Вы тут

Жамчужына сталіцы. Мінская падземка адзначае юбілей


5 ліпеня ў ДУ «Мінскі гарадскі палац культуры» адбыўся ўрачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя 40-годдзю пуску мінскага метро. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, Міжнароднай асацыяцыі «Метро», Беларускай чыгункі, Міністэрства транспарту і камунікацый, прафсаюзных арганізацый, розных грамадскіх аб’яднанняў і іншых структур. Карэспандэнты «Звязды» — пастаянныя карыстальнікі сталічнай падземкі — таксама далучыліся да святкавання. 


40 гадоў на шляху

29 чэрвеня 2024 года споўнілася роўна 40 гадоў з моманту пуску мінскага метро. У гэты дзень у 1984 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё падземкі і першыя цягнікі пайшлі ў адпаведнасці з графікам руху па Маскоўскай лініі метрапалітэна.

Дырэктар Мінскага метрапалітэна Уладзімір Сотнікаў перад пачаткам урачыстай цырымоніі ўзнагароджання лепшых з лепшых супрацоўнікаў падземкі распавёў журналістам, што 40-гадовы рубеж — час гаварыць аб выніках і рабіць намёткі планаў на будучыню. 

«За гэтыя гады метрапалітэн планава развіваўся і многае зрабіў: і ў плане ўкаранення новых сучасных тэхналогій, і ў частцы абнаўлення рухомага складу. Але мой галоўны гонар — калектыў, прычым у нашым выпадку гэтае слова пішацца залатымі літарамі. Без такой каманды цягнікі, напэўна, і не хадзілі б, — ганарыцца Уладзімір Цімафеевіч. — Прафесія машыніста была і застаецца запатрабаванай сярод моладзі. Спецыялістаў мы навучаем у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы чыгуначнага транспарту імя Я. П. Юшкевіча, адкуль штогод выпускаецца ад 20 да 25 пачаткоўцаў машыністаў. На волю лёсу мы хлопцаў, вядома, не кідаем. І тэарэтычным, і практычным навыкам іх працягваюць навучаць нашы машыністы-інструктары, каб моладзь адчувала сябе ўпэўнена пры руху». 

Уладзімір Сотнікаў павіншаваў усіх прысутных з 40-годдзем з дня адкрыцця. «Хачу пажадаць усім ветэранам і цяперашнім работнікам метрапалітэна моцнага здароўя, шчасця, поспехаў у сямейным жыцці і, галоўнае, — мірнага неба над нашай зямлёй. Нам выпаў гонар быць важным транспартным складнікам горада Мінска. Я думаю, што мы заўсёды рабілі, робім і будзем рабіць усё на карысць нашага метрапалітэна, на карысць роднай сталіцы Рэспублікі Беларусь», — сказаў на заканчэнне ён. 

Летапіс метро пачынаўся з васьмі станцый адной лініі і электрадэпо «Маскоўскае». Затым з’явілася другая лінія і электрадэпо «Магілёўскае». У лістападзе 2020 года была ўведзена ў строй трэцяя — Зеленалужская лінія метро. 
Мінскі метрапалітэн — надзейны і экалагічна чысты від гарадскога пасажырскага транспарту з высокай хуткасцю перавозкі пасажыраў. Сёння метро адыгрывае ключавую ролю ў транспартнай інфраструктуры беларускай сталіцы, без яго ўжо немагчыма ўявіць паўсядзённае жыццё мегаполіса. Штогадовы аб’ём перавозкі пасажыраў мінскім метро складае да 300 мільёнаў чалавек. Удзельная вага метрапалітэна ў гарадскіх перавозках камунальным пасажырскім транспартам набліжаецца да 40 працэнтаў, а сярэднесутачная перавозка — да 800 тысяч чалавек.

«Хацелася б выказаць асаблівую падзяку Мінскаму метрапалітэну за неацэнны ўклад, які яны аказалі ў станаўленні калектыву Самарскага метрапалітэна, — распавёў дырэктар Самарскага метрапалітэна Сяргей Шамін. — У свой час у Савецкім Саюзе была вельмі добрая традыцыя, калі метрапалітэн, які ўжо ўвёўся, і метрапалітэн, які плануе ўводзіцца, разам рыхтуюць кадры. Менавіта на Мінскім метрапалітэне праходзіла навучанне нашых машыністаў электрацягнікоў, дзяжурных па станцыі. Да гэтага часу ў нас яшчэ працуюць некаторыя работнікі. Яны з асаблівай пяшчотай успамінаюць той прыемны час, праведзены ў сталічнай падземцы». 

