Наведванне Старшынёй Савета Рэспублікі РНПЦ «Маці і дзіця» адбылося ў межах акцыі «Белая Русь — з любоўю да дзяцей». Упершыню гэтае мерапрыемства было наладжана ў 2008 годзе, а з наступнага, 2009-га, парадзіхі прымаюць віншаванні і падарункі ва ўсіх радзільных дамах і аддзяленнях краіны. Сёння ў добрай традыцыі удзельнічаюць не толькі члены ГА «Белая Русь», але і прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, дэпутацкага корпуса, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы.
Падчас віншаванняў Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што ў нашай краіне клопат аб дзецях і сем’ях з дзецьмі — адзін з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў. Гэты кірунак заўжды пад пільнай увагай Прэзідэнта. Сёння сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, атрымліваюць больш дзясятка дапамог розных відаў. І гэта яшчэ далёка не ўсе формы дзяржпадтрымкі: створаны ўсе ўмовы для выхавання і навучання дзяцей, аказання належнай медыцынскай дапамогі. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла: у Беларусі ўвогуле ўся палітыка накіравана на чалавека, на якасць і камфорт яго жыцця. Адзначыла яна і важнасць, асабліва ў цяперашні час, захавання традыцыйных каштоўнасцяў, сярод якіх сям’я і дзеці — найгалоўнейшыя.
«Гэта невымоўныя эмоцыі, калі на свет з’яўляецца новы чалавечак, новы грамадзянін нашай краіны. І вельмі добра, што ў нас ёсць такая акцыя, якую мы праводзім ужо 16-ы раз. Тут, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры, згодна з устаноўкай Прэзідэнта, дапамагаюць жанчынам з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Я з вялікай радасцю бываю тут, каб павіншаваць матуль, якія нарадзілі ў самае галоўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці. А сёлета той радасці ўдвая больш, бо мы святкуем яшчэ і 80-гадовы юбілей вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», — рэзюмавала Наталля Качанава і пажадала ўсім жанчынам і іх дзеткам здароўя і доўгіх гадоў шчаслівага жыцця.
«Гэта маё першае дзіця. Дзяўчынка, Сафія. І тое, што яна нарадзілася ў такі дзень, — радасць, якую не выкажаш словамі. Святочны парад, салют і доўгачаканая дачушка побач — слёзы на вачах. Дзень Незалежнасці для мяне, як і для ўсіх беларусаў, — асаблівы дзень, а цяпер ужо ўдвая», — падзялілася ўражаннямі Ганна Бурая, адна з матуль, хто прымаў віншаванні.
У сваю чаргу старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алег Раманаў зазначыў, што за гады існавання акцыя «Белая Русь — з любоўю да дзяцей» значна пашырылася, прычым не толькі ў рэгіянальным сэнсе, але і ў часавым. З мінулага года дзяцей, якія нарадзіліся ў святочны дзень, суправаджаюць на працягу ўсяго іх сталення, адзначаючы найбольш важныя вехі дзіцячага жыцця.
* * *
Усяго 3 ліпеня ў Беларусі ў юбілейны Дзень Незалежнасці нарадзілася 158 дзяцей (на 40 больш, чым летась), 69 дзяўчынак і 89 хлопчыкаў.
Найбольш дзяцей нарадзілася ў Мінску — 57 мінчан, з іх у РНПЦ «Маці і дзіця» — 13 дзяцей, астатніх прынялі ў радзільных дамах №№ 1, 2, 5, 6. Першае немаўля ў сталіцы з’явілася ў першую хвіліну Дня Незалежнасці (00.01) у радзільным доме 6-й гарадской бальніцы. У Брэсцкай вобласці нарадзіліся 14 дзяцей, з іх чатыры дзяўчынкі і дзесяць хлопчыкаў. Жыхароў Віцебскай вобласці ў святочную дату пабольшала на сем дзяўчынак і сем хлопчыкаў. У Гродзенскай і Гомельскай абласцях нарадзілася па 16 дзетак, а ў Магілёўскай — 15, з іх восем дзяўчынак і сем хлопчыкаў. У Мінскай вобласці 3 ліпеня нарадзілася 26 дзяцей — 14 дзяўчынак і 12 хлопчыкаў.
Уладзімір ВЯРЭНІЧ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.