Вы тут

Сёлета стадыёну «Дынама» спаўняецца 90 гадоў


Сэрца беларускага спорту білася і б’ецца менавіта на стадыёне «Дынама». Ніякай патэтыкі, толькі факты. У 1923 годзе па ініцыятыве Фелікса Дзяржынскага было створана фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама», у 1925 годзе было арганізавана «Беларускае пралетарскае спартыўнае таварыства «Дынама» з аддзяленнямі ва ўсіх акруговых гарадах Беларусі. Немаленькаму спартыўнаму таварыству патрабаваўся цэнтр прыцягнення, арэна для правядзення спаборніцтваў і нават сімвал. Было вырашана будаваць у Мінску вялікі стадыён. Сёлета легендарнай арэне спаўняецца 90 гадоў. І гэта выдатная нагода ўспомніць яго цікавую гісторыю, якая і растлумачыць, чаму Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама» — месца ўнікальнае.


Сімвал новага жыцця

Месца для будаўніцтва стадыёна выбралі ў самым цэнтры Мінска — на месцы старых яўрэйскіх могілак, але затое недалёка ад вакзала. Стадыён будаваўся па рашэнні і пад кантролем Аб’яднанага галоўнага палітычнага ўпраўлення, таму праца ішла вельмі прадукцыйна. «Дынама» будавалі ўсім «Дынама» — кожны член фізкультурна-спартыўнага таварыства павінен быў адпрацаваць на будоўлі 100 гадзін, дапамагалі і простыя мінчане, якія вельмі любілі спорт і, верагодна, хацелі глядзець спаборніцтвы на камфортным стадыёне. 12 чэрвеня 1934 года іх жаданне спраўдзілася — стадыён быў афіцыйна адкрыты і прыняў на сваіх трыбунах першых заўзятараў. Трыбуны былі разлічаны на 10 тысяч месцаў, але на асабліва цікавых матчах умяшчалі ў паўтара раза больш людзей. Стала зразумела: трэба праводзіць мадэрнізацыю. У 1939 годзе стадыён мог прыняць 22 тысячы чалавек (дарэчы, столькі ж, як і цяпер). Але рэгулярны аншлаг на рэканструяваным стадыёне быў нядоўга…

Пасля Вялікай Айчыннай вайны стадыён ляжаў у руінах. Некаторы час яго замяняў невялікі стадыён «Харчавік» у парку Горкага. 

Арэна з невялікімі трыбунамі, без нават элементарнай рукамыйніцы штогод увесну, калі разлівалася Свіслач, сыходзіла пад ваду. Зусім не тое, што трэба для аднаўлення спартыўнага жыцця ў горадзе. Таму ў 1946 годзе, калі Мінск адраджаўся пасля ваенных узрушэнняў, пачалося і аднаўленне «Дынама». Праект змянілі: ужо не было штучнага возера скульптур і фантанаў, стадыён перасунулі ў нізіну Свіслачы, галоўную трыбуну на 13 тысяч месцаў размясцілі на натуральным адхоне, насупраць устанавілі малую трыбуну на тры тысячы чалавек. 

Улічваючы пасляваенны дэфіцыт грошай і чалавечых рэсурсаў, будаўнікі фактычна здзейснілі подзвіг — 12 чэрвеня 1948 года на «Дынама» прайшоў футбольны матч. 

З футболам на «Дынама», дарэчы, звязана адна з гарадскіх легенд. Лічыцца, што вежка на будынку Камітэта дзяржаўнай бяспекі была пабудавана спецыяльна для таго, каб міністр дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава мог літаральна з працоўнага месца, гледзячы ў бінокль, сачыць за футбольным матчам. Дык вось, гэта міф: з той вежкі не відаць, што адбываецца на полі. А футбол Цанава глядзеў з трыбун стадыёна, і калі яго любімая каманда забівала гол, ён так бурна радаваўся, што выкідваў сваю фуражку на трыбуны.

