Вы тут

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак


З пачатку 2025 года ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак будуць унесены тры істотныя змяненні. Сярод іх — увядзенне вакцынацыі супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ) усіх дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў. Такая прышчэпка ўжо маецца ў нацыянальных календарах 146 краін свету, ужо ўведзена 270 мільёнаў доз вакцын супраць ВПЧ. Прышчэпка даказала сваю высокую эфектыўнасць і абараняе ад развіцця раку шыйкі маткі, які ў 80% асацыяваны менавіта з такім вірусам. Пра гэта і іншыя змяненні ў календары абавязковых прышчэпак расказалі спецыялісты.


Супраць коклюшу, пнеўмакока і ВПЧ

Як паведаміла намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч, на сёння падрыхтавана пастанова Міністэрства аховы здароўя аб дапаўненні Нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак. Змяненні пачнуць дзейнічаць з пачатку 2025 года. У цяперашні час прадугледжана пашырэнне календара па трох пазіцыях. Найперш гэта пашырэнне катэгорый асоб, якім будзе праводзіцца прышчэпка супраць пнеўмакокавай інфекцыі. На сёння імунізацыя праводзіцца толькі ў адносінах груп рызыкі — асоб, якія маюць пэўныя захворванні. З новага года імунізацыя будзе праводзіцца ўсім дзецям.

Яшчэ адно змяненне — увядзенне дадатковай бустарнай імунізацыі супраць коклюшнай інфекцыі. Сёння яна праводзіцца дзецям у 2, 3, 4 і 18 месяцаў.

— З улікам эпідэмічнай абстаноўкі, а гэта актывізацыя эпідэмічнага працэсу коклюшнай інфекцыі, а таксама таго факта, што дастатковую долю сярод захварэлых складаюць падлеткі, а менавіта ў іх пасля моманту імунізацыі прайшло больш чым пяць гадоў, прынята рашэнне аб увядзенні дадатковай дозы коклюшнай вакцыны ў дзяцей ва ўзросце шасці гадоў, — патлумачыла Ала Дашкевіч.

Трэцяе новаўвядзенне — вакцынацыя супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ)дзяўчынкам ва ўзросце 11 гадоў. Рашэнне прынята па прычыне эфектыўнасці гэтай імунізацыі для папярэджання ўзнікнення раку шыйкі маткі. Прышчэпкі будуць рабіцца адначасова з вакцынацыяй супраць дыфтэрыі і слупняку, што дазволіць пазбегнуць дадатковага візіту ў паліклініку.

— ВПЧ-вакцынацыя мае глабальнае значэнне ў свеце. Прынята лічыць, што ў асноўным яна мае адносіны да раку шыйкі маткі. Так, у 80% выпадкаў ён выкліканы менавіта ВПЧ. Аднак да ВПЧ-асацыяваных захворванняў адносяць не толькі яго. У жанчын ВПЧ-асацыяванымі захворваннямі лічацца пухліны вонкавых палавых органаў, вульвы і похвы, анагенітальнай, орафарынгеяльнай абласцей. У мужчын таксама існуюць ВПЧ-асацыяваныя захворванні: рак палавога члена, анагенітальнай і орафарынгеяльнай абласцей, — патлумачыла загадчык лабараторыі анкагінекалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Вольга Матылевіч.

Яна расказала, што ў свеце вакцынацыя праводзіцца як хлопчыкам, так і дзяўчынкам з 2006 года, і тая прадэманстравала высокую эфектыўнасць. У прыватнасці, на 90% знізіўся ўзровень інфіцыраваных ВПЧ высокай канцэрагеннай рызыкі —  16 і 18 тыпаў, да 70-80% — захваральнасць генітальнымі кандыломамі сярод маладых жанчын і мужчын, 70% — цэрвікальнай эпітэліяльнай неаплазіяй, якая з’яўляецца папярэднікам раку шыйкі маткі.

— Выкарыстанне Аўстраліяй адной з першых краін у свеце вакцынацыі і скрынінгу раку шыйкі маткі прыводзіць да таго, што ў найбліжэйшыя гады захваральнасць на рак шыйкі маткі наблізіцца да паказчыку чатыры на сто тысяч жаночага насельніцтва, што ўжо не з’яўляецца праблемай аховы здароўя. У нашай краіне захваральнасць на рак шыйкі маткі пакуль яшчэ ў межах 12 на сто тысяч жаночага насельніцтва. Таму катэгарычна важную ролю набывае ВПЧ-вакцынацыя. Пакуль яна ажыццяўляецца на дабравольнай платнай аснове. Але Міністэрства аховы здароўя прымае намаганні, і ўнясенне гэтай прышчэпкі ў нацыянальны каляндар дазволіць зняць фінансавую нагрузку з бацькоў, — адзначыла Вольга Матылевіч.

