Вы тут

Аляксей Бяляеў: «Журналіст — прафесія, якая патрабуе служэння»


Інфармацыя стала жыццёва неабходным рэсурсам, які патрэбен чалавеку для паўнавартаснага існавання, як вада і ежа. Пачынаючы новы дзень, людзі імкнуцца даведацца аб тым, што адбываецца побач і навокал, з такой жа патрэбай многія з нас яго і завяршаюць. Знаходзіцца ў курсе падзей, разумець парадак дня насельніцтву дапамагаюць журналісты. Выступаючы перад медыйнай супольнасцю на медыяфоруме ў Магілёве, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што час паставіў прафесію журналіста на перадавыя пазіцыі, зрабіўшы медыйную супольнасць магутным суб’ектам палітычнага дыскурсу. Ва ўсе часы людзі, якія валодаюць словам, былі на вагу золата: журналісты даносяць інфармацыю да насельніцтва, фарміруюць грамадскую думку і, самае галоўнае, ствараюць летапіс сваёй краіны. У цяперашніх умовах геапалітычных трансфармацый і ўзрушэнняў супрацоўнікі СМІ нярэдка становяцца салдатамі інфармацыйнага фронту, якія абараняюць інфаполе ад атак нядобразычліўцаў і адстойваюць дзяржаўны суверэнітэт.


Невыпадкова падрыхтоўцы кадраў для медыясферы аддаецца самая пільная ўвага з боку дзяржавы. Як ажыццяўляецца працэс навучання будучых журналістаў, якія патрабаванні прад’яўляюцца да маладых спецыялістаў і ўвогуле наколькі развіццё медыя адпавядае запытам сучаснага грамадства, — гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі з дэканам факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдатам гістарычных навук, палітолагам Аляксеем Бяляевым.

Ад чаго церпяць рэгіянальныя СМІ і чаму журналіст павінен быць універсальным салдатам?

— Аляксей Віктаравіч, на факультэце журналістыкі закончыўся чарговы навучальны год. Неўзабаве рэдакцыйныя калектывы папоўняць маладыя спецыялісты. Што паказала размеркаванне — дзе найбольш маюць патрэбу ў журналістах і ці з ахвотай выпускнікі едуць у рэгіёны?

— У краіне ёсць вялікая патрэба ў журналісцкіх кадрах. Сёлета заявак ад СМІ было амаль удвая больш, чым колькасць выпускнікоў, якія размяркоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, таму апошнія апынуліся ў вельмі камфортнай сітуацыі: яны маглі выбіраць. Большасць выпускнікоў пры гэтым не проста вызначыліся з месцам сваёй будучай работы, яны прыходзілі з імяннымі заяўкамі ад арганізацый, дзе ў цяперашні час працуюць. Сучасныя кіраўнікі прыглядаюцца да студэнтаў з першага курса, на другім-трэцім іх ужо запрашаюць у рэдакцыі, і ўжо да чацвёртага курса студэнт прывязаны да канкрэтнай арганізацыі. Рэгіянальныя рэдакцыі ад гэтага моцна церпяць, бо большасць моладзі хоча застацца ў Мінску, у буйнейшых рэспубліканскіх СМІ. Гэтую праблему, на мой погляд, можна вырашыць двума шляхамі. Першы — павелічэнне набору на факультэт журналістыкі і падключэнне такой формы набору, як мэтавы, каб сродкі масавай інфармацыі загадзя заказвалі сабе спецыялістаў і мэтанакіравана іх рыхтавалі. І другі шлях — зварот да рэгіянальных ВНУ. Сёння, напрыклад, у Магілёве ажыццяўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасці «Журналістыка» ўзроўню бакалаўрыяту. На гэтую спецыяльнасць плануе набіраць студэнтаў і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.

— Больш за год вы з’яўляецеся дэканам факультэта журналістыкі БДУ. Заступаючы на новую пасаду, вы анансавалі, што падрыхтоўка журналістаў патрабуе карэкціроўкі з улікам часу. Што мелася на ўвазе і ці атрымліваецца рэалізоўваць задуманае?