Сяргей Шамін павіншаваў калектыў Мінскага метрапалітэна з 40-годдзем: «За гэты час метрапалітэн значна вырас. Пачынаў з васьмі станцый, а сёння, як мне вядома, актыўна дзейнічаюць 33 станцыі. Нам паказалі выдатную новую лінію метро. Яна вельмі прыгожая і, што галоўнае, абсталявана сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, забяспечвае надзейную бяспеку руху і культурнае абслугоўванне пасажыраў. Ад імя калектыву хачу павіншаваць не толькі Мінскі метрапалітэн, але і ўсіх мінчан, якія маюць выдатны від транспарту». 

Паводле яго слоў, з сталічным метрапалітэнам сёння наладжана цеснае і плённае супрацоўніцтва. «З мінскімі калегамі ў нас штогод праводзяцца сустрэчы спецыялістаў па кожным напрамку. У апошнія разы мы бачыліся ў Самары, у Ніжнім Ноўгарадзе. У гэтым мы вядзем цеснае супрацоўніцтва. Я ўжо шмат гадоў працую ў метрапалітэне, і не ведаю больш такіх прадпрыемстваў, дзе на высокім узроўні вырашаюцца ўсе вытворчыя пытанні, а чалавечыя ўзаемаадносіны паміж прадстаўнікамі розных метрапалітэнаў заўсёды можна ставіць у прыклад», — сказаў на заканчэнне ён.

Метро сёння

За 40 гадоў з моманту пуску (з 1984 па 2024 гады) мінскае метро перавезла амаль 8,5 мільярда пасажыраў — гэтая лічба супастаўная з насельніцтвам усёй планеты.

У склад дзяржаўнага прадпрыемства «Мінскі метрапалітэн» цяпер уваходзіць 33 структурных падраздзяленні: 10 службаў, 2 электрадэпо, 13 аддзелаў, апарат галоўнага рэвізора па бяспецы руху цягнікоў, сітуацыйны цэнтр, лабараторыя метралогіі, 3 сектары, 2 інтэрнаты. Штатная колькасць работнікаў метрапалітэна сёння — больш за пяць тысяч чалавек.

У Мінскім метрапалітэне — тры лініі (з працягласцю шляхоў амаль 41 кіламетр), 33 станцыі (з 55 вестыбюлямі) у розных раёнах Мінска і два электрадэпо. У 2023 годзе прадпрыемствам выканана 35,6 мільёна вагона-кіламетраў транспартнай працы.

«Метрапалітэн — гэта тое, што адрознівае просты горад ад горада мабільнага, — заявіў старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў. — Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што дзякуючы паўсядзённай працы Мінскага метрапалітэна наша сталіца з’яўляецца вельмі камфортнай. Толькі ўдумайцеся: кожны трэці жыхар горада штодня карыстаецца паслугамі метрапалітэна». 

Па словах мэра горада, Мінскі метрапалітэн жыве і развіваецца. «Мы памятаем часы, калі былі пытанні і сумневы: ці ёсць магчымасць метрапалітэну развівацца або трэба спыніцца. І мы памятаем, як кіраўніком дзяржавы было прынята цвёрдае рашэнне — Мінскаму метрапалітэну быць, жыць і развівацца. Дзякуючы гэтаму сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што метрапалітэн ідзе наперад. Здаецца, зусім нядаўна мы толькі пачыналі будаваць першую чаргу трэцяй лініі метро, а ўжо ў гэтым годзе яна будзе завершана — тры новыя станцыі будуць уведзены ў эксплуатацыю. Адначасова ідзе будаўніцтва другой чаргі трэцяй лініі. Я думаю, што пройдзе крыху часу, і яна таксама будзе завершана, бо вы ніколі не спыняецеся на дасягнутым і глядзіце далёка наперад», — дадаў Уладзімір Кухараў. 

