Вы тут

Выбар нашага шляху


Роўна 30 гадоў назад, 10 ліпеня 1994 года, у Беларусі адбыўся другі тур першых у гісторыі краіны прэзідэнцкіх выбараў. Пераканаўчую перамогу — больш за 80 працэнтаў галасоў — атрымаў малады кандыдат Аляксандр Лукашэнка. Беларусы выбіралі тады не толькі кіраўніка краіны. Яны выбіралі надзею на тое, што жыццё нарэшце пачне мяняцца да лепшага.


Яго праграма называлася «Адвесці народ ад бездані». Тады беларусы сапраўды стаялі на самым яе краі і адзін няправільны крок мог абрынуць усё, што яшчэ заставалася. Гэта разумелі і адчувалі многія, таму і не маглі зрушыцца з месца. Але тут з’явіўся чалавек і сказаў не камусьці — усім: «Пойдзем са мной. Я ведаю, куды ісці і што рабіць». І большасць паверыла яму. Бо ў яго праграме не было пустых абяцанняў, як хутка мы зажывём добра і багата. Але былі шчырыя словы: «Я не абяцаю вам малочных рэк і кісельных берагоў. Не хачу лгаць... Наперадзе вялікая і цяжкая работа, якую ніхто, акрамя нас саміх, не зробіць. Адвесці народ і краіну ад бездані — вось першаступенная задача прэзідэнта. Я веру ў мудрасць і працавітасць беларускага народа. Перакананы, што вырашэнне гэтай задачы нам пад сілу».

Людзі паверылі яму, бо ён паверыў у іх. І працягваюць верыць сёння, бо ён не падмануў, ні разу ні словам, ні справай не збочыў з абазначанага трыццаць гадоў таму шляху, па якім прапанаваў пайсці краіне і народу.

А шлях той — шырокі і светлы. І мы ўпэўнена ідзём па ім разам.


Сваімі развагамі аб пройдзеным пад кіраўніцтвам Прэзідэнта шляху дзеляцца аўтарытэтныя ў нашай краіне людзі


Аляксандр Радзькоў: «Мы даверылі гэтаму чалавеку свае лёсы, нашу краіну»

Доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Радзькоў — сярод тых, хто быў непасрэдным сведкам таго, як беларускі народ выбіраў свайго першага Прэзідэнта. Аляксандр Міхайлавіч на працягу многіх гадоў працаваў побач з кіраўніком дзяржавы. У 2003–2010 гадах з’яўляўся міністрам адукацыі, у 2011–2016 гадах — першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

«У правільнасці выбару Прэзідэнтам Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі мы не сумняваліся першапачаткова, не сумняваемся і цяпер, — адзначае ў размове Аляксандр Радзькоў. — Да 1994 года мы ўжо вельмі стаміліся ад няпэўнасцяў: у дзяржаўным уладкаванні, у ідэалагічных арыенцірах і маральных прынцыпах, ад безграшоўя, ад пустых прылаўкаў, ад дэмагагічных заклікаў. Я тады працаваў у Магілёўскім універсітэце імя А. А. Куляшова прарэктарам па вучэбнай рабоце. Гэта навуковае асяроддзе, вакол людзі, навучаныя вывучаць і аналізаваць сітуацыю, якая складваецца, і рабіць адпаведныя высновы. І мы ўсе да таго часу здолелі выразна зразумець, што ўсе нашы наваяўленыя грамадскія лідары робяць стратэгічную і вельмі небяспечную памылку — палітычныя рэформы ставяць наперадзе эканамічных. 

У выніку краіна імкліва страчвае свой прамысловы патэнцыял, разбураецца сельскагаспадарчы ўклад, мы няўмольна ідзём да холаду і голаду».

