Вы тут

Аляксандр Радзькоў: «Самы цікавы, але і самы складаны мастацкі вобраз — гэта чалавек»


У нас унікальны суразмоўца. За яго плячыма — праца на пасадзе міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Міхайлавіч таксама з’яўляўся першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Сёння ён актыўны грамадскі дзеяч і пісьменнік. Яго школа жыцця настолькі багатая на досвед — грамадзянскі, навуковы, літаратурны, што захацелася атрымаць адказы на самыя актуальныя і недзе нават філасофскія пытанні, якія датычацца развіцця прыгожага пісьменства як з’явы.


— Аляксандр Міхайлавіч, вы аўтар мноства падручнікаў і дапаможнікаў па матэматыцы, а цяпер і лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Ці існуе, на вашу думку, формула паспяховай кнігі?

— Ірына Хакамада неяк адзначыла, што кніга будзе заведама паспяховай, калі ў загалоўку ёсць адно са слоў — «секс» ці «грошы». У чымсьці яна мае рацыю. У жыцці можна асабліва не напружвацца: не імкнуцца атрымаць адукацыю, не старацца асвоіць прафесію, не цікавіцца мастацкай творчасцю, не чытаць кніг — але тады і прыемнасці звужаюцца толькі да ежы, выпіўкі і адзначаных Хакамадай установак. Для атрымання асалоды ад вытанчанай музыкі, незвычайнай карціны, ката Шродзінгера, матэматычнай формулы трэба многа над сабой працаваць, пастаянна ўдасканальвацца, інтэнсіўна спазнаваць. У гэтым сэнсе чалавек нагадвае сферу: чым больш ён асэнсоўвае навакольны свет, тым большы радыус гэтай сферы і больш кропак яе судакранання з рэчаіснасцю, у тым ліку і для атрымання задавальненняў.

Думаць пра тое, ці будзе твая кніга папулярнай, — не першарадна. Падручнік, аповесць, раман, зборнік вершаў ці казак павінны «папрасіцца» на выхад, выспець для выдання. І аўтар гэта павінен адчуць. У мяне так было першапачаткова. Мы з калегамі па кафедры алгебры і геаметрыі ў свой час заўважылі, што для засваення студэнтамі алгарытмаў карысна паказаць ім прыклады рашэння падобных задач, пасля прапанаваць задачы для самастойнай работы і тэст для самакантролю па набытых ведах. Нашы загатоўкі і напрацоўкі па ўсім навучальным курсе алгебры і тэорыі лічбаў мы звялі ў адну кнігу. Гэтым вучэбным дапаможнікам зацікавілася выдавецтва «Вышэйшая школа». Кніга дагэтуль папулярная ў студэнтаў, аказалася запатрабаванай у ВНУ не толькі Беларусі. Заўважу, не столькі папулярнай, колькі запатрабаванай.

Я, напрыклад, хачу, каб была запатрабаванай кніга прафесара БДУ Віктара Іванавіча Іўчанкава «Беларуская арфаграфія ў медыя». Гэта таксама вучэбны дапаможнік, але як жа ён неабходны кожнаму журналісту, пісьменніку, настаўніку славеснасці. Для культуры маўлення, для пісьменнасці, для павышэння прафесіяналізму. Так, тэкст гэтай кнігі навуковы, яго прачытанне патрабуе пэўных функцыянальных навыкаў, але якое ж атрымліваеш задавальненне ад думак, назіранняў, прыкладаў і парад аўтара.

Канешне, сказаць, што аўтар наогул не думае пра магчымую папулярнасць сваёй кнігі, будзе няпраўдай. Не ў першую чаргу, але ўсё ж такі думае. Але прадказаць яе цяжка. Мне, напрыклад, здавалася, што папулярнай стане кніга «Рэктары». Многія вучыліся ва ўніверсітэтах, добра памятаюць сваіх педагогаў, дэканаў і ўдзячны ім, разумеюць значнасць для грамадства такой фігуры, як рэктар, — гэтай кнігай, як я меркаваў, дакладна многія зацікавяцца. Але не. Па сцвярджэнні маіх сяброў, пісьменнікаў Алеся Карлюкевіча і Алеся Бадака, яна аказалася «элітарнай», гэта значыць, запатрабаванай вузкім колам людзей, тых, хто, магчыма, сам спадзяецца ў будучыні стаць рэктарам. 

