Вы тут

Казала сонейка: «Жыць!»


Чаму паэт Рыгор Суніца ўзяў сабе такое «прыгожае паэтычнае прозвішча», не ведаў нават яго сябра Васіль Вітка, з якім яны да ўсяго і парадніліся дзякуючы сёстрам Эльцы і Гені Лерман. Першай стала яго жонкай, а другая выйшла замуж за Рыгора. Шмат хто з маладых пісьменнікаў, якіх ведаў, падбіраў сабе арыгінальныя літаратурныя прозвішчы: Апанас Канановіч стаў Апанасам Атавай. Аляксандр Сінічкін падпісваў творы як Алесь Жаўрук. Драматург Міхась Блісцінаў тады быў паэтам Міхасём Чаромхам. Толькі Васіль Вітка яшчэ прытрымліваўся ўласнага імя і прозвішча — Цімох Крысько. А вось будучы народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў, узяўшыся за вершы, зарэкамендаваў сябе Міхасём Васільком. Чаму выбраў такі псеўданім, не гаварыў. Як і Рыгор Суніца яму. А іх не толькі літаратура звязвала. 


Сям'я Лыньковых. Злева направа: Рыгор, Ціхан Васільевіч, Міхась (стаіць), Алена Емяльянаўна, Мікола, Ганна і Пелагея, 1917 г.

Рыгор быў братам Міхася Ціханавіча. Свае артыкулы і пераклады падпісваў уласным прозвішчам ці крыптанімамі Р. Л., Р. Л-коў, Л.-оў, Р. Л. Апавяданне ж «Лыска» прапанаваў пад псеўданімам Рыгор Смелы. Суніцам падпісваўся толькі пад вершамі. 

Згаданых літаратараў, як і некаторых іншых, можна назваць бабруйчанамі. Незалежна ад таго, дзе яны нарадзіліся, з’яднаў іх Міхась Лынькоў. Спачатку адказны сакратар рэдакцыі акруговай газеты «Камуніст», потым намеснік рэдактара, затым рэдактар. Стварыў Бабруйскі філіял «Маладняка», стаў кіраўніком яе. Апекаваў многіх, але і брата не забываў. Не толькі па сваяцтве, а з упэўненасці, што, як і іншыя пачаткоўцы, талентам не абдзелены. 

Нарадзіўся Рыгор у красавіку або маі 1909 года ў чыгуначнай будцы каля вёскі Старое Сяло на Рагачоўшчыне. Калі памёр бацька, Міхась служыў у Чырвонай Арміі, а сястра выйшла замуж. Пераехала ў суседнюю вёску Станькаў. Маці адна ставіла на ногі яшчэ траіх дзяцей, самым старэйшым з іх быў Рыгор. Таму і пайшоў рана на рамонтныя работы. Але праз тры гады маці загінула, трапіўшы пад пасажырскі цягнік. Дэмабілізаваўшыся,Міхась, які настаўнічаў у Свержані, узяў іх да сябе. Потым з ім пераехалі ў Бабруйск. 

Яшчэ ў Новым Сяле Рыгор пайшоў у школу. Працягваў вучобу ў Свержаньскай сямігодцы, а ў Бабруйску вучыўся ў 1-й беларускай сярэдняй. У адным класе з ім быў Барыс Мікуліч, класам вышэй — Аляксей Зарыцкі. Выдавалі рукапісны часопіс «Крок». Яшчэ да пераезду ў Бабруйск Рыгор паслаў у часопіс «Малады араты» нарыс «Свержаньскія камсамольцы». Яго надрукавалі ў лістападзе 1925 года ў № 16. З вершамі друкаваўся ў газеце «Камуніст», адзін з іх — і ў зборніку філіі «Маладняка» «Уздым». Так літаратуру ўзбагаціла новае імя — Рыгор Суніца. 

Некаторы час па накіраванні гаркама камсамола загадваў хатай-чытальняй у вёсцы Ахвоцічы Бабруйскага раёна. Быў запрошаны ў газету «Камуніст». Да ўсяго ў гарадской радыёгазеце «Пралетарскі рупар» арганізаваў і ўзначальваў літаратурны аддзел. Выступаў са сваімі творамі і па радыё. Жыў тым, што і перадавая моладзь 1920–30-х гадоў: 

Сэрца з радасці рвецца з грудзей,

Затрымаць, закілзаць — няма сілы!

