Вы тут

Ад вады да бяды — адзін крок


Трывожныя навіны прыходзяць услед за спякотнымі летнімі днямі. Жаданне астудзіцца, адпачыць каля вады нярэдка прыводзіць да трагедый. І многіх з іх, як потым высвятляецца, можна было б пазбегнуць, калі б людзі купаліся ва ўстаноўленых месцах, прытрымліваліся элементарных правілаў паводзін каля вады, трымалі дзяцей у полі зроку. Па стане на раніцу 9 ліпеня, з 1 мая ў краіне патануў 121 чалавек, уключаючы 15 дзяцей.


Дзеці на вадаёме — толькі з дарослымі

Аднак не заўсёды дарослыя ведаюць, як бавяць час іх дзеці. Апошнія нярэдка не кажуць аб сваіх планах і без папярэджання бацькоў шпацыруюць у бок возера або рэчкі. І добра, калі, пакупаўшыся, дзіця вяртаецца да хаты. На жаль, так бывае не ва ўсіх сем’ях.

Дваіх падлеткаў не дачакаліся 4 чэрвеня ў Жлобіне. Кампанія дзяцей адпачывала на беразе возера Карпілаўскае. Нягледзячы на тое, што ў вадаёме купацца забаронена, два хлопцы, 14 і 15 гадоў, рызыкнулі паплаваць. Аднак не разлічылі свае сілы і патанулі.

Чатырнаццацігадовы падлетак днямі патануў у Мазыры. Як і папярэднія ахвяры вады, разам з таварышамі ён адправіўся на Прыпяць, дзе хлопцы вырашылі астудзіцца. Не ўсе з іх выйшлі на бераг... Цела аднаго з падлеткаў на наступны дзень выцягнулі з вады вадалазы.

Ледзь не скончыўся трагедыяй адпачынак для юнага жыхара Ліды. На шчасце, на дапамогу да яго падаспеў неабыякавы відавочца. Інцыдэнт здарыўся ў панядзелак днём на абсталяваным пляжы на Лідскім возеры. Як высветлілася, бабуля з пяцігадовым унукам адпачывала на беразе. Хлопчык плаваў па-за зонай купання для дзяцей і быў без ратавальных сродкаў. У нейкі момант за паўтара метра ад берага дзіця спатыкнулася і пачало тануць. Усхваляваная жанчына стала клікаць на дапамогу. Мужчына, які адпачываў побач, пачуў крык і кінуўся на дапамогу дзіцяці. Тое, што адбывалася, заўважылі матросы Таварыства ратавання на водах, якія дзяжурылі на пляжы. Яны падплылі да іх на маторнай лодцы і даставілі хлопчыка на ратавальную станцыю. Пасля агляду медыцынскім работнікам хлопчыка адпусцілі дадому, шпіталізацыя дашкольніку не спатрэбілася.

Часам, каб здарыцца бядзе, дастаткова і невялікай глыбіні. Вечарам у нядзелю ратавальнікам паступіла сумнае паведамленне — у сажалцы ў вёсцы Кулікі Мядзельскага раёна патанула дзіця 2022 года нараджэння. Па папярэдняй інфармацыі, дзеці знаходзіліся дома і ў двары з бацькамі. У нейкі момант маці страціла маленькага сына з-пад увагі. Бацькі і суседзі пачалі шукаць хлопчыка. Знайшлі... ў найбліжэйшай сажалцы. Сэрца дзіцяці ўжо не білася.

А 29 чэрвеня аднагадовае дзіця патанула ў надзіманым дзіцячым басейне. Трагедыя здарылася ў аграгарадку Млынок Ельскага раёна. Хлопчык гуляў на падворку з мячом пад наглядам маці. Калі мяч трапіў у басейн, дзіця пацягнулася за цацкай, упала ў ваду і захлынулася. Бацькі паспяшаліся на дапамогу сыну, аказалі яму першую медыцынскую дапамогу. Аднак, нягледзячы на прынятыя меры, дзіця памерла ў бальніцы.

Навучыце дзяцей плаваць!

Ратавальнікі не перастаюць паўтараць: малыя дзеці павінны знаходзіцца пад пастаянным наглядам бацькоў. Прычым гэта датычыцца не толькі адпачынку на вялікіх вадаёмах. Смяротную небяспеку ўяўляюць для дзяцей і сажалкі, надзіманыя і каркасныя басейны, нават бочкі з вадой. Таму задача дарослых — абмежаваць бескантрольны доступ да вады на ўласным падворку, быць уважлівым да сваіх нашчадкаў будучы ў гасцях.

Як звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі, ратавальнае ведамства прымае ўсе меры для таго, каб прыцягнуць увагу да праблемы бяспекі дзяцей, у тым ліку падчас адпачынку на вадзе. «15 дзяцей ужо патанулі, і гэта, безумоўна, вялікая колькасць, — падкрэслівае ён. — Невыпадкова ратавальнікі пачалі ажыццяўляць такую ініцыятыву, як навучанне дзяцей плаванню ў летніх лагерах. Ужо больш як 60 такіх заняткаў праведзена, каля сямі тысяч дзяцей мы навучылі плаваць і бяспечна паводзіць сябе на вадзе».

Нядрэнна было б, каб і самі бацькі паклапаціліся аб гэтым. Чамусьці мала хто задумваецца аб тым, наколькі важна навучыць дзіця плаваць. Гэта толькі здаецца, што вы заўсёды будзеце побач з вашымі дзецьмі. Але, як паказваюць трагічныя выпадкі, дарослыя не былі ў курсе, што іх сын або дачка адпачывалі каля вадаёма. З непаслухмянасцю, вядома, трэба працаваць. Але калі ваша дзіця будзе ўмець плаваць, — стане менш прычын для трывогі.

