Вы тут

Ведаць гісторыю свайго краю — значыць зберагчы спадчыну


Краязнаўства справядліва называюць радзімазнаўствам. Гэта тая галіна мастацтва, якая патрабуе сістэмнага разгляду, карпатлівай самаадданай працы і, галоўнае, самаахвярнай любові да мясціны і людзей, якія пакінулі пэўны след у гісторыі свайго краю. Літаратурнае краязнаўства, у прыватнасці рэгіянальнае, мае сваю дастойную нішу ў нацыянальнай літаратурнай прасторы. Бо нацыянальны вобраз свету складаецца і з літаратуры рэгіянальнай, што спалучана з нацыянальнай мадэллю свету: беларусазнаўствам і радзімазнаўствам. Ведаць і перадаць нашчадкам гісторыю свайго краю — значыць зберагчы спадчыну, без якой сёння немагчыма ўявіць будучыню. Гэта тое трохзор’е, пад якім вывяраецца і вымяраецца сутнасць, місія чалавека на зямлі.


Імя беларускай краязнаўцы, пісьменніцы Святланы Кошур вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ураджэнка Навагрудскага краю, яна чвэрць стагоддзя аддала руплівай творчасці навуковага супрацоўніка Карэліцкага краязнаўчага музея. І можна з упэўненасцю заявіць: Карэліччыне і Навагрудчыне пашанцавала ў зберажэнні гістарычнай памяці, бо падзвіжніца краязнаўчага руху Святлана Кошур выдала дзесяць кніг мастацкай, дакументальнай публіцыстыкі, сярод якіх «Вяртанне на Радзіму» (2002), «Зямля карэліцкая і яе славутыя людзі» (2009), «Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча» (2011), «Залатая падкова Свіцязі» (2016), «Край запаветных мараў» (2020), «Праз паціну часу» (2023) і іншыя. 

Памятным мясцінам свіцязянскай зямлі, заслужана апетай нашымі класікамі, прысвяціла Святлана Кошур сваю апошнюю па часе напісання — дзясятую — кнігу нарысаў «Праз паціну часу: сцежкамі свіцязянскай зямлі» (Выдавецкі дом «Звязда», 2023). Пад купалам легендарнай свіцязянскай зямлі змясціліся важкія ўспаміны, адкрыцці, якія вядуць чытача да старажытнага мястэчка Уселюб, да памятнага лёсу Карэліч, да слаўнай гісторыі Міра, урэшце, да зіхоткага агеньчыка Туганавіч, Валеўкі, Чамброва, Беразаўца, Турца, Руты і іншых благаслаўлёных мясцін. Ды і сама назва кнігі спакушае чытача вярнуцца да вытокаў: праз таямнічую завесу часу (паціна як звыклы налёт на старых рэчах) аўтар імкнецца расшыфраваць для чытача забытыя факты мінулага, заахвоціць да пазнавальнага падарожжа «прыадкрыць таямніцы» свіцязянскай і наднёманскай зямлі. «Падарожжа ў мінулае, — удакладняе пісьменніца ў звароце да чытача, — гэта магчымасць прыадкрыць заслону часу дзякуючы ўнікальным фотаздымкам, якія, як каштоўная рэліквія, захоўваюцца ў сямейных альбомах і могуць расказаць захапляльныя гісторыі жыцця сваіх уладальнікаў. Трэба толькі навучыцца ўважліва слухаць іх ціхія галасы і бачыць сляды даўніны праз паціну часу. Дакументы, фотаздымкі, успаміны людзей надзейна захоўваюць памяць аб мінулым і дапамагаюць знайсці адказы на пытанні аб прызначэнні чалавека на зямлі». Больш за тое, сама мадэль шляху / дарогі (сцежкі / сцяжыны) у нацыянальнай філасофіі правакуе да сцвярджэння сваёй, уласна беларускай самаідэнтыфікацыі.

Скрупулёзная самаахвярная пошукавая праца — альфа і амега творчай дзейнасці няўрымслівай пісьменніцы з майстэрскім почыркам краязнаўцы: і літаратара, і гісторыка, і архівіста, і мемуарыста, і тэкстолага. Зусім невыпадкова ў прадмове да кнігі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч так пашанліва падсумаваў: «І цяпер Святлана Кошур працягвае ісці сцежкамі нязведанага, вяртае да жыцця, перадае будучыні забытыя і часам амаль што страчаныя памяткі гісторыі. Уражальны прыклад служэння Айчыне!..» 

Зрэшты, хоць нарыс і вядучы жанр мастацкай публіцыстыкі, паміж радкамі, праз старонкі і цэлыя раздзелы відавочна тытанічная праца, дзе аўтар кнігі дэталёва дэманструе дакументальныя факты, бібліяграфічныя звесткі. Так, распавядаючы пра радню Калітоўскіх з Уселюба, у прыватнасці пра Яўгенія Калітоўскага (як медыка, галоўнага ўрача і кансультанта-тэрапеўта аднаго з санаторыяў на Каўказскіх Мінеральных Водах у 20-я гады, сябра Янкі Купалы), як дасведчаны архівіст пісьменніца робіць спасылку: «(Аўтарам выкарыстаны дакументы з сямейнага архіва Калітоўскіх, з асабістай справы вучонага з архіва РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, з фондаў Літаратурнага музея Я. Купалы)». Або ў нарысе пра знакамітую артыстку балета Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, заслужанага дзеяча мастацтваў Клаўдзію Калітоўскую з мястэчка Уселюб, сястру вышэйзгаданага Яўгенія Калітоўскага, удакладняецца: «(Аўтарам выкарыстаны дакументы з сямейнага архіва Калітоўскіх, архіва Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва)».

