Вы тут

Віктар Лівенцаў — чалавек, які бачыў усё і быў здольны на ўсё дзеля краіны


«Не жыві маркотна, не шкадуй, што было, не гадай, што будзе, і беражы, што ёсць», — такі запавет сваім нашчадкам пакінуў Віктар Лівенцаў. Пра яго жыццёвы шлях можна было зняць неверагодны фільм, гледзячы які некаторыя скептыкі закацілі б вочы і сказалі, што так не бывае. Аднак у жыцці здараецца такое, што нават самаму смеламу сцэнарысту можа падасца дзіўным. Лёс Віктара Ільіча Лівенцава — таму пацвярджэнне. І няхай самога Віктара Ільіча няма ўжо 15 гадоў, яго жыццёвы досвед і сёння на вагу золата. Тым больш што жыццёвую гісторыю героя аддана захоўваюць дзеці, а старэйшая дачка Наталля Віктараўна Лівенцава расказала «Звяздзе». З архіўных інтэрв’ю сваім досведам дзеліцца і сам Віктар Лівенцаў, герой, кіраўнік, сябар і бацька.


Хто не рызыкуе, той не вучыцца

Нарадзіўся чалавек, які не проста шмат, а вельмі шмат зрабіў для Беларусі, у сяле Давыдаўка Варонежскай вобласці ў 1918 годзе. Бацька — стрэлачнік на чыгунцы, маці — дачка начальніка станцыі. Жыла сям’я недалёка ад чыгункі. Дарога да ведаў у маленькага Віктара была небяспечнай у прамым сэнсе гэтага слова. Кожны ранак бацька падсаджваў сына на падножку вагона цягніка ці закідваў у грузавы вагон, і сямігадовы хлопчык так ехаў 30 вёрст у школу ў горад Ліскі. Калі машыніст ведаў пра такога пасажыра, у Лісках ён прытарможваў, каб хлопчык спускаўся на сваёй станцыі. А часам прыходзілася з цягніка скакаць. І так кожны дзень на працягу двух гадоў... Сучасным супергероям не снілася. Праз два гады сям’я пераехала ў Ліскі, і Віктару больш не трэба было рызыкаваць жыццём дзеля навукі.

«Пасля школы ён разам з найлепшымі сябрамі (з якімі сябраваў да апошняга дня) паступаў у горны інстытут у Ленінградзе. Не паступілі. Віктар Лівенцаў, каб не марнаваць час, паехаў у Варонеж і паступіў у педагагічны інстытут на фізмат, і амаль адразу яго запрасілі на працу ў школу выкладаць чарчэнне і часам матэматыку», — расказвае Наталля Віктараўна Лівенцава.

Алімпійскія чэмпіёны Сяргей Макаранка (справа)  і Рамуальд Клім (злева) з Віктарам Лівенцавым.

«Верыць у самае страшнае не хацелася»

Віктар Лівенцаў спакойна працуе ў школе, вучыцца ў інстытуце. Але ў 1939 годзе ўсё выразней адчуваецца подых хуткай вайны. І малады хлопец сам ідзе ў ваенкамат, каб нагадаць, што яму ўжо 21 год і прыйшоў час служыць у войску. Два разы нікога ўгаворваць, зразумела, не давялося. Віктара Лівенцава накіравалі ў кавалерыйскае вучылішча ў беларускі Слуцк. У хуткім часе прызначылі камсоргам палка, а затым накіравалі ў ваенна-палітычнае вучылішча на Гродзеншчыну. Віктар Лівенцаў паспеў паўдзельнічаць у вызваленні Заходняй Беларусі ў верасні 1939-га, савецка-фінскай вайне. Вялікую Айчынную вайну сустрэў на Гродзеншчыне, на граніцы, будучы палітруком роты. «Мы, вядома, ужо ведалі, амаль напэўна, што вайна непазбежная і вось-вось пастукаецца ў наш дом. 21 чэрвеня ў лагеры аб’явілі баявую трывогу, сталі тэрмінова абкопвацца на граніцы. І ўсё ж, калі ўначы, прыкладна ў дзве гадзіны, цішыню парушыла артылерыйская кананада, злавесна асвятлілася неба, зямля адразу ўздрыгнула ад аглушальных выбухаў, і мы хто ў чым павыскоквалі з палатак — верыць у самае страшнае не хацелася. Пасля кінуліся на граніцу. Там ужо пачаўся сур’ёзны бой. Біліся адчайна, хадзілі ў атакі, зубамі трымаліся за кожны метр зямлі. Але ўжо балюча няроўнымі былі сілы. Немец пёр танкамі, бамбіў без перадышкі. А што ў нас? Недабудаваныя, толкам не абсталяваныя дзоты. І ўсё ж каля трох сутак мы стаялі да смерці, усё, што маглі зрабіць, зрабілі. Палегла па-геройску амаль уся дывізія. Ацалелыя пачалі адыходзіць у наіўнай упэўненасці, што недзе побач нашы ўжо вырваліся наперад і б’юць ворага на яго тэрыторыі. Па шляху сустракалі шмат чырвонаармейцаў, камандзіраў, сталі стыхійна ўтварацца новыя фарміраванні. Але налятала авіяцыя, падыходзілі нямецкія танкі, і зноў даводзілася бязладна адыходзіць... Цяжка ўспамінаць, але што зробіш — так было», — згадваў Віктар Ільіч у інтэрв’ю газеце «Фізкультурнік Беларусі».

