Вы тут

Навукоўцы распавялі аб тым, як атрымаць ураджай гаючых ягад, нягледзячы на капрызы надвор’я


Калі спытаць, які смак у беларускага лета, многія адкажуць: гэта смак малін. Сёння павальнае захапленне садаводаў-аматараў рэмантантнымі сартамі (якія даюць ураджай у верасні) схлынула, і ўладальнікі «асабістых сотак» паступова вяртаюцца да больш традыцыйных летніх сартоў. Рэмантантныя маліны таксама запатрабаваныя, але ў першую чаргу пры прамысловым вырошчванні, а вось абсалютным прыярытэтам у дачнікаў яны быць перасталі.


Фота Лізаветы ГОЛАД

Зрэшты, які б від малін не абраў садавод, ён чакае, што вынікам яго намаганняў стане добры ўраджай сакавітых, духмяных, гаючых ягад. Як яго атрымаць ва ўмовах пацяплення клімату, сёння гаворым з кіраўніком лабараторыі генетычных рэсурсаў ягадных культур РУП «Інстытут пладаводства».

Доўгія гады селекцыі

Селекцыя ягадных культур у Беларусі — галіна ведаў, гісторыя якой налічвае без малога стагоддзе.

— Пачатак селекцыі паклаў Анатоль Рыгоравіч Валузнёў яшчэ ў 1932 годзе, — распавядае кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт, загадчыца лабараторыі генетычных рэсурсаў ягадных культур РУП «Інстытут пладаводства» Людміла Фралова.

У сферы селекцыі ягадных культур працавала нямала таленавітых беларускіх вучоных. Сярод іх — Анатоль Радзюк, які займаўся зборам генетычных рэсурсаў раслін, калі навука генетыка ва ўсім свеце яшчэ рабіла толькі першыя нясмелыя крокі.

— Дзякуючы яго працы, а таксама прадаўжальнікам яго справы — Ганне Бачыла і Зінаідзе Граковіч, сёння ў нас у калекцыі 29 культур — ад цеплалюбівага кізілу да арктычнай княжанікі, — тлумачыць суразмоўніца.

Адзін з кірункаў даследаванняў у нашы дні — сарты буякоў вузкалістых, а таксама эндэмічныя айчынныя буякі багністыя як альтэрнатыва буякам высакарослым «родам» з ЗША: да гэтай культуры ў фермераў, дачнікаў і сельгаспрадпрыемстваў сёння вялікая цікавасць.

— Вяртаючыся да малін, адзначу, што іх актыўная селекцыя пачалася ў 1960-х гадах і звязана з імем таго ж знакамітага навукоўца — Анатоля Валузнёва. Апроч малін, ён займаўся чорнымі парэчкамі і стварыў сарты высокай прадукцыйнасці, якія ў 1980-я грымелі на ўвесь Савецкі Саюз. Яны карысталіся вялізным попытам за нязменна высокія ўраджаі ў самых розных кліматычных зонах.

Селекцыя ж малін была працягнута ў сценах Інстытута пладаводства (якому, дарэчы, у наступным годзе спаўняецца 100 гадоў) Галінай Раінчыкавай.

— Яна вывучыла велізарны гібрыдны фонд, выкарыстоўвала розныя сарты ў селекцыі, і вынікам яе працы стаў, у прыватнасці, летні сорт «Алёнушка», які быў створаны ў 1980-я і да гэтага часу вырошчваецца ў многіх гаспадарках. Сёння ён з’яўляецца прамысловым эталонам: вельмі салодкі, духмяны, непатрабавальны і прадукцыйны.

Селекцыя — доўгатэрміновы працэс: каб стварыць сорт, навукоўцам неабходна ад 12 гадоў (калі ўсё складаецца спрыяльна) да 15, а часам і да двух дзесяцігоддзяў.

— Над сортам працуюць камандамі, і часта іх называюць у памяць настаўнікаў, якія калісьці распачалі работу, таму што на момант атрымання сорту іх ужо няма ў жывых, — тлумачыць Людміла Уладзіміраўна.

У нашы дні навука ўзброіла навукоўцаў рознымі спосабамі паскорыць працэс селекцыі, і ўсё ж законы прыроды не падманеш: каб ацаніць мінімум тры ўраджаі «кандыдатаў» на новы сорт, патрабуюцца гады, і насенне не ўзыдзе раней, чым вызначана маці-прыродай, а «надаваць хуткасці» гадаванцам штучна — у селекцыі справа няўдзячная.

— Часам вытворцы нас не разумеюць. Гавораць: трэнд памяняецца, час пройдзе, сорт можа аказацца ўжо не актуальны. Таму так важна ў селекцыі глядзець далёка наперад і ўмець рабіць доўгатэрміновыя прагнозы, каб да моманту з’яўлення новага сорту ён быў, што называецца, «на грэбні хвалі».

— Людміла Уладзіміраўна, а што цяпер у модзе ў садаводаў, калі казаць пра маліны?

