Вы тут

Ансамбль песні і танца «Асъя кыа» ў Беларусь прыехаў упершыню


Гастролі працягваюцца… У Беларускай дзяржаўнай філармоніі напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх запохнікаў выступіў ансамбль песні і танца Рэспублікі Комі імя Віктара Марозава «Асъя кыа» («Ранішняе світанне»). Праграма «Паклонімся вялікім тым гадам» аб’яднала нацыянальную ідэнтычнасць комі і памяць пра трагічныя падзеі агульнага мінулага.


Дзяржаўны ансамбль песні і танца «Асъя кыа» — гэта першы прафесійны мастацкі калектыў рэспублікі, які захоўвае старадаўнія традыцыі народнай творчасці. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам усесаюзных і ўсерасійскіх конкурсаў, удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Комі імя Віктара Савіна. Характэрная рыса творчасці «Асъя кыа» — спалучэнне фальклору з сучаснымі музычнымі тэндэнцыямі. Ансамбль песні і танца ахоплівае розныя сферы мастацтва, што ўжо 85 гадоў прываблівае гледачоў з розных краін.

У Беларусь прыехаў упершыню. Краіны аб’яднала агульная трагедыя — Вялікая Айчынная вайна. Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ансамбль песні і танца «Асъя кыа» прадставіў на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі ваенна-патрыятычную праграму. Прагучалі вядомыя песні «Кацюша», «Дзень Перамогі», «Смуглянка» і іншыя. Аркестр, хор і балет раскрылі складаную і драматычную тэму з розных бакоў. Там, дзе немагчыма перадаць эмоцыі целам, дапамагае музыка. Галоўны балетмайстар Ганна Паздзеева лічыць, што гэтая тэма заўсёды актуальная. «Усіх нас закранулі гэтыя крывавыя падзеі. У мяне ў самой прадзед пахаваны ў брацкай магіле ў Гомелі. Важна помніць і захоўваць памяць для будучых пакаленняў», — дзеліцца Ганна Паздзеева.

Другі блок канцэрта прадставіў самабытную нацыянальную культуру Рэспублікі Комі. У 2029 годзе там будуць адзначаць 1000-годдзе народа комі. Яркія традыцыйныя касцюмы падобны на адзенне жыхароў расійскага паўночнага захаду. Жаночыя сукенкі вылучаюцца насычанымі колерамі, вышыўкай і спалучэннем некалькіх відаў тканін. Важнай часткай касцюма з’яўляецца галоўны ўбор. Такой разнастайнасці какошнікаў, шапак, хустак няма, напэўна, ні ў аднаго народа. 

Аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Цітарэнкі паказаў народныя музычныя інструменты комі — трашчотку і бубен. Незвычайная музыка і своеасаблівыя рухі стварылі на сцэне таямнічую і нават крыху містычную атмасферу. У другой частцы канцэрта ансамбль спяваў на мове комі. Нацыянальная разнастайнасць забяспечыла Рэспубліцы Комі бясконцае мноства розных дыялектаў. Салістка хору, лаўрэат прэміі імя В. Есевай Валянціна Кавальчук часта ў паўсядзённым жыцці размаўляе на мове продкаў. 

Праграма «Паклонімся вялікім тым гадам» аб’яднала такія далёкія і адначасова блізкія тэмы. Мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля песні і танца Рэспублікі Комі расказаў, што першапачатковай мэтай гастроляў было выступленне да гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аднак па ініцыятыве боку, які прымае, вырашылі аздобіць праграму нацыянальным каларытам. Цёплы прыём беларускай публікі Аляксандр Цітарэнка згадвае з усмешкай: «Мы хваляваліся, як успрымуць тут другое аддзяленне канцэрта, насычанае нашымі нацыянальнымі асаблівасцямі, але ўсе прайшло цудоўна!»

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.