Нельга адмовіць пісьменніцы як адмысловаму нарысісту і ў інтымізацыі з чытачом. «Мой краязнаўчы цягнік напалову карацейшы за жыццёвы, але кожны яго прыпынак — гэта вынік напружанай працы, дзе мяне чакае цудоўны падарунак — новая кніга. На бліжэйшай станцыі жыццёвага цягніка я сустракаю сваю дзясятую краязнаўчую кнігу». Свабодная, раскаваная манера аповеду гучыць у вандроўцы да старажытных Карэліч: «Шаноўны чытач, давай паспрабуем перанесціся думкамі ў далёкае мінулае, каб уявіць, як выглядалі Карэлічы раней. Нам дапамогуць гэта зрабіць архіўныя дакументы ХVІІ—ХVІІІ стст.». Як дбайны даследчык Святлана Кошур у нарысах аддае даніну і дэталёваму біяграфічнаму экскурсу: гэта гаворка пра слынных дзеячаў культуры, навукоўцаў, а таксама пра педагогаў-асветнікаў. Найперш пра князёў Радзівілаў і даўні род Калітоўскіх, Яна Чачота і Адама Міцкевіча, святара Андрэя Чарнякоўскага і Яўхіма Карскага, паэта Янку Журбу і спевака Пятра Конюха, мастакоў Валянціна Рамановіча і Кастуся Качана, мастачку Раісу Сіплевіч, пісьменніка Янку Брыля і іншых славутых землякоў. Распавядаючы пра народнае вучылішча ў Карэлічах, пісьменніца нагадвае чытачу пра настаўніцу Аляксандру Рамановіч (Зотаву) — маці вядомага мастака Валянціна Рамановіча, — якая сябравала і працяглы час ліставалася з Якубам Коласам (дарэчы, вельмі цікавыя і інфарматыўна змястоўныя ўспаміны і эпісталярый). З гісторыі Карэліцкай школы чытач даведаецца і пра станаўленне будучага вучонага, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, доктара філасофіі ў галіне матэматыкі Барыса Кіта (1910–2018), а таксама педагога, метадыста, навукоўцы, суаўтара падручнікаў па літаратуры для агульнаадукацыйных школ Святланы Каратай; пра адміністрацыйную дзейнасць заслужанага настаўніка БССР, настаўніка гісторыі Міхаіла Бельскага; творчыя літаратурныя эксперыменты педагога-наватара, заслужанага настаўніка БССР Мікалая Данільчыка і многіх іншых. 

Філасофскі суб’ектывізм — адметнасць дыялогавага публіцыстычнага маўлення, праз якую відавочна праўдзівая пазіцыя аўтара. У падарожжы з чытачамі па свіцязянскіх мясцінах пісьменніца выразна падкрэслівае сваё меркаванне і аргументуе: «Зямля гэтых мясцін зараджана моцнай і вечна жывой энергіяй паэзіі Адама Міцкевіча і прозы Яна Булгака. Накіруемся далей — у вёску Валеўка, недалёка ад якой некалі жылі продкі Адама Міцкевіча. Мае адносіны да Свіцязі і Валеўкі асабліва пяшчотныя і трапяткія, бо тут я нарадзілася, таму, як некалі міраціцкія паненкі, часам называю сябе свіцязянкаю». Або ў прыгожай замалёўцы пра «надзвычай багатую на таленты вёску» Турэц аўтар расказвае пра маладога Івана Фёдарава (будучага вядомага дзіцячага пісьменніка Янку Маўра), які пасля ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў 1906 г. быў звольнены з педагагічнай працы і знаходзіўся пад наглядам паліцыі, прычым тут з біяграфічным дакументалізмам пераплятаюцца і ацэначныя развагі творцы: «Менавіта ў гэты час ён (Іван Фёдараў. — А. С.) прыехаў у м. Турэц, дзе працавала настаўніцай Варвара Фёдараўна Адамовіч, якая засталася ўдавой. У 1909 г. Іван Фёдараў ажаніўся з ёю і ўзяў на сябе клопат аб яе дзецях. Напэўна, толькі чалавек вялікай душы мог узяць на сябе адказнасць за лёс чужых дзяцей і стаць для іх сапраўдным бацькам. Але што ж тут дзіўнага, калі гэтым чалавекам быў Янка Маўр — пісьменнік, які бясконца любіў дзяцей і напісаў для іх шмат цудоўных твораў...» Як вядома, нарыс прадугледжвае менавіта маральныя ацэнкі, развагі, бо сацыяльная арыентаванасць выяўляе чалавеказнаўчы пачатак у грамадстве. У партрэтным біяграфічным нарысе «Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча» пра таленавітага мастака пісьменніца адзначае, што творы Рамановіча «ў Беларусі, на жаль, не ведаюць, бо захоўваюцца яны ў музеях іншых краін», і з досыць катэгарычным імператывам аргументуе: «Чытаеш радкі паэта і сэрцам успрымаеш тыя ўзнёслыя пачуцці, якія перапаўнялі яго душу і знаходзілі ўвасабленне ў мастацкіх творах, поўных любові да мінулага роднай зямлі. <...> У іх у адзінае цэлае спалучаюцца і любоў да жыцця, і спроба яго філасофскага асэнсавання, і няпэўнае прадчуванне трагедыі». Сапраўды, у нарысе найбольш выразна спалучаецца трохчассе: мінулае, сучаснае і будучае. Для стварэння цэласнага ўяўлення пра час. У вышэйзгаданым нарысе пра Валянціна Рамановіча пісьменніца прагназуе: «Будзем спадзявацца, што з цягам часу назва нашага невялікага гарадка (Карэліч. — А. С.) будзе асацыіравацца ў свядомасці людзей з іменем гэтага таленавітага творцы». 

