Яшчэ адна сустрэча ў насычаным перадсвяточным рабочым дні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прайшла з Вячаславам Валодзіным. Старшыня Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі прыехаў у Мінск па даручэнні Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна для ўдзелу ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці і 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
«Вам, майму старэйшаму брату, сябру, дзякуй вялікі за тое, што Расія прадстаўлена на гэтым нашым агульным свяце — Дні Незалежнасці Беларусі — высокай урадавай, дзяржаўнай дэлегацыяй на чале са старшынёй Дзяржаўнай думы», — прывітаў госця Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што нягледзячы на доўгае знаёмства і актыўную сумесную працу, у такім афіцыйным фармаце з Вячаславам Валодзіным ён раней не сустракаўся. «Гэта сведчыць аб тым, што вы ў Мінску часцей павінны бываць. Мы будзем рады вас бачыць», — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што вельмі ўважліва сочыць за работай Вячаслава Валодзіна, асабліва ў акрузе. «Я калі бачу вас там і вашу работу, я ўзгадваю сваю дэпутацкую работу, як мне даводзілася займацца і працаваць на ніжэйшым узроўні, але з такімі ж пытаннямі, вырашаць такія ж праблемы. Таму для мяне асабіста вы чалавек абсалютна зразумелы, абсалютна адкрыты для мяне. І я заўсёды падтрымліваў ваш рух у тым кірунку, у якім вы ідзяце да людзей, да тых, хто выбраў вас, не забываеце пра гэта. Гэта вельмі важна. Калі старшыня нашай Палаты прадстаўнікоў будзе такім самым, то можна толькі парадавацца. Таму не сквапнічайце, досвед перадавайце», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння Саюзная дзяржава праходзіць няпросты перыяд, вакол шмат выклікаў і пагроз. «Я думаю, што вы ў тэме, і бачыце, што адбываецца вакол Беларусі. Нас уцягнуць у разборкі нейкія ім проста не церпіцца. Каб расцягнуць нас па гэтай мяжы і зрабіць немагчымым наша супраціўленне і давесці эскалацыю да такой ступені, што ўвесь свет здрыганецца. Вельмі сур’ёзная сітуацыя, і тут нам расслабляцца ні ў якім разе нельга», — сказаў ён.
Але ў святочныя дні не варта забываць пра галоўную нагоду. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі людзі шчыра адданыя таму, што зрабілі нашы продкі. У краіне няма ніводнага запушчанага помніка, нават у самай маленькай вёсцы. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што асабіста пераканаўся ў гэтым. «Людзі памятаюць тыя часы, шануюць памяць тых, хто прынёс нам гэта жыццё, якое мы жывём, няхай няпростае, але мы жывём. А многіх з іх, на жаль, няма. Мы шануем гэтую памяць. Для нас усё роўна — гэта бітва была „Баграціён“ ці пад Ржэвам, яна была пад Масквой, Сталінградам, на Курскай дузе ці на Дняпры. Нам розніцы няма. Гэта ваявалі нашы людзі, нашы суайчыннікі. Мы гэта шануем. І выхоўваем у гэтых адносінах і нашу моладзь», — падсумаваў беларускі лідар.
Вячаслаў Валодзін у сваю чаргу перадаў Аляксандру Лукашэнку віншаванні з галоўным дзяржаўным святам ад імя Уладзіміра Пуціна. Ён падкрэсліў, што дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яднае грамадзян і Беларусі, і Расіі. «Нам вельмі важна памяць захоўваць. І словы вам падзякі за тое, што вы робіце ў гэтым плане. Пакуль мы будзем памятаць тых, хто загінуў за нашу свабоду, за свабоду нашай краіны Савецкага Саюза, за свабоду нашых дзяржаў Беларусі і Расіі, яны нас вядуць па гэтым жыцці, хаця іх побач няма. Але мы павінны быць разам, яшчэ мацнейшымі, плячом да пляча, каб пераадольваць выклікі, з якімі сутыкнуліся нашыя краіны», — адзначыў Вячаслаў Валодзін.
Размаўляючы з журналістамі, Вячаслаў Валодзін падкрэсліў, што гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гэта выдатная нагода, каб яшчэ раз узгадаць падзеі 80-гадовай даўніны і зрабіць адпаведныя высновы, каб перадаць гэту памяць наступным пакаленням. «Мы павінны захоўваць памяць, рабіць усё, каб нашы дзяржавы квітнелі. Сённяшнія выклікі кажуць аб тым, што мы, толькі павышаючы сваю эфектыўнасць, можам абараніць нашы народы і нашы краіны», — сказаў ён. Па словах Вячаслава Валодзіна, толькі разам Беларусь і Расія могуць пераадолець усе выклікі і пагрозы.
Старшыня Дзяржаўнай думы звярнуў увагу, што святочныя мерапрыемствы— гэта яшчэ і магчымасць абмеркаваць рабочыя, надзённыя пытанні, замацаваць дамоўленасці, акрэсліць планы, падвесці вынікі. Вячаслаў Валодзін падкрэсліў, што гэтыя пытанні ў гэтыя дні ён абмяркуе са сваім беларускім калегам, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам. «Казаць аб тым, як мы сябруем, няправільна, па азначэнні. Мы абавязаныя сябраваць, маючы такую гісторыю адносін, агульную перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне і ахвяры той вайны. Мы проста перад памяццю сваіх продкаў абавязаны ўмацоўваць адзінства, каб гэта сяброўства было перададзена нашым нашчадкам. Але гэта павінна быць на справе, а не на словах. Трэба развіваць узаемавыгоднае партнёрства. Многае ўжо дасягнута. Беларусь для нас адзін з ключавых гандлёвых партнёраў. Расія таксама ключавы партнёр для Беларусі. І ў парламенцкім вымярэнні мы, усведамляючы адказнасць перад грамадзянамі нашых краін, робім усё, каб фарміравалася адзіная прававая прастора, ад чаго кожная дзяржава выйграе», — адзначыў Вячаслаў Валодзін. Ён падкрэсліў, што парламентарыі павінны самі развіваць супрацоўніцтва, шукаць новыя фарматы, а не толькі выконваць даручэнні прэзідэнтаў.
Валерыя СЦЯЦКО
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.