Вы тут

Наталля Качанава правяла прамую тэлефонную лінію


 Як гэта заўсёды бывае, тэлефон у рабочым кабінеце Старшыні Савета Рэспублікі падчас прамой тэлефоннай лініі не змаўкаў ні на адну секунду. Толькі спікер пакладзе трубку, як раздаецца чарговы званок — з новай просьбай, словамі падзякі або, як людзі самі кажуць, крыкам душы.


Гэтая прамая тэлефонная лінія была шматтэматычная: заяўнікаў традыцыйна цікавілі як асабістыя пытанні, так і праблемы грамадскія. Звярталіся з розных рэгіёнаў краіны, тэлефанавалі прадстаўнікі розных узростаў — людзі імкнуліся атрымаць адказ. І яны яго атрымалі. Нехта адразу — спікер тут жа рабіла паралельныя званкі кіраўнікамў дзяржорганаў і мясцовай улады. Па іншых пытаннях, якія патрабуюць больш дасканалага вывучэння і аналізу, дадзены канкрэтныя даручэнні. Іх выкананне з гэтага дня будзе знаходзіцца на кантролі Савета Рэспублікі. 

Няякасная рэабілітацыя, малая пенсія і жыллёвае пытанне

Мінчанін паскардзіўся на сістэму медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі ў прыватных пансіянатах. Па словах ветэрана працы, заяўленыя паслугі там нярэдка не адпавядаюць рэальным. Гэта мужчына ведае не па чутках: з праблемай сутыкнуўся, калі адправіў на рэабілітацыю ў адзін з такіх пансіянатаў сваю маці.

Уважліва выслухаўшы грамадзяніна, Наталля Качанава паведаміла, што ў прыватны пансіянат выедзе кампетэнтная міжведамасная камісія, рабоце ўстановы будзе дадзена ацэнка, на аснове чаго будуць прыняты адпаведныя рашэнні. Акрамя таго, спікер адзначыла, што пажылой жанчыне акажуць садзейнічанне ў пераводзе ў дзяржаўную рэабілітацыйную ўстанову. Канкрэтныя службовыя асобы ўжо атрымалі такое даручэнне.

Раіса Іванаўна са Слоніма паведаміла, што некалькі гадоў назад пайшла на льготную пенсію, але сума выплаты, па яе словах, застаецца на тым жа месцы — 550 рублёў. «З 17 гадоў пайшла на працу, 40 гадоў стажу, дагэтуль працягваю працаваць — мне нават крыўдна», — падзялілася жанчына. 
— На якім прадпрыемстве працуеце? — удакладніла Наталля Качанава.
— На камвольна-прадзільнай фабрыцы, — сказала заяўніца. 
Спікер звярнула ўвагу, што гэта цяжкая праца, і паабяцала разабрацца. Адпаведныя даручэнні дадзены Міністэрству працы і сацыяльнай абароны. 

Марыя Дзмітрыеўна з Кобрына расказала, што яе ўнук скончыў БДУІР і па размеркаванні працуе на Мінскім механічным заводзе імя Вавілава. Бабуля паскардзілася, што маладога чалавека не хочуць ставіць на чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, бо ён яшчэ не пражыў 10 гадоў у горадзе Мінску. «Але ж ён малады спецыяліст», — аргументуе Марыя Дзмітрыеўна. Наталля Качанава паабяцала, што ў пытанні разбяруцца кампетэнтныя органы, аб чым заяўніца будзе праінфармавана. 

З жыллёвым пытаннем звярнулася і шматдзетная маці Кацярына Уладзіміраўна. Разам з сям’ёй у Беларусь яна прыехала з Украіны. Муж і дзеці не маюць рэгістрацыі (сям’я жыве на здымнай кватэры), з-за яе адсутнасці жанчына не можа атрымаць грашовую дапамогу. Старшыня Савета Рэспублікі паведаміла, што праблемай сям’і зоймуцца адказныя асобы.

Наступную заяўніцу, 21-гадовую мінчанку, таксама хвалюе жыллёвае пытанне. Анастасія мае статус сіраты, а таму мае права пабудаваць жыллё на льготных умовах. Аднак яе пытанне, са слоў дзяўчыны, ніяк не вырашаецца. Старшыня Савета Рэспублікі спытала, дзе ў цяперашні час жыве Анастасія, дзе працуе. Па меркаванні спікера, хутчэй за ўсё чарга заяўніцы яшчэ не падышла, але ў любым выпадку кампетэнтным асобам даручана высветліць, у чым прычына невырашэння жыллёвага пытання. 