Дарэчы, важная дэталь: згодна з заканадаўствам, да дасягнення 14 гадоў дзецям забаронена знаходзіцца каля вады без нагляду дарослых. «Маленькія грудныя дзеці, якія пастаянна на руках, дзеткі дашкольнага ўзросту павінны знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі, дзеткі старэйшыя — быць пад пастаянным наглядам, — акцэнтуе ўвагу дарослых Яўген Бараноўскі. — Сам нярэдка назіраю, што вельмі часта бацькі сядзяць, адпачываюць, а дзеці самі па сабе знаходзяцца ў вадзе. І гэта дастаткова сур’ёзная праблема. Калі, дапусцім, на дазволеных пляжах дзяжураць ратавальнікі Таварыства ратавання на водах, якія кантралююць абстаноўку, то вось у стыхійных месцах купання за дзецьмі ніхто не прыглядае. З улікам таго, што дно там можа быць абсалютна розным і плыні моцнымі, дзеці могуць патануць у лічаныя секунды».

У нецвярозым стане купацца забаронена!

Дарослыя таксама становяцца ахвярамі вады. Часцей за ўсё віной гэтаму алкаголь. У нецвярозым стане людзей цягне на подзвігі. Не разлічыўшы ўласныя сілы, заплываюць на далёкія адлегласці, і ўжо няма сіл вярнуцца да берага. Яшчэ адна памылка плыўцоў — купанне ў месцах, дзе гэта забаронена. У першую чаргу, гэта звязана з неабследаваным дном, якое ўяўляе небяспеку, і адсутнасцю ратавальнікаў або супрацоўнікаў Таварыства ратавання на водах. Адпачываючы на вадаёмах, дзе дзяжураць гэтыя важныя спецыялісты, людзі не так рызыкуюць сваім жыццём.

У канцы чэрвеня на возеры Каташы, што ў аднайменнай вёсцы Кобрынскага раёна, патануў мужчына 1999 года нараджэння. Паводле папярэдняй інфармацыі, маладыя людзі адпачывалі на беразе возера, скакалі ў ваду з прывязанай да дрэва вяровачнай тарзанкі. У нейкі момант адзін з іх не вынырнуў. Кампанія забіла трывогу: сталі шукаць. Знайшлі мужчыну на адлегласці каля двух метраў ад берага на глыбіні. Да прыбыцця брыгады хуткай яму аказвалі першую медыцынскую дапамогу. Аднак медыкі канстатавалі смерць. Месца, дзе здарылася трагедыя, для купання не абсталявана.

Яшчэ адзін інцыдэнт на вадзе адбыўся ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна: на возеры Заазёрскае відавочцы выратавалі гора-плыўца. Мужчына купаўся ў забароненым месцы, заплыў далёка ад берага і пачаў тануць. Заўважыў гэта грамадзянін, які праходзіў міма, і паспяшаўся на дапамогу. Пацярпелага ён дастаў на бераг і выклікаў медыкаў. Выратаванага пенсіянера шпіталізавалі ва ўстанову аховы здароўя.

Літаральна на выхадных толькі на Мінскім моры ратавальнікі Таварыства ратавання на водах як мінімум двойчы выязджалі на дапамогу. У раёне санаторыя «Юнацтва» перавярнулася лодка з маладымі людзьмі. Калі ратавальнікі прыехалі на месца здарэння, знясілены мужчына знаходзіўся ў вадзе, дзяўчына ў стане панікі стаяла ў лодцы. Пацярпелых паднялі на катар і даставілі на ратавальную станцыю, а затым на бераг. Ад медыцынскай дапамогі маладыя людзі адмовіліся. Ці скончылася ўсё так добра, калі б хлопец і дзяўчына не былі б у ратавальных камізэльках?! У той жа дзень на Мінскім моры танулі дзве дзяўчыны, якія плавалі на сапбордзе. Адна здолела самастойна выбрацца з вады. Другую супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах даставілі разам з плавальнай дошкай на ратавальную станцыю. У медыцынскай дапамозе яна не мела патрэбы. 

У рамках авіяпатрулявання пажаранебяспечнай абстаноўкі ў лясах авіяцыя МНС кантралюе і месцы адпачынку каля вадаёмаў. Маршруты пракладаюцца такім чынам, каб у тым ліку захопліваць самыя галоўныя акваторыі, дзе адпачывае дастаткова шмат людзей. Аднак не варта спадзявацца на ратавальнікаў ці кагосьці яшчэ. Людзі самі павінны несці адказнасць за сваё жыццё, а таму некалькі разоў падумайце перад тым, як пайсці, будучы пад мухай, у ваду або заплываць на вялікую адлегласць. Такая рызыка можа каштаваць дорага, вельмі дорага.

— Мы заклікаем выбіраць для адпачынку толькі спецыяльна адведзеныя месцы, — рэзюмуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Заўсёды ацэньвайце свае сілы, не плывіце на спрэчку, патлумачце дзецям, да чаго можа прывесці няправільны разлік сіл. Памятайце: смяротна небяспечна ныраць у ваду з вышыні, дамбы і іншых збудаванняў. Нельга гэтага рабіць і ў невядомых месцах. Не сумяшчайце купанне з алкаголем, кантралюйце дзяцей, знаходзьцеся на адлегласці выцягнутай рукі. Небяспеку для малых уяўляюць і басейны, штучныя вадаёмы на тэрыторыі домаўладанняў. Гэта абавязковыя правілы жыцця, якія прадыктаваны трагічнымі лічбамі.

Вераніка КАНЮТА

Фота з сайта МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.