— Перш за ўсё, мы пераарыентавалі падрыхтоўку журналістаў — зрабілі яе ўніверсальнай. Сёння практычна кожная рэдакцыя працуе з усімі відамі кантэнту. Сродкі масавай інфармацыі, якія арыентаваны толькі на адзін від інфармацыйнай прадукцыі, у сучасных умовах не выжывуць. Таму ў навучальным працэсе зыходзім з таго, што журналіст павінен быць універсальным салдатам, які ўмее працаваць ва ўсіх асяроддзях: друкаваным, лічбавым. Ён не толькі павінен умець пісаць і здымаць, а і манціраваць, займацца прасоўваннем кантэнту, піярам, каб даносіць інфармацыю аўдыторыі. На факультэце ажыццяўляецца падрыхтоўка па ўніверсальнай спецыяльнасці «Журналістыка». На першых двух курсах даём студэнтам магчымасць атрымаць уяўленне аб асноўных кірунках журналісцкай дзейнасці. Пачынаючы з трэцяга, студэнты больш паглыбляюцца ў кірункі, якія іх цікавяць. Адна прафілізацыя называецца «Аўдыявізуальныя СМІ і блогінг», другая — «Друкаваныя СМІ і вэб-журналістыка». Трэці кірунак звязаны з інфармацыйнай бяспекай: журналісты арыентуюцца на работу з міжнародным кантэнтам, глыбокую аналітыку. Хочам, каб яны больш разбіраліся ў пытаннях абароны інфармацыйнай прасторы. Па выніку нашы выпускнікі павінны будуць умець працаваць ва ўсіх асяроддзях, з усімі відамі кантэнту — гэта адна з галоўных рэформ, якая пачала ажыццяўляцца толькі ў 2023/2024 навучальным годзе. Як гэта будзе выглядаць на практыцы, убачым праз тры гады.

— А ці няма апасення, што пагоня за ўніверсальнасцю адаб’ецца на якасці выканання задач, якія стаяць перад журналістам?

— Вядома, такая небяспека ёсць. З іншага боку, гэта і ёсць справа журналіста. Як бы там ні казалі, што журналістам можа стаць кожны, павінны быць і прызванне, і пэўныя тэхнічныя навыкі, і кампетэнцыі. Безумоўна, чалавек, які займаецца толькі відэакантэнтам, наўрад ці зможа быць глыбокім тэкставіком. Аднак мы бачым рэпартажы, якія ствараюцца ў аўдыявізуальных СМІ, і разумеем, што за гэтым стаіць: журналіст літаральна на каленцы піша тэкст да той карцінкі, якую ён паказвае. Уменне сумяшчаць — гэта і ёсць найвышэйшы прафесіяналізм. Нярэдка журналіст засяроджваецца на нечым адным, галоўнае, каб ён знайшоў сваю нішу і зразумеў, што менавіта дадзены кірунак даецца яму лепш за ўсё. Пры гэтым важнай з’яўляецца прафесійная рэалізацыя. Журналіст павінен трапіць у той сродак массавай інфармацыі, які будзе адлюстроўваць адначасова і яго ўласныя запыты, і аўдыторыі. Шмат маладых людзей, асабліва дзяўчаты, прыходзяць у журналістыку і адразу кажуць, што не хочуць пісаць аб палітыцы, ствараць навіны, — іх у асноўным цікавяць пытанні культуры. Яны жадаюць хадзіць на тэатральныя прэм’еры, наведваць шматлікія вечарынкі, прыёмы і балі, асвятляць свецкую хроніку. Або ўсе пагалоўна хочуць быць вандроўнікамі, здымаць трэвэл-перадачы, быць трэвэл-блогерамі. Пры гэтым не задумваюцца, ці шмат у нас знойдзецца культурных мерапрыемстваў, каб іх хапіла на ўсіх ахвотных асвятляць, і наколькі сёння глыбока людзі гатовы зачытвацца рэпартажамі з мастацкіх выставак, разбірацца ў мастацтве. І потым, тут вельмі вялікая канкурэнцыя. Нямала блогераў-самавучак, якія спрабуюць рабіць гэта сваёй прафесіяй. Пры гэтым яны не выконваюць функцыю СМІ, а зыходзяць са сваіх жаданняў. Задача журналіста — зрабіць рэпартаж нярэдка і аб тых месцах, у якія ён сам ніколі і не паехаў бы, але ён знойдзе прыгожы пейзаж, мясцовых старажылаў, якія раскажуць цікавыя гісторыі. Вось гэта вялікае мастацтва, якім, на жаль, не ўсе валодаюць.

