Вы тут

Аб чым ішла размова на тэматычных секцыях Форуму рэгіёнаў


Тэхналагічная незалежнасць на аснове інавацый

Самы малады горад Беларусі — Наваполацк — сабраў на сваёй гасціннай зямлі ўдзельнікаў секцыі № 4 «Інавацыі ў сферы вышэйшай адукацыі і навукі: вопыт і перспектывы супрацоўніцтва Саюзнай дзяржавы». Перад пачаткам пасяджэння госці змаглі азнаёміцца з тэматычнай выставай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, прысвечанай дасягненням універсітэцкай навукі. Студэнты прэзентавалі інавацыі ў гістарычных даследаваннях (археалагічную майстэрню і тэхналагічную антрапалогію), касмічныя распрацоўкі і ІТ-вынаходніцтвы. На лакацыі «Космас» удзельнікі форуму змаглі пазнаёміцца з жанчынай-касманаўткай, Героем Беларусі Марынай Васілеўскай.


Падчас работы секцыі былі разгледжаны пытанні гарманізацыі падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для высокатэхналагічных галін, ролі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў развіцці навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Беларускія і расійскія калегі абмеркавалі новыя мадэлі і адукацыйныя рашэнні падрыхтоўкі кадраў для высокатэхналагічных вытворчасцяў, а таксама мадэль адзінай навукова-адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

«Тэма сённяшняга форуму — гэта навука, інавацыі і тэхналогіі. Наша секцыя якраз прысвечана гэтай тэме, якая, мне здаецца, з’яўляецца адной з самых найбольш значных і стратэгічных. Сёння, калі мы гаворым аб тэхналагічным суверэнітэце, немагчыма ўявіць яго без развіцця навукі, тэхналогій і хутчэйшага ўкаранення ўсіх распрацовак у вытворчасць. Сёння мы не можам гаварыць аб адукацыі ў адрыве ад выхавання. Адзіны навукова-адукацыйны каркас на ўсіх прыступках адукацыі ў рамках нашай Саюзнай дзяржавы — гэта таксама стратэгічная задача. Я ўпэўнена, што мы сёння на секцыі прымем важнейшыя рашэнні і абавязкова іх рэалізуем», — адзначыла старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Лілія Гумерава.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар Луцкі падкрэсліў, што сённяшняя сустрэча — сустрэча будучыні. «Гэты форум прысвечаны інавацыям, а вышэйшая школа і навука — гэта тое, што мы будзем бачыць заўтра. Вядома, вельмі важная тэма тэхналагічнага суверэнітэту. І сёння нам прадставілі выдатную выставу — тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў вышэйшых навучальных установах. Я думаю, мы маем добрыя перспектывы», — сказаў спікер.

Па выніках работы ўдзельнікі чацвёртай секцыі адзначылі асаблівую значнасць прыняцця стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2035 года, накіраванай на фарміраванне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы, забеспячэнне бяспекі, умацаванне навукова-тэхналагічнага суверэнітэту, рашэнне сацыяльна-палітычных і сацыяльна-эканамічных задач дзяржаў-удзельніц. Прадстаўнікі навукі і ўстаноў вышэйшай адукацыі дзвюх краін лічаць прынцыпова важным актывізацыю работы па пашырэнні катэгорый суб’ектаў-удзельнікаў, уцягнутых у фарміраванне агульнай навукова-тэхналагічнай і адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы, а таксама прыярытэтных кірункаў навукова-тэхнічнага і адукацыйнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі на аснове доўгатэрміновых партнёрскіх і раўнапраўных міждзяржаўных адносін па кірунках, якія забяспечваюць вырашэнне стратэгічных задач развіцця Саюзнай дзяржавы.

Па выніках работы чацвёртай секцыі ў Наваполацку бакі падпісалі 16 пагадненняў аб супрацоўніцтве, у іх ліку — дарожныя карты развіцця супрацоўніцтва паміж установамі вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі.

Тэмай секцыі № 6, якая прайшла ў Наваполацку на заводзе «Палімір» ААТ «Нафтан», стала забеспячэнне тэхналагічнай незалежнасці Беларусі і Расіі на аснове інавацый у прамысловым комплексе. Сімвалічнасць правядзення шостай секцыі ў самым маладым беларускім горадзе адзначыў і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў Татарыновіч, падкрэсліўшы, што на сёлетнім адзінаццатым форуме гаворка ідзе пра новыя вынаходніцтвы і інавацыі.

