Вы тут

Што тояць экспанаты ледніковага перыяду


У пасёлку Радунь заснаваны ўнікальны музей сакральных валуноў. Экспазіцыя размешчана на плошчы ў адзін гектар. За 10 гадоў існавання тут сабралі каля 40 старажытных камянёў, самы вялікі з якіх важыць больш за 14 тон і налічвае больш за 200 тысяч гадоў. Музей валуноў уваходзіць у склад турыстычнага маршрута па сакральных аб’ектах — сведках ледніковага перыяду чалавецтва.


Музей знаходзіцца адразу за будынкам Радунскай гімназіі. Ініцыятарам яго стварэння стаў кіраўнік народнага гісторыка-археалагічнага музея Іван Фясенка. Усё пачалося з таго, што гімназічны міні-праект «Валуны крутых дарог мінулага» стаў адным з пераможцаў міжнароднага конкурса «Жывая гісторыя майго краю». У рамках яго і пачалося стварэнне незвычайнага парка, граніцы якога нагадваюць карту Воранаўскага раёна. Нават валуны размешчаны ў адпаведнасці з вёскамі, дзе іх знайшлі. А ланцужок невялікіх валуноў на так званай карце паказвае граніцу ледавіка. Калекцыя адлюстроўвае і разнастайнасць складу валуноў ледніковага перыяду: у асноўным гэта такія пароды, як базальт, граніт, пескавіка, вапніка, кварц. Форма таксама разнастайная. Тут можна ўбачыць валуны ў форме куба, піраміды і шара.

У музеі прадстаўлены апрацаваныя рукамі валуны, якія адыгрывалі асаблівую ролю ў штодзённым жыцці чалавека, а таксама выкарыстоўваліся ў сакральных абрадах. Парк уваходзіць у склад маршрута па Воранаўскім раёне пад назвай «Скарб сівых валуноў».

Вучнямі падрыхтавана не проста экскурсія — амаль тэатралізаванае відовішча. Дзякуючы гэтаму, адразу зразумела, які валун меў тое ці іншае прызначэнне. У дахрэсціянскі перыяд менавіта вялікім камяням надаваўся сакральны сэнс. Сёння школьнікі аднаўляюць карціны мінулага і вобразна іх прадстаўляюць. 

Падыходзім да валуна, вакол якога стаяць дзяўчаты ў старажытных адзеннях. Яны расказалі, што гэты вялікі камень знайшоў вучань школы ў наваколлі вёскі Гарадзішча. Відавочна, што валун мае культавы сэнс, бо на ім нават бачны надпіс з літоўскім словам «вільціс», што значыць «надзея». Прыцягнулі яго сюды з дапамогай крана. Гэта самы вялікі камень, вагой да 15 тон. 

Мясцовая жыхарка Марыя Цыронак расказала школьнікам, што «вільціс» — гэта жаночы камень. Ен дапамагае вылячыць ад бясплоднасці, цяжарным — нарадзіць здаровае дзіця, а дзяўчатам садзейнічае ў шлюбе. Да яго дакраналіся, цалавалі, затым звярталіся з просьбай аб дапамозе, у ахвяру прыносілі лён, ручнікі, палатно, хусткі, брошкі. Прасілі так: «Ой, Вільціс, пайшоў мой мілы ў горад-гарадочак, а я за ім у слядочак, след у след ступала — мілага шукала, дзе ж мой мілы дзеўся. Каб ен быў у шынкарцы — шумелі б шклянкі, каб ваўкі з’елі — лясы шумелі б, каб быў у дзяўчыны- гарэлі б лучыны, каб у Дзітве ўтапіўся — Дзітва разлілася б. Дапамажы Вільціс каханага мужа адшукаць». Магчыма, так некалі прасілі маладыя жонкі вярнуць ім іх мужоў, што пайшлі ў дальнюю дарогу. 
Тут можна пачуць легенду пра Чортаў камень, на якім аднойчы селянін знайшоў боты. Узяў ён іх, памераў — аказаліся якраз на яго. Агледзеўся ён навокал нікога няма, толькі нібы смех д’ябла пачуў, спалохаўся мужык і пабег наўпрасткі. А потым пачуў ад сталых людзей, што на гэтым камяні чорт шые боты. Вось так атрымаў сваю назву Чортаў камень-шавец. 

А першым экспанатам стаў культавы камень з выявай ахвяравальных талерак, якія сімвалізуюць дабро і зло. Менавіта на гэтыя «талеркі» клаліся ахвяры ў залежнасці ад таго, што чалавек прасіў. Валун мае вышыню больш за два метра, знойдзены непадалёку ад вёскі Паволаўка. Мяркуецца, што ён налічвае дзве сотні тысяч гадоў. 

Дарэчы, калекцыя збіралася па ўсіх кутках Воранаўскаага раёна, па большасці ў ваколіцах самой Радуні. Згодна з легендамі, іх таямнічае з’яўленне тлумачыцца тым, што раней валуны нібыта самі хадзілі, вандравалі. Мабыць, гэта звязана з адступленнем ледніковага перыяду, калі камяні нібы вылазілі з зямлі. Лічыцца, што ледніковыя валуны дапамагаюць разгадаць розныя таямніцы прыроды, аднавіць для нашчадкаў фрагменты жыцця продкаў. 

