Вы тут

Ганаровы тытул «Уладар сяла» атрымала сям’я Іны і Сяргея Тарэлка


Адгрымела прыгожае купальскае свята ў Александрыі, засталося шмат уражанняў, якія прыемна будзе ўспамінаць да наступнага фестывалю. Бо на купальскай лугавіне за адзін дзень адбылося столькі падзей і сустрэч, што, напэўна, хапіла б на год, калі зрабіць іх асобнымі мерапрыемствамі. Адных канцэртаў прайшло каля 20. Калі сюды дадаць спартыўныя турніры і спаборніцтвы, прэзентацыі турыстычных маршрутаў, маладзёжныя праекты, мерапрыемствы, прысвечаныя юбілейным датам, можна лёгка збіцца з ліку. Мы ж нагадаем самыя яскравыя моманты.


Энергетыка александрыйскай лугавіны

Вельмі ўражальным па ўражанні было адкрыццё купальскага свята «Александрыя збірае сяброў», на якім творчыя дэлегацыі з усіх раёнаў Магілёўшчыны і рэгіёнаў краіны прадэманстравалі відовішчнае шэсце. Яны прайшлі па канцэртнай сцэне прыгожыя, з усмешкамі, у арыгінальных строях з нацыянальнай сімволікай, сцягамі і кветкамі ў руках — гэта было незабыўна.

— Мы павінны берагчы як зрэнку вока здабыткі нашых продкаў і перадаваць іх нашым нашчадкам, — сказаў у сваёй прамове падчас адкрыцця старшыня аргкамітэта, намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка. — Нашы рэгіёны вельмі годна прадстаўляюць сябе і пашыраюць межы фестывалю, паколькі мы адзіная, дружная, непадзельная сям'я. На свята прыехала шмат гасцей. Спадзяёмся, што яны таксама падсілкуюцца моцнай энергетыкай нашай зямлі і будуць вяртацца сюды, і не толькі на Купалле.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка павіншаваў усіх, хто прыехаў на фестываль, і ўрачыста аб'явіў аб яго адкрыцці. Пад гукі народных мелодый і спеваў вясёлае купальскае свята закружылася ў шумным гаманлівым віхуры, яго гукі панесліся далёка ўніз па Дняпры.

Сімвалаў у сёлетняга фестывалю было шмат: гэта і купальскі вянок, і Год якасці, і 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 30 гадоў інстытуту прэзідэнцтва.

Эдуард Куклін прыехаў з Іркуцкай вобласці Усць-Ардынскай Бурацкай акругі. Вельмі быў уражаны маштабам мерапрыемства.

— Так шмат усяго ў адным месцы, што немагчыма ахапіць адразу, — падзяліўся ён эмоцыямі. — Вельмі рады, што прыехаў на ваша свята. Мне ўсё цікава, першы раз у Беларусі. Уражвае прырода, гісторыя ваша, тое, як вы яе шануеце. Людзі вельмі цікавыя. Здаецца, па-руску размаўляюць, але не так, як у Расіі. Хачу ўсім беларусам пажадаць блакітнага неба над галавой, усіх зямных даброт і неабсяжны акіян любові і творчасці.

Не пашкадавалі наведвальнікі, якія ў гэты дзень зазірнулі на пляцоўку прадпрыемства «Белпошты», дзе размясціўся дэсант ад Саюза пісьменнікаў Беларусі і «Выдавецкага дома «Звязда» на чале з дырэктарам — галоўным рэдактарам Алесем Карлюкевічам. Можна было пазнаёміцца з пісьменнікамі, задаць ім пытанні і нават атрымаць кніжку з аўтографам з рук аўтара.

— Цудоўная атмасфера, вялікая колькасць людзей і, хаця гэта не літаратурнае мерапрыемства, нашы чытачы міма не праходзяць, — падзяліўся пісьменнік Павел Гушынец, аўтар казак і зборніка апавяданняў для дзяцей «Дзяўчынка і кракадзіл». — Весела атрымліваецца, калі дзяўчынку завуць так, як і маю гераіню, — Соня. За пару гадзін іх падыходзіла некалькі. Аказваецца, сёння гэта вельмі папулярнае імя.

— «Выдавецкі дом «Звязда» штогод удзельнічае ў купальскім свяце, — адзначыла вядучы спецыяліст аддзела рэалізацыі Людміла Драздова. — Кожны год мы прывозім з сабой аўтараў з кнігамі. Сёння з намі Павел Гушынец, Дзмітрый Нікалаеў, Валянціна Драбышэўская, Жанна Міус. Мы заўсёды прадстаўляем навінкі «Выдавецкага дома «Звязда». Сёлета ў нас шмат кніг, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Плюс вялікі стэнд выставілі з кнігамі Уладзіміра Ліхадзедава — вядомага калекцыянера, знаўца гісторыі. Уся наша літаратура прадстаўлена ў шырокім асартыменце.