— Падабаецца канічная форма ягад. Раней у прыярытэце былі маліны круглыя, але гэты час сышоў. Спажывец хоча, каб ягада была буйной. Калі раней буйнымі лічыліся маліны вагой 3,5 г, то патрабаванні сённяшняга дня — 4,5–5 г, і ёсць тэндэнцыя да таго, што кожная малінка павінна важыць па 7–8 г. Сучасныя сарты павінны даваць ураджай ярка афарбаваных ягад, парасткі павінны быць слабакалючкавыя або наогул без калючак. Для летніх малін важная зімаўстойлівасць. Рэмантантным гэта не патрабуецца: парасткі ў іх кожную восень зразаюць да ўзроўню глебы, а вясной — адрастаюць новыя.

Рэмантантныя vs летнія

— Сёння садаводы-аматары аддаюць перавагу летнім або рэмантантным малінам?

— Бум на рэмантантныя маліны быў у 2007–2010 гадах. Але класіка ёсць класіка: смак дзяцінства, ды і ўлетку хочацца малін. Рэмантантныя маліны кіслейшыя, меней духмяныя, да таго ж спеюць у пазасезонны для гэтай культуры час, у канцы жніўня — пачатку верасня. У верасні ўжо ёсць яблыкі, людзі капаюць бульбу, і на маліны нярэдка не хапае ні сіл, ні часу. А ўлетку хочацца ягадку, як у дзяцінстве, — духмяную, салодкую, родную. Словам, многія садаводы вярнуліся да летніх малін. Сёння саджанцы абодвух відаў запатрабаваны ў прапорцыі 50:50. Рэмантантныя маліны пакараюць нізказатратнай тэхналогіяй: іх проста скошваюць пад нуль, яны адрастаюць, даюць ураджай, іх зноў скошваюць, і так каля васьмі гадоў. Натуральна, ягады патрабуюць пажыўных рэчываў у паўтара-два разы больш, чым маліны летнія. Бо за год у рэмантантных малін цалкам адрастае вегетатыўная маса плюс адбываюцца цвіценне і плоданашэнне. Летнія ж маліны ў гэтых адносінах менш затратныя — у першы год яны растуць, у наступным — даюць ураджай на працягу двух тыдняў. Рэмантантным жа патрэбныя якаснае харчаванне, кропельнае арашэнне, мульчыраванне. Затое рэмантантныя маліны не бываюць чарвівыя — малінавы жук сыходзіць у зімоўку, калі яны зацвітаюць. У цэлым такія ягады вельмі запатрабаваныя з пункту гледжання бізнесу, а летняя патрэбна для душы, для традыцыі, — зрэшты, яны падыходзяць і для перапрацоўкі.

— Над якімі відамі і сартамі малін сёння працуюць селекцыянеры?

— Нам пастаўлена задача да 2027 года стварыць рэмантантны сорт маліны ўльтраранняга тэрміну паспявання. Ужо адабрана некалькі варыянтаў, якія паказваюць ранні ўраджай. Якой будзе назва сорту, мы пакуль не вырашылі. Можа быць, назву параяць самі садаводы — чытачы «Звязды»? Мы былі б рады такой сумеснай творчасці! Селекцыя — працэс бесперапынны: вядзецца работа і па іншых кірунках з прыцэлам на гады наперад. Так, хацелася б атрымаць айчынныя сарты буйнаплоднай летняй маліны з канічнай формай ягад. Тая ж «Алёнушка» — выдатны, як ужо гаварылася, сорт, але ён састарэлы маральна. Ён вельмі смачны, добры ў перапрацоўцы, непераборлівы ў доглядзе, гэта наша беларуская класіка. Але ягады ў гэтага сорту небуйныя. Патрэбныя сарты больш ранняга тэрміну паспявання, з буйнымі канічнымі яркімі ягадамі. Над гэтым і працуем.

Патрабаванні часу

— Буйнаплоднасць і аднамернасць, канічная форма і яркая афарбоўка ягад, салодкі смак і выразны водар, зімаўстойлівасць для летніх сартоў... Што яшчэ ў прыярытэце пры селекцыі малін?

— Адзін з прыярытэтаў — шчыльнасць ягад. Асабліва гэта важна для прамысловых сартоў, прызначаных для механізаванай уборкі. Так, сорт «Вераснёвая» мы стварылі якраз для мехуборкі. Гэтыя маліны добрыя ў прадуктах перапрацоўкі: нягледзячы на тое, што сорт рэмантантны, ягады дастаткова салодкія і духмяныя. Пры гэтым яны шчыльныя. У Беларусі ёсць малінаўборачныя камбайны, гэта не фантастыка, а норма сённяшняга дня. Прынцып іх работы ў тым, што ў куст уваходзіць спецыяльнае абсталяванне (яно нагадвае расчоску, зубцы якой вібрыруюць) і абсыпае ягады на транспарцёр, а той, у сваю чаргу, ссыпае маліны ў скрыні. Адначасова паток паветра абдзімае са стужкі лісце, што выпадкова туды ўпала.

