Вы тут

78 медалёў прывезлі беларусы са спартыўных Гульняў «Дзеці Азіі»


Герой тыдня. Беларус Іван Літвіновіч перамог на заключным этапе Кубка свету па скачках на батуце. Пяты і фінальны этап турніру 2024 года праходзіў у партугальскай Каімбры. У фінале індывідуальных спаборніцтваў у мужчын Літвіновіч набраў 62,720 бала і заваяваў золата. Такім чынам, у гэтым сезоне Кубка свету Іван Літвіновіч узяў тры медалі, раней алімпійскі чэмпіён Токіа станавіўся бронзавым прызёрам этапаў у Азербайджане і Германіі.


Гераіня тыдня. Беларуска Аляксандра Ільмінская стала прызёрам этапа Кубка свету па фехтаванні на калясках, які праходзіць у Варшаве. Па выніку спаборніцтваў па фехтаванні на рапірах яна заваявала бронзавы медаль. Раней у гэтым сезоне Аляксандра Ільмінская заняла трэцяе месца на маладзёжным чэмпіянаце свету ў Тайландзе, а таксама заваявала бронзу кантынентальнага форуму ў Францыі.

Лічба тыдня. 78 медалёў заваявалі беларускія спартсмены на VІІІ Міжнародных гульнях «Дзеці Азіі», якія завяршыліся ў Якуцку. На спаборніцтвах нашу краіну ў 12 відах прадстаўлялі больш як 140 юных атлетаў ва ўзросце да 16 гадоў у 12 відах спорту. За адзінаццаць дзён спаборніцтваў беларусы заваявалі 27 залатых, 21 сярэбраную і 30 бронзавых узнагарод. Больш за ўсё медалёў у камандную скарбонку традыцыйна прынеслі лёгкаатлеты (13-7-8) і плыўцы (6-8-6). Па пяць разоў на п’едэстал узнімаліся прадстаўнікі таэквандо (1-2-2), спартыўнай барацьбы (1-1-3) і дзюдо (0-0-5). Тры разы на п’едэстал падымаліся баксёры (0-0-3) і гімнасткі ў групавых практыкаваннях (1-2-0). Па два камплекты ўзнагарод вышэйшай пробы заваявалі гульцы ў валейбол і баскетбол 3×3. Па два медалі таксама былі заваяваны ў настольным тэнісе (1-0-1) і стральбе з лука (0-0-2). Яшчэ адно серабро здабыта ў спаборніцтвах па кулявой стральбе. У агульным медальным заліку каманда Беларусі заняла трэцяе месца ўслед за зборнымі Узбекістана і Сібірскай федэральнай акругі. Усяго ўзнагароды VІІІ Міжнародных гульняў «Дзеці Азіі» выйгралі прадстаўнікі 17 краін.

Поспех тыдня. У сербскім Нові-Садзе завяршылася кантынентальнае першынство па барацьбе сярод спартсменаў не старэйшых за 20 гадоў. У скарбонцы беларускай каманды шэсць медалёў. Залатыя ўзнагароды заваявала Вікторыя Радзькова (да 72 кг), сярэбраныя — Марта Гетманава (да 55 кг), Вольга Гардзей (да 57 кг) і Аліна Шаўчук (да 68 кг), бронзавы медаль — Аляксандра Казлова (да 76 кг). У грэка-рымскай барацьбе бронзавым прызёрам стаў Ілья Валеўскі (да 72 кг).

Надзея тыдня. Беларускі спартсмен Акім Гнедчык заваяваў золата юнацкага першынства Еўропы па сучасным пяціборстве 2024 года. У фінале асабістага першынства выступалі 36 юных атлетаў. Акім Гнедчык захапіў лідарства пасля фехтавання, затым паказаў добрыя вынікі на паласе перашкод і ў плаванні. На старт лазер-рана беларус выходзіў першым з больш як 20-секундным запасам адносна бліжэйшых канкурэнтаў. У бегу са стральбой спартсмен таксама выступіў выдатна і ў выніку ўдвая павялічыў свой адрыў. Украінцы Аляксандр Чарнышоў і Максім Кавальчук, якія сталі другім і трэцім, прайгралі беларусу больш чым 40 секунд.

Турнір тыдня. На вяслярных каналах у Заслаўі і Брэсце завяршыліся адкрытыя чэмпіянаты Рэспублікі Беларусь па веславанні на байдарках і каноэ і акадэмічным веславанні. У Брэсце прайшлі спаборніцтвы «акадэмікаў». У мужчынскім фінале чацвёрак парных перамог экіпаж Паўла Сіненкі, Івана Брынзы, Мікалая Шарлапа і Дзяніса Кучарава. У гэтай жа дысцыпліне ў жанчын найлепшы вынік паказалі расійскія спартсменкі, другімі фінішавалі беларускі Валерыя Шэндэль, Дар’я Новікава, Анастасія Іўлева і Віялета Каротыш. У заездзе мужчынскіх васьмёрак першынстваваў беларускі экіпаж, у які ўвайшлі Сяргей Валадзько, Дзмітрый Фурман, Арцём Лапуцін, Дзмітрый Выберанец, Аляксандр Яскель, Аляксей Бандзюк, Антон Купалаў, Дзяніс Клімята і рулявая Паліна Кацэвіч. Золата сярод дзяўчат ізноў дасталася расіянкам, нашы васьмёркі атрымалі серабро і бронзу.

У Заслаўі за ўзнагароды спаборнічалі байдарачнікі і канаісты. У спаборніцтвах змешаных пар на 500 метраў у байдарачнікаў перамаглі Дзмітрый Натынчык з Вольгай Худзенка, сярод канаістаў найлепшымі сталі Іван Патапенка з Вольгай Клімавай. У міксце сярод чацвёрак золата выйгралі Уладзіслаў Літвінаў, Дзмітрый Натынчык, Надзея Кушнер і Вольга Худзенка (байдарка), а таксама Уладзіслаў Палешка, Віталь Асецкі, Ангеліна Барданоўская і Вольга Клімава (каноэ). На самай доўгай дыстанцыі ў 5000 метраў сярод адзіночак чэмпіёнамі Беларусі сталі байдарачнікі Алег Юрэня і Уладзіслава Скрыганава і канаісты Іван Патапенка і Алена Наздрова.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.