Вы тут

XІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў самым рэзультатыўным за ўсю гісторыю яго існавання


Па-першае, па суме заключаных кантрактаў сёлетні форум перасягнуў папярэднія рэкорды: партнёры наблізіліся да сумы звыш мільярда беларускіх рублёў. Усяго на палях форуму было падпісана каля 250 дакументаў. Па-другое, у вялікім саюзным дыялогу ўдзельнічала звыш паўсотні расійскіх суб’ектаў і ўсе вобласці нашай краіны — унікальная інтэграцыйная пляцоўка аб’яднала амаль шэсць тысяч чалавек. Па-трэцяе, упершыню форум праходзіў адразу ў трох гарадах — Віцебску, Полацку і Наваполацку. Гэта дазволіла не толькі максімальна задзейнічаць усе пляцоўкі для дзелавых зносін, але і прадэманстраваць культурны патэнцыял нашай краіны, пазнаёміць гасцей з яе гісторыяй.


Як адзначыла па выніках форуму ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Матвіенка, калі верхнія палаты двух парламентаў аб’явілі аб стварэнні форуму, спікеры самі не чакалі, што ён вырасце ў такую вялікую гісторыю. «Колькасць удзельнікаў форуму ўжо проста не злічыць, — звярнула ўвагу спікер. — Гэта не толькі супрацоўніцтва паміж губернатарамі, паміж урадамі рэгіёнаў. Уключыліся і эканамічныя аператары, і бізнес. Гэта і ўзаемадзеянне ў гуманітарнай сферы, у сферы аховы здароўя, адукацыі. Такая колькасць праектаў і ўдзельнікаў уцягнута, што душа радуецца: мы здолелі стварыць такі механізм, запусціць такую пляцоўку, якая аб’ядноўвае сёння практычна ўсе суб’екты Расійскай Федэрацыі і рэгіёны Беларусі».

Па словах Валянціны Матвіенка, эканамічныя вынікі форуму вельмі адчувальныя. «Гэта важна, безумоўна, але не толькі гэта, — удакладніла яна. — Нельга пераацаніць нефармальную частку, якая праходзіць за рамкамі афіцыйных мерапрыемстваў. Калі ёсць асабістае знаёмства, асабістыя кантакты, паразуменне, прыходзіць лёгкасць прыняцця рашэнняў, з’яўляецца давер. А давер — гэта заўсёды ключавая рэч. З’явіўся і шэраг іншых фарматаў пад эгідай форуму: «Цягнік Памяці», Дзелавы савет, супрацоўніцтва маладзёжных парламентаў. Чаму форум стаў значным? Таму што не было яшчэ ніводнага форуму без увагі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна. Яны даюць высокую ацэнку гэтай дыялогавай пляцоўцы».

Старшыня Савета Федэрацыі адрасавала словы падзякі Наталлі Качанавай, усёй камандзе, уладам Полацка, Наваполацка, Віцебска. «Узрушальна быў праведзены форум, на высокім арганізацыйным узроўні, — дала ацэнку Валянціна Матвіенка. — Форум мае будучыню. Ён з кожным годам становіцца ўсё больш магутны і рэзультатыўны».

Сваю ацэнку XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Расія-1» дала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава. Спікер падкрэсліла, што гэта вельмі знакавая падзея як для Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, так і для Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі. «Мы — палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, таму ўзаемадзеянне паміж нашымі рэгіёнамі вельмі важнае, — адзначыла Наталля Качанава. — Кожны раз, вызначаючы тэматыку, мы выбіраем найбольш актуальныя тэмы, якія неабходна абмеркаваць. Абмеркаваць разам з калегамі, сябрамі. Тэмай XІ Форуму рэгіёнаў была выбрана «Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы». Што можа быць больш важным за інавацыі, прасоўванне навукі? Мы разумеем, што за гэтым — будучыня, будучыня любой краіны».

Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на тым, што форум прайшоў у трох гарадах. «Мы хацелі паказаць гісторыю нашай краіны, — патлумачыла сутнасць абранага фармату спікер. — Горад Полацк — самы старажытны горад у Беларусі, яго год заснавання 862-і. Гэта нашы вытокі, вытокі дзяржаўнасці, праваслаўя. Горад Наваполацк, лічу, — жывы помнік нашага сяброўства — беларусаў і расіян. У 1958 годзе сюды прыехалі спецыялісты з Уфы, і пачалося будаўніцтва нафтаперапрацоўчага завода і горада. Сёння Наваполацк — малады беларускі горад, які з’яўляецца прамысловым цэнтрам. Таму хацелася паказаць карані нашага сяброўства. Віцебск, вядома, — самы блізкі рэгіён да Расіі. Гэтаму гораду споўнілася 1050 гадоў».

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, пляцоўка Форуму рэгіёнаў дае свае цудоўныя вынікі. «Губернатары ведаюць адзін аднаго, эфектыўна ўзаемадзейнічаюць і выконваюць тыя задачы, якія перад намі ставяць прэзідэнты нашых краін, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, у плане інтэграцыйнага развіцця на аснове дагавора Саюзнай дзяржавы, які быў падпісаны 25 гадоў таму, — канкрэтызавала Наталля Качанава. — Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі — гэта ўнікальны праект, цудоўная ідэя, якая была рэалізавана шмат гадоў таму. Гэтыя гады, на мой погляд, былі найбольш інтэнсіўнымі ў нашым супрацоўніцтве. Многім варта браць прыклад з такой інтэграцыі, з такога саюзніцтва. Яно ў нас стратэгічнае, заснаванае на гісторыі, падыходах ва ўнутранай і знешняй палітыцы».

Наступны Форум рэгіёнаў у 2025 годзе прыме Ніжні Ноўгарад. Eсць усе шанцы, што ён стане яшчэ больш рэзультатыўным, бо саюзніцкія адносіны паміж Беларуссю і Расіяй толькі мацнеюць.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА і Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Плён стратэгічнага партнёрства

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.