Удзельнікі секцыі абмеркавалі тры блокі пытанняў, у ліку якіх стварэнне ўмоў для інавацыйнага развіцця дзвюх краін, пункты росту рэгіянальнай эканомікі на прыкладзе суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, укараненне інавацый у прамысловасці ў мэтах забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту краіны на прыкладзе канкрэтных галін і прадпрыемстваў.

Па выніках плённай работы ўдзельнікі секцыі адзначылі, што стварэнне новых тавараў і паслуг, запатрабаваных рынкам, прамысловых тэхналогій, рэсурсазберагальных і дружалюбных да экалогіі — гэта бесперапынны працэс, у які ўцягнутыя навукоўцы, мясцовыя органы ўлады праз сістэму інавацыйных фондаў і грантаў, рэгулятары, інвестары, інстытуты развіцця. Інавацыйныя праекты з’яўляюцца дастаткова капіталаёмістымі, патрабуюць значных інвестыцый. Акрамя фінансавага складальніка, для іх паспяховай рэалізацыі неабходныя ўнікальныя кампетэнцыі, арыгінальныя ідэі. Падчас работы беларускія і расійскія калегі адзначылі, што ў нашых краін захаваліся моцныя навуковыя школы, ёсць неабходная матэрыяльная база, а адзіная навукова-тэхналагічная прастора Беларусі і Расіі, якая фарміруецца сёння, з’яўляецца ключавой умовай забеспячэння тэхналагічнай незалежнасці нашых краін.

29 студзеня 2024 года на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы зацверджана Стратэгія навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2035 года, асновай якой павінны стаць канкрэтныя мерапрыемствы, стварэнне неабходных прававых, фінансавых, арганізацыйных умоў для іх рэалізацыі. У выніку сфера навукі, тэхналогій і інавацый павінна функцыянаваць як адзіная сістэма, інтэграваная з сацыяльна-эканамічнай сістэмай Саюзнай дзяржавы і якая забяспечвае яе незалежнасць і канкурэнтаздольнасць на знешнім контуры.

Удзельнікі секцыі вызначылі, што перспектыўнымі кірункамі для далейшага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў прамысловасці з’яўляюцца мікраэлектроніка, ліфта- і машынабудаванне, грамадзянскае авіябудаванне, выпуск аўтакампанентаў, развіццё вытворчасці металаапрацоўчага абсталявання, нарошчванне магутнасцяў па выпуску сельскагаспадарчай тэхнікі.

Паміж суб’ектамі гаспадарання дзвюх краін было падпісана сем камерцыйных кантрактаў на пастаўку пасажырскага і грузавога транспарту, прадукцыі электронікі, мота- і велатэхнікі на агульную суму каля шасці мільярдаў расійскіх рублёў. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў Татарыновіч і першы намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па эканамічнай палітыцы Іван Абрамаў падпісалі рэкамендацыі па выніках работы.

«У рамках работы шостай секцыі мы абмеркавалі тыя асноўныя кірункі, якія павінны быць рэалізаваны ў рамках падпісанага ў мінулым годзе пагаднення аб адзінай прамысловай палітыцы, на прыкладзе мікраэлектронікі, станкабудавання, нафтахімічнага комплексу. Сумесна рэалізоўваць такія праекты будзе правільна і лягчэй», — адзначыў Уладзіслаў Татарыновіч.

«Тэхналагічная незалежнасць на аснове інавацый — гэта важнае пытанне для нашых краін. Мы падпісалі мноства пагадненняў і кантрактаў, якія будуць рэалізоўвацца ўжо з сённяшняга дня, нашы навуковыя кадры будуць абменьвацца вопытам. Бачна, як на справе працуюць інавацыйныя працэсы, з кожным годам назіраецца павелічэнне тавараабароту — гэта паказчык таго, што наша сяброўства мацнее, эканоміка развіваецца. Мы вельмі рады праводзіць форум у адзінаццаты раз, і, вядома, у будучым годзе будзем чакаць вас у Расіі!» — заключыў Іван Абрамаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара


Уза­е­ма­вы­гад­ная за­ка­нат­вор­часць

Падчас XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Полацкім дзяржуніверсітэце імя Ефрасінні Полацкай прайшло пасяджэнне секцыі «Эфектыўная рэалізацыя заканадаўства як найважнейшы фактар саюзнай інтэграцыі». Яе мадэратарамі выступілі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы і першы намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Уладзімір Палятаеў.