Валянціна Драбышэўская прэзентавала адразу некалькі сваіх кніг: «Сакрэтна для дзяўчынак», «Сакрэтна для хлопчыкаў» і «13 пераўтварэнняў». Іх героі — сучасныя актыўныя дзеці, і тэмы цікавыя, карысныя для развіцця творчых здольнасцяў.

Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека звяртае ўвагу на стэнд, прысвечаны тэме вайны.

— Мы не забываем, што гэта год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — падкрэсліў ён. — Паэма «Марыйка», якая прадстаўлена на стэндзе, з'яўляецца часткай маладзёжнага патрыятычнага праекта і аднайменнага спектакля «Песня роднай зямлі». Песні роднай зямлі бываюць розныя: купальскія і вясёлыя, як сёння, або журботныя і трагічныя, калі мы ўспамінаем тых, хто не вярнуўся з вайны. Усе песні разам — гэта і ёсць поўная песня нашай зямлі — гераічнай і незалежнай Беларусі.

Ад вянкоў да сямейных дрэў

Купальскіх вянкоў сёлета было на любы густ і памер. Месцы, дзе іх плялі, можна было распазнаць па паху лугавых кветак. Загадчыца сектара культуры і народнай творчасці слаўгарадскага Цэнтра культуры Галіна Максімава паведаміла, што за аснову бярэцца дзевяць траў, галоўная сярод якіх папараць. Прысутнічаюць у купальскім вянку рамонак і валошка, каласы пшаніцы, каб год быў багаты.

Гуляць па выставе-кірмашы і глядзець на творчасць майстроў можна было бясконца. Адкрыццяў шмат. Валгаградская вобласць прывезла работы майстроў Кумылжэнскага этнакультурнага казацкага цэнтра Кашаў-гара. Майстры ў народных строях. Звяртаю ўвагу на рожкі на галаўным уборы суразмоўніцы.

Сям'я Тарэлкаў.

— Гэта касцюм замужняй жанчыны хапёрскіх казакоў, — усміхаецца дырэктар цэнтра Алена Фірсава. — Яна насіла кічку з рожкамі ў знак таго, што ў яе ёсць дзеці. Калі без дзяцей — павойнік без рожак. Наогул, у нас у клубе болей чым 40 майстроў, на жаль, усіх не змаглі прывезці.

Майстар па абрэзкавай тэхніцы Марыя Філатава прывезла шыкоўныя посцілкі. На памяць можна было купіць керамічную ляльку ў касцюме данскога казацтва другой паловы XVІІ стагоддзя.

Юрый Іванавіч, кіраўнік клуба майстроў Кумылжэнскага этнакультурнага казачага цэнтра, майстар па скураных вырабах, займаецца таксама ліццём. Дэманструе цікавы сувенір са шчытом.

— У нас штогод праходзіць фестываль «Залаты шчыт — казачы спас», — тлумачыць ён. — Гэта яго эмблема. Свята праходзіць у канцы ліпеня — запрашаем.

Майстрыхі з калужскага Дома народнай творчасці ў Александрыі не ўпершыню, апошнія сем гадоў — пастаянныя ўдзельнікі купальскага свята.

— Наша дырэктар сёлета ўжо была ў Магілёве на канферэнцыі па народнай творчасці, — расказалі сяброўкі. — Прыехала пад вялікім уражаннем: атмасфера, казала, была неверагодная.

Майстры з Калугі прывезлі знакамітую хлуднеўскую цацку з гліны — брэнд Калужскай вобласці, якому ўжо 300 гадоў.

— Промысел бабін, — паведаміла суразмоўніца. — Захапілася творчасцю, калі дачку павяла ў гурток керамікі. Разам капалі гліну, ляпілі, паціху ўцягнулася і вось ужо 30 гадоў займаюся промыслам.

Хлуднеўскія цацкі — накшалт беларускіх лялек-абарэгаў. У аснове сямейнага дрэва — жанчына з дзіцем, дрэва жыцця — жанчына з чашай. На галінах — таксама сімвалы — птушкі і... мядзведзі. Гэта абярэгі, якія адводзяць ад сям’і злыя думкі і праклёны. Майстрыхі дабаўляюць і сучасныя сімвалы. Кажуць, што іх цацка жывая, ідзе ў нагу з часам.

Пензенскія майстры прывезлі знакамітую абашаўскую цацку, традыцыйны пензенскі сувенір. Прыехалі ўпершыню, прызналіся, што ў захапленні ад свята і выставы-кірмашу.

— Столькі знакамітых майстроў у адным месцы наогул цяжка сабраць. Але ў Александрыі атрымалася. Арганізацыя на высокім узроўні, — падкрэслілі яны.

