Вы тут

Анімацыйны кінаальманах убачыў свет на «Беларусьфільме»


Анімацыйны кінаальманах «Мемарыяльныя комплексы Беларусі» напрыканцы чэрвеня ўбачыў свет на «Беларусьфільме». Праект, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, апавядае пра комплексы «Ала», «Аперацыя Баграціён», «Помнік дзецям-ахвярам вайны», «Прарыў» і «Буйніцкае поле», створаныя на месцах трагічных падзей альбо гераічных бітваў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Прэм’ерныя паказы з 27 чэрвеня кінастудыя ладзіць для галоўных сваіх гледачоў — у дзіцячых летніх лагерах, а пасля фільм можна паглядзець у кінатэатрах да канца года. 


Адметнасць праекта ў тым, што ён сумяшчае асаблівыя тэхналогіі, натурныя здымкі і анімацыю. Кожны фільм альманаха — самастойная гісторыя. Працавалі над ім вядомыя беларускія рэжысёры Канстанцін Андрушачкін, Таццяна Кубліцкая, Наталля Касцючэнка,Ірына Тарасава, Аляксандр Ленкін і іншыя. Як адзначылі прадстаўнікі кінастудыі, калі на прэм’ерных паказах прэзентуецца 52-хвілінны метр, то пасля яго можна будзе ўбачыць і ў выглядзе асобных серый. 

Як падкрэсліў падчас перадпрэм’ернага паказу намеснік генеральнага дырэктара «Беларусьфільма» Павел Скалабан, гэта кінааповед пра пяць знакавых мемарыяльных комплексаў нашай краіны, і такі праект варты таго, каб мець працяг: 

— Тэма Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народу і подзвігу савецкай арміі невычарпальная. У ёй — вялікі выхаваўчы і ідэалагічны патэнцыял, таму мы будзем працягваць яе развіваць. Магчыма, туды ўвойдуць такія лакацыі, як Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь, Азарычы, Трасцянец, мемарыяльны комплекс пад Оршай «За нашу савецкую Радзіму»…

Рэжысёр Наталля Касцючэнка лічыць: «Для многіх гэтыя кінастужкі адкрыюць новую інфармацыю, новыя аб’екты, якія варта наведаць усёй сям’ёй. Я рабіла кінастужку пра Алу. Яшчэ жывая малодшая сястра маёй маці. І яна падчас вайны перажыла ўсё тое, пра што мы здымалі. Яна родам з тых мясцін. Многія эпізоды распавяла мне яна. І гэта ў тым ліку дапамагло стварыць аб’ектыўную карціну».

Усе часткі фільма атрымаліся глыбокімі. Іх абавязкова захочацца пераглядзець. Ці то расповед пра помнік партызанскай славы «Прарыў», дзе рэжысёр Таццяна Кубліцкая паказала і палітру жыцця ваеннага часу, і мужнасць нашага народа, а таксама вялікую павагу да памяці мінулага і ўсведамленне неабходнасці перадаваць яе з пакалення ў пакаленне… Альбо эпізод «Аперацыя Баграціён», гледзячы які ловіш сябе на адзіным жаданні, каб такія падзеі сапраўды заставаліся толькі ўрокамі падручнікаў па гісторыі. І не давялося больш нікому ніколі перажыць тое, праз што прайшла дзяўчынка-падлетак Каця Сусаніна. Яе імя ёсць сярод іншых дзяцей на «Помніку дзецям — ахвярам вайны», пра які распавялі ў фільме «Няспраўджаныя мары»…

— Вельмі ўдзячная маёй здымачнай групе за дапамогу і за творчасць. Сёлета 30 чэрвеня было 50 гадоў з дня адкрыцця помніка «Прарыў», стварыў яго вядомы скульптар Анатоль Анікейчык. Помнік вельмі выразны і для таго часу нават нязвыклы, бо ён лаканічны і вобразны, — дзеліцца рэжысёр Таццяна Кубліцкая. — Мне было цікава працаваць над гэтай тэмай. Пастаянна ўспамінала, што даводзілася перажыць людзям у нечалавечых умовах, але яны заставаліся людзьмі, здзяйснялі подзвігі цаной уласнага жыцця, як, напрыклад, лётчык Аляксандр Мамкін. Ёсць гісторыя, як партызаны ўратавалі 200 дзяцей з Полацкага дзіцячага дома, якія засталіся ў акупацыі. І вось апошні вылет лётчыка Мамкіна для яго закончыўся трагічна, але выжылі пасажыры…

Перапляценне ў кожнай з гісторый дакументалістыкі, анімацыі, якая змяшчае ў сабе столькі выразнасці, метафарычнасці — дазваляе стварыць той самы эфект прысутнасці для гледача. 

Алена ДРАПКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.