Летні сорт «Услада» мы таксама раяніравалі для прамысловай апрацоўкі ў 2023 годзе. Ён паказвае добрыя вынікі па зімаўстойлівасці, буйнаплоднасці і прадукцыйнасці ва ўсіх абласцях краіны. Кусты слабакалючкавыя, парасткі прамарослыя і не нікнуць пад цяжарам ураджаю. Яго мы таксама рыхтавалі для мехуборкі. У ліку адносна нядаўніх распрацовак — сорт «Мядовая».

Што датычыцца новага рэмантантнага сорту «Гранта», гэта маліны дэсертныя, вельмі смачныя, мяккія і буйныя. Дадзены сорт мы рэкамендуем для прысядзібнага вырошчвання, як і маліны «Злата» з пладамі жоўтага колеру.

— Калі казаць пра афарбоўку ягад, якія колеры запатрабаваныя сёння?

— Чырвоныя маліны — гэта класіка, жоўтыя добра выглядаюць у міксах, а ў перапрацоўцы яны запатрабаваны менш.

— Ці ёсць у ліку прыярытэтаў селекцыі ўстойлівасць да хвароб і шкоднікаў?

— Безумоўна. Хоць такая ўстойлівасць — паняцце адноснае. Клімат увесь час змяняецца, тэрміны ссоўваюцца, умовы надвор’я з году ў год вар’іруюцца. У любым выпадку расліны садоўніку трэба абараняць. На добры імунітэт малін паказвае апушэнне на лісці і васковы налёт на парастках.

Быць з ураджаем

Апошнім часам дачнікі і ўладальнікі прысядзібных участкаў цікавяцца малінамі, зазначае субяседніца. Нядзіўна: гэта першы сродак ад прастуд і грыпу. Акрамя таго, гаючыя ягады разрэджваюць кроў, зніжаюць артэрыяльны ціск, падтрымліваюць сэрца і выводзяць халестэрын.

— Што б вы параілі дачнікам пры выбары сартоў малін?

— Не ганяцца за навінкамі замежнай селекцыі — у нашых умовах яны часта падводзяць. Іншая бальнасць глеб, халаднейшы клімат, капрызныя зімы — і вось дарагі галандскі або амерыканскі сорт становіцца крыніцай расчаравання садоўніка. Разумней прытрымлівацца сартоў, якія створаны або раяніраваны ў нашых умовах, прайшлі ацэнку спецыялістаў і рэкамендаваны да вырошчвання. Яны будуць надзейнымі і прадукцыйнымі. Пасадзіце на сваім участку і рэмантантныя, і летнія маліны. Якіх больш — залежыць ад асабістай загружанасці на працягу года. Педагогі, напрыклад, летам больш вольныя, чым увосень, і значыць, іх выбар — на карысць летніх сартоў. Людзі, якія ўлетку загружаныя (аграрыі, супрацоўнікі турыстычнай сферы і г. д.), выбіраюць рэмантантныя сарты. Моладзь, як правіла, таксама аддае перавагу рэмантантным сартам — без чарвякоў і «лішняй валтузні». У цэлым на сям’ю 8-10 кустоў маліны дастаткова. У год медыкі рэкамендуюць спажываць 4 кг малін на чалавека, а сярэдні куст рэмантантных малін дае 2,5-3 кг ураджаю.

— А як змянілася агратэхніка гэтых ягад у сувязі з пацяпленнем клімату?

— Гэтая расліна любіць ваду: у яе паверхневая каранёвая сістэма (асноўная маса каранёў размешчана на глыбіні 30 см ад паверхні). Таму важна прадугледзець капельнае паліванне. Сёння ў модзе розныя арашальныя сістэмы, у тым ліку ўстаноўкі для фертыгацыі (калі ўгнаенне падаецца да каранёў разам з вадой). Маліны спагадныя на паліў — павялічваюць масу кожнай ягады і ўраджай у цэлым.


Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, член-карэспандэнт НАН Беларусі:

«Стварэнне высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў сельскагаспадарчых культур, удасканаленне сістэмы насенняводства — сёння адзін з найважнейшых кірункаў работы вучоных. Эфектыўнасць гэтай працы — залог харчовай бяспекі Беларусі. Гэты год аб’яўлены ў Беларусі Годам якасці, і ад якасці новых сартоў сельгаскультур, якія адказваюць усім патрабаванням сучаснага свету, напрамую залежаць не толькі высокія ўраджаі, але і ў цэлым якасць прадуктаў харчавання беларускай вытворчасці для канчатковага спажыўца — гэта значыць, для нас з вамі. Сёння можна з гонарам казаць пра тое, што беларускія сарты і гібрыды сельскагаспадарчых культур не саступаюць, а часам і пераўзыходзяць замежныя аналагі. Штогод у Беларусі айчынным насеннем засяваецца парадку 80% пасяўных плошчаў. Акрамя таго, дасягненні айчыннай селекцыі добра зарэкамендавалі сябе за межамі нашай краіны, у прыватнасці ў сярэдняй паласе Расіі».

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Каб жыццё было малінай

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.