Вы тут

Глядзельная зала Вялікага тэатра Беларусі чакае публіку на наступным тыдні


Тры спектаклі пакажа ў Мінску Марыйскі дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Эрыка Сапаева на наступным тыдні. Адметна, што, калі артысты Вялікага тэатра Беларусі адпачываюць, яго сцэна жыве, а глядзельная зала чакае публіку. 


Гэты тэатр знаёмы айчыннаму гледачу, ён ужо выступаў у Мінску. І адзін з тых спектакляў, што прывязуць цяпер, можна было паглядзець раней. Але менавіта таму і прывязуць, што цікавасць да балета «Рускі Гамлет» (на музыку Людвіга ван Бетховена і Густава Малера) была вялікая: аўтрская харэаграфія Барыса Эйфмана прыцягвае. Але іншыя два балеты, што запланавалі для паказу ў Мінску гэтым разам, маюць пэўную інтрыгу для нашай публікі. 

Па-першае, балет «Вайна і мір» Вячаслава Аўчыннікава паводле рамана-эпапеі Льва Талстога, які ў нашым тэатры не пабачыш. А гэта значыць, што можна адкрыць для сябе новы твор у харэаграфіі народнага артыста Расійскай Федэрацыі Андрэя Пятрова, але рэдакцыю зрабіў заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, народны артыст Рэспублікі Марый Эл Канстанцін Іваноў. Цікава, як вялікі раман можна ўвасобіць у балеце? Якія сцэны і эпізоды ўвайшлі ў пастаноўку?.. Паводле стваральнікаў, падзеі ўсіх чатырох тамоў адлюстраваны ў балеце з усімі галоўнымі героямі і ўвасабленнем эпохі, калі ішла вайна з Напалеонам (дэкарацыі мастака Рыгора Бялова, мастак па касцюмах Вольга Палянская). Паказ балета адбудзецца 9 і 10 ліпеня. Варта паглядзець яшчэ і дзеля таго, каб зразумець, наколькі ёмістае мастацтва харэаграфіі, калі можа адлюстраваць сутнасць літаратурнага твора за колькі гадзін.

Што да літаратуры ў балеце, то майстар яе ўвасабляць — харэограф Барыс Эйфман. Але яго спектакль «Рускі Гамлет» хоць і мае літаратурную адсылку, насамрэч ніякага дачынення да твора Уільяма Шэкспіра. Паралель з яго героем, праўда, можна ўгледзець, разважаючы пра асобу Паўла І, сына Кацярыны ІІ. Лібрэта, як і харэаграфію, Эйфман ствараў, маючы на ўвазе адлюстраванне стану чалавека, які існаваў у атмасферы варожасці, гвалту і хлусні. Што выдатна атрымліваецца ў гэтага харэографа — выклікаць моцныя эмоцыі, якія накладваюцца на веды (гэта ж рэальны гістарычны персанаж!), і свядомасць прадукцыруе думкі і высновы. Харэаграфія — гэта не толькі пра прыгажосць і вытанчанасць, у чым можна ўпэўніцца 11 і 12 ліпеня. 

На заканчэнне гастроляў — 13 і 14 ліпеня — балет «Рамэа і Джульета» Сяргея Пракоф’ева, харэограф-пастаноўшчык якога — народны артыст Рэспублікі Марый Эл Канстанцін Іваноў. І гэта цікава, таму што ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі ёсць гэты балет — лібрэта і харэаграфія народнага артыста СССР і Беларусі Валянціна Елізар’ева (некалькі гадоў таму ён зрабіў новую рэдакцыю свайго балета, які меў каласальны поспех). Варта паглядзець, як падзеі, што адбываліся ў Вероне некалькі стагоддзяў таму (паводле Шэкспіра), трактуюць іншыя — і ў гэтым другая інтрыга гастроляў. Пастаноўшчык з Рэспублікі Марый Эл Канстанцін Іваноў і мастак Барыс Галадніцкі паказваюць вядомую гісторыю з новага пункту гледжання: прычына трагедыі — непарушны лад жыцця, які адолее той, хто гатовы ахвяраваць сабой (адраджэнская вера ў чалавека!). Але як гэта станцуюць артысты з Іашкар-Алы? 

«Вялікія гастролі» Марыйскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Эрыка Сапаева ў Мінску арганізаваны згодна з Усерасійскім гастрольна-канцэртным планам Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.