Вы тут

Што мяняецца ў сацыяльным абслугоўванні з ліпеня?


З 1 ліпеня ўступае ў сілу абноўлены Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні». Цяпер дамы-інтэрнаты атрымалі новыя назвы, а пажылыя людзі ды інваліды атрымаюць пры неабходнасці магчымасць доўгатэрміновага догляду дома. Пашырыліся магчымасці атрымання сацыяльных паслуг, у прыватнасці, цяпер гэта можна зрабіць дыстанцыйна, таксама прадугледжаны падвоз пажылых людзей і інвалідаў да сацыяльных устаноў. Падрабязней пра тое, што мяняецца ў сацыяльным абслугоўванні з ліпеня, расказалі спецыялісты.


Пансіянаты замест інтэрнатаў

Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына Каляда, за апошняе дзесяцігоддзе колькасць грамадзян, старэйшых за 65 гадоў, вырасла больш чым на 200 тысяч чалавек і сёння складае больш за 1,5 мільёна.

— Дэмаграфічныя працэсы ў краіне характарызуюцца старэннем насельніцтва, і гэта доўгатэрміновы трэнд, які будзе толькі нарастаць. За апошнія 10 гадоў павялічваецца і колькасць атрымальнікаў сацыяльных паслуг: рост за 10 гадоў склаў больш чым 40%. Таму навацыі закона накіраваны на развіццё сістэмы сацыяльнага абслугоўвання ва ўмовах дэмаграфічнага старэння насельніцтва і росту попыту на сацыяльныя паслугі, — патлумачыла Кацярына Каляда.

Сярод навацый закона — пашырэнне сістэмы сацыяльнага абслугоўвання. Цяпер у пералік сацыяльных устаноў уключаны дамы ці цэнтры часовага знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства, а таксама рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў.
З 1 ліпеня новыя назвы атрымалі і дамы-інтэрнаты — цяпер гэта пансіянаты.

— Іх аблічча, функцыянал пашыраны, з улікам развіцця тэхналогій, патрэб грамадзян ён пастаянна мяняецца і актуалізуецца, таму сёння ў нашых стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання не толькі ажыццяўляецца догляд і забяспечваецца пражыванне. Гэта мультыфункцыянальная ўстанова, дзе людзі, акрамя таго, праходзяць сацыяльную рэабілітацыю, атрымліваюць працоўныя навыкі, вырашаюцца пытанні сацыялізацыі, арганізоўваецца вольны час, адкрываюцца аддзяленні дзённага знаходжання. Прадугледжана знаходжанне ў такіх установах ва ўмовах павышанай камфортнасці. Такое напаўненне дзейнасці прывяло да таго, што з 1 ліпеня дамы-інтэрнаты мяняюць назву на сацыяльныя пансіянаты, — расказала начальнік упраўлення.

Пры гэтым іх спецыялізацыя застаецца ранейшай. Гэта або профільныя (напрыклад, псіханеўралагічныя), або агульнага тыпу пансіянаты, а таксама дзіцячыя сацыяльныя пансіянаты.

— Напрыклад, раней установа мела назву «Целяханскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў», сёння гэта «Целяханскі сацыяльны пансіянат «Агінскі». «Якаўлевіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» змяніў назву на «Якаўлевіцкі сацыяльны пансіянат «Хатні ачаг». «Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» цяпер называецца «Багушэўскі сацыяльны пансіянат «Прамяністы», — прывяла прыклады Кацярына Каляда.

Насуперак меркаванню, якое склалася, што цяпер у такія ўстановы трапіць будзе складаней, умовы ўсялення, катэгорыі грамадзян, умовы аплаты для тых, хто пражывае платна, не змяніліся.

Доўгатэрміновы догляд дома

Наступная навацыя — укараненне сістэмы доўгачасовага догляду. Гэта комплекс мерапрыемстваў па суправаджэнні пажылога чалавека, які мае асаблівую патрэбу ў старонняй дапамозе. Будзе ажыццяўляцца дома ва ўзаемадзеянні з сацыяльнай і медыцынскай службамі.

— Мы плануем, што арганізацыя такога догляду дазволіць максімальна падоўжыць знаходжанне людзей, якія маюць патрэбу ў старонняй дапамозе, у звыклым спрыяльным асяроддзі, і для іх гэта будзе максімальна карысна і зручна, — падзялілася Кацярына Каляда.