Жыццё шчасцем душу ўскалаціла.

Сэрца з радасці рвецца з грудзей.

Па-над сумам стаіць крыж пахілы,

А у будучыні — столькі надзей...

Сэрца з радасці рвецца з грудзей,

Затрымаць, закілзаць — няма сілы!

Твор гэты — трыялет. Абжываў і іншыя жанры. У вершы «На сконе дзён» — эпітафію, але ў падзагалоўку пазначана «Лірычная эпітафія». Ды, як даведаліся дасведчаныя чытачы, у сапраўднасці сексціна. У ёй шэсць строф, у кожнай з якіх па шэсць радкоўў. Кожная новая паўтарае апошнія словы папярэдняй. Патрабуецца немалое майстэрства. Яго і дасягнуў, зазірнуўшы ва ўнутраны свет старога селяніна, які не ведае, як паставіцца да змен на вёсцы, калі адбываецца абагульненне зямлі. Не мог не зрабіць гэтага, бо, як сказаў пра яго Васіль Вітка, «юнак з незвычайна чуйнай душою і суровай ашчаднасцю да кожнага свайго слова, ён адразу ж вылучыўся сярод нас маштабнасцю вобразаў, значнасцю думкі». Адзначыў і тое, наколькі «чуйным быў малады паэт да гістарычнай драмы і да псіхалагічнай складанасці характару селяніна» ў гэтым творы.

Прычыніўся Рыгор Суніца і да монаверша, што складаецца з аднаго радка. Аднарадковік (так называе гэты жанр Вячаслаў Рагойша) Рыгора Суніцы звязаны са здымкам, на якім ён з Анатолем Зарыцкім і Васілём Віткам. Яго ў 1934-м даслаў у Маскву, дзе першы з іх вучыўся ў інстытуце замежных моў. На адвароце надпіс: «Ад шчырага сэрца вітаю Маскву Рыгор Лынькоў. 27/1 — 34 г. Бабруйск».

У зносцы дадаў: «Амаль верш, больш нічога за тры гады».

Магчыма, і здагадваўся, што атрымаўся па сутнасці, монаверш. Ды сумняваўся, таму і з’явілася ўдакладненне «амаль верш». Праўдзівае і прызнанне аб тым, што не належаў да паэтаў, якія шмат пішуць. Пры яго жыцці было надрукавана толькі 20 вершаў. Праўда, многае не дайшло да публікацыі, а ў полымі вайны знікла. 

Прыгадаў Рыгор Суніца і даўні паэтычны жанр — санет. Менавіта прыгадаў, а не напісаў. Санет яму напомніў... бег каня. Адлюстраваў гэта ў вершы «Рытмакапытаму другу». Змешчаны ў зборніку «Крывёю сэрца», што стаў у 1967 годзе пачаткам серыі «Бібліятэка беларускай паэзіі», каля вытокаў якой стаяла выдавецтва «Беларусь», ён стаў вяртаннем Рыгора Суніцы да сучаснага чытача. Там з’явіўся і яго партрэт, што стаў хрэстаматыйным. Упершыню верш быў надрукаваны ў кастрычніцкім нумары «Вясны» за 1930 год. Беларусь збіралася святкаваць 10-годдзе свайго вызвалення ад палякаў. Не героіку барацьбітоў за савецкую ўладу ён услаўляў, расказаў пра каня, які вынес з поля бою да ракі смяртэльна параненую дзяўчыну-чырвонаармейца, а яна, паміраючы, «раны абмыла». 

Твор цікавы і тым, што ў ім па-майстэрску спалучаны стыль, блізкі да апавядальнага. Тое, пра што гаворыцца, падаецца як факт: «Хвалі халодныя дыхалі смерцю», і «пырскі, як скаргі, ляцелі на бераг», «уздагонку гадзюкамі сыкалі кулі». Але гэтая спакойная танальнасць падманлівая. Далей рытміка набывае ўзрыўны характар. Узрушэнне, якое напаткала каня, паэт перадаў матывамі, характэрнымі для фальклору. Сама прырода аплаквае смерць Галі: 

Ў роспачы гнуліся

нізка вербы,

Пырскамі плакалі

сінія хвалі,

Скаліўся вечар

чырвонымі шчэрбамі,

Як памірала

на беразе Галя...