Арлы — не хлопцы!

Афіцэры чакалі ад камандавання загаду, што рабіць далей, але загаду не было — абарвалася сувязь. Заставацца на граніцы стала бессэнсоўна і небяспечна. Малады палітрук зразумеў, што трэба адыходзіць углыб краіны і там звязацца з ваенным камандаваннем. Ішлі лясамі, начавалі, дзе прыйдзецца, елі, што людзі давалі. Канчатковым пунктам стаў Бабруйск, дзе вайскоўцы разгарнулі падпольную барацьбу. «Тата з таварышамі ўладкаваліся на работу, дзе рабілі труны. Канешне, да гэтага яны нічым такім не займаліся, але хутка навучыліся, жаданне пахаваць у гэтых трунах як мага больш немцаў дапамагала засвойваць навуку. За работу ім давалі талоны на харчаванне — адзін талон на тры чалавекі. Тата выдатна маляваў, таму з талонамі на харчаванне ў іх праблем не было. Ён намаляваў і пропускі, з якімі можна было спакойна хадзіць па горадзе. Больш за тое, аднойчы яны знайшлі падвал, дзе захоўваліся спісаныя пашпарты. Ва ўсіх з’явіліся пашпарты з новымі імёнамі, што было вельмі важна ў падполлі. Пашпарт, які тата зрабіў для сябе, сёння захоўваецца ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны», — распавядае Наталля Лівенцава.

У пачатку лістапада 1941 года ў падпольнай групе завёўся здраднік. Трэба было хутка сыходзіць у лясы, Віктар Лівенцаў вывеў з Бабруйска 300 чалавек. Да таго часу ён ужо выйшаў на ваеннае камандаванне і атрымаў загад — арганізаваць падпольны і партызанскі рух. Загад быў выкананы. Спачатку партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Лівенцава налічваў некалькі дзясяткаў чалавек, потым соцень. А праз два гады Віктар Лівенцаў камандаваў брыгадай у паўтары тысячы байцоў. «Мы, відаць па ўсім, былі першымі, хто ў 1942 годзе пачаў знішчаць варожыя эшалоны з тэхнікай і жывой сілай. Выводзілі атрад да чыгуначнай лініі і пасля выбуху, прычым адразу ў некалькіх месцах падпальвалі вагоны, а гітлераўцаў, якія разбягаліся ў паніцы, расстрэльвалі. Павінен сказаць, што і хлопцы ў маёй брыгадзе падабраліся хвацкія — спрытныя, бясстрашныя, моцныя. Мае ўзнагароды — гэта іх узнагароды. Дыверсант Паша Кажушка, напрыклад, 29 эшалонаў падарваў. Два ордэны Леніна па праве ўпрыгожвалі яго хвацкія грудзі. Або Федзя Крыловіч. Удзельнік Халхін-Гола, кіраўнік камсамольскага падполля. На станцыі ў Асіповічах ён здолеў знішчыць шэсць эшалонаў. Арлы, не хлопцы! 

І, што характэрна, у хлопцаў маіх спартыўная падрыхтоўка была што трэба, інакш не вытрываць бы ім найцяжэйшых баёў, марш-кідкоў. Часам, каб вырвацца з акружэння, трэба было здзейсніць начны рэйд, даводзілася пераадольваць ледзь не звышмарафонскія дыстанцыі па некалькі дзясяткаў кіламетраў. Вельмі многія добра стралялі», — распавядаў Віктар Ільіч у інтэрв’ю «Фізкультурніку Беларусі».