Гаворыць і паказвае «Дынама»

У 1951 годзе галоўны стадыён рэспублікі рыхтаваўся прыняць наймацнейшых лёгкаатлетаў з усёй вялізнай краіны. Чэмпіянат СССР па лёгкай атлетыкі стаў іспытам для ўсіх. «Працы было шмат. Трэба было зноў засыпаць дзындрай і ўкатаць бегавую дарожку і сектары для скачкоў і кіданняў, пабудаваць месцы для скачкоў каля трыбуны стадыёна. І ўжо сёння з трыбун стадыёна адкрываецца маляўнічы від на зялёнае футбольнае поле, абрамленае жоўта-чырвонымі лёгкаатлетычнымі сектарамі і чорнай бегавой дарожкай», — пісала газета «Фізкультурнік Беларусі» напярэдадні чэмпіянату СССР па лёгкай атлетыцы. Як бачым, ужо тады «Дынама» быў універсальнай спартыўнай пляцоўкай. У пасляваенныя гады буйныя спартыўныя спаборніцтвы для мінчан былі рэдкасцю. Таму на «Дынама» сабраўся аншлаг. Дарэчы, дамашнія сцены дапамаглі і беларусам. На дыстанцыі 400 метраў трэцяе месца заняў Анатоль Юлін, які ўжо праз год выступаў на першых для савецкіх спартсменаў Алімпійскіх гульнях у Хельсінкі. А ў забегу на 200 метраў перамог Цімафей Лунёў — зорка беларускага спорту першых пасляваенных гадоў.

Сваё сучаснае аблічча стадыён набыў у 1954 годзе пасля чарговай рэканструкцыі. «Стадыён „Дынама“ здолее сёлета значна лепш абслужыць спартсменаў і гледачоў. Пляцоўкі і спартыўныя сектары стадыёна прадстаўляюцца ў арэнду для трэніровак усім калектывам фізкультуры. 22 уваходы на трыбуны дадуць магчымасць хутка зайсці на стадыён і выйсці з яго. Туды можна будзе трапіць не толькі з цэнтральнага ўвахода па вуліцы Кірава, але і з Ульянаўскай вуліцы», — даваў справаздачу ў газеце «Фізкультурнік Беларусі» дырэктар стадыёна Сальнікаў. Менавіта тады з’явілася яго галоўная разынка — арка на ўваходзе. Тады ж «Дынама» стаў першай у Беларусі мультыфункцыянальнай пляцоўкай: стадыён уключаў чатыры тэнісныя корты, пляцоўкі для баскетбола, валейбола, гарадкоў, залы для заняткаў гімнастыкай, барацьбой, боксам, цяжкай атлетыкай, фехтаваннем, масажныя пакоі, медпункты, душавыя, цір. Зімой пешаходныя дарожкі каля стадыёна заліваліся вадой, ператвараючыся ў каток. «Мы паставілі перад сабой задачу зрабіць стадыён „Дынама“ цэнтрам прапаганды фізічнай культуры і спорту, адным з найлепшых стадыёнаў краіны, месцам росту спартыўнага майстэрства і развіцця талентаў, стадыёнам, вартым сталіцы Беларусі — адроджанага Мінска», — давалі справаздачу кіраўнікі стадыёна «Фізкультурніку Беларусі». Новая старонка пачалася з футбола. У 1954 годзе мінскі «Спартак» прабіўся ў наймацнейшы дывізіён (клас «А») чэмпіянату СССР. На хатняй арэне мінскія спартакаўцы абыгрывалі аднаклубнікаў з «Масквы», «Зеніт». А на матч з маскоўскім ЦДСА білеты размялі літаральна за дзень. «Спартак», дарэчы, тады перамог. На полі мінскага стадыёна выступалі ўсе зоркі савецкага футбола.

