Вы тут

Доўгае вяртанне з поля бою...


У вёсцы Вялікае Сяло Лёзненскага раёна прайшла цырымонія перапахавання астанкаў воінаў, якія загінулі на гэтай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, устанавіць імёны 109 вызваліцеляў не ўдалося.


10 кастрычніка 1943 года войскі 3-га Беларускага фронту, разграміўшы адборную групоўку гітлераўцаў, вызвалілі першы раённы цэнтр Віцебскай вобласці — гарадскі пасёлак Лёзна. На працягу дзевяці месяцаў на тэрыторыі раёна стаяў фронт, страты былі велізарныя. Падчас вызвалення Лёзненшчыны загінула больш чым 32 тысячы савецкіх воінаў, шэсць з паловай тысяч дагэтуль лічацца зніклымі без вестак. Аднак агульная генетычная памяць народаў Беларусі і Расіі, боль і памяць аб страшных падзеях той далёкай вайны, якая закранула кожную сям’ю, двойчы на год збірае на Віцебшчыне ўдзячных нашчадкаў тых герояў. Яны, беларускія і расійскія пошукавікі, прыязджаюць на шматпакутную палітую крывёю віцебскую зямлю, каб адшукаць і вярнуць з небыцця тых, хто больш за восем дзесяцігоддзяў ляжаў у зямлі без імені і памяці.

Цяпер на тэрыторыі Лёзненскага раёна знаходзіцца больш як 90 мемарыялаў і воінскіх пахаванняў, некалькі дзён таму ў брацкім пахаванні ў вёсцы Вялікае Сяло знайшлі апошні прытулак астанкі яшчэ 109 байцоў Чырвонай Арміі. Раскопкі на ўчастку побач з вёскай Навароцце праводзіліся сіламі вайскоўцаў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна і членаў расійскага пошукавага аб’яднання «Заходні рубеж». Разам з астанкамі былі знойдзены лыжкі, курыльныя люлькі, знак «Выдатны сувязіст», наручны гадзіннік і сяржанцкі пагон. Але знак, які мог стаць зачэпкай у пошуку імя героя, аказаўся без нумара. Устанавіць імёны загінулых пакуль не ўдалося.

Кіраўнік маскоўскага пошукавага клуба «Заходні рубеж» Вадзім Кузьмін расказаў, што значную дапамогу ў пошукавай рабоце расіянам аказваюць валанцёры з мясцовых жыхароў, якія займаюцца зборам інфармацыі аб месцах пахавання. «Характар астанкаў сведчыць аб тым, што гэта было шпітальнае пахаванне 1943 года. Архівы ваенна-медыцынскіх дакументаў знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу, куды мы зараз рыхтуем запыт. Спадзяёмся, што зможам устанавіць і ўвекавечыць імёны безыменных пакуль герояў», — адзначыў ён.

На цырымоніі перапахавання прысутнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, раённыя ўлады, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і мясцовыя жыхары. Звяртаючыся да прысутных, старшыня Лёзненскага райвыканкама Іван Фёдараў сказаў, што абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны — увекавечваць памяць дзядоў і прадзедаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны цаной уласнага жыцця абаранялі Радзіму ад ворага. «У раёне ўвекавечаны імёны больш чым 32 тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, з іх невядомымі пакуль застаюцца шэсць з паловай тысяч. Мы зробім усё, каб подзвіг іх не быў забыты, а імёны не адышлі ў нябыт», — падкрэсліў кіраўнік раёна.

За 2023 год на Лёзненшчыне ўвекавечылі памяць 1362 байцоў, за пяць месяцаў бягучага — 277 воінаў. Гэта работа будзе працягвацца.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.

Адукацыя

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?

Рэлігія

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.