Ён пачаў вайну палітруком, а скончыў Героем Савецкага Саюза, палкоўнікам і сямейным чалавекам. «Мая мама родам з Урала. Пасля вучобы ў Ленінградзе па размеркаванні аказалася ў Гродзенскай вобласці, з ворагам змагалася ў бабруйскім падполлі. Яна была адказнай за радыёпрыёмнік, кожны дзень слухала і запісвала зводкі Саўінфармбюро і прыносіла іх камандзіру. Мама расказвала, што, калі першы раз убачыла свайго будучага мужа, падумала: „Божа мой, нехта ж за яго замуж выйдзе“. Але, калі ўбачыла яго ў справе як камандзіра, не закахацца ўжо не магла. Яна выйшла за яго замуж, і ў 1945 годзе нарадзіўся мой старэйшы брат», — распавядае Наталля Віктараўна.

Партызаны ў атрадзе Віктара Лівенцава цвёрда ведалі: чужых дзяцей не бывае. Калі бачылі згубленае адзінокае дзіця, шукалі яго бацькоў, а калі шукаць ужо не было каго, забіралі да сябе ў атрад, дзе працавала «зялёная школа». «Маці Валодзі Лукомскага перад чарговай аперацыяй прызналася, што прадчувае сваю гібель. Тата яе асадзіў і сказаў не браць у галаву глупства. На заданні жанчына загінула. 13-гадовы Валодзя Лукомскі застаўся адзін. Тата, магчыма, адчуваў сваю віну, і пасля вайны яны з мамай забралі хлопчыка сабе і выхоўвалі як роднага сына», — распавядае Наталля Віктараўна.

На кожную аперацыю Віктар Лівенцаў ішоў, прыгаворваючы: «Мяне куля не возьме, я загавораны». І куля яго не ўзяла. Але вайна яго дагнала. Турбавалі прыступы апендыцыту, зразумела, у партызанскім атрадзе было не да гэтага. У канцы 1940-х апендыцыт лопнуў, і пачаўся вельмі моцны перытаніт. Прафесары з Масквы сказалі, што ён не жылец. Але, безумоўна, пакінуць паміраць легендарнага камбрыга, Героя Савецкага Саюза не маглі. Тата перанёс пяць жудасных аперацый, год праляжаў на бальнічным ложку. Яму давалі першую ступень інваліднасці, ад якой ён катэгарычна адмовіўся. І, пакуль лячыўся, каб не губляць часу, вучыўся ў педінстытуце на гістфаку і адначасова ў Вышэйшай партыйнай школе. А яшчэ паспяваў прыводзіць у парадак дом і ўчастак, які далі нашай сям’і. Ён сам сябе выцягнуў з таго свету. У цэлым яго пакаленне жыло па прынцыпе «калі не я, то хто?». І яны рабілі ўсё, што маглі, часам нават і больш«, — адзначае Наталля Лівенцава.

«Мы абаранялі Радзіму, хату, сям’ю, блізкіх. Гэта ж святое для кожнага нармальнага чалавека. І хіба ў партызаны можна пайсці не па сваёй волі?» — нібыта здзіўляецца ў інтэрв’ю Віктар Ільіч.

Тата дняваў і начаваў у Спарткамітэце

Пасля вайны Віктар Лівенцаў прасіў накіраваць яго ў Акадэмію Генеральнага штаба. Але лёс праз партыйнае кіраўніцтва вырашыў інакш: Лівенцава прызначылі другім сакратаром ЦК ЛКСМ Беларусі. А ў 1958 годзе Віктар Лівенцаў на 20 гадоў узначаліў Камітэт па фізічнай культуры і спорце пры Савеце Міністраў БССР. У беларускім спорце пачалося вялікае будаўніцтва. Пры Віктару Ільічу Лівенцаве былі пабудаваны культавыя спартыўныя аб’екты — Палац спорту, алімпійскія базы «Стайкі» і «Раўбічы», рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат, лёгкаатлетычны комплекс ва Уруччы, Палац тэнісу і шмат іншых аб’ектаў. Грошай на такое маштабнае будаўніцтва не хапала. Але чалавек, які не баяўся ў партызанскім атрадзе, не баяўся і ва ўрадавых кабінетах. Нярэдка ішоў на хітрыкі, за што спачатку атрымліваў наганяй ад кіраўніцтва, а потым — ад яго ж падзякі. Па словах дачкі, Віктар Лівенцаў не баяўся ісці супраць правіл, калі бачыў магчымасць зрабіць нешта карыснае для краіны і спартсменаў. Дапамагала і сяброўства з тагачасным кіраўніком Беларусі Пятром Машэравым. Яны пазнаёміліся ў 1944 годзе, абодва знакамітыя партызаны, Героі Савецкага Саюза, якія абажалі спорт і рабілі ўсё магчымае, каб развіваць яго ў мірнай Беларусі.