Для каго прадугледжана гэта сістэма? Найперш для грамадзян, якія маюць асаблівую патрэбу ў старонняй дапамозе: пажылыя людзі ва ўзросце 65 гадоў і старэйшыя ды інваліды, якія маюць выяўленыя ці рэзка выяўленыя абмежаванні здольнасці самастойнага перамяшчэння, самаабслугоўвання, кантролю сваіх паводзін. Пры гэтым яны адначасова маюць патрэбу ў аказанні сацыяльных паслуг і медыцынскай дапамозе дома. Патрэба ў доўгатэрміновым доглядзе павінна пацвярджацца заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі, а каардынатарам усёй дзейнасці па арганізацыі доўгатэрміновага догляду будзе выступаць тэрытарыяльны цэнтр па месцы пражывання.

Яшчэ адна навацыя — дыстанцыйнае абслугоўванне. Цяпер аддалена можна атрымаць розныя паслугі: сацыяльна-рэабілітацыйныя, уключаючы заняткі ў гуртках, клубах, псіхалагічную дапамогу — усё, што магчыма ажыццявіць з дапамогай сродкаў тэлекамунікацыі.
— У такой форме мы працавалі падчас пандэміі, убачылі яе запатрабаванасць, эфектыўнасць, таму цяпер у законе прадугледжана магчымасць атрымаць сацыяльныя паслугі ў дыстанцыйнай форме. Асабліва актуальна гэта для асоб, якія па нейкіх прычынах не могуць прысутнічаць у тэрытарыяльным цэнтры ці ў аддзяленні дзённага догляду, — патлумачыла начальнік упраўлення.

Падвоз пажылых і інвалідаў

Сярод новаўвядзенняў — транспартнае забеспячэнне сацыяльнага абслугоўвання. Яно ўнесена для павышэння даступнасці сацыяльных паслуг і якасці сацыяльнага абслугоўвання, прадугледжаны падвоз асобных атрымальнікаў сацыяльных паслуг. Магчымасць цэнтралізаванага падвозу будзе даступная для грамадзян, якія атрымліваюць сацыяльныя паслугі ў аддзяленнях дзённага знаходжання і тых, хто пражывае ў сацыяльных пансіянатах. Гэта магчыма на транспарце ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання, акрамя таго, па рашэнні мясцовых выканаўчых органаў могуць быць арганізаваны іншыя формы падвозу. Напрыклад, на сацыяльным таксі.

Такая паслуга будзе магчымая для інвалідаў 1-2 груп, пенсіянераў, якія маюць выяўленыя ці рэзка выяўленыя абмежавання здольнасці перамяшчэння, арыентацыі ці кантролю сваіх паводзін, а таксама для дзяцей-інвалідаў з 3 і 4 ступенню страты здароўя. Такія перавозкі будуць ажыццяўляцца пры пэўных умовах: адсутнасць рэгулярных транспартных зносін, адсутнасць адаптаванага транспарту агульнага карыстання для грамадзян, якія маюць абмежаванні ў перамяшчэнні, немагчымасць па стане здароўя выкарыстоўваць пасажырскі транспарт, які маецца, а таксама несупадзенне раскладу пасажырскага транспарту і графіка атрымання сацыяльных паслуг.

Недзяржаўныя ўстановы павінны атрымаць ліцэнзію

Яшчэ адна навацыя — ліцэнзаванне ў галіне сацыяльнага абслугоўвання. Яму падлягаюць недзяржаўныя суб’екты гаспадарання, якія аказваюць сацыяльныя паслугі з пражываннем пажылым грамадзянам і інвалідам. Сёння зарэгістравана 34 такія суб’екты гаспадарання, 23 з іх ажыццяўляюць дзейнасць. Найбольшая колькасць гэтых устаноў размешчана ў Мінскай вобласці.

