Вы тут

Павелічэнне дапамог і ўзмацненне падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Лукашэнка падпісаў закон


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». Дакумент прыняты ў мэтах павышэння ўзроўню мінімальных гарантый грамадзянам у перыяд іх сацыяльнай неабароненасці. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


Для жанчын — рост дапамогі па цяжарнасці і родах

Законам прадугледжваецца, у прыватнасці, павелічэнне мінімальнага памеру дапамогі па цяжарнасці і родах. Для жанчын, за якіх выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якія не маюць 6 месяцаў стажу (маладыя спецыялісты, жанчыны, якія пачынаюць працоўную дзейнасць), дапамога вырасце з 50 працэнтаў БПМ (бюджэту пражытачнага мінімуму) да 100 працэнтаў МЗП (мінімальнай заработнай платы) у месяц. А для тых, за каго не выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне ў бюджэт фонду, але якія маюць права на такі від дапамогі (навучэнцы, студэнткі, жанчыны, якія праходзяць службу, жанчыны, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных), дапамога павялічыцца з 50 працэнтаў да 100 працэнтаў БПМ у месяц.

Фота: БелТА

Дакумент таксама прадугледжвае павелічэнне мінімальнага памеру дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці для застрахаваных жанчын, якія не маюць 6 месяцаў стажу. Такая дапамога вырасце з 50 працэнтаў БПМ да 100 працэнтаў МЗП (па аналогіі з дапамогай па цяжарнасці і родах).

Для сем’яў — навацыі па дапамозе на дзяцей старэйшых за 3 гады

Заканадаўчыя навацыі датычацца і асобных катэгорый сем’яў пры назначэнні дапамогі на дзяцей старэйшых за 3 гады. У прыватнасці, захоўваецца права на назначэнне такой дапамогі сем’ям з непаўналетнімі дзецьмі, у якіх дзіця-інвалід дасягнула ўзросту 18 гадоў, яму ўстаноўлена I група інваліднасці і адзін з бацькоў ажыццяўляе за ім догляд з атрыманнем адпаведнай дапамогі. А таксама права на назначэнне гэтай дапамогі на дзіця, якое выхоўваецца ў сям’і маці, калі бацька дзіцяці, абавязаны выплачваць аліменты, праходзіць тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службу.

Для бацькоў дзяцей-інвалідаў — узмацненне сацпадтрымкі

Узмацняецца сацыяльная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. Так, законам прадугледжана прадастаўленне бацькам права на атрыманне ўсіх відаў дзяржаўных дапамог у перыяд кароткатэрміновага знаходжання дзіцяці-інваліда ў доме дзіцяці ў сувязі з аказаннем яму медыка-сацыяльнай дапамогі. Акрамя таго, пашыраюцца правы на атрыманне дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда на перыяд яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі, калі ў сям’і некалькі дзяцей-інвалідаў. У такіх выпадках прапануецца прадастаўляць права на атрыманне дапамогі іншай асобе (не бацькам), калі бацькі заняты доглядам другога свайго дзіцяці-інваліда, або дзвюх дапамог, калі абодва дзіцяці-інваліды ў адзін перыяд маюць патрэбу ў санаторным лячэнні, рэабілітацыі і іх суправаджаюць розныя асобы.

Для нядбайных бацькоў — больш строгі кантроль

У той жа час узмацняецца кантроль за мэтавым выкарыстаннем дзяржаўных дапамог у адносінах да сем’яў, дзе выяўлены выпадкі знаходжання дзяцей у неспрыяльнай для іх абстаноўцы. У прыватнасці, уведзены абавязак дзяржаўных органаў, арганізацый, якія назначаюць і выплачваюць дапамогі, прадстаўляць без згоды грамадзян інфармацыю аб атрымальніках дапамог і членах іх сем’яў па запытах устаноў адукацыі, якія праводзяць у адносінах да такіх сем’яў сацыяльнае расследаванне, а таксама камісій па справах непаўналетніх. Прадугледжана, што выплата дапамог спыняецца з дня ўступлення ў сілу рашэння суда аб адабранні дзіцяці, дня прыняцця органам апекі і папячыцельства або камісіяй па справах непаўналетніх рашэння аб адабранні дзіцяці.

Закон уступае ў дзеянне з 1 студзеня 2025 года.

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.