Няўлічаныя квадраты, аварыйны стан амбулаторыі і дапамога хвораму дзіцяці

Жыхарка Баранавіцкага раёна агучыла спікеру сваю праблему. У лютым 2014 года Людміла Іосіфаўна набыла кватэру ў мясцовага сельгаспрадпрыемства, кошт якой выплачвае роўнымі долямі. Калі дом перадалі на баланс горада, кватэры патаннелі амаль удвая. Праз некаторы час высветлілася, што кватэра заяўніцы не адпавядае лічбе, заяўленай у тэхпашпарце. У дадзены момант жанчына ў разгубленасці: яна хоча ведаць канкрэтную цану свайго жылля. 

Наталля Качанава пацікавілася, куды заяўніца ўжо звярталася са сваёй просьбай. Яна паведаміла, што звярталася па месцы жыхарства, але адказ, які атрымала, яе не задаволіў. Спікер адзначыла, што сітуацыю жанчыны дасканала вывучаць, аб чым яе абавязкова праінфармуюць.

Вераніка Львоўна паскардзілася на аварыйны стан Буцэвіцкай амбулаторыі, якая знаходзіцца ў вёсцы Гаёк, што недалёка ад Мінска. «Яна 1960-х гадоў пабудовы, на яе абслугоўванні знаходзіцца вялікая колькасць людзей, плюс манастырскае падвор’е», — удакладніла заяўніца. 
Пагадзіўшыся з жанчынай, што аварыйны стан установы аховы здароўя з’яўляецца праблемай для тых, хто там абслугоўваецца, Наталля Качанава адразу ж патэлефанавала старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, члену Савета Рэспублікі Наталлі Якубіцкай. «Неадкладна разбярыцеся і далажыце», — паставіла задачу перад сенатарам спікер. 

Канкрэтныя даручэнні па слядах наступнай тэлефоннай размовы атрымаў і міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Алена Васільеўна з Магілёва расказала, што яе пяцігадоваму сыну пастаўлены страшны дыягназ, які патрабуе дарагога лячэння. Сям’я ўжо сабрала пэўную суму, на просьбу аб дапамозе адгукаюцца і неабыякавыя людзі. Аднак Міністэрства аховы здароўя, па словах заяўніцы, адмаўляе ім ва ўвядзенні лекавага прэпарату — адсутнічаюць адпаведныя пратаколы. 
Наталля Іванаўна — у курсе праблемы гэтай сям’і: з падачы Савета Рэспублікі ў зборы сродкаў на лячэнне хлопчыка прыняў удзел Беларускі саюз жанчын. Спікер падрабязна пацікавілася, калі хлопчыку быў устаноўлены дыягназ, як ён сябе адчувае, у які тэрмін неабходна ўвесці лекавы сродак. Атрымаўшы адказы, Наталля Качанава падбадзёрыла жанчыну, якая знаходзіцца ў роспачы. «Вам трэба трымацца, вы патрэбны хлопчыку, — звярнулася спікер да жанчыны. — Што ад нас залежыць, мы зробім». 

З падзякай за амністыю і скаргай на ўмовы жыцця ў аграгарадку 

Са словамі падзякі на прамую лінію патэлефанавала Алена Валянцінаўна. У асобе Наталлі Качанавай яна выказала ўдзячнасць уладам краіны, у першую чаргу кіраўніку дзяржавы, за прыняцце Закона «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Непаўналетні сын жанчыны асуджаны за распаўсюджанне наркатычных сродкаў, згодна з законам, раней тэрміну выйдзе з месца адбывання пакарання. «Нізкі вам паклон за падараны год свабоды, сын сказаў мне, што не верыць свайму шчасцю», — падзялілася жанчына і прапанавала спікеру арганізаваць сустрэчу з такімі хлопцамі і дзяўчатамі, асуджанымі ў раннім узросце. Старшыня Савета Рэспублікі пагадзілася — сустрэчы быць. 

Сямідзесяцігадовая жыхарка Мінска звярнулася па пытанні рэканструкцыі сталічнай паліклінікі № 13. «На трэці паверх людзі на мыліцах падымаюцца па лесвіцы», — канкрэтызавала яна. 
Наталля Качанава адзначыла, што гэтае пытанне будзе вырашана. «А ў цэлым, як вам жывецца ў Мінску?» — спытала спікер.
«Добра жывецца! Дзякуй Богу! Жыццё ў нас сёння добрае, было б толькі здароўе». 