А вось кнігу «Аб матэматыцы і матэматыках» я першапачаткова адрасаваў вузкаму колу спецыялістаў у гэтай навуковай галіне, а аказалася, што ўзлётам матэматычнай думкі беларускіх вучоных цікавіцца вельмі вялікая колькасць людзей. Кніга «разляцелася» імгненна, і спатрэбілася яе другое выданне.

Формула паспяховасці, папулярнасці выдання, мяркую, усё ж ёсць. Аднак яна шматпараметрычная, імавернасная і таму далёка не відавочная. Найлепш кіравацца першапачатковай запатрабаванасцю кнігі, зразумець, адчуць, што яна ўжо выспела, просіцца ў свет, да чытачоў, трымаць у сабе яе ўжо немагчыма, вось тады і адпусціць. 

— «Ректоры», «Дискретный подход к наблюдению жизни», «Мой физмат», «Маленькие истории большой семьи»... Як у вас з’яўляюцца задумкі для новых кніг? Хто ці што падштурхоўвае?

— Першапачаткова я задумаў толькі адну кнігу — «Аб матэматыцы і матэматыках». Гадоў 30 таму. Доўгі час я выкладаў ва ўніверсітэце вышэйшую матэматыку: чытаў лекцыі, вёў практычныя заняткі, займаўся навуковымі даследаваннямі ў гэтай сферы. І заўсёды захапляўся прыгожай думкай, вытанчанай тэарэмай, тэорыяй. Напрыклад, тэорыяй матрыц у цэлым і яе асобнымі сцвярджэннямі. Матрыцы — гэта прамавугольныя табліцы лічбаў, і іх, аказваецца, можна складваць і перамнажаць. Яны так цікава ўпарадкаваны, утрымліваюць у сабе мноства найцікавейшых уласцівасцей, знаходзяць рознае прымяненне: ад рашэння самых простых сістэм лінейных ураўненняў да матэматычнай трактоўкі законаў квантавай фізікі. Гэтая тэорыя — узлёт матэматычнай думкі. Падобныя рэчы мы абмяркоўвалі з калегамі, са студэнтамі. Я тады яшчэ заўважыў, што ў папулярным выкладанні яны цікавыя многім людзям. Аб тым, каб звесці іх у адну кнігу, не думаў, аднак выразна бачыў, што згадванне такіх узлётаў чалавечай думкі ўпрыгожвае лекцыю, зацікаўлівае студэнтаў вучэбным прадметам, узбагачае іх матэматычную культуру.

Ідэя напісаць кнігу аб шэдэўрах матэматычнай думкі мне прыйшла ў галаву толькі тады, калі ўжо некалькі гадоў працаваў на пасадзе міністра адукацыі. Я добра разумеў, што толькі маіх уражанняў будзе недастаткова. Матэматыка аб’ёмная, шматгранная, складаная. Трэба захапіць гэтай ідэяй сваіх калег — вядомых матэматыкаў Беларусі. Упэўнены, на маю просьбу падзяліцца сваімі меркаваннямі на гэтую тэму — нават тады, калі я працаваў на пасадзе рэктара ўніверсітэта, — яны б не адгукнуліся. Па-першае, гэта вельмі няпростая задача — выкласці даступнай школьніку мовай тое, што ў матэматыцы прыводзіць цябе ў захапленне. Па-другое, хто ты такі, каб дзеля цябе брацца за гэтую работу. А вось міністру адмовіць складаней. Тым больш што да гэтага часу я быў ужо асабіста знаёмы практычна з усімі вядомымі матэматыкамі нашай краіны. І яны адгукнуліся! Не ўсе, канешне, каго я прасіў, але многія. 