Пра глыбінную падрыхтоўку журналіста, патрэбу ў ваенных карэспандэнтах і навуковы статус журналістыкі

— Нярэдка ў адрас журналістаў гучаць папрокі, што іх узровень ведаў вымушае жадаць лепшага...

— Сёння патрабуецца, каб журналіст быў аналітыкам, які разбіраецца ў розных тэмах, мае не проста павярхоўнае, а дастаткова сур’ёзнае ўяўленне і аб палітычных пытаннях, і аб эканоміцы, і аб сацыяльных праблемах. Каб не было сорамна падчас інтэрв’юіравання людзей, каб журналіст мог падтрымаць размову, задаць патрэбныя пытанні, каб пры перадачы слоў свайго суразмоўніка не блытаўся ў тэрмінах. Гэта ўсё патрабуе вельмі сур’ёзнай, глыбіннай падрыхтоўкі. На жаль, абмежаванне нашых часавых магчымасцяў, калі мы за чатыры гады, а не за пяць, як было раней, павінны падрыхтаваць спецыяліста, некалькі аслабляе глыбінную падрыхтоўку спецыялістаў у галіне журналістыкі. Прафесіянал-журналіст у першую чаргу павінен быць інтэлектуалам, таму я сваім студэнтам кажу, што ім патрэбна як мага больш чытаць (не толькі тое, што прадугледжана праграмай). А гэта, на жаль, у сучаснай моладзі не ў прыярытэце. Ужо даказана: вырасла цэлае пакаленне з кліпавым мысленнем, якое ўспрымае інфармацыю блокамі. Гэта абядняе маладых людзей: яны не ўмеюць займацца аналізам, успрымаюць толькі пачуццёвыя вобразы, не ўмеюць рабіць высновы. Прычым гэта праблема не толькі журналістаў, а ў цэлым сучаснага пакалення. Калі мы кажам аб падрыхтоўцы журналістаў, вельмі важна, каб журналісты разумелі сваю адказнасць за тое, што яны гавораць, здымаюць, пішуць. Думаю, што разумныя маладыя людзі, якія рыхтуюцца прыйсці ў прафесію надоўга, а можа быць, назаўсёды, усведамляюць гэтыя рэчы і будуць пастаянна над гэтым працаваць. І самае галоўнае, што яны павінны разумець: ніколі нельга спыняцца. Няма мяжы дасканаласці. Ніколі нельга лічыць, што «я ўсё ў свеце спазнаў». У прынцыпе гэта няправільны падыход у любой прафесіі. Сапраўдны журналіст павінен быць чалавекам, які пастаянна нечым цікавіцца, ні ў якім разе не абыякавым, заўсёды спрабаваць даведацца нешта новае. А калі ён лічыць сябе карыфеем, які ўсё ведае і не бачыць магчымасці развівацца, гэта азначае спыненне ў прафесіі.

— Вы кажаце аб тым, што многія маладыя людзі, якія вучацца на журфаку, жадаюць асвятляць тэмы культуры, турызму, але відавочна, што ў сучасным грамадстве існуе запыт на абсалютна супрацьлеглы інфармацыйны кантэнт. Як адбіваюцца выклікі часу на вучэбным працэсе?

— Сапраўды, з-за праблем знешнепалітычнага характару, глабальных эканамічных і палітычных узрушэнняў мы бачым запыт на палітычную інфармацыю, інфармацыю аб стане эканомікі. І гэта не часовая цікавасць — людзі адчуваюць пульс жыцця. Яны прыкаваныя да экранаў тэлевізараў, смартфонаў для таго, каб атрымаць у рэжыме рэальнага часу інфармацыю, якая напрамую датычыцца іх бяспекі. 