Аляксандр Радзькоў памятае, як у рамках сваёй перадвыбарнай кампаніі ў Магілёўскі ўніверсітэт прыязджаў кандыдат у прэзідэнты краіны Аляксандр Лукашэнка. «Былы выпускнік нашага ўніверсітэта — малады, энергічны, упэўнены ў ажыццяўленні таго, што ён нам прапануе зрабіць разам з ім для развіцця краіны, — згадвае тую сустрэчу заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. — Ён заклікаў захаваць тое, што нам дасталося ад Савецкага Саюза, дзе мы былі рэспублікай з высокатэхналагічнымі вытворчасцямі, з магутнымі заводамі, фабрыкамі і камбінатамі. Пераконваў захаваць у вёсцы калектыўныя гаспадаркі, рупліва выкарыстоўваць прыродныя багацці, умацоўваць свае Узброеныя Сілы. Бізнес развіваць з розумам, падтрымліваць энтузіязм і захопленасць энергічных людзей, але не ісці на ашалелую прыватызацыю, вызначаць для прадпрымальніцтва прыдатныя нішы і ставіць перад ім перспектыўныя задачы. Уладкоўваць незалежную Беларусь, разлічваць перш за ўсё на свае сілы і знаходзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з усімі замежнымі краінамі, але перш за ўсё — з брацкай Расіяй. Не толькі мы, уся краіна тады інтуітыўна адчула, што Аляксандр Рыгоравіч ажыццявіць усё тое, што ён прапануе. Яму нельга было не паверыць. І мы тады даверылі гэтаму чалавеку свае лёсы, нашу краіну».

Па словах Аляксандра Радзькова, толькі не падрыхтаванаму жыццём, не навучанаму маштабнаму мысленню чалавеку ўяўляецца, што кіраваць краінай зусім нескладана. «У народзе ходзіць нават такая прыказка: «Сустрэў чалавека, які ведае, як правільна кіраваць краінай. Але ўзначаліць урад пакуль адмаўляецца — трэба таксаваць!» — расказвае ён. — Для выканання функцыянальных абавязкаў кіраўніка дзяржавы чалавек першапачаткова павінен быць надзелены прыкметнымі прыроднымі задаткамі: інтэлектам, воляй, настойлівасцю, прагай да новых ведаў, актыўнасцю, разуменнем прызначэння ў жыцці кожнага чалавека і чалавецтва ў цэлым і шмат чым іншым. Але толькі закладзеных прыродай такіх задаткаў мала! Яны павінны планамерна, але няўхільна развівацца, замацоўвацца досведам, засваеннем жыццёвых правіл і асноў. Аляксандру Рыгоравічу, відавочна, гэтыя якасці прыродай дадзены, і ён іх дагэтуль настойліва развівае. Таму і стаў адным з самых аўтарытэтных дзяржаўных лідараў. Беларусь ва ўсім свеце ведаюць перш за ўсё па нашым Прэзідэнце».

Доктар педагагічных навук звяртае ўвагу на тое, што работа Прэзідэнта звязана з неймавернымі цяжкасцямі. «І яны найперш у тым, што за кіраўніком дзяржавы — канчатковыя рашэнні, — тлумачыць ён. — Яму няма на каго перакласці адказнасць. А адказвае ён за лёс кожнага з нас і за краіну ў цэлым».

Аляксандр Радзькоў прыводзіць прыклад падобнай сітуацыі. «Іду як міністр адукацыі да Прэзідэнта з праблемай арганізацыі харчавання дзяцей у школах, — расказвае ён. — Традыцыйна гэтым займаліся Міністэрства гандлю і яго сетка грамадскага харчавання. Урад раптам вырашыў усю гэту сістэму перадаць нам. А менавіта — гарачае харчаванне, склады для прадуктаў, халадзільнікі, рэфрыжэратары, лабараторыі якасці, кухоннае абсталяванне, кухары... Мы ж найперш павінны вучыць і выхоўваць. Спатрэбіцца — будзем і карміць, але такая адхіленасць будзе сапраўды на шкоду навучальнаму працэсу. Іду па падтрымку да Прэзідэнта. Але я са сваім дакладам — у сярэдзіне! Перада мной у Аляксандра Рыгоравіча першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Ільіч Сямашка. Гэта — цэны на газ і на нафту, аб’ёмы іх паставак, прамысловая вытворчасць, рынкі збыту тавараў... І ён за вырашэннем праблем — таксама да Прэзідэнта. А пасля мяне з дакладам — старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пятровіч Пракаповіч. У яго пытанні па курсах валют, крэдытнай палітыцы, залатым запасе... А Прэзідэнту ўсе гэтыя і многія, многія іншыя, не менш складаныя пытанні, перакласці няма на каго. І ён жа адказвае не толькі за правільнасць рашэння гэтых канкрэтных праблем на бягучы момант. Ён абавязаны думаць аб палітычнай значнасці ўсіх рашэнняў, аб дабрабыце краіны і яе грамадзян. І ён думае! І ён бярэ на сябе рашэнні! І мы бачым, што яго рашэнні прадукцыйна працуюць — і ва ўсіх прыватнасцях, і ва ўсім маштабе».