На асэнсаванне і апрацоўку ўсіх матэрыялаў кнігі спатрэбілася 20 гадоў. І мне цяпер прыемна, што яна выклікала вялікую чытацкую цікавасць. «Дыскрэтны падыход да назірання жыцця» — гэта мая калекцыя цікавых гісторый, якія знаходзіў у газетах, часопісах, кнігах, выносіў з навуковых канферэнцый, зносін з сябрамі, пасяджэнняў урада. Некаторыя з іх я запісваў, таксама яшчэ ва ўніверсітэце. Гэтымі запісамі карысталася ўся мая сям’я — шукалі там нешта для сваіх выступленняў, рэфератаў, нават тостаў на вясельных застоллях. Пасля сыходу з дзяржаўнай службы я вырашыў іх сабраць разам, бо яны былі парассыпаны паўсюль. Раздрукоўку гэтых матэрыялаў убачыў Алесь Карлюкевіч, тады міністр інфармацыі. Ён сказаў, што гэтыя гісторыі трэба выдаць адной кнігай. Там, у прыватнасці, добра гаворыцца пра чыноўнікаў. Яны ж сапраўды вельмі адукаваныя, цікавыя, дасціпныя людзі. 

Няхай усе гэта ведаюць. І меў рацыю: у продажы кнігі ўжо даўно няма.

«Мой фізмат» — падзяка маім студэнцкім настаўнікам. Фізмат Магілёўскага педінстытута быў адным з найлепшых факультэтаў гэтага профілю ва ўсім Савецкім Саюзе. Але ў кнізе я хацеў яшчэ даследаваць заканамернасці развіцця ўніверсітэта з пазіцый яго асноўнага структурнага падраздзялення — факультэта. А «Маленькія гісторыі вялікай сям’і» — таксама даследаванне, але ўжо калектыўнае. Мы вывучалі сямейныя адносіны з двух прынцыпова розных ракурсаў, бо пісалі гэтую кнігу ўдваіх з Наталляй Ігнаценка. Мужчынскі і жаночы погляд на адны і тыя ж рэчы, уражанні бацькі і дачкі, рацыянальныя і пачуццёвыя ацэнкі... Азартна спрачаліся, сварыліся. Нават кідалі гэтую работу, ды нязменна да яе вярталіся. Хоць кніга чытачоў і зацікавіла, але мы дагэтуль сумняваемся, ці трэба было публікаваць такія гісторыі. Кожная сям’я па-свойму цікавая, але людзей цікавяць перш за ўсё свае, уласныя, а не чужыя гісторыі. Ды і асабістага мы раскрылі нямала, ці трэба было так рабіць?

Што падштурхоўвае аўтара да напісання кніг, адназначна не адказаць. Розныя фактары і прычыны, але яны павінны быць важкімі і выпакутаванымі.

— Пра каго ці што хацелі б яшчэ напісаць? Магчыма, цяпер якраз працуеце над новым творам?

— У Выдавецкім доме «Звязда» рыхтуецца да друку кніга «Украпіны ў афіцыйныя, навуковыя і карпаратыўныя даклады, а таксама зместы гутарак і размоў». Мне падаецца, што назва досыць поўна характарызуе змест і прызначэнне гэтай работы. Прыемна, што часопіс «Маладосць» зацікавіўся кнігай і ў трох нумарах (№№ 3–5 за 2024 год) апублікаваў яе скарочаны варыянт у перакладзе на беларускую мову Алеся Карлюкевіча. Я яму часта з гэтай нагоды выказваю сваю крыўду: у яго перакладзе тэксты ўспрымаюцца лепш, чым у арыгінале. Але ў адказ ён толькі ўсміхаецца.

Хачу на гэтую тэму крыху паразважаць. 

Я выхаваны навуковым асяроддзем, вучыўся пісаць усё жыццё. Але толькі навуковыя артыкулы, навучальныя дапаможнікі, манаграфіі, дысертацыі. Мова гэтых публікацый патрабуе лаканічнасці, шчыльнасці фактуры, строгай логікі выкладання. Таму мае тэксты сухаватыя, не такія вобразныя, як хацелася б. А ў тых, каму прырода дала паэтычны талент, тонкае адчуванне мовы, мастацкае ўспрыманне свету, тэксты насычаны эмоцыямі, яркімі фарбамі, незвычайнымі ўражаннямі. Таму ў перакладзе Карлюкевіча я свае тэксты пазнаю, але яны нейкія іншыя, больш мяккія, плаўныя. Думаю, што гэта яшчэ і дзякуючы беларускай мове, яе лексічнай культуры.

