Вы тут

Існуюць «дарослыя» праблемы дзіцячай літаратуры


Пісаць для дзяцей няпроста. Ва ўсякім разе, куды цяжэй, чым для дарослых. Вось толькі не ўсе тыя пісьменнікі, якія лічаць сябе менавіта дзіцячымі, гэта разумеюць.


Каб пісаць для дзяцей, аднаго літаратурнага таленту недастаткова. Трэба яшчэ і ў сталым узросце захаваць штосьці дзіцячае ў душы, а гэта не ў кожнага дарослага атрымліваецца. Нездарма ж нават у такога таленавітага паэта, як Сяргей Ясенін, калі ён паспрабаваў напісаць штосьці дзіцячае, атрымалася, мякка кажучы, не вельмі. Уладзімір Маякоўскі з гэтым справіўся крыху лепш, але, пэўна ж, таксама зразумеў, што гэта не для яго таленту. Бо, хутчэй за ўсё, па нейкай прычыне не засталося рэштак дзяцінства ў іх дарослых душах.

А вось у Самуіла Маршака і Карнея Чукоўскага штосьці ад дзяцінства захавалася. І таму іх вершы да гэтага часу з задавальненнем і цікаўнасцю ўспрымаюцца юнымі чытачамі. Як і дзіцячыя вершы майго вялікага сябра, таленавітага беларускага паэта Уладзіміра Мазго, які, на мой погляд, таксама здолеў захаваць у душы часцінку свайго далёкага дзяцінства.

Да дзіцячай прозы усё тое, што я адзначыў вышэй, таксама адносіцца. І наогул, як сказаў некалі Карней Чукоўскі: «Пісаць для дзяцей трэба гэтак жа, як і для дарослых. Толькі лепш». Цалкам падтрымліваю гэты выраз, бо лепей і сказаць немагчыма!

І вось яшчэ што. Пераважная большасць вядомых дзіцячых пісьменнікаў пачынала свой творчы шлях, ствараючы для дарослай чытацкай аўдыторыі. Не мае значэння, з паэзіі яны пачыналі, з прозы ці, наогул, з крытычных альбо публіцыстычных нарысаў, як той жа Карней Чукоўскі. А Самуіл Маршак, хоць свае дзіцячыя творы пачаў пісаць даволі рана, шліфаваў літаратурную мову выдатнымі перакладамі санетаў Шэкспіра, балад Роберта Бёрнса, вершаў Уільяма Блейка, твораў Кіплінга, Мілна, Осціна і іншых вядомых пісьменнікаў. Ды і Уладзімір Мазго пачынаў свой творчы шлях зусім не як дзіцячы паэт, і толькі потым, «набіўшы», як кажуць, руку ў паэзіі дарослай, звярнуўся да дзяцей.

На жаль, некаторыя пачынаючыя пісьменнікі (не пішу «маладыя пісьменнікі», бо ўзрост «пачынаючага» можа быць далёка і не юнацкі) чамусьці лічаць, што дэбютаваць у літаратуры можна менавіта з твораў для маленькіх чытачоў. Бо для іх, з пункту гледжання гэтых пісьменнікаў, куды прасцей што-небудзь напісаць. Ды і наогул — што яны разумеюць, маленькія…

А яны разумеюць! Ды яшчэ як разумеюць!

Калі спытацца ў маленькіх хлопчыка ці дзяўчынкі, чым адрозніваецца дзіцячая кніга ад дарослай, то сярод розных адказаў можна пачуць і такі: дзіцячая кніга абавязкова з малюнкамі, а дарослая часцей за ўсё малюнкаў не мае, а калі і мае, то яны там не такія яркія і прыгожыя, як у кнізе для дзяцей. Што ж, даволі слушнае меркаванне, але, апроч малюнкаў, у дзіцячай кнізе і тэкст маецца. І ці заўсёды ён адпавядае якасці кніжных ілюстрацый?

Не сакрэт, што, заходзячы ў кніжную краму, некаторыя бацькі, набываючы кніжку для свайго маленькага сына альбо дачкі, таксама ў першую чаргу звяртаюць увагу менавіта на прыгожыя яркія карцінкі. А потым шчыра здзіўляюцца: такую, маўляў, прыгожую кніжку купілі, а дзеці яе поўнасцю праігнаравалі. Пагарталі толькі, малюнкі перагледзелі… І ўсё!

І гэта не заўсёды таму, што тэкст у кнізе (у адрозненне ад малюнкаў), мякка кажучы, зусім графаманскі, хоць і такое здараецца часам. Дзяржаўныя выдавецтвы, вядома ж, такую кнігу не прынялі б, толькі вось акрамя іх існуюць і іншыя, камерцыйныя. Там за сродкі самога аўтара альбо спонсараў што заўгодна выдадуць, абы толькі грошы пералічылі. Але бывае такое, што аўтар па-свойму таленавіты і тэксты даволі прыстойныя ў яго атрымліваюцца, але…

Не засталося, на жаль, у дарослай душы такога пісьменніка рэшткаў уласнага дзяцінства, а без гэтага аніяк кнігі для дзяцей не стварыць! Я маю на ўвазе сапраўдную дзіцячую кнігу, якую б самі малыя з задавальненнем прачыталі. Менавіта прачыталі, а не проста малюнкамі кніжнымі зацікавіліся.