— У першую чаргу наша агульная задача — максімальнае забеспячэнне бяспечных умоў пражывання грамадзян у такіх установах і якаснае аказанне ім сацыяльных паслуг. Таму што сёння ў сацыяльных пансіянатах пражываюць грамадзяне, якія маюць патрэбу ў пастаяннай старонняй дапамозе і доглядзе. Гэта людзі з зусім нізкай ступенню рухальнай актыўнасці ці з сур’ёзнымі кагнітыўнымі парушэннямі. Таму наша агульная задача — аказаць якасныя паслугі і забяспечыць максімальна бяспечныя ўмовы пражывання, — патлумачыла Кацярына Каляда.

Увядзенне ліцэнзавання накіравана на захаванне патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, а таксама патрабаванняў да якасці і зместу сацыяльных паслуг. Пры гэтым спецыяліст адзначыла, што цэнаўтварэнне ў прыватных сацыяльных установах не ўваходзіць у зону кантролю дзяржаўных органаў.

Нормы па ліцэнзаванні ўступаюць з 1 ліпеня, але да 1 кастрычніка магчыма ажыццяўляць дзейнасць без атрымання ліцэнзіі. Пасля дзейнасць без ліцэнзіі стане немагчымай. Ліцэнзаванне будзе ажыццяўляць мясцовы выканаўча-распарадчы орган. На сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны размешчана падрабязная інфармацыя для саіскальнікаў ліцэнзій, дзе тлумачыцца, якія дакументы ў якой паслядоўнасці і куды трэба падаць.

Ёсць змены і ў выплаце дапамог асобам, якія ажыццяўляюць догляд пажылых людзей, што дасягнулі 80-гадовага ўзросту, і інвалідаў. Яна па-ранейшаму складае 100% БПМ, калі ажыццяўляецца догляд аднаго чалавека, і 120% БПМ — калі двух і болей.

Раней атрымальнікам такой дапамогі працаваць не дазвалялася. Цяпер жа блізкія сваякі, якія ажыццяўляюць такі догляд, могуць працаваць на палову стаўкі. Новаўвядзенне прынята з улікам распаўсюджанасці такіх формаў работы, як дыстанцыйная і змешаная.

Ёсць змяненні і ў заканадаўстве, якое датычыцца пахавання. Калі раней выконваць такія паслугі і атрымліваць на гэтыя мэты дзяржаўную дапамогу мелі права толькі фізічныя асобы, то цяпер яго атрымалі і сацыяльныя пансіянаты. Яны могуць пахаваць памерлага пастаяльца, калі ён не меў блізкіх, і прыцягнуць для такіх мэт спецыялізаваныя арганізацыі.

Прадыктавана жыццём

Як адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама Вольга Васілеўская, навацыі закона чаканыя і былі ініцыіраваны зыходзячы з практыкі.

— Частка з іх ужо мела сваё практычнае прымяненне і ўносілася з практыкі работы сацыяльных устаноў, — падкрэсліла спецыяліст, дадаўшы, што ў Мінску сістэма сацыяльнага абслугоўвання прадстаўлена ў поўным фармаце. Акрамя дзевяці цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія аказваюць дапамогу па месцы жыхарства, функцыянуюць і сацыяльныя пансіянаты, Мінскі гарадскі цэнтр абслугоўвання сям’і і дзяцей, які аказвае дапамогу сем’ям у складанай жыццёвай сітуацыі. Працуе дом для ветэранаў і інвалідаў — сёння гэта дом суправаджальнага пражывання, дзе людзі з інваліднасцю, у першую чаргу маладыя, якія маюць патрэбу ў паслузе суправаджальнага пражывання, могуць пражываць самастойна пад наглядам работнікаў установы.

З 1 ліпеня ў сістэме сацыяльнага абслугоўвання і Дом начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства.

— Установа спецыфічная, але ўкараненне яе ў сістэму сацыяльнага абслугоўвання дае магчымасць і прымяніць мінімальныя стандарты, і нарміраваць і сістэматызаваць яе дзейнасць. Каля 40 чалавек за суткі ў сярэднім начуе ў гэтай установе. Яна працуе на сацыялізацыю па двух кірунках. Першы — сацыялізацыя праз працаўладкаванне для працаздольных асоб, пошук месца работы з магчымасцю пражываць у інтэрнаце. Другі — далейшае жыццеўладкаванне, калі гэта пенсіянер ці інвалід, аднаўленне яго сямейных сувязяў ці змяшчэнне ў сацыяльныя пансіянаты, — расказала Вольга Васілеўская.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.