Дарэчы, я рэгулярна чытаю галоўныя беларускія літаратурна-мастацкія часопісы — «Полымя», «Нёман». Бачу, напрыклад, што часопіс «Маладосць» друкуе работы маладых аўтараў. Пісаць маладыя людзі будуць заўсёды. Гэта прыродная патрэба чалавечай супольнасці. Не ўсе яны стануць прафесійнымі пісьменнікамі, журналістамі і нават блогерамі. Але іх трэба друкаваць, падтрымліваць і вучыць пісьменніцкаму майстэрству. Мне, напрыклад, у творах маладых аўтараў не хапае фактуры, глыбіні і арыгінальнасці думкі, філасофскіх абагульненняў... Нічога, набудуць! Усё жыццё ў іх наперадзе. Я ж часта бачу і іх літаратурны талент, і ўпэўненае валоданне сучаснай мовай, і арыгінальнасць сюжэтаў, і незвычайнасць мастацкіх вобразаў.

Безумоўна, самы цікавы, але і самы складаны мастацкі вобраз — гэта чалавек. Па складанасці будовы, а значыць і па цяжкасці вывучэння, ён не саступае космасу. Выдуманы вобраз апісваць бяспечней — ён дакладна не пакрыўдзіцца. А вось пра канкрэтнага чалавека пісаць вельмі цяжка — ён сапраўды сябе так, як ты, не бачыць і не ўспрымае. Гэта іншы космас! Мяркую, не толькі я, усе аўтары з гэтым сутыкаліся. Але пісаць пра іх усё роўна трэба. Вакол нас такія яркія, каларытныя, разумныя людзі, жыццё якіх — прыклад для пераймання, паказчык месца чалавека ў прыродзе і грамадстве, выяўленне сапраўднага Божага наканавання — ну як пра іх не пісаць?! Няхай крыўдзяцца, мы гэта перажывём.

— Адно з асноўных пытанняў у літаратуры: што першапачатковае — форма ці змест? Сустракаюць жа па вокладцы. Якога меркавання прытрымліваецеся вы?

— Гэта шмат у чым філасофскае пытанне, падобнае да старажытнай праблемы — што было раней: курыца ці яйка. У часы савецкага харчовага дэфіцыту армянскае радыё адказвала на яго так: раней было ўсё! Так, часам спачатку з’яўляецца форма, часам — змест. У «Маім фізмаце» пераважала форма — пра факультэт трэба пісаць праз людзей — распавесці пра выкладчыкаў, аспірантаў, лабарантаў, студэнтаў. Пра іх навуковыя дасягненні, педагагічнае майстэрства, захапленні. Яны ў сукупнасці вызначаюць і характарызуюць гэтае ўніверсітэцкае падраздзяленне. А ў кнізе «Аб матэматыцы і матэматыках» спачатку быў змест. З часам спатрэбілася адпаведная форма. Больш за тое, я доўга збіраў матэрыял аб шэдэўрах матэматычнай думкі, гэта значыць, аб матэматыцы. Аднак толькі з часам зразумеў, што нельга не расказаць пра матэматыкаў, бо менавіта яны ствараюць гэтыя шэдэўры. Што і вызначыла канчаткова форму твора. Дарэчы, тут варта паразважаць і пра вокладку. Сапраўды, па адзенні сустракаюць, нікуды ад гэтага не ўцячэш. На вокладках першых кніг мы — і дома, і ў выдавецтве — вырашылі змясціць фотаздымак аўтара. Не памыліліся, мне потым расказвалі, што чытачы, убачыўшы кнігу ў магазіне і даведаўшыся, хто аўтар, казалі: «Цікава, што там Аляксандр Міхайлавіч напісаў?» А вось на вокладку кнігі аб матэматыцы было вырашана вынесці які-небудзь матэматычны шэдэўр. Спыніліся на лісце Мёбіуса, мадэлі аднабаковай паверхні. Гэта ж цуд! Мы звыкліся, што ў звычайным жыцці паверхня мае два бакі, а тут у руках можна патрымаць паверхню з адным. Я склеіў адпаведным чынам палоску паперы і пайшоў з ёй да галоўнага мастака выдавецтва «Мастацкая літаратура» Надзеі Барай. Яна алоўкам прайшлася па паверхні, пераканалася ў яе аднабаковасці і потым арыгінальна перадала сваё ўспрыманне ліста Мёбіуса на вокладцы кнігі. На мой погляд, гэта ўпрыгожыла выданне. 

