Вы тут

Што больш карыснае за фрукты? Толькі гародніна!


Лета — пачатак восені — спрыяльная пара для гурманаў і прыхільнікаў здаровага харчавання. Вочы разбягаюцца ад багацця гародніны, садавіны і ягад на прылаўках рынкаў і крам. Усімі колерамі святлафора сігналіць салодкі перац, пераліваецца сакавітая чарэшня, блішчаць на сонцы паласатыя кавуны, вабяць водарам персікі, абрыкосы, нектарыны. Вітаміны, мінералы, харчовыя валокны — вось далёка не поўны пералік карысных рэчываў, на якія багатыя гэтыя дары прыроды. Расказваем, на што варта налягаць у сезон свежай садавіны і гародніны.


Фота pexels.com

Галоўныя вітаміны

Бэта-карацін (папярэднік вітаміну А) змяшчаецца ў гародніне і садавіне аранжавага колеру: моркве, гарбузах, абрыкосах. У спалучэнні з зялёным рэчывам — хларафілам аранжавы колер караціну менш прыкметны, але ўтрыманне яго вельмі значнае і ў зялёнай гародніне: лісці шпінату, пятрушкі, шчаўя.

— Нямецкі хімік Вакенрадэр, які ўпершыню адкрыў гэтае рэчыва, назваў яго «эліксірам прыгажосці і маладосці». Правітамін ахоўвае скуру, валасы і пазногці ад негатыўнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя, запавольвае працэсы старэння, развіццё катаракты і глаўкомы, дапамагае захаваць добры зрок нават у пажылым узросце, зніжае ўзровень халестэрыну і змагаецца з развіццём атэрасклерозу, павышае супраціўляльнасць арганізма да інфекцыйных хвароб і засцерагае яго ад свабодных радыкалаў, якія разбураюць клеткі, — расказвае валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія Клімчанка.

Вітамін С у вялікай колькасці змяшчаецца ў чорных парэчках, шыпшыне, салодкім перцы, абляпісе, кропе, пятрушцы, капусце, шчаўі, зялёнай цыбулі, памідорах, клубніцах. Аскарбінавая кіслата павышае ўстойлівасць арганізма да інфекцый, удзельнічае ў крывятварэнні, рэгулюе згусальнасць крыві і пранікальнасць капіляраў, дапамагае засвойваць жалеза і сінтэзаваць калаген.

Вітамін Е перашкаджае ўтварэнню свабодных радыкалаў, абараняе ад атэрасклерозу, падтрымлівае здароўе скуры, пазногцяў, валасоў, з’яўляецца найважнейшым вітамінам для рэпрадуктыўнай сістэмы. На яго багатыя рэпа, шпінат, пятрушка, абляпіха, шыпшына, брокалі.

Фоліевая кіслата не сінтэзуецца арганізмам, затое ўтрымліваецца ў рознай гародніне: капусце, гароху, салодкім перцы, шпінаце, пятрушцы, рукале. Яна ўдзельнічае ў бялковым абмене, крывятварэнні, стабілізуе артэрыяльны ціск, мае найважнейшае значэнне ў перыяды хуткага росту, цяжарнасці і развіцця плоду.

Флаваноіды (прыродныя фарбавальнікі, якія надаюць ягадам і гародніне чырвоную, фіялетавую афарбоўку) з’яўляюцца магутнымі антыаксідантамі, умацоўваюць сценкі крывяносных сасудаў, валодаюць антымікробным дзеяннем. У вялікіх колькасцях утрымліваюцца ў ажынах, чарніцах, чорных парэчках, цёмным вінаградзе, баклажанах, бураках.

Гародніна і садавіна з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі харчовых валокнаў, якія ў сваю чаргу ўбіраюць у сябе і выводзяць з арганізма розныя шкодныя рэчывы, паляпшаюць перыстальтыку кішэчніка, спрыяючы нармалізацыі стрававання, дабратворна ўздзейнічаюць на мікрафлору стрававальнага тракта.

Не менш за 400 грамаў штодня

Для таго, каб свежая садавіна, ягады і гародніна прынеслі максімум карысці, купляць іх трэба толькі ва ўстаноўленых месцах гандлю, звяртаць увагу, каб гандлёвы аб’ект і навакольная тэрыторыя ўтрымліваліся ў чысціні.

— Пры неабходнасці вы можаце запатрабаваць дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку харчовых прадуктаў, што набываеце. Аднак варта звярнуць увагу: рэалізацыя плодаагародніннай прадукцыі фізічнымі асобамі, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, у месцах, устаноўленых выканаўчымі органамі ўлады, можа весціся без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку, — расказвае Юлія Клімчанка.

Купляючы гародніну, садавіну і ягады, звяртайце ўвагу на іх вонкавы выгляд, пах, колер. Саспелыя плады павінны мець уласцівы канкрэтнаму віду пах і афарбоўку, без слядоў гніення, пашкоджанняў лупіны.

— Ва ўсім трэба захоўваць меру. Празмернае ўжыванне садавіны і ягад можа прывесці да гіпервітамінозу, алергіі, расстройстваў стрававання. Асаблівую асцярожнасць варта праяўляць людзям з захворваннямі страўнікава-кішачнага тракта: з-за высокага ўтрымання кіслот можа абвастрыцца гастрыт і язвавая хвароба. Пры наяўнасці цукровага дыябету, плады з вялікім утрыманнем вугляводаў могуць выклікаць рэзкае павышэнне ўзроўню глюкозы ў крыві, — нагадвае Юлія Клімчанка.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя раіць ужываць не менш за 400 грамаў гародніны, садавіны і ягад штодня. Увесь аб’ём рэкамендавана падзяліць на пяць порцый, уключаючы ў дзённы рацыён прадукты розных тыпаў і колераў. Такім чынам можна атрымаць максімальную колькасць рэчываў, уласцівых гэтым смачным і карысным прадуктам.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.