Складанасці ў дзіцячых аўтараў з напісаннем уласных твораў могуць узнікнуць яшчэ і таму, што паважаны аўтар не заўсёды цвёрда ўсведамляе, для якога канкрэтна ўзросту ён піша. Вядома ж, для дзіцячага, але…

З кнігамі для дарослых намнога прасцей. Вядома ж, маюцца творы, якімі больш моладзь цікавіцца, але і многія людзі больш сталага ўзросту кнігу гэтую могуць прачытаць. Калі не з задавальненнем, дык хоць бы дзеля цікаўнасці. І ўсё там, вядома ж, зразумеюць, хоць, магчыма, не з усім згодныя будуць.

З творамі для дзяцей усё нашмат складаней. Кнігу для дашкольнікаў альбо малодшых школьнікаў падлетак чытаць не будзе, нецікавая яна яму. І, наадварот, дзіцячую кнігу для сярэдняга школьнага ўзросту малым нават не варта прапаноўваць усё па той жа прычыне: нецікавая яна ім ды і не зусім зразумелая, калі шчыра. І гэтай простай высновы некаторыя дзіцячыя аўтары ніяк зразумець не могуць.

Пачынаеш чытаць кнігу такога аўтара: здаецца, для зусім маленькіх яна. Ну, альбо для вучняў пачатковых класаў. І раптам нечакана складаны сюжэтны паварот, фразы занадта для вучняў-пачаткоўцаў мудрагелістыя… а праз нейкі час зноў зусім дзіцячы тэкст і сюжэт просценькім робіцца.

Але ж хто дапаможа такому аўтару, хто падкажа, што ў творы ягоным не так? Сябры-пісьменнікі? Сумніўна, што выкажуць аўтару тое, што яму непрыемна будзе пачуць, бо гэтак можна і сяброўства страціць. Проста сябры? Ды яны хутчэй пахваляць, не зважаючы на недахопы, якія наўрад нават заўважаць. Літаратурныя крытыкі? А дзе іх узяць?

Вось тут я і падыходжу да самай галоўнай і балючай тэмы нашай дзіцячай літаратуры: амаль поўнай адсутнасці літаратурнай крытыкі ў дачыненні да яе.

Гэтая праблема, дарэчы, актуальная ў нашым літаратурным асяроддзі і ў дачыненні да крытыкі наогул. Праўда, штотыднёвік «ЛіМ» робіць усё магчымае, каб у кожным, лічы, нумары хоць некалькі крытычных артыкулаў альбо аглядаў з’явілася. Аль гэта ў асноўным крытычныя артыкулы, якія тычацца літаратуры дарослай. Штомесяц у «ЛіМе» з’яўляюцца таксама кароткія агляды апошніх нумароў літаратурных часопісаў: «Полымя», «Маладосці», «Нёмана», і якая-ніякая крытыка ў рэгулярных тых аглядах таксама прысутнічае. Але часопісы гэтыя не для маленькіх чытачоў — для дарослых. І крытычныя артыкулы, які з’яўляюцца на старонках «Полымя», «Маладосці», «Нёмана», таксама ў асноўным аб літаратуры дарослай…

А што ж з крытыкай у дачыненні да дзіцячай літаратуры?

Амаль нічога.

І гэта не таму, што «ЛіМ» адмаўляецца змяшчаць на сваіх старонках падобныя крытычныя артыкулы, ды і літаратурныя часопісы таксама не супраць. Іх проста туды не прапаноўваюць нашы крытыкі. Ну, альбо амаль не прапаноўваюць. Штосьці ўсё ж трапляе на старонкі «ЛіМа», вось толькі ці ўсё з таго, што трапляе, можна назваць крытычнымі разборамі дзіцячых кніг альбо асобных твораў?

Паспрабуем разабрацца.

Уважліва гартаю апошнія нумары штотыднёвіка. Вось «ЛіМ» № 19, і там маецца артыкул Мацвея Пашкоўскага «Вёска цмокаў: чытаем з бацькамі» на дзіцячую кнігу «Сказки-улыбки для весёлых дошколят» Алены Гневушавай. 

Ведаеце, я б не назваў яго літаратурнай крытыкай. Гэта, хутчэй, нейкая своеасаблівая анатацыя кнігі. Спачатку Мацвей Пашкоўскі паведамляе чытачам, што «пад адной вокладкай маляўніча аформленай кніжным графікам Галінай Івановай кніжачкі, адрасаванай дзецям дашкольнага ўзросту, сабраны адметныя, надзвычай захапляльныя гісторыі. Іх характар тлумачаць назвы кароткіх раздзелаў». Міжволі чакаеш нейкага крытычнага разбору гэтых самых раздзелаў, але аніякага разбору няма. Ідзе простае пералічванне раздзелаў, затым змешчаны кароткія звесткі аб аўтары кнігі, далей пажаданне Алене Анатольеўне як пачынаючаму аўтару новых поспехаў. І напрыканцы паведамляецца, дзе чытачы могуць набыць кнігу «Сказки-улыбки для весёлых дошколят».