Мне бачыцца, што самае важнае ў творы — ідэя, тыя думкі, якімі ты хочаш падзяліцца з чытачамі. А сам працэс іх выказвання вызначыць, сфакусіруе аптымальны і цікавы змест аповеду і надасць яму адпаведную форму. А калі работа над кнігай цалкам захапляе аўтара, то вокладка можа нават прысніцца. А яшчэ вялікі поспех, калі ўсё гарманічна: змест, форма і вокладка.

— Сёння даступныя самыя розныя кнігі, як папяровыя, так і электронныя. Цікава, што і ў якім фармаце чытаеце вы?

— Чытаю ў розных фарматах. Усё, што прыносіць прагрэс, трэба выкарыстоўваць. Вядома, чытачы майго пакалення аддаюць перавагу папяровай кнізе. Мы так прывыклі. І ў гэтым выпадку чытанне больш удумлівае, больш грунтоўнае — можна ў любы момант спыніцца, падумаць, вярнуцца да раней прачытанага. І такое выданне можа быць заўжды пад рукой. А камп’ютар прыспешвае. Ён жа і прыйшоў да нас для паскарэння апрацоўкі інфармацыі, ушчыльнення яе, пашырэння разнастайнасці падачы. І ён бяздонны. Трэба табе нейкая кніга, неадкладна патрэбна — дзе ты яе знойдзеш у папяровым варыянце? А электронны тут жа, ужо на экране.

Папяровае выданне і каштуе нямала. Але сайты з электроннымі кнігамі таксама навучыліся зарабляць на чытачах. Дадуць бясплатна некалькі першых старонак, зацягнуць у змест, а потым патрабуюць плату за прачытанне астатняй часткі. Усё роўна будзем чытаць! На любых носьбітах! А як можна жыць, не чытаючы кніг?!

— Якіх твораў, на вашу думку, не хапае сёння? Хто ён — галоўны герой нашага часу?

— Кожны чалавек асаблівы. Памятаеце: усялякі індывід — свой космас? Таму камусьці патрэбны вершы, некаму гістарычныя раманы, а нехта любіць мемуарную літаратуру ці фантастыку. Сказаць, што цяпер не хапае кніг, я не магу. Зайдзіце ў кнігарню — там выстаўлена літаратура на любы густ. Дзіўна іншае: практычна няма пакупнікоў. А мы ў свой час начамі стаялі ў чарзе па падпіску на зборы твораў. І не на канкрэтнага аўтара — радаваліся любому выданню. Тым не менш засмучацца не варта. Людзі чытаюць — навіны ў Telegram-каналах, навуковую інфармацыю на адпаведных сайтах, мастацкую літаратуру на электронных носьбітах. І ў кнігарнях літаратуру набываюць. Я, у прынцыпе, магу цяпер знайсці для чытання ўсё, што мяне ў дадзены момант цікавіць. Калі яшчэ так было?

Герой нашага часу — сучасны чалавек. Яму няпроста: тэмп жыцця імклівы, змяняецца ўсё на вачах, нярэдка трэба імгненна вызначаць, дзе дабро і разумная перспектыва, а дзе поўная няпэўнасць і нават небяспека. Мы жылі павольней. Таму цікава, як сёння чалавек ацэньвае спадчыну сваіх продкаў, як ён уладкоўвае сваё жыццё, як паспявае за прагрэсам, як разумее асноўныя чалавечыя каштоўнасці? Мне яшчэ цікавы сучасны вучоны, перш за ўсё матэматык. І я б з задавальненнем прачытаў, пра што ён думае, якія праблемы гэтай навукі яго цікавяць, як ён успрымае і ацэньвае сучасную беларускую матэматычную супольнасць.

— Вы неяк казалі, што трэба пастаянна вучыцца. Як самі ўдасканальваеце сваё пісьменніцкае майстэрства?

— Калі цябе з дзяцінства бацькі нацэлілі на вучобу, то гэтая якасць застанецца на ўсё жыццё. Нас у бацькоў было пяцёра. Усе — хлапчукі-свавольнікі. 