Упершыню трапіла на купальскае свята Мехрыбан Садыхава з сонечнага Азербайджана. Яна — мастак-ювелір, прывезла для тутэйшых модніц завушніцы з нацыянальнымі азербайджанскімі ўзорамі. Дзяўчаты сцяной акупавалі яе столік.

— Адчуваю на купальскім свяце сябе як дома, — усміхаецца Мехрыбан. — Быццам трапіла ў родную атмасферу. Шыкоўныя ўражанні ад свята, вельмі весела.

Максім Фядотаў з Новасібірска здзівіў сваім хобі. Ён калекцыяніруе тканіны савецкага і ранейшага перыядаў. Аказваецца, гэта вельмі папулярны занятак у Расіі. Для выставы-кірмашу ён прывёз некалькі відаў паркалю і саціну часоў СССР.

— Для Новасібірска я з’яўляюся адным з моцных калекцыянераў, — прызнаўся ён. — Тканін у мяне шмат, але рэдкіх — да 1900–1940 гадоў — на жаль, мала. Вельмі каштоўны паркаль перыяду 1950–1960 гадоў, фантастычна цікавы. За ім стаіць плеяда таленавітых мастакоў. Цікавыя тканіны былі ўкраінскія, прыбалтыйскія. У мяне адна з вялікіх калекцый тканін Алімпіяды-80. Шукаю рэдкія ўзоры на аўкцыёнах, у бабуль, якія ў савецкі час былі вельмі запаслівыя.

Сёлетняя выстава-кірмаш сабрала майстроў з 22 рэгіёнаў Расіі, з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці, рэгіёнаў Беларусі. Прысутнасць такога вялікага прадстаўніцтва майстроў — асаблівасць купальскага свята ў Александрыі. І гэта заслуга Магілёўскага абласнога Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, вынік вялікай работы па захаванні народнай творчасці і традыцыйнай культуры, якую тут праводзяць у міжнародным маштабе.

Беларускія сем’і са знакам якасці

На Купаллі ў Александрыі заўсёды праходзіць узнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Імёны шчасліўчыкаў гэтым разам агучыў старшыня аргкамітэта рэспубліканскага свята «Купалле» Ігар Петрышэнка.

— У Беларусі маладыя сем’і ў прыярытэце, усё робіцца дзеля таго, каб яны жылі годна, — падкрэсліў ён у сваёй прамове.

Наогул, тых, хто прайграў, не было — кожная сям’я перамагла ў той ці іншай намінацыі. Грашовыя сертыфікаты, бытавую тэхніку, каштоўныя падарункі ўручалі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч і міністр адукацыі Андрэй Іванец.

— Нашы сем’і ўсе са знакам якасці, — павіншаваў удзельнікаў праекта першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. — І мы ўдзячныя нашаму Прэзідэнту, бо без яго ўдзелу такія праекты былі б немагчымыя.

Конкурс «Уладар сяла» неверагодна прыгожы і відовішчны. Сёлета сем’і віншавалі пад акампанемент паветранага шоу ў выкананні магілёўскіх авіятараў. Самалёты кружылі над пляцоўкай, выпісваючы ў паветры неймаверныя па складанасці фігуры. Наогул, праект стартаваў у 2007 годзе ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, у 2008-м ён быў падтрыманы ўсімі рэгіёнамі краіны, а з 2009 года атрымаў статус рэспубліканскага. Мерапрыемства садзейнічае замацаванню маладых сем’яў у вёсцы, павышае прэстыж сельскагаспадарчых прафесій, адраджае працоўныя дынастыі, папулярызуе традыцыі беларускай вёскі, фарміруе здаровы лад жыцця ў маладзёжным асяроддзі.

Абсалютнымі пераможцамі сёлета стала сям’я Іны і Сяргея Тарэлак з аграгарадка Бацэвічы Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Яны прызналіся, што перамога для іх — прыемная нечаканасць, хаця надзеі на яе не пакідалі.

— Заданні былі вельмі складаныя, але мы стараліся, — падзяліліся пераможцы. — Цудоўна, што ў нас ёсць такія конкурсы. Яны дапамагаюць зблізіцца. За час падрыхтоўкі мы шмат цікавага даведаліся нават пра сябе. І сталі яшчэ больш згуртаваныя. Канкурэнты ў нас былі вельмі моцныя, і перамога дасталася далёка не проста. Дзякуй усім: і Клічаўскаму райвыканкаму, і райкаму БРСМ, у прыватнасці Юліі Комар, якая вельмі нам дапамагла. Наогул, у нас у краіне вельмі моцна падтрымліваюць маладзёжныя сем’і. Мы як маладая сям’я атрымалі ад дзяржавы падтрымку на рэканструкцыю дома. Цяпер дзякуючы праекту шмат розных каштоўных падарункаў. Мы шчаслівыя.

Нэлі ЗІГУЛЯ 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.