Завяршэнне верша аптымістычнае: «А за узгоркам // сціхала бойка, // Чулася: грае // апошнім акордам. // Кавэскадрон // біўся з ворагам стойка, // Непераможнай // адвагаю горды». Следам гучыць сведчанне: «Гэтак было. // А ці ж так не будзе? // Конь, ты у новую // бойку гатовы? // Ты пастарэў, // але дужы у грудзях, // І на капытах // не збіты падковы». У духу таго часу прамоўлена. У духу патрыятызму. Канешне, савецкага. Ён жа і дазволіў раздавіць фашысцкую навалу. Без яго Рыгор Суніца не напісаў бы і верш «Рытмакапытнаму другу». Без гэта і не з’явіліся б у канцы твора такія радкі: «І прад табой — // не бязмоцны паэта, — // Бачыў, склаў песню //такую, як ты: // Бяжыш, і твой бег // расцвітае санетам // І маршам паходным // звіняць капыты!»

Відаць, з-за сваёй рэвалюцыйнай пафаснасці яго ўвагу прыцягнуў і Уладзімір Маякоўскі. Калі Дзяржаўнае выдавецтва БССР узялося выпускаць аднатомнік Уладзіміра Уладзіміравіча (выйшаў у 1940 годзе), стаў адным з перакладчыкаў. Перастварыў некалькі вершаў,  а паэму «Добра» — разам з Васілём Віткам. Перакладаў і з грузінскай, іспанскай, казахскай, нямецкай, польскай, украінскай, яўрэйскай моў. Апавяданне ж Леаніда Панцялеева «Пакет» выйшла асобнай кнігай. А п’есу Міхаіла Святлова «Казка» ў 1941 годзе паставіў Беларускі тэатр юнага гледача. Зарэкамендаваў сябе Рыгор Суніца і як крытык: «Творы Я. Купалы на ўкраінскай мове», «„Мачыха“ А. Бальзака», «П’есы беларускіх драматургаў на сцэнах братніх рэспублік». 

Верш Рыгора Суніцы «Раніца» — адзін з самых ранніх, напісаны яшчэ ў 1926 годзе. Нешта падобнае пісалі і яго аднагодкі. Але напісанае ім прыцягвае сваёй асаблівай настраёвасцю. Красу ўжо адчуваеш ва ўсёй паўнаце, хоць пакуль эпітэты, якія сведчаць аб яе непаўторнасці, адсутнічаюць. Толькі ў трэцім двухстроф’і з’яўляецца ярка выяўленная метафара, такая, якую, бадай, больш ні ў каго з паэтаў не знайсці: «Дыша ранне // Пахам сотаў, // Захад смокча // Шэрань-муць». Дастаткова параўнання «захад смокча шэрань-муць», каб упэўніцца, наколькі верш «Раніца» Рыгору Суніцу ўдаўся. 

Кароткая біяграфія яго стане паўнейшай, калі згадаць «Слова пра брата» Мікалая Лынькова. Прынамсі, дастаткова толькі аднаго моманту, каб упэўніцца, наколькі патрыятычным чалавекам ён быў, а любоў да Радзімы, роднай Беларусі спалучалася з жаданнем на справе даказаць сваю адданасць, не зважаючы на слабае здароўе: «Для Грышы стала вялікім ударам тое, што яму адмовілі ў прызыве ў армію. У яго адно вока было з дэфектам — вынік пападання каменем у час жыцця на чыгунцы ў будцы пуцявых абходчыкаў Лыньковых. [...] Дык ён дзеля таго, каб у армію ўсё ж прызвалі, паступіў на курсы марзістаў пры гарваенкамаце, якія паспяхова скончыў, затым па яго настойлівай просьбе яму зрабілі якуюсьці аперацыю (не на вачах). Пасля ўсяго гэтага яго ўсё ж у армію прызвалі».