Паводле слоў Міхаіла Русага, асноўная задача пасяджэння — высветліць тыя недахопы і недагляды, якія ёсць яшчэ ў існым заканадаўстве. Уладзімір Палятаеў вылучыў асноўныя кірункі заканадаўства, над удасканаленнямі якіх вядзецца работа. Сярод іх — інтэграцыя плацежных сістэм, інфармацыйная бяспека, фарміраванне адзінай міграцыйнай прасторы, роўнасць правоў грамадзян Саюзнай дзяржавы ў сферы сацыяльна-працоўных гарантый.

Гарманізацыя прававой прасторы

Як адзначыў намеснік міністра юстыцыі Беларусі Алег Кот, узаемадзеянне па гарманізацыі выканаўчага заканадаўства ў Саюзнай дзяржаве паслядоўна развіваецца, многія механізмы даўно функцыянуюць, наладжана супрацоўніцтва па абмене вопытам, у тым ліку з пункту гледжання правапрымяняльнай практыкі.

Таксама ён нагадаў, што ў 2015 годзе рашэннем аб’яднанай калегіі Міністэрства юстыцыі Саюзнай дзяржавы створана маніторынгавая рабочая група па пытаннях прымусовага выканання і гэты механізм з’яўляецца пастаянна дзейным каналам супрацоўніцтва.

— Акрамя таго, аналіз правапрымяняльнай практыкі паказвае, што грамадзяне і юрыдычныя асобы, дзяржаўныя органы Беларусі і Расіі актыўна выкарыстоўваюць права прад’яўлення да выканання судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў. Напрыклад, па заявах спагнаннікаў рэзідэнтаў Расійскай Федэрацыі беларускімі судовымі выканаўцамі штогод узбуджаецца каля дзвюх тысяч выканаўчых вытворчасцяў, — адзначыў Алег Кот.

Больш за тое, ён падзяліўся, што да канца года будзе гатовы новы міжнародны дагавор, які яшчэ больш спросціць выкананне судовых рашэнняў.

Намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай палітыкі ў сферы прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі Юлія Малышава зрабіла акцэнт на стварэнні адзінай прававой прасторы для выканання судовых актаў. Напрыклад, у снежні 2023 года ў Мінску быў падпісаны пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне па аліментах. Цяпер пры адсутнасці ў спагнанніка звестак аб месцы жыхарства даўжніка выканаўчы дакумент можа быць прад’яўлены ўпаўнаважанаму органу боку пагаднення для выканання па месцы працы.

— Ратыфікацыя гэтага пратакола будзе садзейнічаць даванню грамадзянам Расіі і Беларусі дадатковых гарантый, накіраваных на бесперашкоднае спагнанне аліментаў з даўжнікоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі іншай краіны, — растлумачыла Юлія Малышава.

Паводле яе слоў, супрацоўніцтва міністэрстваў юстыцый Саюзнай дзяржавы застаецца адным з ключавых кірункаў двухбаковага ўзаемадзеяння і эфектыўным механізмам вырашэння шырокага спектра задач у прававой сферы.

Гістарычная справядлівасць

Пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец расказаў прысутным аб расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа і аднаўленні гістарычнай справядлівасці.

Паводле яго слоў, за гэтыя некалькі дзесяцігоддзяў вырасла не адно пакаленне людзей, якія не ведаюць усёй праўды аб Вялікай Айчыннай вайне.

— Расследаванне крымінальнай справы працягваецца вось ужо тры гады. Праводзіцца карпатлівая работа па фіксацыі інфармацыі ад відавочцаў тых падзей і іх сваякоў. У ходзе папярэдняга следства дапытана звыш 18 тысяч чалавек, каля 8 тысяч з якіх — гэта пацярпелыя, у тым ліку былыя вязні лагераў смерці, — адзначыў Ігар Уладзіміравіч.

