Вы тут

Пра што раскажа ліпеньскі нумар «Алесі»?


Аб прафесіі вадзіцеля марыла з дзяцінства

— Я не баялася дарогі і транспарту, — прызнаецца вадзіцель трамвая Валянціна Рудкоўская. — Памятаю, як аднойчы прыехала ў Мінск да цёткі ў госці і ўпершыню ўбачыла трамваі. Глядзела на іх з захапленнем. Менавіта тады вырашыла: «Вырасту — стану вадзіцелем трамвая!» 

Тры разы фатаграфія Валянціны Васільеўны Рудкоўскай была на Дошцы гонару ў трамвайным парку. За амаль 30 гадоў у пасажырскім транспарце сталіцы жанчына атрымала не адну падзяку і ні разу не пашкадавала пра свой выбар, зроблены ў пачатку жыццёвага шляху. А шкадуе яна сёння толькі аб тым, што маладыя неахвотна ідуць вучыцца на вадзіцеляў грамадскага транспарту з-за складанасцей прафесіі:

— Усё ж такі яна патрабуе якасцей, з якімі, лічу, трэба нарадзіцца. Я адразу бачу, атрымаецца ў чалавека стаць добрым вадзіцелем ці не. І зараз шмат хто з маіх вучняў паспяхова працуе.

«Часопіс дапамагаў жанчынам стаць асобай»

Сёлета «Алеся» (раней — «Работніца і сялянка») адзначыць юбілей — 100 гадоў з дня выхаду першага нумара. Паэтэса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова дзеліцца ўспамінамі пра легенду беларускай журналістыкі, былога галоўнага рэдактара выдання — Марыю Карпенка і тлумачыць сакрэты паўтарамільённага тыражу «Работніцы і сялянкі». Выпісвалі часопіс па ўсім СССР.

— На 100-годдзі з дня нараджэння Ганны Ахматавай на Камароўскіх могілках, ля магілы паэтэсы я прачытала свае пераклады вершаў паэткі на беларускую мову. І якое захапленне было! Да мяне падыходзілі, казалі, што Ахматава неверагодна прыгожа гучыць па-беларуску. Таму не варта здзіўляцца, што беларускамоўны часопіс выпісвалі па ўсім Саюзе. СССР быў адзінай краінай, ва ўсіх яе куточках да беларусаў, іх культуры ставіліся з прыязнасцю, — адзначае Раіса Баравікова. 

«Падчас дойкі мы нават спяваем»

Аператар машыннага даення ААТ «10 з’езд Саветаў», што ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці, член Беларускага саюза жанчын, адна з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» Алена Батурына любіць сваю працу, не баіцца цяжкасцей, выхоўвае чацвярых дзяцей, клапоціцца пра ўнукаў і знаходзіць час для грамадскай дзейнасці. 

— На мой погляд, каб спраўляцца з вялікім аб’ёмам спраў, усюды паспяваць і дамагацца поспехаў, трэба быць моцнай, цягавітай і працавітай, — лічыць Алена Батурына. — Таксама з упэўненасцю магу назваць сябе жыццярадаснай і вясёлай; імкнуся не маркоціцца і ва ўсім шукаю пазітыў.

Легендарная падпольшчыца 

На гэтай вуліцы шырокія дарогі, шматпавярховыя дамы, Камароўскі сквер, фантаны і прыгожыя скульптуры. Тут заўсёды шматлюдна: прагульваюцца матулі з каляскамі, жыхары Мінска спяшаюцца на Камароўскі рынак за свежай садавінай і гароднінай. Вуліца знаёмая кожнаму мінчаніну, а названа яна ў гонар славутай дачкі беларускага народа Веры Захараўны Харужай, жыццё якой было сапраўдным подзвігам. 

У час Вялікай Айчыннай вайны разам з таварышамі мужная патрыётка праводзіла дыверсіі супраць акупантаў на чыгунцы, збірала звесткі, дзе знаходзяцца склады і казармы гітлераўцаў. Дзякуючы народным мсціўцам, савецкая авіяцыя магла эфектыўна бамбіць размяшчэнне ворага, пазбаўляючы акупантаў гаручага, боепрыпасаў і тэхнікі. Жыццё Веры Харужай трагічна абарвалася ў 1942 годзе, калі яе схапілі фашысты. 

Тэст на сапраўднасць 

Яна без малога паўстагоддзя стварае лекі і ў 70 гадоў не страчвае цікавасці да сваёй справы. Пераможца рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Не старэюць душой ветэраны», вядучы інжынер-тэхнолаг лабараторыі пераральных і мяккіх лекавых форм упраўлення інавацыйнага развіцця Людміла Дунец 47 гадоў працуе на РУП «Белмедпрэпараты». Для яе роднае прадпрыемства без перабольшання — другі дом, за поспех якога яна хварэе ўсёй душой.

— Калі з вады і цвёрдых рэчываў атрымліваецца крэм, гель ці мазь, а з сумесі парашкоў — таблеткі, якія пазбавяць тысячы, а можа, і мільёны людзей ад болю, дрэннага самаадчування, запалення, то зведваеш такую незвычайную радасць і душэўны ўздым, што не перадаць словамі! — прызнаецца суразмоўніца «Алесі».

Глеба, не сыходзь з-пад ног! 

Многія ў сваім жыцці сутыкаліся з сітуацыяй, калі боль у спіне, у грудзях ці жываце не знаходзіла медыцынскіх абгрунтаванняў. Усе аналізы нібыта ў парадку, а лягчэй ад гэтага не становіцца. Або іншая гісторыя: з дзесяці пацыентаў з адным і тым ж дыягназам прызначанае лячэнне дзевяці дапамагае, а аднаму — не. Ва ўсіх гэтых выпадках з вялікай упэўненасцю можна казаць пра псіхасаматыку, якая вывучае ўплыў душэўных перажыванняў на ўзнікненне цялесных хвароб. 

Хто і чаму часцей за ўсё пакутуе на псіхасаматычныя разладжванні? Якія метады звычайна выкарыстоўваюць для іх лячэння? Што кожны можа зрабіць для сябе, каб пазбегнуць праблем, якія патрабуюць працяглай тэрапіі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае галоўны навуковы супрацоўнік РНПЦ псіхічнага здароўя, прафесар Інстытута псіхалогіі БДПУ ім. М. Танка, доктар медыцынскіх навук Сяргей Ігумнаў.

Ведаць, каб жыць 

Сярод пухлін жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы лідзіруе рак малочнай залозы, але не менш небяспечныя і іншыя віды раку, якія сустракаюцца радзей. Як іх своечасова дыягнаставаць? Ці ўплываюць на ўзнікненне раку нашы харчовыя звычкі? Ці можна захаваць рэпрадуктыўную сістэму пры анкалогіі? Якія метады сёння прымяняюцца для лячэння, у чым Беларусь апярэджвае краіны СНД і нават многія еўрапейскія? У ліпеньскім нумары «Алесі» — працяг гутаркі з намеснікам дырэктара па лячэбнай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктарам медыцынскіх навук, дацэнтам Сяргеем Маўрычавым.

Смачныя стравы, летні адпачынак і іншае

Акрамя гэтага, з часопіса вы даведаецеся, як прыгатаваць стравы грузінскай нацыянальнай кухні і ўладкаваць балкон пад зону адпачынку. Мы навучым, як самастойна зрабіць твар маладзейшым, а свой вобраз — больш жаноцкім і прывабным. 

Заставайцеся з «Алесяй» — з намі цікава! 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.