Вучоны перакананы: наўрад ці атрымалася б дасягнуць таго, што беларускі народ мае цяпер, калі дапусціць думку, што народны выбар 30 гадоў таму быў бы іншым. «Філасофія гэтага выбару ў тым, што нашай краіне не дасталася багатых прыродных рэсурсаў, але Бог узнагародзіў нашых людзей інтэлектам, — тлумачыць Аляксандр Міхайлавіч. — І як пацвярджэнне гэтага факта, як доказ — размяшчэнне ў Беларусі ў часы Савецкага Саюза буйных прамысловых прадпрыемстваў, высокатэхналагічных вытворчасцяў. І мы з усім гэтым спраўляліся: рабілі і працягваем рабіць аўтамабілі, трактары, камбайны, станкі, тэлевізары, чыпы... Хутка і за самалёты возьмемся! Таму калектыўны розум беларусаў выбіраў у 1994 годзе сваім лідарам чалавека, які б цалкам адказваў за іх жаданні і спадзяванні. І не памыліўся, бо з розумам выбіраў!»

Суразмоўца прыгадвае выпадак, калі аднойчы на Камароўскім рынку да яго падышоў пажылы чалавек і папрасіў перадаць Прэзідэнту, што беларусы так добра, як цяпер, ніколі не жылі. Чалавек, які прайшоў вайну, быў цяжка паранены, потым аднаўляў разбураную фашыстамі краіну, бачыў на свае вочы і холад, і голад, і галечу, ніколі дагэтуль не жыў у такім дастатку.

«Мы штодня бачым і адчуваем, як Аляксандр Рыгоравіч клапоціцца аб будучыні нашай краіны, — рэзюмуючы, кажа Аляксандр Радзькоў. — Як няпроста яму зберагчы нас ад бяды і ад вайны. Як маштабна і рэзультатыўна ён працуе ва ўсіх галінах нашай шматпланавай народнай гаспадаркі — ад развіцця сучаснай вытворчасці да асваення касмічных тэхналогій. Як прыслухоўваюцца да яго лідары іншых краін, як упэўнена і пераканаўча ён выкладае свае погляды на ўладкаванне сусветнага парадку, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя спосабы. Бо, як і мы ўсе, ён шчыра любіць сваю краіну — нашу прыгожую і непаўторную Беларусь».


Анатоль Глаз: «У той час нават не марылі, што ў нас будуць школы з басейнамі»

Ацаніць, наколькі ўзважаным быў выбар у 1994 годзе і чаму менавіта Аляксандра Лукашэнку падтрымаў народ, «Звязда» папрасіла старшыню савета Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, дэпутата Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў ад Глускага раёна, ганаровага грамадзяніна Глускага і Бабруйскага раёна Анатоля Глаза.

— У 1994 годзе я працаваў камерцыйным дырэктарам на прадпрыемстве з трохтысячным калектывам «Бабруйскмэбля» і добра памятаю той настрой, які панаваў у грамадстве, прыгадвае ён. — Жыццё краіны залежала ад моцнай рукі. Каб пайсці на прэзідэнцтва, патрэбны былі вялікая асабістая адказнасць і разуменне, што рабіць. Такая масавая падтрымка Аляксандра Лукашэнкі народам сведчыла, што ён ведаў запыты людзей і тое, як трэба дзейнічаць. Людзі таго часу былі перакананыя, што ўлада заўсёды падтрымае. Калі былі пытанні, ішлі ў райкам партыі і знаходзілі там падтрымку. Дзеянні Аляксандра Лукашэнкі дапамаглі стабілізаваць краіну, ён змог выбудаваць моцную структуру ўлады, вызначыць прыярытэты. Ён не стаў адмаўляцца ад старых кадраў, якія працавалі на сваіх месцах. На той час старшынёй Магілёўскага аблвыканкама быў Аляксандр Кулічкоў, у Гомелі — Мікалай Вайцянкоў, на чале іншых абласцей таксама стаялі вопытныя кіраўнікі. Разам з імі Аляксандр Рыгоравіч узгадняў кандыдатуры на кіраўнікоў раёнаў. Да руля станавіліся правераныя, бывалыя людзі, якія працавалі і раней, прычым сумленна. Маладыя ў той сітуацыі, напэўна, разгубіліся б, бо вопыту работы ў такіх умовах не было.

