Вы тут

Спектакль «Ківі» — з узроставай пазнакай «1+»


Малая сцэна Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, што пачала працаваць у гэтым сезоне, працягвае запрашаць на сустрэчы. Яе адкрыццё дало пачатак адметнаму кірунку — «бэбі-спектакль», то-бок, для самых меленькіх. Для тых, хто толькі пачынае рабіць свае першыя крокі ў жыцці (у літаральным сэнсе!). Цудоўная магчымасць пачынаць спасцігаць свет — тэатр, таму што ў прыгожай і гульнявой форме ён увасабляе адзін з найбольш таямнічых цудаў, дадзеных людзям, — творчасць. А маленькія гледачы на такіх спектаклях не проста далучаюцца да творчасці іншых, а могуць у ёй паўдзельнічаць праз сутворчасць. Так было падчас спектакля «Матылькі». І вось пад заслону тэатральнага сезона чарговая прэм’ера — спектакль «Ківі» ў пастаноўцы Яўгена Карняга. З узроставай пазнакай «1+». 


Марское ўзбярэжжа, на якім раскіданы каменьчыкі — не зусім маленькія, але мяккія, як падушкі, на якіх можна пасядзець ды пакоўзацца. Так і ёсць: калі дарослыя, якія прывялі дзетак у тэатр, уладкоўваюцца на лавах, то малыя з задавальненнем размяшчаюцца на падлозе, сярод тых самых каменьчыкаў, вельмі падобных на гальку на беразе мора (вось чаму арганізатары раяць браць для малых зменны абутак — яны ж могуць поўзаць і перамяшчацца па гэтым беразе як заўгодна). Правільна: так дзея адразу перад вачыма праходзіць, і ўсіх персанажаў можна добра разглядзець, а пры магчымасці нават пагуляць з імі. Вядома, калі не супраць стваральнікі, ці — у сітуацыі з «Ківі» — «арнітолагі» (у дадзеным выпадку гэта артысты, якія вядуць расповед пра жыццё птушак). А пры патрэбе з імі можна наўпрост кантактаваць: дапамагаць ствараць гукамі шум ветру, шукаць адказы на іх пытанні і актыўна рэагаваць на з’яўленне крылатых пухнатых персанажаў — маленькіх і не вельмі, але прывабных, часам безабаронных. Бо акрамя галоўнай гераіні Ківі тут ёсць іншыя персанажы з птушынага свету, за якімі цікава назіраць. 

Але чаму ж Ківі? Гэтая птушка жыве далёка ад нас у Новай Зеландыі. Але яна павінна спадабацца малым: мы бачым пухнаты камячок, які вельмі хочацца прытуліць да сябе. Пры тым, што ў яе доўгая дзюбка і ўчэпістыя лапкі, вельмі хутка становіцца зразумела: Ківі патрэбна абарона, бо гэтая птушачка амаль не мае крыльцаў і не ўмее лятаць, а ходзіць па зямлі. Як жа няпроста ёй жыць і здабываць сабе харчаванне! Вось нават гарэзлівы і яркі матылёк (напамін маленькім гледачам пра папярэдні спектакль), разумеючы абмежаванасць Ківі, адлятае ад яе, а птушка, імкнучыся ўзляцець за ім, апынаецца ў вадзе... Ой, бедная... Вылазіць на бераг уся мокрая, страсае кроплі і спрабуе сагрэцца — шкада маленькую. Ці можна пагладзіць?..

Гэты спектакль інтэрактыўны, і маленькім гледачам насамрэч можна даволі шмат — задача «арнітолагаў» — уцягнуць іх у дзею, зацікавіць у нейкай ступені гульнёй (напрыклад, пакарміць пелікана, закідваючы яму рыбку ў дзюбку — прамахнуцца нерэальна, таму малайцы ўсе). Але паколькі «арнітолагі» — гэта спецыялісты, якія шмат што ведаюць пра тых, каго даследуюць, то нам распавядаюць цікавыя, часам неверагодныя факты пра дзіўных птушак. Такая інфармацыя можа стаць адкрыццём і для дарослых, якія падчас спектакля могуць глядзець не толькі за дзецьмі, але і за крэатыўнымі лялечнымі птушкамі: у якім выглядзе паўстане той ці іншы персанаж, як ён з’явіцца, чым адметны. 