І тут у нас існуе пэўная праблема. Ідуць ваенныя дзеянні на паўднёвых рубяжах побач з Беларуссю, а ў нас няма такой спецыяльнасці і нават такога кірунку, як «ваенная журналістыка». Мы не рыхтавалі ваенных журналістаў, бо ў апошнія дзесяцігоддзі не было падобных запытаў. Цяпер да нас звяртаюцца прадстаўнікі спецыялізаваных выданняў і кажуць, што ім патрэбны прафесіяналы. Ваенны журналіст — прафесія вельмі небяспечная, але гэта акурат тыя, хто сёння стварае той самы трэш-кантэнт, як калісьці ваенкары часоў Вялікай Айчыннай стваралі шэдэўральныя матэрыялы і назапашвалі масу эмоцый і ўражанняў, якія потым выліваліся ў творы не толькі публіцыстычнага, а і мастацкага кшталту. Узяць хоць бы таго ж Канстанціна Сіманава, які асабістыя перажыванні здолеў увасобіць у высокамастацкую літаратуру. Гэта прыклад, да якога нашым цяперашнім журналістам трэба імкнуцца. Не дай бог, каб мы былі ўцягнуты ў падобнага роду ваенныя катастрофы, якія былі 80 гадоў таму, але, улічваючы складаны стан міжнароднай сітуацыі, трэба, каб такія спецыялісты, як ваенныя карэспандэнты, былі ў запасе.

Аналагічная запатрабаванасць ёсць і ў падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы эканамічнай журналістыкі. У людзей ёсць запыт на атрыманне аб’ектыўнай, справядлівай і, галоўнае, зразумелай інфармацыі. І тут патрэбны асаблівыя веды. Журналістаў, якія пішуць аб эканамічнай тэматыцы глыбока, але зразумела, вельмі няшмат. Што датычыцца палітолагаў, быццам бы шмат сёння людзей, якія разважаюць аб палітыцы. Мы бачым розныя меркаванні, пункты гледжання, але ў грамадства ёсць запыт на глыбокі і аб’ектыўны палітычны аналіз. І тут таксама трэба ўмець пісаць проста. Часам, каб прыцягнуць увагу, гэта трэба рабіць і з гумарам, а сур’ёзныя вучоныя нярэдка гэтага баяцца. Для таго каб зацікавіць гледача або чытача, трэба даваць нешта эмацыянальнае. Журналістыка без эмоцый сёння не існуе. Трэба ўмець сумяшчаць з эмоцыямі і сур’ёзную аналітыку — тады атрымаецца сапраўдны журналісцкі прадукт. Іначай гэта будзе або забава без сэнсаў, або нецікавы сэнс, які не будзе кранаць і на які не будуць звяртаць увагі. Таму вельмі няпростыя задачы стаяць перад выкладчыкамі факультэта журналістыкі.

— Тут варта аддаць належнае: прафесарска-выкладчыцкі састаў журфака ў сваёй рабоце таксама абапіраецца на сучасныя выклікі, трэнды ў журналістыцы. Аб гэтым сведчаць і назвы абароненых апошнім часам дысертацый...

— Што датычыцца навуковага складніка нашай прафесіі, то тут ёсць адна праблема — далёка не ўсе хочуць прызнаваць журналістыку навукай. Яна адносіцца да філалогіі. Філалогія — гэта работа са словам, а сённяшні журналіст — гэта чалавек, які займаецца не толькі словам, а і многімі іншымі рэчамі. Савет па абароне дысертацый прысвойвае ступень кандыдата і доктара філалагічных навук, а не журналісцкіх. А як бы вы ацанілі работы, якія нядаўна абараняліся, прысвечаныя верыфікацыі і фактчэкінгу інфармацыі? Гэта не філалогія ад слова «зусім», але мы прысвоілі нашаму маладому вучонаму Ігару Каралёву вучоную ступень кандыдата філалагічных навук, хоць яго работа, на мой погляд, бліжэй да паліталогіі, інфармацыйных сістэм. Нават няёмка будзе прысвойваць ступень кандыдата філалагічных навук таму, чыя работа звязана са штучным інтэлектам, або людзям, якія займаюцца пытаннямі падрыхтоўкі тых жа ваенных журналістаў. Журналістыка — гэта новая навука, якая ўтрымлівае ў сабе сур’ёзныя дысцыплінарныя сувязі. І цалкам заканамерна, каб журналістыка з’яўлялася не толькі прафесіяй, відам рамяства, а ўсё ж такі была вылучана ў асобны навуковы кірунак.

