Вы тут

У галерэі A&V Art Gallery адкрылася выстаўка Сямёна Маталянца


У галерэі A&V Art Gallery адкрылася выстаўка Сямёна Маталянца «Перадапошняя любоў Міці Махнарылава». Гэта гісторыя пра жорсткага, таксічнага, маскуліннага суб’екта, які пакрыху пакрываецца поўсцю. Яркая сатыра прасочваецца ў кожным творы мастака.


Сямён Маталянец жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу, адзін з лідараў групы PARAZIT. Стыль творцы нагадвае манеру знакамітых экспрэсіяністаў ХХ стагоддзя.

Шэраг прадстаўленых у экспазіцыі твораў у рознай ступені паказвае маральнае падзенне чалавека. Работы Сямёна Маталянца — гэта цікавыя сатырычныя замалёўкі, якія адлюстроўваюць чалавечыя заганы, узведзеныя ў абсалют. Таксічны, маскулінны вобраз з кожным творам усё больш і больш страчвае аблічча чалавека. У выніку застаецца толькі класічны офісны касцюм. Выстаўка атрымала назву па аднайменнай карціне, на якой «Міця Махнарылаў» сядзіць на крэсле перад мыльнай пірамідай. Твор здаецца незавершаным, збоку стаяць фарба і пэндзаль, быццам намякаючы на працяг. А працяг знаходзіцца насупраць — гэта «Апошняя любоў Міці Махнарылава». Тут нават самы няўважлівы глядач прасочыць яркія змены ў знешнасці героя (ці антыгероя). З-за густой зялёнай поўсці амаль не відаць яго твару, змянілася постаць, а сам Міця Махнарылаў быццам патануў у крэсле. Упэўнены нахабны позірк змяніўся на здзічэлы. Герой, ці, як многія лічаць, альтэр-эга самога Сямёна Маталянца, нагадвае персанажа вядомых святочных гісторый — зялёнага і злоснага Грынча.

У сваіх работах аўтар выкарыстоўвае не толькі звычайны алей, але і рознае футра, што надае вобразам рэалістычнасці. У некаторых творах прасочваюцца сілуэты знакамітых гістарычных дзеячаў і літаратурных герояў. Напрыклад, аматараў беларускай класікі, асабліва творчасці Якуба Коласа, зацікавіць карціна «Дзікі Палескі Лабановіч». На самай справе, гэта амаль што адзіны партрэт, на якім можна ўбачыць прыгожыя чалавечыя рысы. Астатнім персанажам пашчасціла менш. Яркую сатыру мастака можна прасачыць ужо ў назвах: «Мардэхаевіч», «Спадар Папугай Ара», «Леў Самуілавіч Парадны», «Старшыня Крыштал Шышка» і інш. Атмасфера выстаўкі нагадвае творы Мікалая Гогаля, дзе імя кожнага персанажа стала хадзячай назвай.

Прываблівае гледача і незвычайнае «палатно», якое Сямён Маталянец выкарыстоўвае для большай часткі сваіх работ. На подпісах да карцін можна ўбачыць: «Алей, футра, крэсла»… Цікавая форма асновы робіць творы падобнымі на арт-аб’екты. А яркія колеры быццам падкрэсліваюць гнілы ўнутраны свет брутальных і жорсткіх персанажаў. 

Сямён Маталянец гіпербалізуе вобраз сучаснага «антыгероя», імкнучыся паказаць сваё стаўленне да маскуліннага таксічнага вобраза, які зноў становіцца папулярным сярод моладзі. Жорсткае футра — сімвал паглынальнай здзічэласці, якая крок за крокам ператварае чалавека ў звера. Спачатку здаецца, што гэта кавалачак барады ці шапкі, але з кожнай работай чысты, незатуманены позірк становіцца пустым і безнадзейным.

Выстаўка «Перадапошняя любоў Міці Махнарылава» дае магчымасць прааналізаваць уласныя ўчынкі, згадаць пра маральныя прынцыпы і паразважаць пра вобразы «герояў» і «антыгерояў» у сучасным грамадстве.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.