Вы тут

«...І мірнага неба над галавой». Зноў пра вяртанне вельмі важных сэнсаў


Вы памятаеце, як мы адмовіліся ад гэтай фразы ў віншаваннях? Я добра гэта памятаю. Маладосць-дурносць — мы, віншуючы кагосьці з днём нараджэння, дадавалі яе жартам, падхіхікваючы: «Ну, і мірнага неба табе над галавой». І думалі, што гэта смешна і дасціпна: заезджаная фраза з той эпохі, якая (так нам сказалі) нічога добрага пад сабой не мела і ад якой трэба як мага хутчэй адрачыся.


Фота: pixabay.com

І — адракаліся. Прагна лавілі ўсе «гарачыя навіны». «Дакладную інфармацыю», што вайну развязаў Савецкі Саюз, каб па ўсім свеце насадзіць камуністычныя ідэі. Складана сёння паверыць, але на журфаку БДУ на паліталогіі мы вывучалі не прадмет, а кнігу Суворава «Ледакол», у якой гэта версія разглядалася як адзіна правільная і бясспрэчная. А калі хтосьці спрабаваў спрачацца з аўтарам (мы ўсё ж вучыліся яшчэ ў савецкай школе, дзе наратывы былі іншымі), той рызыкаваў застацца без заліку, бо выкладчыца, чытаючы ўрыўкі з кнігі, аж захлыналася ад захаплення. А памятаеце, колькі было «расследаванняў» і «дакладных доказаў», што партызаны былі спрэс бандыты, а немцы нічога дрэннага не рабілі і нават кармілі беларускіх дзяцей шакаладкамі? Прычым публікаваліся гэтыя «сенсацыйныя адкрыцці» не дзе-небудзь — у рэспубліканскай прэсе. (З гонарам магу сказаць, што менавіта «Звязда» стала тады на абарону гістарычнай праўды. А інакш і быць не магло: яшчэ былі жывыя «звяздоўцы», якія выдавалі газету ў партызанскай зоне.) Я ўжо не кажу пра гэтую думку, растыражаваную паўсюль, якую сталі паўтараць, і некаторыя дапаўтараліся да таго, што самі шчыра ў гэта паверылі. «Вось каб не прагналі тады фашыстаў, сядзелі б цяпер у дастатку і пілі б баварскае...»

Што гэта было тады, крыху больш за трыццаць гадоў назад? Калектыўная прыдуркаватасць і бяспамяцтва як вынік дэфіцыту прадуктаў харчавання? Удалася ідэалагічная атака нядобразычліўцаў, што прыйшлася на свядомасць людзей, якія былі ў роспачы, гледзячы, як рушыцца ўсё, што здавалася надзейным і заўсёдным? Што б гэта ні было, але, калі аналізаваць тое сёння, мы тады апынуліся на краі яшчэ адной бездані, якая была нават страшнейшая, чым эканамічны заняпад. Мы на поўным сур’ёзе абмяркоўвалі магчымасць зрабіць дзяржаўным гімнам песню на словы калабарацыяністкі, якая супрацоўнічала з фашыстамі. Мы дыскутавалі, ці варта пакідаць у назвах вуліц імёны герояў, што вызвалялі Беларусь. Пытанне аб тым, каб зрабіць галоўным святам краіны дзень вызвалення сталіцы ад фашыстаў, нядаўна выбранаму Прэзідэнту давялося выносіць на ўсенародны рэферэндум, у тым ліку і таму, што тагачасны парламент мог з гэтым і не пагадзіцца. Пажаданне «мірнага неба над галавой» ператварылася ў жарт, якім зялёныя маладзёны паказвалі сваю дасціпнасць…

Каб адступіць ад краю гэтай самай страшнай бездані, давялося азірнуцца і зрабіць некалькі крокаў назад. Да той самай кропкі, дзе памятаюць пра ўсіх загінулых і ўсіх герояў. І ўсіх забойцаў і здраднікаў. Дзе ведаюць і разумеюць гісторыю менавіта з пазіцыі і інтарэсаў сваёй краіны і свайго народа, а не з пазіцыі і інтарэсаў тых, каму выгадна гэту гісторыю калі не забыцца, дык хоць бы перапісаць.

Дарэчы, пра гісторыю і пра гістарычную праўду. Акурат 3 ліпеня паглядзела яшчэ раз фільм «Вадзіцель аўтобуса». Гэтым разам звярнуў на сябе ўвагу адзін эпізод, які, на першы погляд, да двух галоўных сюжэтаў мае вельмі нязначнае дачыненне. Адзін з пасажыраў міжгародняга аўтобуса з Мінска на Брэст, праязджаючы міма вёскі, расказвае, што ён у яе баіцца заязджаць. Таму што, калі ваяваў у партызанах, забраў у вяскоўцаў цяля і двух парасят: карміцца ж у лесе неяк трэба было. І калі трапіў туды пасля вайны, атрымаў ад мясцовых добрых кухталёў. Расказвае з тонкім гумарам, але і з разуменнем таго, што, калі б прыйшлося яшчэ раз, — зрабіў бы ў падобных абставінах тое ж самае... Вось ён, той пасыл з 90-х — «партызаны — бандыты»? А вось і не. Фільм зняты ў 1982 годзе. І ніхто таго дзядзьку, што забраў парасят, не асуджае. Бо ён яшчэ расказвае пра мост, па якім едуць: узрываў яго тройчы разам з ворагам.

Тады, калі было напалову бліжэй да вайны, чым нам сёння, не баяліся паказваць і расказваць праўду — і гераічную, і не вельмі прыгожую, — і гэта нам таксама трэба ўзяць з той, мінулай эпохі. Бо менавіта дзякуючы гэтаму прыходзіла важнае разуменне: на вайне было ўсякае — і добрае, і не вельмі, і зусім жудаснае. А ўслед за ім — самае важнае, важней за гэта, прынамсі, тут, у Беларусі, наўрад ці што і знойдзеш: не дай бог, каб паўтарылася. «І мірнага неба над галавой», — пісалі нашы бацькі на паштоўках 40 гадоў таму. На поўным сур’ёзе, бо ведалі, пра што пішуць. І мы, дзякуй богу, своечасова зразумелі, што гэта не жарты, што гэта — самае важнае.

Нядаўна віншавала з днём нараджэння сваячку з Украіны. Мы апошнім часам амаль не камунікуем, там усё складана. І Дзень Перамогі для яе стаў «для каго свята, для каго і не», і ўсе паведамленні яна стала знарок пісаць па-ўкраінску, хоць сама ад пачатку рускамоўная. Я ўжо не кажу пра выпады, што мы агрэсары, што Бандэра — герой... Таму напісала сцісла: здароўя і міру. І раптам — адказ. Прапіснымі літарамі на роднай для яе рускай мове: «ЕСЛИ Б ТЫ ЗНАЛА, КАК МЫ ЭТОГО ЖДЁМ!»

Гісторыя — цётка суровая. Калі яе не вучыць — пачынае вучыць яна. Здараецца, вельмі жорстка. Каб ужо дакладна дайшло.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.