Паводле яго слоў, маштабы трагедыі беларускага народа значна большыя, чым меркавалася раней. Следчай групай вывучаны вялікі масіў архіўных дакументаў, устаноўлены шматлікія невядомыя раней месцы масавага знішчэння і пахавання мірных грамадзян.

— Адно з такіх месцаў знойдзена ва ўрочышчы Уручча пад Мінскам. Па нашых звестках, у гэтых ямах пахавана каля 30 тысяч забітых мірных грамадзян. Расследаваннем устанаўліваюцца абставіны масавага спалення населеных пунктаў. Гэта звыш 12 тысяч сёл і вёсак. Частка гэтых населеных пунктаў раней была невядомая: напрыклад, па Віцебскай вобласці нацыстамі за адну карную аперацыю знішчаны фактычна ўвесь Асвейскі раён, — дадаў пракурор.

Акрамя таго, ён згадаў і справу ката Хатыні Уладзіміра Катрука, а таксама тое, што па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры сёлета ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс былі ўнесены змены, якія дазваляюць весці вядзенне па крымінальных справах аб злачынствах, якія не маюць тэрміну даўнасці, і ў дачыненні да памерлых асоб.

Навука і адукацыя

Па выніках работы секцыі было падпісана тры пагадненні. Два з іх падпісаў прарэктар па міжнароднай дзейнасці СПбДУ Сяргей Андрушын. Цяпер такія беларускія ўстановы, як БДЭУ і ВДМУ, будуць супрацоўнічаць з адным з вядучых універсітэтаў Расіі.

Сяргей Андрушын адзначыў, што сёння ступень гарманізацыі заканадаўства ў сферы навукова-адукацыйнага супрацоўніцтва ўжо на даволі высокім узроўні: забяспечаны правы грамадзян Саюзнай дзяржавы на атрыманне адукацыі ў любой з дзвюх краін, уніфікуюцца ступені, кваліфікацыі, якія прысвойваюцца ў навучальных установах.

— Тым не менш мы можам гаварыць аб неабходнасці развіцця такога падыходу, як мадэльнае заканадаўства, распрацоўка мадэльных законаў, у тым ліку ў сферы адукацыі. Тут пакуль, на наш погляд, мы маем вялікі патэнцыял работы, — адзначыў прарэктар.

Так, з-за рознага заканадаўчага рэгулявання пакуль што няма магчымасці ствараць сумесныя філіялы, універсітэты і прадстаўніцтвы.

— Мы ўпэўненыя, што ў супрацоўніцтве з беларускімі ўніверсітэтамі мы маглі б рэалізоўваць такія праекты больш эфектыўна і закрыць тыя патрэбы, якія сёння ёсць у многіх рэгіёнах свету, — адзначыў ён.

Сяргей Андрушын таксама дадаў, што і ў Расійскай Федэрацыі, і ў Рэспубліцы Беларусь вельмі высокая якасць адукацыі, асабліва ў такіх сферах, як медыцына, юрыспрудэнцыя, эканоміка, менеджмент. А гэтыя кірункі вельмі запатрабаваны ў Афрыцы, на Блізкім Усходзе, у азіяцка-ціхаакіянскім рэгіёне.

— Нам уяўляецца, што гарманізацыя асобных раздзелаў законаў аб адукацыі была б вельмі карысная і эфектыўная для інтэграцыі нашых адукацыйных сістэм і заканадаўства. У тым ліку і для стварэння сумесных фондаў. Напрыклад, для падтрымкі навуковых даследаванняў Расіі і Беларусі сумесна з замежнымі краінамі, — заключыў ён.

Падводзячы вынікі работы секцыі, яе ўдзельнікі адзначылі, што Саюзная дзяржава — унікальны прыклад інтэграцыі брацкіх незалежных краін, якія дапаўняюць адна адну. Прававы фундамент фарміруецца ўжо больш як два дзесяцігоддзі і ўключае ў сябе каля 1500 нарматыўных прававых актаў. Безумоўна, работа гэтай секцыі — яшчэ адзін крок да таго, каб зрабіць супрацоўніцтва больш якасным і эфектыўным.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара


Ка­ра­ні са­юз­на­га дрэ­ва

Культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і турызм, мабыць, — найважнейшыя складальнікі умацавання сяброўскіх сувязяў паміж краінамі. Менавіта гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў рамках секцыі «Культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і развіццё турызму як фактар умацавання ўзаемадзеяння рэгіёнаў Беларусі і Расіі», якая праходзіла ў Полацку ў Музеі беларускага кнігадрукавання.