—Тут ёсць валуны двух апошніх аледзяненняў. Ёсць з Паазёрскага ледніка, які адышоў 14 стагоддзяў таму, а ёсць і з Сожскага аледзянення, гэтыя валуны налічваюць больш за 200 тысяч гадоў. Сожскі ляднік прыцягнуў іх са Швецыі, са дна Балтыйскага мора і Кольскага паўвострава. Цікавы іх геалагічны склад. Напрыклад, валун, які мы прывезлі з Больцішак, ён і культавы і цікавы петраграфічна — тут прадстаўлена 18 розных мінералаў. Аб’ект цікавы як для навукова-даследчых мэтаў, так і для культурна-турыстычных. Вельмі шмат экскурсій прыязджае — і дзяцей і дарослых, групамі і індывідуальна. Мы праводзім іх па раёну, дзе таксама многа розных валуноў ёсць, — расказавае Іван Фесенка.

Па ледніковым валунам школьнікамі напісана нямала навукова-даследчых работ, а ў ходзе археалагічных, этнаграфічных экспедыцый знойдзены новыя цікавыя аб’екты. 
—Мы з дапамогай мясцовай сельгастэхнікі сцягнулі іх на ўскракі леса, поля, каб потым прывезці сюды. Напрыклад, гэты паклонны валун адзіны такога роду ў Еўропе. На ім выбівалі след і пакланяліся, — працягвае свой расказ мясцовы краязнаўца. 

Некаторыя навукоўцы лічць, што назва Радуні мае рэлігійны культавы сэнс і звязана з услаўленнем культа бога Рода. Такім чынам створаныя тут свяцілішча Перуна і Рода дазваляюць наведвальнікам музея адчуць мясцовы гістарычны каларыт. А стварае яго,у першую чаргу, культавы камень —Пярун, які прывезены з вёскі Парадунь. Ён нагадвае вялікі каравай, у цэнтры якога ёсць паглыбленне. Па паданнях мясцовых жыхароў, да гэтага камяня прыносілі ахвяры і клалі ў тую лунку. Гэта культ ухвалявання Перуна — бога маланкі і грому. Лічылася, што вада, сабраная з лункі мае цалебную сілу. А ямкі нібыта зроблены самім Перуном, які ўдарыў у камень і пакінуў гэтыя знакі. 

А вось камень Мядзведзь, згодна з павер’ем, можа даць сілу, калі да яго прыціснуцца. 

Сярод каменных экспанатаў музея — геалагічны валун больш за 1,5 метры вышынёй, Плікскі культавы камень, які больш за два метры, Белюнцаўскі камень са знакамі, таксама больш метра. Нямала тут і старажытных сакральных валуноў з характэрнымі лункамі. У іх ліку — Шаўроўскі камень з мноствам маленькіх і круглых ямак. 

Калекцыя пастаянна папаўняецца, хоць гэта і не так проста. Па словах Івана Фясенкі, знойдзена яшчэ восем цікавых валуноў. Нядаўна, напрыклад, каля вёскі Пагародна краязнаўцы знайшлі вельмі ўнікальны камень, які мае шэсць лунак. Яго сцягнулі з поля, але каб прывезці патрэбна магутная тэхніка, у тым ліку, кран.
Яшчэ адзін цікавы экспанат у форме плоскай каменнай глыбы знаходзіцца каля вёскі Таўкіні Воранаўскага раёна. Яго даўжыня, як і шырыня дасягае чатырох метраў. Большая яго частка знаходзіцца ў зямлі, поўная маса больш за сто тон. Валун прынесены ледніком з тэрыторыі Скандынавіі падчас сожскага аледзянення. Лічыцца помнікам прыроды мясцовага значэння. 

Па словах суразмоўцы, камні з ямкамі — самая шматлікая і разам з тым самая загадкавая і малавывучаная група культавых валуноў са штучнымі паглыбленнямі. Хаця навукоўцы пачалі вывучаць гэту з’яву яшчэ ў ХІХ стагоддзі. На тэрыторыі Беларусі выяўлена больш за 500 валуноў, якія адносяцца да культавых. А тых, што маюць спецыяльныя паглыбленні, налічваецца некалькі дзесяткаў. Камні з лункамі размешчаны ў асноўным каля вадаёмаў. Паблізу чатырох такіх помнікаў знаходзяцца курганныя пахаванні. Напрыклад, да валуна паблізу вёскі Васілішкі Шчучынскага раёна яшчэ напачатку ХХ стагоддзя хадзілі маліцца і прыносілі кветкі. Многія і зараз прыходзяць да так званага Нявесцінага каменя, што знаходзіцца каля вёскі Агароднікі Ашмянскага раёна. Кажуць, што валун дапамагае знайсці сямейнае шчасце. 

Каля чатырох камянёў праводзіліся археалагічныя раскопкі. У трох, у тым ліку, у Воранаўским раёне, знойдзены вуглі, мелкія камяні, фрагменты посуду. Ёсць меркаванне, што пад вялікімі валунамі закопаны старажытныя клады. 

Маргарыта Ушкевіч
фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.