Бацька і маці разумелі, што засцерагчы нас ад шкодных звычак і непатрэбных спакус можа толькі адукацыя. У выніку і выраслі тры дырэктары школ, вядомы ўрач і нават міністр. І ўсе мы да гэтага часу вучымся. Як? Чытаем! Потым абмяркоўваем. І не толькі прачытанае.

Мой блізкі сябар і калега, доктар філасофскіх навук, прафесар Міхаіл Іванавіч Вішнеўскі доўгі час узначальваў кафедру, напісаў цудоўныя падручнікі па філасофіі для студэнтаў і аспірантаў, узначальваў аўтарскі калектыў падручніка па грамадазнаўстве для школьнікаў, але потым сабраўся на пенсію. Яго не адпускалі, але ён на сваім рашэнні настаяў. Пытаю: «Чым будзеце займацца?» Адказвае: «Буду назіраць за развіццём сучаснага жыцця. Назіранне — гэта ж найпершы навуковы метад». І мы з Міхаілам Іванавічам рэгулярна абмяркоўваем сусветную палітыку, праблемы развіцця грамадства, навуку, культуру, сучасны літаратурны працэс... Я працягваю слухаць лекцыі выдатнага вучонага-філосафа, вучуся і атрымліваю ад гэтага задавальненне. З навуковага асяроддзя я пайшоў на дзяржаўную службу. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнту нельга адмаўляць, хоць па навуковых даследаваннях сумую да гэтага часу. З дзяржаўнай службы, якую напружана асвойваў (і шмат чаму там навучыўся), пайшоў па ўзросце. Здавалася, таксама буду толькі чытаць ды назіраць. Але сябры-пісьменнікі ўцягнулі мяне ў літаратурную творчасць. І я зноў вучуся! У Алеся Карлюкевіча — разуменню філасофскіх асноў пісьменніцкага майстэрства, у Алеся Бадака — эмацыянальнаму ўспрыманню чалавечай натуры, у Віктара Шніпа — паэтычнай вобразнасці, у Людмілы Рублеўскай — нястрымнай фантазіі і яшчэ шмат у каго шмат чаму. І гэта так цікава!

— Вы працуеце больш у жанры мемуарнай літаратуры. Ці плануеце паспрабаваць сябе ў іншым?

— Калі паэты Алесь Бадак і Віктар Шніп у маёй прысутнасці пачынаюць разважаць пра тэарэтычныя асновы паэзіі і пры гэтым свабодна аперыруюць такімі паняццямі, як ямб, харэй, амфібрахій, я пра сябе думаю: а яны не ўмеюць матрыцы перамнажаць! Я пісаў тое, што ў мяне само прасілася на выхад. У тэарэтычныя асновы літаратурнай творчасці не ўнікаў. У якім жанры пішу, мяне ўвогуле не цікавіла. Пасля першых дзвюх кніг Алесь Бадак сказаў, што я працую ў жанры нон-фікшн. Нацыянальную літаратурную прэмію атрымаў за публіцыстыку. У якім жанры буду пісаць далей і ці буду пісаць наогул — не ведаю. Алесь Карлюкевіч кажа, што я толькі пачаў. Можа, ён ведае пра мяне нешта, мне невядомае, але не гаворыць? Жыццё пакажа.

— А чым займаецеся акрамя навукі і літаратуры? Ці ёсць у вас нейкае хобі?

— Мяне заўсёды зачароўваў космас і ўсё, што з ім звязана. Я пра яго шмат чытаў, на неба заўсёды ўважліва глядзеў, пра стварэнне Сусвету шмат думаў. У нас у доме ёсць тэлескоп, мы часта любуемся паласатым Юпітэрам, кольцамі Сатурна, кратарамі Месяца. Сочым, калі да нас прыляцяць каметы. Якое гэта неверагоднае відовішча, калі бачыш іх у акуляр тэлескопа!

Яшчэ люблю назіраць за творчасцю захопленых людзей. Напрыклад, за адносінамі з раслінамі маёй жонкі Таццяны, мастацкімі эксперыментамі старэйшай дачкі Наталлі, работай над тэлевізійнымі праграмамі навін малодшай дачкі Юліі. І вельмі люблю чытаць!

Гутарыла Ірына ПРЫМАК

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.