Прастора духоўнасці

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч у сваім выступленні гаварыў аб ролі культуры ва ўмацаванні духоўна-маральнага развіцця народаў Беларусі і Расіі.

На яго думку, неабходна запоўніць духоўную прастору грамадства творамі мастацтва і творчымі праектамі, заснаванымі на нашай гісторыі, традыцыйных каштоўнасцях, ідэалах гуманізму і любові да Айчыны.

— Культурнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі развіваецца менавіта ў гэтым кірунку. А міністэрствы культуры Беларусі і Расіі краін вядуць прамы дыялог на штогадовых сумесных калегіях і паспяхова рэалізуюць дарожную карту супрацоўніцтва, — дадаў ён.

Міністр пералічыў таксама шэраг паспяховых праектаў. Сярод іх — Дні культуры нашых краін і рэгіёнаў, шматлікія заключэнні дагавораў паміж тэатрамі, музеямі, філармоніямі і творчымі калектывамі. А таксама праграма падтрымкі рускіх тэатраў за мяжой ад Міністэрства культуры Расіі. Дзякуючы гэтаму ў 2023 годзе фінансавую дапамогу атрымалі Нацыянальны тэатр імя Горкага ў Мінску і рэгіянальныя тэатры Брэста і Гродна.

— Калі саюз Беларусі і Расіі ўявіць у выглядзе дрэва, то духоўнасць і культура ўтвараюць яго карані. І чым мацнейшымі і здаравейшымі будуць гэтыя карані, тым больш доўгае жыццё наканавана дрэву, — сказаў на заканчэнне Анатоль Маркевіч.

Перспектывы турызму

Намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Алег Андрэйчык адзначыў, што асноўны вынік сумеснай работы — гэта павелічэнне турыстычных патокаў у абодвух кірунках.

— Станоўчыя змены сталі вынікам мэтанакіраванай работы многіх арганізацый нашых краін ад нацыянальнага да рэгіянальнага ўзроўню, — адзначыў ён.

Таксама ён дадаў, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэалізуецца шэраг цікавых сумесных праектаў. І ў якасці паспяховага прыкладу прывёў узаемадзеянне беларускіх тураператараў з прадстаўнікамі Башкартастана па рэалізацыі спецыяльнай сацыяльнай праграмы для людзей пажылога ўзросту.

— Дзякуючы рэалізацыі новага праекта Рэспубліку Беларусь у 2023 годзе наведала больш чым 1300 актыўных башкірскіх турыстаў сярэбранага ўзросту, для якіх была арганізавана насычаная экскурсійная праграма па знакавых месцах нашай краіны, — растлумачыў ён.

Беларусь і Расію звязваюць больш як два дзясяткі турыстычных саюзных маршрутаў, у тым ліку паміж суседнімі рэгіёнамі. Асаблівай папулярнасцю, паводле слоў Алега Андрэйчыка, карыстаюцца маршруты патрыятычнай, адукацыйнай, гісторыка-культурнай накіраванасці.

— Адной са значных задач з’яўляецца развіццё транспартных лагістычных сувязяў. Сёння прамыя авіярэйсы з Беларусі выконваюцца ў 18 гарадоў Расіі. Вылет ажыццяўляецца не толькі з Мінска, але і з абласных цэнтраў нашай краіны. Для параўнання ў 2019 годзе авіяперавозкі з нашай краіны ажыццяўляліся толькі ў дзевяць гарадоў Расіі, — падзяліўся ён.

Акрамя таго, Алег Андрэйчык унёс шэраг значных прапаноў. Так, на яго думку, важна садзейнічаць уніфікацыі заканадаўства аб развіцці турызму для зняцця перашкод па развіцці бізнесу ў турыстычнай сферы. Таксама трэба наладжваць узаемадзеянне па падрыхтоўцы кадраў для гэтага кірунку. І, вядома, неабходна развіццё транспартных зносін, у тым ліку адкрыццё новых авіянапрамкаў і аднаўленне сеткі чыгуначных маршрутаў.