Пра небяспеку вольніцы ў журналістыцы, карысць практыкаарыентаванага навучання і 80-годдзе журфака

— Ад меркавання журналіста шмат што залежыць — да яго прыслухоўваюцца людзі. Да нядаўняга часу на журфаку рыхтавалі кадры і для недзяржаўных СМІ, якія, мякка кажучы, працавалі не на карысць сваёй краіне і народу. З улікам гэтага якія першачарговыя задачы ў падрыхтоўцы не толькі сапраўднага прафесіянала, а і патрыёта сваёй Радзімы?

— 2020 год паказаў, што ў нас у краіне была залішняя вольніца ў галіне сродкаў масавай інфармацыі і нямала людзей працавала супраць сваёй краіны. Існавалі недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, якія фінансаваліся з-за мяжы. Іх інфармацыйная палітыка была накіравана на тое, каб ачарніць уласную дзяржаву, і журналістаў адпраўляў туды на практыку факультэт журналістыкі. Студэнты потым расказвалі, як іх прасілі не даць аб’ектыўную інфармацыю, а знайсці негатыў у той ці іншай дзяржаўнай падзеі. І гэта было пытанне часу, калі адбудзецца супрацьстаянне дзяржаўнай і антыдзяржаўнай журналістыкі. Безумоўна, сёння інфармацыйнае поле памянялася. Дастаткова моцна за СМІ ўзялося профільнае міністэрства. Яно нядрэнна выконвае свае функцыі рэгулятара. Задача Міністэрства інфармацыі — ствараць умовы для таго, каб у нас у краіне падавалі аб’ектыўную карціну, накіраваную ў першую чаргу на абарону сваёй краіны. Мы бачым, што ў гэтых інфармацыйных войнах, якія сёння супраць нас развязаныя, дзейнічае многа актараў, якія імкнуцца нам навязваць уяўленне аб тым, што ўсё ў нас у краіне дрэнна. Мы гэты этап калісьці праходзілі: развал Савецкага Саюза пачаўся менавіта са «свабоды» прэсы, калі дазволілі пісаць усё і пры гэтым у найгоршых традыцыях. Нікога не цікавіла аб’ектыўная інфармацыя, усіх цікавіла тое, што добра прадаецца. А прадаецца добра негатыў: яго не трэба прасоўваць, ён прасунецца сам. І большасць быццам бы незалежных СМІ насамрэч былі залежнымі: або ад сваіх спонсараў, або ад аўдыторыі. Адпаведна сродкі масавай інфармацыі, якія былі пад крылом дзяржавы, знаходзіліся ў няроўных умовах канкурэнцыі. Цяпер, калі мы дзейнічаем у новых умовах, нашы СМІ ў многім сталі больш акуратнымі. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі працуюць на абарону нашага інфармацыйнага поля. І тут маладым журналістам, якія ўступаюць у прафесію, таксама трэба разумець: ты ідзеш у сістэму з пэўнымі задачамі, вызначанымі правіламі гульні, дзе галоўнае — абарона інтарэсаў сваёй дзяржавы. Можна выкарыстоўваць розныя спосабы і сродкі, але павінна быць як ва ўрача — не нашкодзь. Таму галоўная задача журналіста — сваімі рэпартажамі і публікацыямі не ўзбудзіць у людзях нянавісць, не стварыць сітуацыю хаосу, а вырашыць праблему. Мы спрабуем нашым студэнтам давесці, што сёння прафесія журналіста — прафесія кшталту ваеннаслужачых, чыноўнікаў, прафесія, якая патрабуе не работы, а служэння. Працуюць на заводзе, а ў журналістыцы, дакладна так жа, як і ў арміі, служаць. Служаць краіне і свайму народу.

— Наколькі спрыяе вашай рабоце назіральны савет, створаны па даручэнні Прэзідэнта на факультэце журналістыкі ў лютым мінулага года?

— Назіральнаму савету, у які ўваходзяць усе буйныя медыяменеджары, дадзены пэўныя кантрольныя паўнамоцтвы за навучальнай і навуковай дзейнасцю, кадравай палітыкай на факультэце. Для нас гэта вялікая адказнасць і ў той жа час дапамога. Таму хацелася б выказаць вялікую ўдзячнасць нашаму Прэзідэнту за тое, што ён, разумеючы значнасць факультэта і прафесіі журналіста, палічыў патрэбным стварыць такі назіральны орган, усім удзельнікам савета і асабіста Уладзіміру Барысавічу Пярцову, які на пасадзе міністра інфармацыі траціў вельмі шмат часу, унікаючы ў справы факультэта. Гэта дало пэўны плён. І выкладчыкі, і студэнты адчуваюць, што за намі ёсць пэўны нагляд. У той жа час мы чакаем дапамогі з боку савета, і яна да нас прыходзіць.