Бачыў гэты стадыён і зорак лёгкай атлетыкі, калі не ўсіх, дык многіх часоў і народаў. У 1973 годзе «Дынама» прымаў матчавую сустрэчу СССР — ЗША па лёгкай атлетыцы. Падзея грандыёзная. Не абышлося і без кур’ёзаў. «Нейкаму арыгіналу прыйшло ў галаву пафарбаваць бітумныя дарожкі на стадыёне. Звычайнай фарбай пафарбавалі бітум, які там спрадвеку ляжаў. Выходзім на трэніроўку і бачым новыя дарожкі, у нас вочы на лоб палезлі. Амерыканцы цікавяцца, што за пакрыццё. Мы на ўсе лады расхвальваем выдатнае савецкае пакрыццё, па якім не бяжыш — лётаеш. І ўсё б нічога, але фарба не паспела толкам высахнуць. Спартсмены пачынаюць бегаць — а ў іх абутак да дарожкі прыліпае», — успамінаў удзельнік таго матча, а сёння трэнер па лёгкай атлетыцы Віктар Мяснікоў. Пераможцамі таго матча, дарэчы, сталі савецкія лёгкаатлеты. Паўтарылася гісторыя і ў 2019 годзе, калі на «Дынама» прайшоў першы і пакуль адзіны ў сучаснай гісторыі лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША.

Сёння «Дынама» — гэта нацыянальны алімпійскі стадыён. Алімпійскім ён быў і ў 1980 годзе. На мінскім полі прайшло некалькі футбольных матчаў у рамках ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў у Маскве. Гэтаму папярэднічала чарговая рэканструкцыя — ёмістасць трыбун павялічылі да 50 тысяч месцаў, трыбуны нарэшце аперазалі арэну, быў устаноўлены другі паверх. Стадыён набыў і яшчэ адну сваю адметнасць — манументальную кампазіцыю «Бег» аўтарства знакамітага скульптура Валянціна Занковіча.

Тады ж над арэнай з’явілася факельная чаша для алімпійскага агню, які 20 ліпеня 1980 года запаліў Аляксандр Мядзведзь.

Закрывацца ад людзей — не наш варыянт

З 2012 да 2018 года стадыён перажываў самую маштабную рэканструкцыю ў сваёй гісторыі. Галоўнай задачай было зрабіць арэну сучаснай і пры гэтым захаваць яе гістарычнае аблічча. Архітэктары задачу выканалі. Самая вядомая гістарычная частка стадыёна захавалася з боку вуліцы Ульянаўскай. А з боку вуліцы Кірава створаны фасад сучаснага стадыёна. На трыбунах могуць размясціцца 22 тысячы чалавек. Дзякуючы двум вялікім экранам і сучасным гукавым сістэмам атрымліваць асалоду ад таго, што адбываецца на стадыёне, можна з любога глядацкага месца.

«Пасля маштабнай рэканструкцыі „Дынама“ ператварыўся ў прыгожую суперсучасную арэну са сваім непаўторным абліччам, якое ўвасабляе багатыя спартыўныя традыцыі Беларусі. Гэты легендарны культурна-спартыўны комплекс памятае мноства яркіх выступленняў, перамог і вялікіх імёнаў. Тут праходзілі найбуйнейшыя міжнародныя спартыўныя падзеі — ад гарачых футбольных баталій Алімпіяды 1980 года да незабыўных Еўрапейскіх гульняў і Гульняў краін СНД», — адзначыў у віншаванні з 90-годдзем стадыёна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Сёння стадыён «Дынама» не закрыты спартыўны аб’ект, які адкрываецца толькі для мерапрыемстваў. Ён адкрыты заўсёды і для ўсіх, таму што «Дынама» — гэта больш, чым стадыён, гэта цэнтр прыцягнення. Менавіта з такім дэвізам працуе каманда стадыёна, адзначае генеральны дырэктар Аляксандр БУТ-ГУСАІМ. «Стадыён „Дынама“ — гэта візітка картка ўсёй краіны, не толькі спартыўны, але і культурны цэнтр. Улетку ў нас практычна кожны дзень мерапрыемствы: спартыўныя, культурныя, забаўляльныя. На стадыёне ўвесь час віруе жыццё. І мы працуем для таго, каб яно было насычанае. Як галоўная арэна краіны мы задаём планку якасці. На нас раўняюцца іншыя аб’екты, таму апускаць гэту планку мы ні ў якім разе не павінны і не будзем», — адзначае ён.