З 1936 года працаваў адказным сакратаром у газеце «Літаратура і мастацтва». Ад паэзіі адышоў. А пераўвасабленнем па-беларуску асобных твораў пісьменнікаў, якіх ужо пераклаў, абмяжоўваць сябе не хацеў. Нечакана для гэтага з’явілася добрая нагода. Мікалая Ціханавіча пасля заканчэння Мінскага палітэхнікума сувязі накіравалі працаваць у Сталінабад, цяперашні Душанбэ. У гэты час «таджыкская піянерка Мамлакат Нахаігана пераўзышла рэкорд па ўборцы бавоўны (насуперак усім даўнім звычаям пачалі працаваць абедзвюма рукамі, а не адной, як раней) і была ўзнагароджана ордэнам Леніна і асабіста ад Сталіна атрымала залаты гадзіннік. Грыша вельмі зацікавіўся Таджыкістанам і прасіў у лістах дасылаць яму падрадкоўнікі таджыкскіх вершаў». Але з гэтага нічога не атрымалася. І віноўнікам усяму стаў брат: «[...] Я яшчэ не ведаў як след мову (хаця праходзіў так званую таджыкізацыю), і яго просьбу не выканаў».

Апошні раз браты бачыліся ў сакавіку 1941 года. Ці то 6, ці то 7 чысла — Мікалай Ціханавіч запамятаў. Тады ён служыў ў Ташкенце ваентэхнікам 2-га рангу: «Грыша жартам казаў: не рангу, а 2-га шпангоўта». Жартаваў ён і падчас сустрэчы «ў Мінску на кватэры Міхася, а Грышава кватэра была там жа, на другі бок лесвічнай пляцоўкі на 2-м паверсе дома на Кальварыі». Зайшла гаворка, дзе і калі сустрэнуцца наступным разам: «Міхась больш, як заўсёды, маўчаў, я сказаў, што сустрэнемся дзесьці ў Дэлі ці Бамбеі, а Грыша сказаў: „Не, сустрэнемся ў Ніцы“».

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Міхась і Рыгор Лыньковы, нават не развітаўшыся з блізкімі, накіраваліся да месца сваёй вайсковай прыпіскі. На жаль, Рыгору доўга ваяваць не давялося. Па адной з версій, ён загінуў у чэрвені 1941 года пры пераправе праз раку Бярэзіну. Вайна не пашкадавала і іх сем’і. Увосень таго ж года фашысты каля Старых Дарог расстралялі яго жонку з маленькай дачкой Аленкай. Гэтакі ж жудасны лёс напаткаў і жонку Міхася Лынькова Хану і іх сына Марыка. Пра гэты страшны эпізод Янка Маўр расказаў у апавяданні «Завошта?», напісаным у 1946 годзе. Жонка Рыгора Суніцы і яго дачка ў творы не здагадваюцца. Але пісьменнік, праўдзіва і з нянавісцю да захопнікаў расказваючы, якое страшнае на зямлі зло фашызм, меў на ўвазе іх. 

Пра апошнія адчуванні Рыгора Суніцы нам ніколі не даведацца. Магчыма, смерць напаткала яго імгненна. Адно несумненна: калі б застаўся жывы, годна выканаў бы свой вайсковы абавязак. Не ведаю, як хто, а я, прыгадваючы кароткі ваенны яго лёс, успамінаю два творы народных пісьменнікаў Беларусі — Васіля Быкава і Івана Чыгрынава. Яны таксама пра тых — лейтэнанта Іваноўскага з аповесці «Дажыць да світання» і пагранічніка Аляксея Балаша з «Самага шчаслівага чалавека», які былі ўпэўнены, што гітлераўцы будуць знішчаны. 

Што да верша Рыгора Суніцы «Раніца», апошняе двухстроф’е яго і посул нам, жывым. Безумоўна, Рыгор Суніца, пішучы верш «Раніца», не здагадваўся, што матыў сонейка ў пра многія гады дазволіць чытачам, ведаючы яго далейшы лёс, паставіцца да гэтага вобраза інакш. Сонейка не толькі «кліч падала „Жыць!“», але і настойвала «Жыві!».

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.