Дарэчы, сёння вядзецца праектаванне чацвёртай лініі метро, якая закальцуе ўсе тры існуючых лініі. «Метрапалітэн — гэта найскладанейшы механізм, які дазваляе зрабіць так, каб пунктуальнасць і дакладнасць былі залогам стабільнасці. І гэта ўсё дзякуючы вашай працы. Супрацоўнікі метрапалітэна работаць кругласутачна, робяць усё для таго, каб Мінская падземка была дакладнай, каб кожны, хто прыйшоў сюды, адчуваў сябе камфортна, а гэта дорага варта», — адзначыў мэр Мінска. 

Уладзімір Кухараў выказаў асаблівыя словы падзякі ветэранам Мінскага метрапалітэна: «Вы зрабілі, здавалася б, немагчымае, — у самых складаных умовах гарадскога асяроддзя, абмежаванасці, вы падарылі людзям радасць. Мы бачылі твары і вочы першых наведвальнікаў Мінскага метрапалітэна, на якіх усё было напісана. Людзі разумелі — пасля адкрыцця метро яны пачынаюць жыць у зусім іншым горадзе — у горадзе мабільным. Хацелася б падзякаваць вам за вялікую працу, яна сапраўды вельмі важная і патрэбная для жыхароў горада Мінска, за тое, што вы не спыняецеся на дасягнутым, а кожная новая станцыя — гэта сапраўднае мастацтва. Я дзякую вам за тое, што вы ствараеце і ўкараняеце новыя тэхналогіі, якія значна павышаюць камфортнасць метрапалітэна, за тое, што сваёй штодзённай працай сапраўды дорыце радасць людзям. За гэта вам вялікі дзякуй і нізкі паклон». Кіраўнік горада пажадаў прысутным моцнага здароўя, поспехаў, удачы і новых дасягненняў у нялёгкай, але ў патрэбнай для людзей працы.

Па лініях метро ў 2023 годзе прайшло больш за 455 тысяч цягнікоў (у сярэднім за суткі 1247 саставаў). Усяго за мінулыя пяць гадоў (2019-2023) паслугамі Мінскага метрапалітэна скарысталіся адзін мільярд 200 мільёнаў жыхароў і гасцей сталіцы, а па падземных лініях прайшло каля двух мільёнаў 250 тысяч цягнікоў.

Інвентарны парк прадпрыемства складае 390 вагонаў. З іх вагоны вытворчасці ЗАТ «Штадлер-Мінск» складаюць 44 адзінкі, расійскай вытворчасці — 346 адзінак. З іх сфарміравана 79 цягнікоў. Для арганізацыі перавозкі пасажыраў пры прадаўжэнні трэцяй лініі метрапалітэна заключаны дагавор на пастаўку 28 вагонаў (7 чатырохвагонных саставаў) з АТ «Метровагонмаш» (горад Мыцішчы, Расійская Федэрацыя). Чакаецца, што першыя саставы прыбудуць у Мінск у бліжэйшы час. Дарэчы, яны ўжо атрымалі назву «Мінск 2024». 

Галоўная артэрыя сталіцы

Вось ужо 40 гадоў інжынер участка білетнай прадукцыі, старшыня Савета ветэранаў Ніна Іванькова працуе ў Мінскім метрапалітэне. «Прыйшла працаваць сюды яшчэ да пуску метро, вучылася на дзяжурную па станцыі па посце цэнтралізацыі. Пасля гэтага працавала дзяжурным па посце цэнтралізацыі на станцыі "Інстытут культуры", затым была начальнікам станцыі. Сёння я інжынер білетнай прадукцыі. А метрапалітэн люблю. Гэта маё жыццё, ён назаўжды ў маім сэрцы, — распавяла яна. — У нас працуюць выдатныя людзі, ветэраны. Мінскае метро з кожным днём працягвае развівацца. За мінулыя 40 гадоў яно змянілася да непазнавальнасці. Мы любім сваіх пасажыраў, хочам, каб яны да нас прыходзілі і атрымлівалі задавальненне ад паездак у метро». 

Паводле яе слоў, сёння ў сталічным метро каля 800 ветэранаў. На канцэрт былі запрошаны самыя лепшыя і адказныя, ад прадпрыемства ім уручаліся падарункі і запрашальныя білеты. «У Мінскім метрапалітэне шмат працоўных дынастый. Сюды часта прыходзіць моладзь, якая ў наступстве застаецца, стварае сем’і. У метро людзі прыходзяць працаваць назаўжды. Акрамя таго, мы любім сваіх пасажыраў. Сваім работнікам пастаянна кажам: мы працуем для пасажыраў. Не яны прыходзяць для нас, а мы працуем для іх», — падкрэсліла яна. 

