Вы тут

Саюз гарадоў-пабрацімаў


У межах Дзён культуры горада Краснаярска ў Мінску ўпершыню на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі выступіў Краснаярскі камерны аркестр. Музычны саюз гарадоў-пабрацімаў прадставіў яркую праграму ў Магілёве, Мінску і Полацку. Важным дапаўненнем стала фотавыстаўка славутых мясцін Сібіры.


Краснаярскі камерны аркестр пачынаў сваю дзейнасць як імправізаваны студэнцкі калектыў, які пазней стаў візіткай горада. За 30 гадоў свайго існавання аркестр даў больш чым 2000 канцэртаў. Праграмы заўсёды вылучаюцца высокім выканальніцкім узроўнем, драматычнасцю, разнастайнасцю інтэрпрэтацый. Гастролі калектыву праходзілі ў Італіі, Францыі, Іспаніі, Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Кітаі і Партугаліі. У склад аркестра ўваходзяць найлепшыя выпускнікі Сібірскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў імя Д. Хварастоўскага. Многія з іх — вучні заснавальніка і нязменнага мастацкага кіраўніка, галоўнага дырыжора Міхаіла Бенюмава. Дзякуючы гэтаму аркестр валодае ўласным творчым почыркам. 

Самым маштабным праектам калектыву з’яўляецца Міжнародны фестываль камерна-аркестравай музыкі «Азія — Сібір — Еўропа», які праходзіць з 2001 года. Кожны год у публікі з’яўляецца магчымасць упершыню пачуць творы, спецыяльна напісаныя вядомымі кампазітарамі для выступлення камернага аркестра на фестывалі. Творчы патэнцыял калектыву прыцягвае сучасных кампазітараў: прагучалі сусветныя прэм’еры Ацыа Коргі, Хорхе Боса, Івана Батыстона, Міхаіла Аркадзьева, Уладзіміра Панамарова, Уладзіміра Пароцкага, Алега Прастытава, Энйота Шнайдэра, Сяргея Янковіча і іншых.

Гастролі Мінску сталі працягам супрацоўніцтва расійскіх і беларускіх музыкантаў на ХХІ Міжнародным фестывалі камерна-аркестравай музыкі «Азія — Сібір — Еўропа», які аб’яднаў аркестр і віртуозаў з Беларусі — заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь, салістку Сафійскага сабора горада Полацка Ксенію Пагарэлую (арган) і лаўрэата міжнародных конкурсаў, салістку Беларускай дзяржаўнай філармоніі Вераніку Прадзед (цымбалы).

У праграму ўвайшлі сусветна вядомыя творы знакамітых кампазітараў: «Маленькая начная серэнада» Вольфганга Амадэя Моцарта, «Серэнада для струнных» Пятра Чайкоўскага, «Канцэрт для цымбалаў з аркестрам» Уладзіміра Кур’яна. Традыцыя Краснаярскага калектыву — выкарыстоўваць новыя і незвычайныя інструменты. У мінулым годзе  жыхароў Краснаярска вельмі ўразіла таленавітае выкананне на цымбалах Веранікі Прадзед. Гэты інструмент упершыню прагучаў на сібірскай сцэне. Пасля фестывалю ў цымбалісткі засталіся цёплыя ўспаміны. У якасці эксперта Вераніка Прадзед выступіла перад вучнямі музычнай школы класа цымбалаў. Яго амаль 30 гадоў назад арганізавала беларуска, якая пераехала ў Краснаярск за мужам-ваенным. «Маленькі кавалачак Беларусі ў халоднай Сібіры», — дзеліцца Вераніка Прадзед. Таму сёлета было вырашана працягнуць супрацоўніцтва, але ўжо ў Рэспубліцы Беларусь.

Выбраныя для праграмы музычныя творы, на думку галоўнага дырыжора і мастацкага кіраўніка Міхаіла Бенюмава, паказваюць адзінства нашых краін, цесную сувязь паміж народамі і культурамі. «Серэнада для струнных» Пятра Чайкоўскага сімвалізуе расійскую культуру, «Канцэрт для цымбалаў з аркестрам» Уладзіміра Кур’яна, у якім прыняла ўдзел Вераніка Прадзед, — беларускую, а «Маленькая начная серэнада» Вольфганга Амадэя Моцарта стала міжнародным фундаментатам для музычнага яднання. «Сібір — гэта своеасаблівы цэнтр зямнога шару, найвялікшы культурны скарб усяго свету. Адной з мэт нашай канцэртнай дзейнасці з’яўляецца аб’яднанне дзвюх культур — Усходу і Захаду», — падкрэсліў Міхаіл Бенюмаў.

У 2023 годзе Краснаярскі камерны аркестр атрымаў статус «Асабліва каштоўны аб’ект культурнай спадчыны Краснаярскага краю».

Фотавыстаўка стала яркім дапаўненнем музычнай праграмы. Экспазіцыя знаёміць са славутымі мясцінамі Сібіры і Краснаярска. Асабліва цікавым экспанатам з’яўляецца фотаздымак грамадскай арганізацыі «Мясцовая беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія г. Краснаярска», што яшчэ раз падкрэслівае цесныя сувязі паміж нашымі дзяржавамі.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.