Вы тут

Дэпутат Наталля Тарасенка павіншавала ветэранаў ад імя Палаты прадстаўнікоў


Сёння прывітальныя адрасы ад імя дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за подпісам яе старшыні Ігара Сергяенкі атрымалі сем ветэранаў Магілёва і Магілёўскага раёна. Іх уручыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка. У пасланні — словы падзякі ветэранам і віншаванні з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.


«Гэта свята дарагое беларусам як памяць аб стойкасці і адвазе мільёнаў людзей, якія змаглі падарыць нам мірнае неба, — гаворыцца ў пасланні. —Яно аб’ядноўвае ўсіх, хто ганарыцца сваёй Радзімай, шануе яе гісторыю, хто сваёй працай і талентам прымнажае багацце роднай зямлі. Суверэнная , моцная, квітнеючая — такая наша Беларусь. І такой яна з’яўляецца, дзякуючы пакаленню Пераможцаў.»

— Ініцыятыва яшчэ раз наведаць ветэранаў і падзякаваць за іх подзвіг прапанаваная дэпутатам парламента, былым міністрам працы і сацыяльнай абароны Ірынай Касцевіч, — паведаміла Наталля Тарасенка. — Гэту прапанову падтрымалі ўсе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Быў падрыхтаваны спісак і вызначаны заслужаныя людзі ў нашых выбарчых акругах.

Сярод тых, хто сёння прымаў віншаванні, Алена Іванаўна Самусенка з аграгарадка Вейна. Падчас вайны яна знаходзілася на акупаванай тэрыторыі, была сувязной партызанскага атрада. З настроем сустракаў гасцей былы партызан Міхаіл Антонавіч Цітоў, які нягледзячы на паважаныя гады, захаваў партызанскі задор і бадзёрасць духа. У свае 98 ён не сядзіць склаўшы рукі, займаецца рознымі справамі на летніку, змагаецца са шкоднікамі, вяжа венікі.

Яшчэ адна ветэран Кацярына Пятроўна Галубцова да вайны скончыла 4 класы. У 1944 годзе яна ўступіла ў рады Асаавіяхіма і прымала ўдзел у размініраванні роднага Дубровенскага раёна на Віцебшчыне. Усё жыццё працавала ў калгасе, расціла дзяцей. Жанчыне ўжо 96 гадоў, яна жыве ў Магілёве ў адной са сваіх дачок. Маргарыце Васільеўне Ікусавай ў 1942 годзе, калі яна добраахвотніцай пайшла на фронт, было ўсяго 17 гадоў. Пасля заканчэння школы малодшых авіяспецыялістаў яна ваявала ў складзе 26 асобнага ордэна Чырвонай зоркі полка сувязі. Перамогу сустрэла ў аўстрыйскім Мёдлінге.

А Лізавета Пятроўна Хомчанка, якая сёлета адзначыла сваё 93-годдзе, перажыла ўсе жахі блакаднага Ленінграда. На вачах маленькай дзяўчынкі адзін за адным памерлі бацькі і дзядуля, з родных застаўся толькі малодшы брат.

Былы стралок-радыст далёкай авіяцыі Фёдар Крываногаў бамбіў на савецкім бамбардзіроўшчыку Іл-4 перадавыя нямецкія пазіцыі. Пасля вайны падымаў Цаліну, працаваў на адказных пасадах. Усе гэтыя ветэраны з падзякай прымалі віншаванні, выказвалі словы ўдзячнасці за тое, што іх не забываюць. 

Да акцыі далучыліся супрацоўнікі сацыяльнай службы. Віншаванні і невялічкія падарункі ўручылі ветэранам старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Марыя Шапнеўская, начальнік упраўлення сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Ірына Казялецкая і дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва Алена Аргудзяева. Яны адзначылі, што сёння робіцца ўсё для таго, каб ветэраны не адчувалі недахоп увагі. Ім аказваецца ўсялякая дапамога.
Відавочцы Перамогі радасна сустракалі гасцей, ахвотна дзяліліся сваімі ўспамінамі і душэўнасцю.
— Нам яшчэ шмат чаму трэба вучыцца ў гэтага пакалення, — кажа Наталля Тарасенка. — Гэтыя людзі вельмі добразычлівыя і адкрытыя, у іх вялікае сэрца. Не дзіўна, што яны сталі пераможцамі ў той страшнай бязлітаснай вайне. Нізкі ім паклон і вялікі дзякуй!

Нэлі Зігуля
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.