Алена Мікалаеўна, жыхарка аграгарадка Зялёнка, што ў Полацкім раёне, паведаміла, што паўтара года таму сям’я пераехала туды з горада. Дзеці хварэлі, а таму вырашылі, што будуць жыць бліжэй да прыроды. Аднак маладую сям’ю не зусім задавальняюць ўмовы: паколькі населены пункт газафікаваны, у электраацяпленні ім часова адмовілі. Паскардзілася жанчына і на якасць вады, і на адсутнасць асфальтаванага дарожнага пакрыцця. 
Наталля Качанава паведаміла, што пракладанне электрасеткі ў сельскай мясцовасці ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планам. Па словах спікера, немагчыма адначасова пракласці электрасеткі па ўсёй краіне. На які перыяд запланавана электрыфікацыя дадзенага аграгарадка, адпаведны адказ заяўніца атрымае ад Міністэрства энергетыкі. Што датычыцца якасці пітной вады і дарожнага пакрыцця, пытанне вырашыцца хутка: Старшыня Савета Рэспублікі дала даручэнні мясцовым органам улады. 

Кожны прыём грамадзян — рацыянальнае зерне для работы заканадаўцаў 

У размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што ў членаў Савета Рэспублікі формы работы са зваротамі грамадзян дастаткова разнастайныя. «Традыцыйна пытанні мала чым адрозніваюцца, хіба што мы бачым адрозненні па рэгіёнах: дзесьці больш пытанні тычацца добраўпарадкавання, дзесьці — пераліку пенсій, — канкрэтызавала спікер. — Але ў кожным прыёме грамадзян па асабістых пытаннях мы знаходзім для сябе рацыянальнае зерне для работы з нарматыўна-правывымі дакументамі Напрыклад, пры правядзенні экспертных саветаў мы абапіраемся на меркаванні людзей і тыя звароты, якія да нас паступаюць. Роўна так мы працуем і над законапраектамі».

Наталля Качанава прывяла прыклад, што літаральна за дзень да прамой лініі ў Савеце Рэспублікі адбылося пасяджэнне экспертнага савета, на якім у тым ліку разглядалася пытанне прадастаўлення жылля для льготных катэгорый грамадзян, у тым ліку і з дзяржпадтрымкай. І ўжо паступаюць званкі, якія сведчаць аб тым, што сапраўды тут ёсць праблемы і іх трэба ўрэгуляваць.
Спікер звярнула ўвагу — пад кожную канкрэтную сітуацыю немагчыма падладзіць заканадаўства: яно павінна быць адзіным для выканання для ўсіх дзяржаўных органаў і людзей. «Але разам з тым, зыходзячы са зваротаў грамадзян, мы робім такі зрэз і прымаем рашэнні, каб гэта было на карысць людзей, як таго патрабуе ад нас Прэзідэнт і тая палітыка, якая праводзіцца ў нашай краіне», — падкрэсліла яна. 

Што тычыцца пенсійнага забеспячэння, пытанняў выплаты дапамог, шматдзетных сем’яў, то работа са зваротамі людзьмі — вялікая дапамога ў рабоце сенатараў. «Вы бачыце, што прымаецца шэраг рашэнняў, якія даюць магчымасць сёння выкарыстоўваць датэрмінова сямейны капітал, і іншыя, накіраваныя перш за ўсё на практыку прымянення заканадаўства, — патлумачыла Наталля Качанава. — Мы глядзім, як працуюць тыя ці іншыя нормы, і ўжываем іх у далейшай сваёй працы».

Работа за зваротамі грамадзян з’яўляецца своеасаблівым брэндам Савета Рэспублікі. На бягучы момант членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання праведзена 77 асабістых прыёмаў, 27 прамых тэлефонных ліній, больш за 220 сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства. Праведзены адзіны дзень прыёму грамадзян у Гомельскай вобласці. Усяго членамі Савета Рэспублікі бягучага склікання разгледжана ўжо звыш тысячы зваротаў. 

«Работа, якая праводзіцца ў нас у адпаведнасці з Законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», вядома, заслугоўвае ўсялякага адабрэння, — звярнула ўвагу спікер. — У нас у краіне гэта сістэма выбудавана дакладна — прамыя тэлефонныя лініі, прыёмы па асабістых пытаннях, іншыя формы работы са зваротамі грамадзян. Сапраўды, гэта дае вынікі, мы гэта бачым па той колькасці зваротаў, якая паступае. Але часцяком там, дзе звароты ёсць — гэта недапрацоўкі на пэўным узроўні, калі не вельмі прыстойна ці не вельмі сумленна паставіліся да звароту. У цэлым работа з людзьмі, якая праводзіцца ў нашай краіне, вельмі эфектыўная».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.