Вы тут

У Беларусі адкрылі першы ў свеце стадыён для тарфянога футбола


У Пухавіцкім раёне працягваецца шосты рэспубліканскі турнір па тарфяным футболе. На полі, якое ператварылася ў сапраўднае балота, змагаюцца 30 каманд. У выніку атрымліваецца вельмі весела для гледачоў і вельмі цяжка для ўдзельнікаў. Але трэба быць сумленнымі: ім таксама радасна. Страшна толькі за тых, хто пасля будзе мыць форму. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся пра падрабязнасці незвычайнага спартыўнага мерапрыемства. 


Тарфяны футбол умацоўвае здароўе і дорыць незабыўныя эмоцыі. Пра гэта журналістам распавёў генеральны дырэктар ДВА «Белпалівагаз» Аляксей Кушнарэнка

«Унікальнасць турніру па тарфяным футболе ў тым, што ён праводзіцца на тарфяным полі памерам 20 на 30 метраў. У склад каманды ўваходзяць варатар і пяць палявых гульцоў, адным з якіх абавязкова з’яўляецца жанчына. Шэсць гадоў таму мы пачыналі з карпаратыўнага мерапрыемства, дзе ўдзельнічалі 12 каманд, і гэта былі тарфянікі, а цяпер гэта ўжо міжнародны турнір, у якім прымаюць удзел 30 каманд і яны прадстаўляюць розныя сферы: гэта тарфянікі, цэментнікі, газавікі, медыкі, прамыслоўцы, журналісты», — распавёў гендырэктар.

Сёлета для спаборніцтваў змянілі лакацыю для зручнасці гледачоў і ўдзельнікаў. «Сёння адкрываем унікальны стадыён у гарадскім пасёлку Праўдзінскі, які будзе месцам правядзення гэтых цікавых спаборніцтваў. Такім чынам наш нацыянальны здабытак торф усіх аб’ядноўвае, умацоўвае здароўе і дорыць незабыўныя эмоцыі», — дадаў Аляксей Кушнарэнка.

Дарэчы, турнір па тарфяным футболе стаў візітнай карткай галіны. Пра гэта сказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця турніру. 

Ён назваў яго адным з самых захапляльных і яркіх спартыўных спаборніцтваў, да якога каманды сур’ёзна і старанна рыхтуюцца. «Тарфяны футбол аб’ядноўвае людзей розных узростаў, дорыць добры настрой і зарад бадзёрасці. Сёлета турнір прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дата вельмі важная і значная для кожнага з нас», — сказаў Віктар Каранкевіч. 

Ён адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі мерапрыемства, бо адкрыты новыя тарфяныя пляцоўкі для гульняў з уладкаванымі трыбунамі. Назіраць за спаборніцтвамі цяпер будзе камфортней.  Па словах кіраўніка Мінэнерга, турнір — гэта не толькі захапляльная гульня, але і магчымасць нагадаць пра патэнцыял тарфяной прамысловасці Беларусі.

«Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, урада, галіна прайшла сур’ёзную мадэрнізацыю і тэхпераўзбраенне. Сёння нашы торфабрыкетныя заводы — гэта сучасныя прадпрыемствы, прадукцыя якіх запатрабаваная ўнутры краіны і за мяжой», — адзначыў ён.

Сёлета колькасць каманд, якія прадстаўляюць арганізацыі розных галін: ад энергетыкі і прамысловасці да сродкаў масавай інфармацыі, значна вырасла. Упершыню ўдзельнікам турніру стала каманда МТЗ. Далучыліся да гульні госці з Масквы і Санкт-Пецярбурга. 

Дарэчы, Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі па аб’ёмах здабычы торфу і першае месца ў свеце па аб’ёмах вытворчасці тарфяных брыкетаў. Плануецца, што ў 2024 годзе агульны аб’ём здабычы торфу ў краіне складзе каля двух мільёнаў тон, з якіх будзе выраблена каля аднаго мільёна тон прадукцыі паліўнай і больш за 140 тысяч тон — непаліўнай групы.

Таксама турнір па тарфяным футболе атрымае пастаянную прапіску ў Праўдзінскім. «Гэта недалёка ад Мінска, таму ўсім будзе зручна дабірацца да месца турніру», — адзначылі ў ДВА «Белпалівагаз».

«Раней турніры па тарфяным футболе праводзіліся на саміх палях здабычы. І калі мы зразумелі, што трэба стварыць больш камфортныя ўмовы для гульцоў, для гасцей, каб і гледачы маглі камфортна правесці час на турніры, было прынята рашэнне будаваць стацыянарны стадыён. Аналагаў у свеце пакуль няма. Ды і сам тарфяны футбол праводзіцца толькі ў нас і ў Расіі», — распавялі ў прэс-службе. 

У фінал выйшлі каманды Санкт-Пецярбурга і прадпрыемства «КраснасельскБудМатэрыялы». А трэцяе месца заняла каманда УП «Віцебскаблгаз» ВУ «Віцебскторф».

У выніку каманда з Санкт-Пецярбурга, якая дайшла да фіналу без адзінага прапушчанага мяча, абыграла каманду з Гродзеншчыны з лікам 3:2. Упершыню ў гісторыі чэмпіянату пераможцамі сталі замежнікі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.