Вы тут

Калі мама малады спецыяліст або студэнтка. Каму варта павялічваць дзярждапамогі?


19 чэрвеня 2024 года Палатай прадстаўнікоў прыняты праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей».

Ён прадугледжвае ўнясенне адпаведных змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей», карэкціроўку Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь «Аб устанаўленні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы». Законапраект накіраваны на ўзмацненне адраснасці і мэтавай накіраванасці ў забеспячэнні дзяржаўнымі дапамогамі.


Праз прыняцце гэтага праекта закона будуць, у прыватнасці, замацаваны прававыя нормы, якія ўстанаўліваюць павелічэнне мінімальнага памеру дапамог па цяжарнасці і родах такім катэгорыям жанчын, як маладыя спецыялісты; іншыя асобы, якія пачынаюць працоўную дзейнасць; навучэнкі і студэнткі; жанчыны, зарэгістраваныя беспрацоўнымі да заканчэння шасці месяцаў пасля звальнення (заканчэння службы, завяршэння навучання). Яны павялічацца з 50 да 100% БПМ.

Акрамя таго, прадугледжваецца павелічэнне (з 50 да 100% мінімальнай заработнай платы) мінімальнага памеру дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці для маладых спецыялістаў і іншых асоб, якія пачынаюць працоўную дзейнасць; прызначэнне дапамогі на дзіця, якое выхоўваецца ў сям’і маці, калі бацька дзіцяці, абавязаны выплачваць аліменты, праходзіць тэрміновую ваенную (або альтэрнатыўную) службу; павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароненасці сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у тым ліку пасля дасягнення імі ўзросту 18 гадоў. У прыватнасці, дапамога, якая выплачваецца да паўналецця дзіцяці-інваліда, захоўваецца і пасля спаўнення яму 18 гадоў, калі ў сям’і ёсць іншыя непаўналетнія дзеці.

У дзяржаве шмат робіцца для падтрымкі сем’яў, і новы пакет, прадугледжаны законапраектам, для маладых сем’яў вельмі важны. Згодна са статыстыкай, у Беларусі каля 40% шматдзетных сем’яў — даволі вялікі паказчык. Але ўсё роўна хацелася б, каб ён павялічваўся. Мы павінны паглядзець на сем’і, якія выхоўваюць адно дзіця, і падтрымаць іх, каб яны перайшлі ў катэгорыю сем’яў, якія выхоўваюць дваіх дзяцей. Гэтак жа як сем’і, якія выхоўваюць дваіх дзяцей, павялічыліся да статусу шматдзетных. Гэта адна з важных задач дзяржаўнай палітыкі, якая і праецыруецца новым законапраектам.

Ён закранае маладых спецыялістаў, студэнтаў і навучэнцаў і скіраваны на тое, каб маладыя жанчыны не адкладвалі мацярынства на больш позні тэрмін. Пры гэтым неабавязкова ахвяраваць кар’ерай, вучобай дзеля сям’і, сёння гэта можна выдатна сумяшчаць. Мы ведаем вялікую колькасць паспяховых людзей, якія выхоўваюць нават не аднаго-дваіх, а траіх і больш дзяцей, і гэта не перашкаджае ім будаваць кар’еру. Шматдзетныя мамы паспяховыя ў бізнесе, на сваім рабочым месцы, і такіх прыкладаў шмат.

Ёсць і іншы важны момант: статыстыка апошніх 20 гадоў сведчыць, што сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб пастаянна расце. Размова ўжо ідзе не пра 20-22 гады, сярэдні ўзрост у дзяўчат — больш чым 27, а ў мужчын — больш чым 29 гадоў. Аднак, нягледзячы на развіццё медыцынскіх тэхналогій, прыроду не падманеш. Дзяцей пажадана нараджаць у маладым узросце. Як медык скажу: першае дзіця жанчыне лепш нараджаць ва ўзросце да 24 гадоў. Наступныя роды могуць быць пазней, але і іх лепш надоўга не адкладваць. Вялікі перапынак паміж першымі і другімі родамі можа неспрыяльна адбіцца на рэпрадуктыўным здароўі жанчыны. З пункту гледжання дэмаграфічнай бяспекі мы зацікаўлены, каб шлюбы заключаліся раней, у іх нараджаліся дзеці, і не адно, а двое, трое і нават больш.

Увогуле, калі аналізаваць сітуацыю ў кантэксце дэмаграфічнай бяспекі, мы бачым несуцяшальную тэндэнцыю: праз некалькі дзесяцігоддзяў колькасць краін, якія будуць мець вялікую долю людзей пажылога ўзросту ў структуры насельніцтва, стане катастрафічнай. Паводле ацэнак ААН, насельніцтва свету ва ўзросце 60 гадоў і старэйшыя да 2050 года складзе больш як два мільярды чалавек, патроіўшыся за 50 гадоў. Пры гэтым з 1950 года да 2000-га яго колькасць таксама патроілася: з 205 мільёнаў вырасла да 600.

І наша краіна — не выключэнне. З аднаго боку, гэта сведчыць пра тое, што ў дзяржаве выбудавана добрая сістэма сацыяльнай падтрымкі, аховы здароўя, рэалізоўваецца комплекс дзяржаўных мер, якія спрыяюць павышэнню працягласці жыцця; робіцца ўсё, каб людзі жылі як мага больш доўга, шчасліва і забяспечана. З іншага — трэба ўсведамляць: калі будзе працягвацца тэндэнцыя «ў сям’і адно дзіця», надыдзе дэпапуляцыя. Гэта немінуча прывядзе да павелічэння дэмаграфічнай нагрузкі на працоўных.

З кожным дзесяцігоддзем моладзі будзе станавіцца ўсё менш, а людзей пенсіённага ўзросту — больш, адпаведна, не будзе каму ўтрымліваць нашых пенсіянераў. Пенсіённая сістэма ў Беларусі пабудавана на прынцыпе салідарнасці пакаленняў. Крыніцай фінансавання сённяшніх пенсій з’яўляюцца абавязковыя ўзносы ў фонд сацабароны, якія выплачваюцца работадаўцамі і работнікамі. Калі атрымальнікаў пенсій з кожным годам становіцца больш, а людзей, якія адлічваюць грошы на іх утрыманне, — усё менш, то з часам крыніца, з якой робяцца пенсіённыя выплаты, абмяльчэе. Таму важна прыняць адпаведныя меры сёння, каб папярэдзіць гэтыя негатыўныя тэндэнцыі заўтра.

Дзмітрый ШАЎЦОЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.