— У студэнтаў журфака ўсё часцей з’яўляецца магчымасць камунікаваць з практыкуючымі журналістамі, іншымі медыйнымі асобамі. Мяркуючы па запоўненых аўдыторыях, маладыя людзі добра ўспрымаюць такую форму работы. Чым абумоўлены частыя кантакты студэнтаў з лідарамі меркаванняў?

— Гэта своеасаблівая форма навучання, калі студэнты знаёмяцца не толькі са сваімі патэнцыяльнымі працадаўцамі, а і з канкурэнтамі ў асобе нашых журналістаў, якія ствараюць запатрабаваны інфармацыйны прадукт. Магчыма, гэта больш цікава, чым проста заняткі ў аўдыторыі. Такія майстар-класы, абмен меркаваннямі мы, безумоўна, працягнем. Гэта станоўча ўплывае на матывацыю студэнтаў да вучобы, дае ім дадатковыя веды, якія яны не набудуць з кніг. Акрамя таго, мы просім журналістаў-практыкаў працаваць у нас на сістэмнай аснове ў якасці сумяшчальнікаў, членаў экзаменацыйнай камісіі. Імкнёмся працэс навучання максімальна прыблізіць да практыкі. Таму ў гэтым плане тым, хто прыйшоў вучыцца на факультэт журналістыкі, вельмі пашанцавала.

— Кіраўніком дзяржавы 2024 год аб’яўлены Годам якасці. Што памяняецца на факультэце журналістыкі БДУ з якаснага пункту гледжання?

— Наша галоўная задача — якасна падрыхтаваць якасных спецыялістаў. З боку прафесарска-выкладчыцкага саставу мы хочам бачыць менавіта якасную работу: не фармальны падыход у працэсе перадачы ведаў, а глыбокі і прафесіянальны. Нашы выпускнікі павінны ўсведамляць, што журналіст — гэта чалавек са знакам якасці. Чалавек, у якога не проста ёсць работа, а ёсць місія, якая выходзіць за рамкі паўсядзённай дзейнасці. Па сутнасці, мы рыхтуем інфармацыйную эліту. У нас вялікая надзея на тое, што нашы выпускнікі будуць служыць праваднікамі дзяржаўнай палітыкі ў маладзёжным асяроддзі.

— Сімвалічна, што факультэт (тады аддзяленне) журналістыкі БДУ быў створаны адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мінск ляжаў у руінах, не было спецыяльнага будынка для заняткаў, але журналістаў сталі рыхтаваць у першыя месяцы мірнага жыцця. Як будзеце адзначаць 80-годдзе журфака?
 

— Гэта было першае аддзяленне журналістыкі ва ўсім Савецкім Саюзе. Вайна паказала асобую значнасць прафесіі журналіста. Гэта, на мой погляд, і паўплывала на тое, што ў прыфрантавой зоне была пастаўлена задача наладзіць падрыхтоўку новых баявых адзінак інфармацыйнага фронту. Потым журфакі пачалі ствараць па ўсім Савецкім Саюзе, але мінскі быў першым. Мы вельмі ганарымся, што тым, хто цяпер працуе на журфаку, выпаў гонар адзначыць яго 80-годдзе. Запланаваны шэраг мерапрыемстваў, уключаючы маштабную навуковую канферэнцыю. Сказаць, што гэтым юбілеем мы хочам зацямніць усю астатнюю нашу дзейнасць, — не. Мы хочам падкрэсліць дату, звярнуць увагу на значэнне факультэта, але пры гэтым паказаць, што, нягледзячы на свае 80, журфак вельмі малады, дынамічна развіваецца, запатрабаваны. Кожны новы студэнт, які да нас прыходзіць, гэта яшчэ адзін унёсак у скарбонку нашых дзеянняў у рамках падтрымання інфармацыйнай бяспекі краіны. Нам 80 гадоў, але мы бачым, што ў нас годная змена і мы толькі пачалі развівацца.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.