Калі ўспамінаць вёску таго перыяду, сітуацыя там была напружаная. Хлеб паспеў, а прыбіраць няма чым. У 1996 годзе на «Гомсельмашы» быў зроблены першы наш камбайн. Цяпер прадпрыемства выпускае тысячы гэтых машын, большая частка іх ідзе на экспарт. Мудрыя крокі па стабілізацыі дапамаглі выратаваць краіну. У той час мы нават не марылі, што ў нас будуць школы з басейнамі. Цяпер гэтым нікога не здзівіш. Усё гэта вынік той палітыкі, якая праводзілася.

Сёння зноў у свеце складаная сітуацыя, але апынуліся мы ў ёй не па нашай волі. Перакананы, што мы і гэта перажывём. Ёсць сувязі з Расіяй, што робіць нас яшчэ больш моцнымі. Афіцыйны ўступ Беларусі ў ШАС — гэта яшчэ адзін дальнабачны крок нашага Прэзідэнта. Гэта арганізацыя цалкам адпавядае нашай палітыцы. ШАС — гэта дадатковыя магчымасці, якія можна выкарыстоўваць. Ад беларусаў патрабуюцца толькі жаданне працаваць і адзінства. Перакананы, што будуць і далейшыя мудрыя крокі, напрыклад па перадачы часткі ўласнасці працоўным калектывам, ільвінай часткі паўнамоцтваў рэгіёнам. Ёсць пытанні, якія вырашаюцца лепей на месцах, чым зверху. Абавязкова будзе рух наперад.


Уладзімір Дражын: «Стыль яго дзейнасці — увага да ўсіх праблем краіны»

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь, намеснік прэм’ер-міністра ў 2001–2005 гг., член Саюза пісьменнікаў Беларусі, згадвае:

— У пачатку 1990-х гг. у Беларусі пачаўся зацяжны перыяд разгубленасці і пасіўнасці. І адной з прычын было тое, што ў гэты час у краіны не было лідара. Не праявіў сябе належным чынам у гэты перыяд і Вярхоўны Савет ХІІ склікання. Дэпутацкі корпус быў расколаты. Сярод народных дэпутатаў ярка выдзяляўся Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, выбраны ад Шклоўскай выбарчай акругі № 310 Магілёўскай вобласці. Беларусам імпанавала яго шчырая, адкрытая і эмацыянальная пазіцыя. Гэтыя якасці спалучаліся з высокай працаздольнасцю і прагматызмам, што і стала ключавым для выбрання Аляксандра Лукашэнкі на пост Прэзідэнта краіны.

Роля палітычнага лідара патрабуе ад чалавека пэўных якасцяў, без якіх ён не зможа дасягнуць вяршынь. Для палітычнага лідара, які вядзе сваю краіну праз выпрабаванні і крызісы, патрэбна найперш рашучасць і самаадданасць, сіла і смеласць. Гэтымі якасцямі ў належнай ступені надзелены Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. На пасадзе Прэзідэнта краіны ён праявіў сябе ў адстойванні суверэнітэту Беларусі і адносінах з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі, падчас жорсткай вайны НАТА супраць Югаславіі вясной і летам 1999 года. Ён ішоў да ўлады, абапіраючыся на падтрымку народа, вызначыўшы простага чалавека прыярытэтам у сваёй дзейнасці.

Пераадоленне крызісу ў эканоміцы Беларусі, стабільная работа прамысловасці, будаўнічага сектара, карэнным чынам змененыя адносіны да вёскі і сельскай гаспадаркі, пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уважлівае стаўленне да супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі і іншых важных кірункаў дзейнасці... Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку з першых дзён работы кіраўніком дзяржавы хвалююць усе сферы жыцця Беларусі. Ён вядзе справы ў рэжыме ручнога кіравання. Прэзідэнт пастаянна і сістэмна наведвае вобласці і раёны, прадпрыемствы, аб’екты будаўніцтва, сустракаецца з жыхарамі краіны. А ва ўмовах крызісаў гэтыя паездкі становяцца больш частымі.

