Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава «Балады аб мужнасці»


Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Балады аб мужнасці», прымеркаванай да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства з’явілася і рэалізоўваецца ў рамках маштабнага праекта Беларускага саюза мастакоў «Колеры Вялікай Перамогі», прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


— Калі трапляеш на экспазіцыю, дзе ты бачыш працы класікаў, тых, хто ведаў, што такое вайна, і бачыш тую шчырасць, якая ёсць у іх работах, кожны раз гэта цябе хвалюе. Выстава, якая адкрываецца, — яна розная. У ёй ёсць боль, у ёй ёсць бітва і перамога, а яшчэ ў ёй ёсць памяць і ёсць фарбы, — падзялілася першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч.

Усе прадстаўленыя ў экспазіцыі работы аб’яднаны тэмай вызвалення Беларусі і Мінска. Нямала беларускіх мастакоў былі сведкамі ваенных падзей, бралі актыўны ўдзел у баявых дзеяннях, знаходзіліся ў партызанскіх атрадах, у эвакуацыі і акупацыі. Работы, якія прадстаўлены на выставе, выкананы ў 1960–1980 гадах як пераасэнсаванне трагічных падзей ваеннага перыяду іх відавочцамі.

Усе матэрыялы выставачнага праекта «Балады аб мужнасці» закранаюць тэмы, якія сталі найважнейшымі для беларускіх мастакоў: антываенную, тэму болю, які прыносіць народу вайна, крохкасці свету, а таксама тэму памяці аб тых, хто загінуў на франтах, хто вярнуўся і з надзеяй аднаўляў жыццё на скалечанай навалаю зямлі. Жывапісныя работы выкананы ў самых розных аўтарскіх манерах сацыялістычнага рэалізму. Іх сюжэты пераносяць нас на палі баёў, у падзямеллі Брэсцкай крэпасці альбо запрашаюць далучыцца да хвіліны маўчання... Па тых, каго кранула варожая куля, хто апынуўся ў канцэнтрацыйных лагерах, але не страціў мужнасці, веры і ўласнай годнасці. У кожным палатне — памяць пра імгненні, якія распавядаюць сапраўдныя жывыя балады пра мінулае і яго герояў. А недзе побач назіраеш ужо радасць людзей, вёску якіх вызвалілі ад ворагаў; воінаў, што вярнуліся з перамогай; сімвалы таго, што жыццё працягваецца, — гняздо бусла, букет кветак і выява дзіцяці…

— Мастак заўсёды жыў інтанацыяй дзяржавы, суседа, сваёй хаты, сям’і. І калі ты сустракаеш яго працы потым і глядзіш на яго думкі, то адбываецца тое, што здараецца, калі каляндарны ліст перагортваеш. Я заўсёды сцвярджаю: «Мастацтва і культура — ёсць інструменты дзяржаўнай ідэалогіі». Не будзе той ідэалогіі, калі мы не будзем захоўваць карціны, калі мы не будзем трымаць у памяці тое, што мастакі робяць, тое, што адбывалася на вайне, — кажа заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня секцыі «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў, мастак Уладзімір Уродніч.

Кожная карціна выставы мае сваю непаўторную атмасферу, перадае дух таго нялёгкага часу. Так, напрыклад, звяртае на сябе ўвагу многіх палатно «Тысяча дзевяцьсот сорак першы год» Міхаіла Чэпіка. Яго бачаць першым усе наведвальнікі выставы. Спалучэнне цёмных і яркіх колераў не толькі перадае нам страх і рашучасць людзей, але і дорыць надзею на перамогу. І так кожная карціна ў экспазіцыі нагадвае нам, як важна не забываць пра гісторыю свайго народа. Усе мастацкія палотны — нібы адлюстраванне галоўнай думкі, што нават за самым цяжкім перыядам у жыцці абавязкова наступаюць светлыя дні і перамога. Гэтая экспазіцыя не пра вайну, не пра боль людзей, а найперш пра сілу духу, пра нязломнасць нашага народа, пра яго гатоўнасць абараняць родную зямлю. І таму яна дакладна вартая ўвагі наведвальнікаў.

— Кожны мастак, пісьменнік, паэт у сваіх творах часта вымалёўвае героя нашага часу. У прыватнасці, на гэтай выставе вы ўбачыце твар вайны. Усе гэтыя творы — эмацыянальны выкід мастакамі сваіх пачуццяў, свайго стаўлення да фашызму, да вайны. І пры гэтым наша выстава не пра вайну. Яна пра людзей, якія кавалі гэту вайну, кавалі гэту перамогу, — адзначае галоўны захавальнік фондаў Беларускага саюза мастакоў Кацярына Пінчук.

«Балады аб мужнасці» на гэтай выставе можна пачуць у самых розных танальнасцях: недзе з пранізлівым болем убачанага і перажытага, а дзесьці са святлом вялікай удзячнасці за мір, які маем ужо столькі гадоў, але кожная з іх праўдзівая і шчырая, як памяць усіх нас пра тую вайну і Вялікую Перамогу.

Маргарыта ЖЫГАР 

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ус­па­мі­ны вай­ны на мас­тац­кіх па­лот­нах

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.