«Калі адкрылася мінскае метро, гэта было сапраўднае свята, грандыёзная падзея. Метро звязала дзве часткі горада, дала магчымасць імгненнага перамяшчэння з аднаго канца на іншы. І для нас таксама гэта было вялікае свята», — успамінае Ніна Іванькова.

За апошні час у метрапалітэне праведзена вялікая работа па павышэнні ўзроўню бяспекі, мадэрнізацыі і ўдасканаленні абсталявання, вытворчых працэсаў, стварэнні больш камфортных умоў для пасажыраў.

На цягніках, якія эксплуатуюцца на трэцяй лініі, рэалізавана сістэма аўтавядзення другога ўзроўню аўтаматызацыі (GOA2). Дадзены ўзровень аўтаматызацыі грунтуецца на больш дасканалай версіі сістэмы аўтавядзення, якая рэалізуе алгарытмы выдачы кіраўнікоў каманд на цягу і тармажэнне, а таксама рэалізацыю энергааптымальнага вядзення рухомага складу па зададзеным маршруце з улікам знешніх фактараў.

«Мінскі метрапалітэн — галоўная артэрыя сталіцы, — адзначыла першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч. — Большая частка жыхароў і гасцей сталіцы выкарыстоўваюць мінскую падземку як асноўны від транспарту. У гэты знамянальны дзень — юбілей нашага метро — хочам пажадаць дабрабыту і працвітання. Сёння метрапалітэн працягвае развівацца. У гэтым годзе адкрыем тры новыя станцыі. І гэта не фінальны прыпынак — мы будзем рухацца далей, развіваць магчымасць мабільнага перамяшчэння. Хутчэй, чым на метро, мы не дабярэмся ні на якім відзе транспарту». 

Паводле яе слоў, мінскае метро — сапраўдны твор мастацтва. «Мы можам убачыць там гісторыю нашай краіны. Гэта флагманскае прадпрыемства для горада Мінска, суб’ект гаспадарання, які паказвае добрыя вынікі, кожны год прыдумвае новае для таго, каб нашым жыхарам было больш камфортна дабірацца ў любую кропку любімай сталіцы», — дадала першы намеснік старшыні. 

Надзея Лазарэвіч адзначыла, што Мінскі метрапалітэн рухаецца ў напрамку мадэрнізацыі. Паводле яе слоў, акрамя адкрыцця трох новых станцый метро, набываюцца і новыя вагоны, якія будуць працаваць на карысць пасажыраў метрапалітэна.

Удасканальваецца і аплата праезду. Мінскі метрапалітэн стаў першым сярод метрапалітэнаў СНД, у якім з’явілася магчымасць адначасова на кожным турнікеце ўсіх станцый аплаціць праезд бескантактавай банкаўскай картай або іншай электроннай прыладай, якая падтрымлівае банкаўскія плацежныя сістэмы. У такім фармаце гэтая паслуга стала даступнай з 12 чэрвеня 2018 года. Паводле ацэнкі міжнародных экспертаў, Мінск стаў трэцім горадам у свеце (пасля Лондана і Ванкувера), дзе бескантактавая аплата праезду ў метро банкаўскімі картамі стала магчымай адначасова на ўсіх станцыях падземкі.

Сёння тэстуецца беларускі плацежны сэрвіс «Аплаці» на ўсіх вестыбюлях станцый першай і другой ліній метрапалітэна. Пры паспяховай рэалізацыі праекта аплаціць праезд можна будзе непасрэдна на турнікеце пры дапамозе мабільнага тэлефона ўсім асобам, зарэгістраваным у дадатку «Аплаці».

Вялікая ўвага на прадпрыемстве надаецца эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў і выкарыстанню другасных крыніц цяпла. Пры будаўніцтве новых і рэканструкцыі дзеючых станцый прымяняюцца сістэмы аўтаномнага цеплазабеспячэння на базе цеплавых помпаў і электрычных цеплавых завес. У сістэмах кіравання тунэльнай вентыляцыяй прымяняюцца шафы кіравання з пераўтваральнікам частоты, для асвятлення станцый прымяняюцца святлодыёдныя свяцільні.