Прэзідэнт таксама дае шмат даручэнняў ураду. Падчас маёй работы намеснікам прэм’ер-міністра ў 2001–2005 гадах такіх даручэнняў у сацыяльнай палітыцы краіны налічвалася больш за трыста. І яны былі паспяхова выкананы. Кіраўнік дзяржавы асабіста сачыў за тым, як яны выконваюцца ў сферы адукацыі, аховы здароўя, нацыянальнай культуры, фізічнай культуры, спорту і турызму, сацыяльнай аховы і па іншых кірунках. Стыль яго дзейнасці — увага да ўсіх праблем краіны. Прывяду прыклад. На адной з першых нарад у Адміністрацыі Прэзідэнта пасля выбараў 1994 года са старшынямі райвыканкамаў падчас перапынку я як народны дэпутат звярнуўся да Аляксандра Рыгоравіча з просьбай наведаць Нясвіж. Галоўная мэта візіту — разгледзець пытанне рэстаўрацыі Нясвіжскага замка. Праз два тыдні, 14 верасня 1994 года, кіраўнік дзяржавы прыбыў у замак. Пасля дакладаў міністра культуры і старшыні райвыканкама пачаўся дэталёвы агляд замка, які заняў некалькі гадзін. Потым адбыўся абмен меркаваннямі. Прэзідэнт уважліва ўсіх выслухаў, задаючы пры гэтым пытанні, і падвёў вынік: «Я пераканаўся, што Нясвіжскі замак — жамчужына гісторыка-культурнай спадчыны краіны, якая пацвярджае наша годнае месца ў развіцці еўрапейскай цывілізацыі. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, на гэты аб’ект мы грошы выдзелім». Такім чынам, было прынята гістарычнае рашэнне аб пачатку рэстаўрацыі жамчужыны архітэктурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь — Нясвіжскага замка. У чэрвені 2012 года з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Нясвіжскі замак быў урачыста прыняты ў эксплуатацыю. За кароткі час ён стаў турыстычнай Меккай, куды штогод прыязджае каля 500 000 турыстаў з Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа, якія захапляюцца прыгажосцю архітэктурнага аблічча ўнікальнага старажытнага аб’екта.

Пасля майго прызначэння на пасаду намесніка прэм’ер-міністра з верасня 2001 года пытанне рэстаўрацыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны раз на квартал стала прадметам разгляду ў Прэзідэнта. Яго даручэнні рэалізоўваліся ў працэсе правядзення агульнабудаўнічых і рэстаўрацыйных работ у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, замкавым комплексе «Мір», Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы, Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры і многіх іншых аб’ектах. Гэта была сістэмная праца, якая нас усіх яднала пад кіраўніцтвам Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка як гісторык па сваёй першай адукацыі выдатна ведаў, што такое гісторыя, культура, архітэктура, мастацтва, літаратура. Але, калі стаў Прэзідэнтам, разумеў, што галоўным складнікам жыцця дзяржавы з’яўляецца эканоміка. Менавіта яна дазваляе развіваць і фарміраваць беларускую нацыю. Таму прыярытэтам у яго дзейнасці стала работа і развіццё прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, сферы паслуг. На гэтым фундаменце трымаецца сацыяльная палітыка — адукацыя, ахова здароўя, нацыянальная культура, фізічная культура, спорт, турызм, сацыяльная абарона і структуры, якія забяспечваюць мірнае жыццё ў нашай краіне і абарону яе межаў.

За трыццаць гадоў незалежнасці Беларусі кіраўнік нашай дзяржавы на постсавецкай прасторы стварыў краіну, якая з’яўляецца найбольш паспяховай у сваім развіцці. 

У гэтым яго тытанічная праца і набытак. 

Ва ўмовах таго крытычнага павароту гісторыі, у якім апынулася ў 1991 годзе наша краіна, патрэба ў сапраўдных лідарах аказалася вельмі вялікай, менавіта 30 гадоў таму, у ліпені 1994 года, лідарам беларускага народа стаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. За 30 гадоў Беларусь прайшла няпросты і нялёгкі шлях, з краінай гэты шлях прайшоў і першы Прэзідэнт нашай рэспублікі, якому выбаршчыкамі быў аказаны давер. І сённяшняе жыццё беларусаў пацвярджае, што гэты давер кіраўнік дзяржавы цалкам апраўдаў.