«Тата дняваў і начаваў у Спарткамітэце. Будучы міністрам спорту, ён размаўляў са спартсменамі, пытаўся, што ім трэба, якія ў іх пажаданні, чаго не хапае. Да яго не трэба было запісвацца на прыём, можна было проста спакойна зайсці ў кабінет. У нас дома былі ўсе алімпійскія чэмпіёны таго часу, усе трэнеры. Нават калі тата ўжо не працаваў у спарткамітэце, яны прыходзілі да яго, хаця б па параду. Некаторыя нават казалі: „Прыйшоў да Віктара Ільіча з просьбай, ён адмовіў, а сыходзіш усё роўна шчаслівы“. А чаму так? А таму што ён справядліва адмаўляў», — адзначае Наталля Лівенцава.

Віктара Ільіча Лівенцава і сёння ўспамінаюць як аднаго з найлепшых кіраўнікоў у гісторыі айчыннага спорту. І ў Наталлі Віктараўны ёсць таму тлумачэнне: «Тата жыў спортам: ён выдатна страляў (нават быў віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай федэрацыі стральбы), плаваў як рыба, а ў 90 гадоў прысядаў па 25 разоў, да апошняга дня падцягваўся на турніку. Ён вельмі любіў тое, што рабіў. І ўсё рабіў на максімум. Ён нам заўсёды казаў: «Ты павінен любіць тое, што робіш. Калі не любіш — сыходзь прэч, цябе там быць не павінна».

«Абсалютна ўпэўнены: калі ты паставіў перад сабой мэту і імкнешся яе ажыццявіць, магчымасці заўсёды знойдуцца. Ёсць тыя, хто закаханы ў сваю справу, іх часта называюць фанатамі, ім усяго ўдаецца больш, чым тым, хто проста адпрацоўвае заробак, — пра астатніх і казаць не будзем. А вось некампетэнтнасць — бізун нашага часу, ад яе ўсе беды», — нібыта дадае сам Віктар Ільіч з архіўных старонак газеты.

Дзверы ў наш дом ніколі не зачыняліся

Будучы бацькам беларускага спорту, ён не пераставаў быць бацькам у сваёй вялікай сям’і і надзейным сябрам. «Памятаю, тата атрымаў прэмію і вынес на сямейнае галасаванне пытанне, што купляць: тэлевізар ці халадзільнік. Мама хоча халадзільнік, і я разам з ёй, астатнія — тэлевізар. Вырашана — купляем і тэлевізар, і халадзільнік, бо так хоча сям’я. Дзверы ў наш дом ніколі не зачыняліся. Мы, малыя, ранкам хадзілі па кватэры вельмі акуратна, бо ведалі, што ў нас могуць начаваць татавы партызанскія сябры: часам іх было так шмат, што ложкаў не хапала і спалі проста на падлозе. Потым у нас жылі дзеці тых партызанскіх сяброў. Тата ўмеў выдатна сябраваць, яму тэлефанавалі і днём, і ноччу», — успамінае Наталля Віктараўна. І яшчэ адзін цікавы факт — чалавек, які прайшоў вайну, дзе, відавочна, не да высокіх манер, ніколі не мацюкаўся і зусім не ўжываў спіртное.

Запавет Віктара Лівенцава

Сёння ў Мінску ёсць вуліца, названая ў гонар Віктара Лівенцава. У 2023 годзе Мінскай гімназіі нумар 7 было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза В. І. Лівенцава. І гэта толькі самае малое, што можа зрабіць краіна для ўшанавання яго памяці. Тым больш што, як адзначае Наталля Лівенцава, Беларусь стала для яго роднай краінай: «Ён з’ехаў з Варонежскай вобласці, калі яму не было і 20, а памёр у Беларусі амаль у 92 гады. Тут ён адбыўся як асоба, тут нарадзіліся яго дзеці, ён столькі зрабіў для гэтай краіны. І ён усім казаў: «Я сапраўдны беларус».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.