эмоцыі. Пераканана, што хаця б час ад часу яе трэба слухаць у канцэртных залах — жывое выкананне надзелена асаблівай энергіяй, там вастрэй адчуваеш тую таямніцу, тое невытлумачальнае, што заключана ў гуках.
Са студэнцкіх часоў іграю на скрыпцы нямецкага майстра, вырабленай у 1912 годзе. Вельмі задаволеная ёю — я ўспрымаю яе як адушаўлёны прадмет. Два гады таму набыла яшчэ скрыпку сучаснага польскага майстра, — выдатны інструмент, але пакуль мы яшчэ «прыціраемся» адно да аднаго.
Многае залежыць не ад краіны, а ад статуснасці таго месца, дзе выступаеш. Памятаю, у Барселоне наш аркестр іграў у прэстыжнай зале, дзе традыцыйна збіраецца вельмі прасунутая публіка. Заслужыць там апладысменты — гэта як удастоіцца ўзнагароды. Вельмі цёпла прымалі нас у Японіі. Там каля выхаду з канцэртных залаў музыкантаў заўсёды чакае натоўп прыхільнікаў, якія падыходзяць са сшытачкамі і просяць аўтограф. У Кітаі некаторыя канцэртныя залы нагадваюць нашы кінатэатры: патрэбны час, каб прывыкнуць да нечаканага для нас фармату.
Часам глядач не вельмі падрыхтаваны, але ўдзячны, спагадлівы. Горш за ўсё для выканаўцы абыякавая аўдыторыя, якая сумуе. На шчасце, такая вельмі рэдка прыходзіць слухаць класіку. Аб’ездзіўшы паў-Еўропы, пабываўшы ў Кітаі і Японіі, не магу пахваліцца, што шмат убачыла мясцовых славутасцяў, пазнаёмілася з культурай гэтых краін так, як хацелася б. На жаль, на гастролях на гэта часта папросту не хапае часу.
Нашым калектывам дырыжыраваў маэстра Уладзімір Співакоў. З ім было ўсяго дзве рэпетыцыі, але ўсё роўна ўдалося адчуць незвычайную аўру гэтага добразычлівага, інтэлігентнага чалавека. Ён натхняе адной сваёй прысутнасцю. З нашым аркестрам выступалі Максім Венгераў, Дзяніс Мацуеў і іншыя выдатныя музыканты, сусветна вядомы оперны спявак Хасэ Карэрас.
У сучасных музыкантаў вельмі высокі ўзровень прафесійнага майстэрства. Але пры віртуознай тэхніцы выкананне аднаго пакідае халодным, а іншага — кранае да слёз. На мой погляд, выдатны выканаўца, апроч музычных даных, заўсёды надзелены велізарнай працаздольнасцю і яшчэ чымсьці, што цяжка растлумачыць, нейкім дарам эмацыянальна афарбоўваць гукі сваімі роздумамі, перажываннямі, меланхоліяй, надзеямі, жаданнямі, радасцю.
Я згодна з вялікім Аляксандрам Пушкіным: «Геній і злачынства — дзве рэчы несумесныя». Адораныя людзі, безумоўна, бываюць рознымі: эмацыянальна няўстойлівымі, ранімымі, дробязнымі, злапомнымі. Але складана ўявіць генія, які марнаваў бы сваю энергію і час на тое, каб задумваць і ажыццяўляць злачынства. А ўвогуле, па маіх назіраннях, музыканты, як правіла, — добрыя і спагадлівыя.
Дзяцей абавязкова трэба далучаць да музыкі. Хай яны і не абяруць яе справай свайго жыцця, але яна ўсё роўна паўплывае на фарміраванне асобы, разаўе інтэлект, пачуцці, кругагляд. Бачу гэта на прыкладзе свайго старэйшага сына. Аляксей скончыў музычную школу па класе віяланчэлі. У яго выдатны слых, памяць, цудоўныя даныя, але ён не захацеў працягваць сямейную дынастыю. Займаецца мантажом электраабсталявання, вучыцца завочна ў БНТУ. І ўсё роўна музыка дабратворна адбілася на ім.
Малодшая дачка Ліза, наадварот, настаяла на тым, каб займацца скрыпкай. Цяпер вучыцца ў 3-м класе Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ. Ужо іграла сола з камерным аркестрам.
Сцэна абавязвае добра выглядаць. А паколькі музыканты вымушаныя шмат сядзець, то, канешне, трэба падтрымліваць сябе ў форме. На шчасце, мне гэта ў радасць: мне падабаецца быць у тонусе. Чым толькі я ні займалася ў розны час — танцамі, ушу, пілатэсам, стрэтчынгам. Цяпер захапілася ёгай у гамаках.
Хатнія абавязкі дзелім напалову з мужам. Ён зараз працуе ў сферы IT, але як былы прафесійны музыкант разумее і ва ўсім мяне падтрымлівае.
Для мяне шчасце ў тым, каб кахаць, ствараць, радавацца, адчуваць, што ты не дарэмна ходзіш па зямлі. Быў цяжкі перыяд, калі маё жыццё моцна азмрочвала адчуванне віны. У нейкі момант я спыталася ў сябе: «Каму лягчэй ад таго, што я столькі пакутую з-за мінулага? Трэба паўнавартасна жыць сёння, думаць аб заўтрашнім дні». Пачала актыўна супраціўляцца суму і ўпадку духу, «падкормліваць» прыродны аптымізм і дабілася-такі несумнеўных поспехаў.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота Юліі РАМАНЬКОВАЙ
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.