У метро — як на экскурсію

«Сёння нельга ўявіць жыццё горада без нашага самага зручнага, камфартабельнага, хуткага і экалагічна чыстага віду транспарту — Мінскага метрапалітэна, — падзяліўся намеснік старшыні Мінгарсавета Іван Эйсмант. — Метрапалітэн выконвае найважнейшую функцыю па перавозцы пасажыраў з пункта А ў пункт Б, і робіць гэта вельмі хутка і своечасова. Мне ўспомніўся ролік, які зусім нядаўна я ўбачыў у Інтэрнэце: амерыканскі блогер спусціўся ў мінскае метро. Хранаметраж роліка — усяго 15 секунд, аднак ён набраў шэсць мільёнаў праглядаў па ўсім свеце і масу захопленых каментарыяў. Я разумею, чаму гэты ролік сабраў так шмат праглядаў. Справа ў тым, што Мінскі метрапалітэн — гэта здабытак нашай краіны, сапраўдны твор дызайнерскага і архітэктурнага мастацтва. Яго супрацоўнікі маюць адну з самых рамантычных прафесій, працуюць у адным з самых прыгожых месцаў, якія можна толькі ўявіць».

Іван Эйсмант упэўнены: нават праз 40 гадоў людзі па-ранейшаму спускаюцца ў метро як на экскурсію, у тым ліку і тыя, хто ўжо шмат гадоў жыве ў сталіцы і перасоўваецца на аўтамабілі. «Усё роўна перыядычна мы ўсе спускаемся ў метро і атрымліваем ад гэтага эстэтычнае задавальненне. Я віншую ўсіх прысутных, бо ў нас ёсць Мінскі метрапалітэн, а вас віншую з вялікім юбілеем», — сказаў на заканчэнне ён. 

Усе станцыі і тунэлі метрапалітэна забяспечаны мабільнай сувяззю сотавых аператараў, якія працуюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. На станцыях першай і другой ліній пасажыры могуць скарыстацца доступам у Інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi на бязвыплатнай аснове.

Усе станцыйныя комплексы і пешаходныя пераходы абсталяваны сістэмай відэаназірання з рэгістрацыяй падзей у рэжыме рэальнага часу і іх архіваваннем. Дадзеныя відэазапісы перадаюцца ў сітуацыйны цэнтр метрапалітэна, на працоўныя месцы цягніковых дыспетчараў, дыспетчараў электрамеханічнай службы і дыспетчараў службы бяспекі. Усяго ў метрапалітэне да 2500 відэакамер.

Адметнай рысай усёй 3-й лініі метрапалітэна з’яўляецца наяўнасць па краях пасажырскіх платформаў дзвярэй аўтаматычных станцыйных (праца якіх сінхранізавана з сістэмай руху цягнікоў). Яны прадухіляюць падзенне чалавека або прадметаў на шлях. Дзякуючы гэтаму, на Зеленалужскай лініі не было ніводнага выпадку, калі хто-небудзь з пасажыраў пацярпеў такім чынам.

У метро рэалізаваны ўмовы для праезду інвалідаў розных катэгорый. Усе станцыі участкаў падаўжэння 1-й і 2-й ліній, трэцяй лініі метрапалітэна абсталяваны ліфтамі. На шэрагу станцый выкарыстоўваецца змешаная схема перамяшчэння з ліфтамі, нахільнымі лесвічнымі платформамі або гусенічнымі пад’ёмнікамі. Чатыры станцыі абсталяваны вертыкальнымі платформамі.

Спецыялістамі метрапалітэна распрацавана дэталізаваныя схема аснашчэння станцый тэхнічнымі прыладамі даступнага асяроддзя. Інтэрнэт-схема размешчана на сайце прадпрыемства metropoliten. by. Там жа, можна азнаёміцца з парадкам і ўмовамі праезду дадзенай катэгорыі пасажыраў па станцыях метрапалітэна, а таксама схемамі перамяшчэння па станцыйных комплексах, якія загадзя дазваляюць спланаваць маршрут руху.

Акрамя таго, на прадпрыемстве арганізавана аказанне паслугі сітуацыйнай дапамогі, што дапамагае пасажырам з інваліднасцю загадзя арганізаваць сваю паездку. Папярэдні заказ паслугі ажыццяўляецца з дапамогай нумара тэлефона гарачай лініі метрапалітэна.