Думаецца, менавіта дзякуючы аналітычна-даследчаму пачатку нарыс лічыцца «каралём» сярод мастацка-публіцыстычных жанраў. Аўтар-нарысіст шчыра распавядае пра Янку Брыля і Карэліччыну, асабістую перапіску з пісьменнікам, а таксама пра натхнёны імператыў народнага пісьменніка Беларусі, майстра лірычнай прозы на адным са сваіх выступленняў падчас Карэліцкіх краязнаўчых чытанняў: «Ва Уладзіміра Караткевіча ёсць верш „На Беларусі Бог жыве“. Мне хочацца сказаць, што калі на Беларусі сапраўды жыве Бог, то адна з яго пастаянных кватэр — наш Карэліцкі раён,наша родная Наваградчына».

Асаблівую афарбоўку мае ў кнізе лірызацыя як важны кампанент нарысістыкі. Вось як шчыруе Святлана Кошур у нарысе «Сцежкамі свіцязянскай зямлі», калі згадвае «чароўныя міцкевічаўскія радкі пра дзівосны цуд прыроды — казачна прыгожае возера, што „вялізнай падковай“ рассцілае крыштальную прастору сярод ляснога гушчару»: «Заплюшчваеш вочы — і бачыш старажытны горад, які акружылі захопнікі, чуеш дзявочую мальбу аб выратаванні, заўважаеш, як Свіцязь-град павольна пагружаецца пад блакітную бездань вады. На паверхні якой сярэбранымі матылькамі трапечуцца чароўныя кветкі-цары, у якіх ператварыліся непакорныя жыхары Свіцязі. Але вось заспакоіліся хвалі — і крыштальнае возера зноў светла і ўрачыста раскінула навокал сваю прастору». Аўтар нарыса не абыходзіць увагай і тых творцаў, хто апаэтызаваў залатую падкову легендарнага возера Свіцязь: гэта сусветна вядомы паэт Адам Міцкевіч і пісьменнік-зямляк, выдатны фотамайстар Ян Булгак, Ніна Тарас і Андрэй Вазнясенскі, Валянцін Рамановіч і інш. 

Высакародная справа даследчыка-нарысіста Святланы Кошур даследаваць-ажыўляць багатую культурную спадчыну свіцязянскага краю — гэта азначае найперш сцвердзіць сябе, сваё асабістае адчуванне канкрэтнай радзімы, роднай зямлі, роднага краю — тое пачуццё, што ідзе ад роду-вытоку і ўзбагачаецца ад пакалення да пакалення. 

Гэта годнае і гожае ўшанаванне свайго роду, сям’і, вёскі, роднага краю, малой радзімы — той гістарычнай памяці, якая сцвярджае чалавека як асобу, яго нацыянальную самасць, яго ўласнае «я» ў вялікім бязмежным свеце. Або, як трапна заўважыў класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, менавіта з «роднага карэння» пачынаецца ўсведамленне чалавечай годнасці.

Кніга Святланы Кошур «Праз паціну часу: сцежкамі свіцязянскай зямлі» дае шырокія магчымасці фарміравання асноў нацыянальнага светаўспрымання, грамадзянска-патрыятычнага і маральна-эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення, што якраз спрыяе гуманізацыі і гуманітарызацыі нашага грамадства. Пастаўленыя ў кнізе праблемы апраўдана прадукцыйныя ў ракурсе абвешчанага ў рэспубліканскім фармаце 2023 года — Года міру і стварэння, дзе важным чыннікам засведчыла пра сябе гістарычная памяць беларускай мінуўшчыны, актуалізацыя турыстычнага патэнцыялу цікавых мясцін Беларусі, што належным чынам узбагачае нішу нацыянальнай літаратуры ў плённай хадзе Часу. 

Аліна САБУЦЬ

Дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.