Адзёр, вятранка, COVІD-19, пнеўманіі

Нагадалі спецыялісты і пра іншыя інфекцыі, актуальныя ў летні перыяд. Найперш пра кішэчныя захворванні.

— Цягам апошніх гадоў у структуры кішэчных інфекцый пераважаюць менавіта вірусныя. Іх асаблівасцю з’яўляецца даволі лёгкая перадача, для заражэння дастаткова менш чым 10 вірусных часцінак. Пры гэтым вірусы досыць устойлівыя ў знешнім асяроддзі, усё гэта стварае перадумовы для заражэння, — адзначыла Ала Дашкевіч.

— Наравірусныя, ротавірусныя інфекцыі — аснова статыстычнай захваральнасці ў адносінах кішэчных інфекцый, — дадаў галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Ігар Карпаў. — Яны сур’ёзныя з-за двух момантаў — сіндрому інтаксікацыі, калі павышаецца тэмпература, і гэта дадатковая нагрузка на кантынгенты рызыкі: людзей, якія пакутуюць на хранічныя лёгачныя, сардэчныя захворванні, цукровы дыябет, гіпертанію. Другі важны аспект — страта вадкасці або дэгідратацыя. У пажылых людзей гэта можа прыводзіць да дэкампенсацыі хранічных станаў, на фоне згушчэння крыві ў гэты момант адбываецца дэкампенсацыя сардэчных захворванняў, могуць наступіць ускладненні, звязаныя з хранічнымі захворваннямі. Таму пажылых людзей трэба берагчы і своечасова звяртацца да ўрача. Тое ж датычыцца і маленькіх дзяцей. Трэба своечасова піць паболей вадкасці, гэта з’яўляецца выратавальным у такіх сітуацыях. Заўважце, ніводнага слова я не сказаў пра антыбіётыкі, — падкрэсліў Ігар Карпаў.

Меры прафілактыкі кішэчных інфекцый простыя: па-першае, захаванне правілаў асабістай гігіены, у прыватнасці мыццё рук, мыццё перад ужываннем садавіны і агародніны з зелянінай, захаванне тэхналогіі прыгатавання харчовых прадуктаў і дастатковай тэрмічнай апрацоўкі. У летні перыяд актуальныя і пытанні купання — яно магчымае толькі ў дазволеных месцах. Калі ж сутыкнуліся з віруснай інфекцыяй, то ў цяжкім стане варта звяртацца па медыцынскую дапамогу.

Спецыялісты адзначылі, што не губляюць актуальнасці летам і рэспіраторныя інфекцыі. У краіне працягваецца рэгістрацыя выпадкаў адру, ветраной воспы, адзінкавыя выпадкі COVІD-19. 

У адносінах гэтых інфекцый найбольш эфектыўным метадам прафілактыкі з’яўляецца імунізацыя. Супраць 12 інфекцыйных захворванняў вакцынацыя ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Акрамя таго, у адносінах 19 інфекцый імунізацыя праводзіцца і па эпідэмічных паказчыках.

— Адзёр не мае супрацьвіруснай тэрапіі, але ёсць добрае прафілактычнае мерапрыемства — вакцынацыя. Яна сябе выдатна зарэкамендавала, і пазбаўляць яе дзяцей ні ў якім разе нельга. Найперш з-за ўскладненняў адру на цэнтральную нервовую сістэму, — падкрэсліў Ігар Карпаў.

Таксама ён засяродзіў увагу на мікаплазменнай інфекцыі, якая выклікае шэраг рэспіраторных праяў, у тым ліку пнеўманіі.

— Нядаўна шырока адлюстроўвалася ў прэсе пытанне мікаплазменнай інфекцыі. Кожныя 4–8 гадоў наступае перыяд яе пад’ёму, часам у вясенне-летні перыяд. Гэта не вірусная, а бактэрыяльная інфекцыя, якая нядрэнна лечыцца антыбіётыкамі. Як правіла, яна развіваецца ў выглядзе вострых рэспіраторных праяў, але нярэдка бываюць бранхіты і нават пнеўманіі. Вядома, іх нельга параўноўваць з цяжарам пнеўмакокавых захворванняў, тым не менш праблема гэта заўсёды існуе. І ў такім выпадку прымяняецца антыбактэрыяльная тэрапія. У цяперашні час яна даступная, гэтак жа як і ложкавы фонд, які шырока разгорнуты і дазваляе вырашыць усе пытанні, — адзначыў Ігар Карпаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.