Таксама выкананы работы па прыладзе кантрасных тактыльных абмежавальных ліній уздоўж краю платформаў станцый, абсталяванню станцый маўленчымі электроннымі інфарматарамі для інвалідаў па зроку, падаўжэння поручняў на лесвічных сходах станцый. Рэалізаваны мерапрыемствы па замене ўваходных і выходных груп дзвярэй тыпу «Метро» і лінеек турнікетаў з пашыраным праходам. Рухомы склад абсталяваны сістэмай «Бягучы радок».

Усе рэалізаваныя мерапрыемствы дазваляюць розным катэгорыям грамадзян актыўна карыстацца паслугамі метрапалітэна. Так, у 2023 годзе паслугамі метрапалітэна скарысталіся больш за 8400 пасажыраў з рознымі парушэннямі здароўя.

Космас пад зямлёй

Сёння працягваецца актыўная работа па далейшым будаўніцтве Мінскага метрапалітэна. Плануецца, што ў 2024 годзе будуць здадзены ў эксплуатацыю тры новыя станцыі трэцяй лініі — «Аэрадромная», «Немаршанскі Сад», «Слуцкі Гасцінец» і электрадэпо «Слуцкае».

У сакавіку 2023 года пачата выкананне падрыхтоўчых работ для падаўжэння трэцяй лініі ў бок мікрараёна «Зялёны луг». Вядуцца работы па перакладцы інжынерных камунікацый, транспартных сувязяў. Гэты ўчастак трэцяй лініі працягласцю 4,2 кіламетра ўключыць у сябе чатыры станцыі — «Прафсаюзную», «Пярэспу», «Камароўскую» і «Парк Дружбы народаў». У далейшым трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна, працягласцю 16 кіламетраў, будзе складацца з 14 станцый. Лінія злучыць паўднёвы і паўночны сектары Мінска з цэнтральнай часткай горада.

У перспектыве плануецца, што Мінскі метрапалітэн будзе мець чатыры лініі агульнай працягласцю каля 70 кіламетраў. На чацвёртай — Кальцавой лініі — размесцяцца 17 станцый. Яна будзе часткова дубляваць другое аўтатранспартнае гарадское кальцо, на ёй прадугледзяць перасадкі на станцыі першых трох ліній.

«За гэтай юбілейнай датай стаіць штодзённая карпатлівая праца шматтысячнага калектыву, — адзначыла намеснік кіраўніка Беларускага прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый Наталля Русаковіч. — Ваша праца ацэньваецца штодня. Вы заўсёды ў цэнтры ўвагі, робіце раніцу сталіцы і наш настрой, за што вам вялікі дзякуй. Людзі працуюць часам у няпростых умовах, але на прадпрыемстве створаны годныя ўмовы працы. Беларускі прафсаюз транспарту і камунікацый аб’ядноўвае членаў прафсаюза транспартнай галіны. Сёння я для сябе адкрыла, што ў нашым прафсаюзе ёсць космас пад зямлёй. Не кожны прафсаюз пахваліцца гэтым». 

Яна пажадала ветэранам і супрацоўнікам метрапалітэна моцнага здароўя і магчымасці рухацца толькі наперад. «Рух — гэта развіццё. Няхай ваш цягнік рухаецца толькі наперад, мы — заўжды разам», — сказала на заканчэнне яна.

Мінскі метрапалітэн актыўна і плённа працуе ў складзе Міжнароднай асацыяцыі «Метро». Гэта садружнасць, якая аб’ядноўвае метрапалітэны Расіі, Беларусі, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Узбекістана, Казахстана. У склад асацыяцыі таксама ўваходзяць найбуйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы, якія вырабляюць тэхнічныя сродкі і абсталяванне для метрапалітэнаў. 4 ліпеня 2024 года чарговае пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі «Метро» адбылося ў Мінску.

У 1984 годзе Мінскі метрапалітэн стаў дзявятым па ліку метрапалітэнам, уведзеным у СССР. Зараз па аб’ёмах перавозак беларусы займаюць трэцяе месца сярод метрапалітэнаў СНД і маюць высокія тэхніка-эксплуатацыйныя паказчыкі, саступаючы толькі Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Сёння можна ўпэўнена сказаць, што дзяржаўнае прадпрыемства «Мінскі метрапалітэн» працуе стабільна, якасна выконвае ўсе ўскладзеныя на яго задачы і дынамічна развіваецца.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, 
Фота Віктара ДРАЧОВА.

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.