Гартаю нумары «ЛіМа» далей (у зваротным парадку, ад апошніх нумароў да больш ранніх).

Вось «ЛіМ» № 17, і там маецца крытычны артыкул Алеся Марціновіча «Тузін, які ў радасць» на апошнюю кнігу Уладзіміра Мазго «Пеўнік-спеўнік», што зусім нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Гэта, на мой погляд, даволі прыстойны крытычны літаратурны артыкул, не з пералічэннем, а з уважлівым і прафесійным разборам твораў кнігі. Праўда, хоць якіх крытычных заўваг па кнізе Уладзіміра Мінавіча Алесь Андрэевіч так і не зрабіў, хоць, магчыма, улічваючы прафесійны ўзровень аўтара, там і няма больш-менш значных літаратурных хібаў і пралікаў. І нават нязначныя адсутнічаюць…

У гэтым жа нумары крытычны артыкул «Гэткі рыжы, гэткі хваткі» Іны Фраловай на кнігу пісьменніцы Алены Басікірскай «Быль пра шкодніка Сёму». І таксама амаль усё тут па справе, напрыканцы артыкула Іна Мікалаеўна нават робіць заўвагу аўтару, падкрэсліваючы, што «аўтарскі падыход да пакарання чытаннем» яна асабіста «знаходзіць спрэчным». Праўда, дадае далей: «калі гэта не было аўтарскай задумкай выклікаць дарослых на дыялог».

Два даволі неблагія крытычныя артыкулы ў адным нумары штотыднёвіка — гэта наогул цудоўна! Вось толькі, на жаль, у іншых вясновых нумарах «ЛіМа» за гэты год нічога падобнага мне не сустрэлася. Ні крытычных артыкулаў, ні нават артыкулаў-рэцэнзій альбо анатацый…

Толькі ў нумары трынаццатым знайшоў ажно два матэрыялы, якія тычацца менавіта дзіцячай літаратуры. Вялікі артыкул настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Атраднаўскай сярэдняй школы Любанскага раёна Ірыны Ленскай «Зярняты шчырасці і дабрыні. Мастацкая літаратура як сродак выхавання патрыёта і грамадзяніна» і значна меншы па памерах артыкул вядомага дзіцячага пісьменніка Міколы Чарняўскага «Словы цешаць, як крынічка…» аб зборніку «Верасок». Цікавыя і патрэбныя артыкулы, але да літаратурнай крытыкі яны аніякага дачынення не маюць.

Аб чым жа сведчыць усё тое, што я напісаў вышэй?

Аб тым толькі, што нават у параўнанні з літаратурнай крытыкай «дарослай» прозы і паэзіі літаратурная крытыка ў дачыненні да дзіцячай літаратуры знаходзіцца ў заняпадзе. Іншымі словамі, амаль адсутнічае.

У чым тут прычына?

Можа, у тым, што ў нас нестае сапраўдных літаратурных крытыкаў? Вось і даводзіцца некаторым пісьменніках брацца за гэтую, мякка кажучы, не зусім сваю справу. І часцей за ўсё не па ўласнай ініцыятыве, а па просьбе той ці іншай рэдакцыі. Пісьменнік рэдакцыі не адмовіў, узяўся напісаць крытычны артыкул, але вельмі ж не хочацца яму псаваць адносіны з тым са сваіх калег, на кнігу якога рэцэнзія пішацца. Стрымана пахваліць твор куды прасцей, чым востра яго пакрытыкаваць, вось і з’яўляецца потым на старонках таго ці іншага часопіса альбо газеты, не паўнавартасная літаратурная крытыка, а своеасаблівая разгорнутая анатацыя ці нават рэклама твора…

Быць крытыкам няпроста. Тым больш, крытыкам прынцыповым, які не пабаіцца пакрыўдзіць сваім артыкулам калегу-пісьменніка, дакладней, яго твор. Не таму, што кепска да гэтага пісьменніка адносіцца, а таму, што ўбачыў у яго творы нейкія хібы і недахопы. Вядома ж, асабістая справа аўтара — прымаць гэтыя крытычныя заўвагі альбо поўнасцю іх ігнараваць. На мой погляд, калі і не прымаць поўнасцю, то, ва ўсякім разе, задумацца трэба…

І што ж тады здзіўляцца недахопу ў нас прафесійнай літаратурнай крытыкі? Тым больш літаратурнай крытыкі ў дачыненні да дзіцячай літаратуры. Бо тут не толькі аўтару дзіцячых твораў, але і крытыку, які аналізуе гэтыя творы, каб правільна адчуць твор, прапусціць яго праз сваю душу, трэба захаваць ва ўласнай душы хоць невялікі кавалачак такога далёкага дзяцінства. А гэта вельмі няпроста!

Генадзь АЎЛАСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.