З расійскага боку па пытаннях турызму выказаўся намеснік міністра эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Вольвач. Ён адзначыў, што ў 2023 годзе турыстычны паток вырас у два разы ў параўнанні з папярэднім годам.

 

За­гад­чык ка­фед­ры рус­кай і су­свет­най лі­та­ра­ту­ры  Го­мель­ска­га дзярж­уні­вер­сі­тэ­та імя Фран­цыс­ка Ска­ры­ны Іван Афа­нась­еў.

— Тыя мерапрыемствы, якія наша ведамства рэалізуе, безумоўна, даюць свой вынік. Наша найбагацейшая спадчына, адсутнасць моўных і візавых бар’ераў, адладжаная сістэма ўзаемаразлікаў — усё гэта спрыяе таму, што людзям хочацца прыязджаць і адпачываць, — дадаў Дзмітрый Валер’евіч.

Таксама ён узгадаў і тое, што ў хуткім часе ў Смаленску з’явіцца інфармацыйны цэнтр Саюзнай дзяржавы.

— Гэта будзе ўнікальны інфармацыйна-турыстычны цэнтр, які стане фактычна «ўваходнымі варотамі» для тых, хто ўязджае ў Расію. Там будзе магчымасць набыцця розных турыстычных прадуктаў — аж да суправаджэння ў самыя аддаленыя куткі Расіі і Беларусі, — растлумачыў Дзмітрый Вольвач.

Таксама было ўзнята пытанне па адмене платы за роўмінг.

— З 1 красавіка 2022 года мы ўжо адмянілі плату за ўваходныя выклікі, але работа працягваецца, і цяпер адпрацоўваем з аператарамі сцэнарыі выкарыстання паслуг сотавай сувязі ў рамках Саюзнай дзяржавы на ўмовах дзейных тарыфаў аператараў унутры краіны, — адзначыў намеснік міністра эканамічнага развіцця РФ.

Паводле яго слоў, гэтая справа, якая на першы погляд не мае дачынення да турызму, насамрэч вельмі моцна адбіваецца на камфортным перамяшчэнні турыстаў.

Нельга забыць

Безумоўна, на пасяджэнні закранулі і тэму гістарычнай памяці. Так, загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны Іван Афанасьеў распавёў аб дзейнасці літаратурна-асветніцкага цэнтра «Патрыётыка».

 

На­мес­нік мі­ніст­ра эка­на­міч­на­га раз­віц­ця Ра­сій­скай Фе­дэ­ра­цыі  Дзміт­рый Воль­вач.

— Адмысловая сардэчная сувязь у нас з Варонежам і варонежскім пошукавым аб’яднаннем «Дон», экспедыцыя якога вясной 2008 года выявіла астанкі гамяльчаніна Аляксандра Лізюкова, які загінуў смерцю храбрых у ліпені 1942 года пры абароне Варонежа, — падзяліўся Іван Мікалаевіч.

Так, дзякуючы актыўнай рабоце «Патрыётыкі», Гомель і Варонеж у 2019 годзе сталі гарадамі-пабрацімамі. Тады ж па ініцыятыве цэнтра ў Гомелі на плошчы Перамогі быў урачыста адкрыты помнік братам Лізюковым. А яшчэ «Патрыётыка» дабілася таго, каб імя Аляксандра Лізюкова было ўшанавана ў імянных камбайнах Гомсельмаша.

У «Патрыётыцы» прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, кніжны збор з аўтографамі пісьменнікаў-франтавікоў. А яшчэ тут увесь час вядуцца навуковыя пошукі і даследаванні, сярод якіх — запіс гісторыі з’яўлення Сцяга Перамогі ў яго класічным выглядзе, аднаўленне франтавой біяграфіі Аляксандра Лізюкова з дакументальным сведчаннем яго палкаводчых заслуг.

У час падвядзення вынікаў работы секцыі ўсе прыйшлі да высновы, што ўсебаковыя культурна-гуманітарныя сувязі, а таксама цеснае супрацоўніцтва ў галіне турызму не толькі ўмацуе добрыя адносіны паміж дзвюма краінамі, але і дапаможа развіць агульную культурную прастору.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.