Ці ведаеце вы, напрыклад, якая птушка народжана, каб жыць у палёце і можа нават спаць у паветры? Хто гадамі не выходзіць на сушу і можа лятаць без узмаху крылаў? Ці навошта пелікану вялікая дзюба, ніжняя частка якой падобная на мех? Ці ведаеце, колькі кілаграмаў рыбы ў ёй змяшчаецца? А якая птушка мае доўгія ногі, доўгую шэю і доўгую тонкую дзюбку (але не бусел)? Ці вось яшчэ дзіўная істота з крыламі, якая можа спаць уніз галавой — але ці птушка?.. Карацей, вакол Ківі цікавы свет з безліччу насельнікаў, і далёка не ўсе прыязна ставяцца да птушачкі, якая ходзіць па зямлі і можа трапіць у небяспеку, бо сярод тых, хто ўмее лятаць, ёсць і драпежнікі... Цяжка аднаму ў такім непрадказальным свеце, але калі Ківі ўжо навучылася выбірацца з вады, то можа быць хітрэйшай за вялізных істот з доўгай дзюбай, за вусцішных кажаноў, ды павінна ж ёй урэшце пашчасціць — не можа птушачка быць адна! І расквітнеюць краскі, а дрэва, што ўвесь час здавалася засохлым, засвеціцца знутры і выпусціць прыгожыя вялікія кветкі... Цуды жыцця так метафарычна іграюць у тэатры — і малыя, і дарослыя кажуць: «Ах...»

Перажываць за Ківі на працягу паўгадзіны — гэта значыць адчуць замілаванне і пяшчоту (які крохкі пухнацік!), спагаду (каб толькі з ёй нічога дрэннага не здарылася), смех і радасць, калі ў яе ўсё атрымліваецца. Але ж не без дапамогі артыстаў жыве перад намі гэты (і іншыя) персанаж. Артысты не хаваюцца ад гледачоў за заслонай ці дэкарацыямі, мы бачым, як яны кіруюць лялькамі — і ў гэтым такама цуд: бачыш, як персанажы ажываюць, што іх прымушае рухацца, як чалавек зжываецца з героем. І як нараджаецца тэатр. Тое, што трэба, каб зачараваць ім. Тое, дзеля чаго зладзілі тэатр для тых, каму крыху больш за год — але ўжо дастаткова, каб глядзець, слухаць, разумець, суперажываць і адчуваць чараўніцтва мастацтва. Нават калі пасля ёсць мачымасць крануць ці пагладзіць істоту, якая спадабалася, ці сфатаграфавацца з ёй. Тут магчыма ўсё, таму што гэта шчыры і сапраўдны тэатр. Прыдумалі і ажыццявілі пастаноўку аўтар і рэжысёр Яўген Карняг, мастак Вольга Дваравая, кампазітар Эрык Хацяновіч. Асобных слоў павагі заслугоўвае група артыстаў-«арнітолагаў»: Сафія Бурдо, Аліна Яршова, Дзіяна Іванова, Наталля Лёгкіна, Юлія Марозава, Алякей Сянчыла, Уладзіслаў Соладаў, Ілья Соцікаў, Надзея Чэча. 

Уся камада працавала на тое, каб маленькія гледачы раслі тэатраламі, аднойчы наведаўшы пастаноўку ў малой зале Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, захацелі прыйсці сюды яшчэ. Зразумелы падыход: вырасціць сабе гледача, з якім будзе больш проста знаходзіць паразуменне падчас складаных канцэптуальных пастановак для дарослых, якіх у тэатры лялек даволі многа (варта нагадаць пра гучную веснавую прэм’еру «На чорнай чорнай вуліцы»). І ёсць надзея, што Яўген Карняг, які ўвесну прызначаны галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, будзе трымаць высокі ўзровень спектакляў як для дарослых, так і для дзяцей, якія калісьці стануць дарослымі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.