У 2021 годзе ўвесь Мінск глядзеў трансляцыі чэмпіянату Еўропы па футболе проста на футбольным полі «Дынама». У 2024 годзе тут так паказвалі матчы Еўра. У 2023-м у чашы стадыёна праходзілі кінапікнікі з праглядам фільмаў. Яшчэ запускалі палёты на паветраным шары. На «Дынама» працуе адзіная ў Беларусі студыя падводнай здымкі і самы высокі ў краіне скаладром. «У многіх краінах стадыёны зачыненыя ў дні, калі няма спаборніцтваў. Але гэта зусім не наш падыход. Хочацца разбіць стэрэатыпы аб тым, што стадыён пабудаваны толькі для спорту. Дзяржава траціла грошы для таго, каб даць магчымасць людзям штодзень прыходзіць на аб’ект. І мы хочам паказаць, што тут добра і цікава правесці час можа кожны. Напрыклад, у пачатку чэрвеня правялі выставу японскіх аўтамабіляў проста ў чашы стадыёна. Прыйшло каля чатырох тысяч чалавек — усе водгукі выключна станоўчыя. У будучыні жадаем правесці вялікую выставу айчынных машын, паказаць найлепшае, што ў нас ёсць з аўтамабіляў, на найлепшай арэне краіны. Чаму б не эксперыментаваць? Я заўсёды кажу сваім супрацоўнікам не саромецца прапанаваць свае ідэі. Нават калі на першы погляд яны пададуцца недарэчнымі, мы пасмяёмся, падчас мазгавога штурму, можа, нарадзіцца добры праект», — адзначае Аляксандр Бут-Гусаім.

Прычым перашкод для новых, нават самых смелых і дзёрзкіх праектаў, каманда супрацоўнікаў стадыёна не бачыць. Здавалася б, як можна пусціць на футбольны газон некалькі тысяч людзей падчас чарговага фестывалю? Аказваецца, можна, калі ўзважана падысці да яго абслугоўвання. «На асноўным і на запасным полі газон натуральны. Яго трэба ўвесь час даглядаць, каб прыгожа выглядаў. І нашы аграномы робяць гэта днём і ноччу. Пасля канцэрта яны могуць і ўначы працаваць. Так, мы можам закрыцца і нікога не пускаць у чашу стадыёна, на поле, але, па-першае, нам трэба павышаць фінансавыя паказчыкі па пазабюджэтнай дзейнасці, а па-другое, у цэлым закрывацца ад людзей не наш варыянт», — падкрэслівае дырэктар стадыёна. У пачатку сваёй гісторыі зімой на тэрыторыі каля стадыёна залівалі каток. Праз 90 гадоў усё нашмат прасцей: каток на «Дынама» ёсць круглы год, сінтэтычны лёд вытрымлівае розную тэмпературу.

У стадыёна «Дынама», як і ў шматлікіх славутасцяў, ёсць свая непаўторная атмасфера. «У многіх ёсць цёплыя ўспаміны, звязаныя з «Дынама»: спатканні, смачныя піражкі, выступленні любімых спартсменаў ці артыстаў. Стадыён заўсёды асацыіруюецца з нечым добрым. Гістарычнае аблічча арэны з аркай, скульптурай бегуноў, верагодна, выклікае ў людзей старэйшага пакалення настальгію. Сучаснае архітэктурнае рашэнне прываблівае маладых. Гасцям сталіцы ў прынцыпе цікава ўбачыць гэты аб’ект, — заўважае Аляксандр Бут-Гусаім.

— Я як кіраўнік люблю гэты стадыён. Мне пашанцавала працаваць у гэтым месцы. У 18 гадоў марыў пабыць валанцёрам на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, у 2019 годзе быў каардынатарам матча Еўропа — ЗША, а пасля стаў і дырэктарам стадыёна. Як тут не паверыць, што мары здзяйсняюцца? І спраўджваюцца на «Дынама».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Стадыён «Дынама» — больш, чым стадыён

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.