Мікалай Чаргінец: «Мы бачылі, як паступова і мэтанакіравана ішла работа па паляпшэнні»

Народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, узначальваў перадвыбарны штаб Аляксандра Лукашэнкі ў 2001 годзе:

— Пачну з перадгісторыі. Я працаваў старшынёй Камітэта пры ўрадзе і, помню, пасля першага тура выбараў мы сабраліся ў Саўміне для абмеркавання пытання, што рабіць далей. Кебіч набраў у два з паловай раза менш галасоў, чым малады дэпутат Аляксандр Лукашэнка. Мясніковіч тады быў кіраўніком штаба Кебіча. Яны сядзелі ў прэзідыуме. Тады я прапанаваў: «Вячаслаў Францавіч, ці не лічыце вы, што трэба адступіцца ад гэтых выбараў на карысць маладога Лукашэнкі і падаць у адстаўку?» У зале падняўся шум. Падтрымаў мяне толькі начальнік генштаба Чуркін. Тады я патлумачыў, што, калі Вячаслаў Францавіч зробіць такі крок (бо ў нас не было сумненняў у перамозе Лукашэнкі), то мы зможам захаваць Кебіча для дзяржавы — як прэм’ера і гаспадарніка. Але тады, вядома, мяне не падтрымалі. Аднак, забягаючы наперад, скажу: пасля выбараў Вячаслаў Кебіч прыехаў і ў прысутнасці людзей сказаў мне, што памыліўся, не паслухаўшы мяне. Так здарылася тое, чаго мала хто чакаў. На выбарах перамог малады чалавек, які, здавалася, мала што можа зрабіць і мала што разумее ў галіне дзяржаўнага кіравання, эканоміцы і г. д. Аднак Аляксандр Лукашэнка ўзяўся за справу і пачаў працаваць так, як не працаваў да яго ніхто з кіраўнікоў.

Я помню, у якім надзвычай цяжкім стане знаходзілася наша краіна: вуліцы бурлілі ад заводскіх маніфестацый, у людзей не было заробку, адсутнічалі многія харчовыя і прамысловыя тавары. Людзі проста не ведалі, як жыць далей. Гэта была найскладанейшая сітуацыя. Памятаю, як Аляксандр Рыгоравіч разважаў над патрабаваннем апазіцыі прадаць трактарны і аўтамабільны заводы. 

І Прэзідэнт сказаў, што так, становішча вострае. Рабочым плацяць зарплату ў дзесяць долараў. Гэтага хапае на малако і хлеб, аднак уявіце, калі мы звольнім гэтых людзей?! А на прадпрыемстве налічвалася недзе 80 тысяч чалавек разам з сем’ямі. І кіраўнік дзяржавы выбраў пайсці шляхам стварэння эканомікі і прамысловасці. А нашым людзям патлумачыў, што трэба пацярпець цяпер, каб з часам жыццё палепшылася.

Некаторыя не верылі, што заробкі будуць расці, але гэта стала рэальнасцю, таму што Аляксандр Рыгоравіч мае жалезную волю і нястрымную энергію на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Мы бачылі, як паступова і мэтанакіравана ішла работа па паляпшэнні і абстаноўкі ў дзяржаве, і ўмацавання эканомікі, прамысловасці, і стварэння іміджу Беларусі на міжнароднай арэне. Гэта дало тое, што цяпер наша краіна самазабяспечаная. У плане таго ж харчавання. А, напрыклад, у 1991–1992 гады ў нас ураджай збожжа быў меншы ў разы, чым сёння. І гэта таксама сведчыць пра дасягненні нашага народа пад кіраўніцтвам лідара. Так і на міжнароднай арэне, што б ні казалі, аднак на сёння аўтарытэт Аляксандра Лукашэнкі вельмі высокі. Прычым мы ведаем тое не толькі з інтэрнэту, па прэсе, але і па водгуках людзей, якія прадстаўляюць іншыя дзяржавы.

Нашага Прэзідэнта вылучае на фоне кіраўнікоў іншых дзяржаў яго клопат аб простых людзях, здольнасць чуць беларусаў. Гэта толькі здаецца, быццам ён кіруе, седзячы ў кабінеце. Але яго раз’езды па краіне і сустрэчы з людзьмі мацуюць яго энергію і дазваляюць правільна вызначаць курс для нашай дзяржавы. Аляксандр Рыгоравіч умее знайсці агульную мову і з рабочымі, і з вяскоўцамі, і з вучонымі, і з людзьмі на розных пасадах, бо для ўсіх ён свой, родны Прэзідэнт. І тое штораз пацвярджаецца на выбарах, калі большасць аддае за яго свае галасы. Бо ў яго заўсёды было чуццё, што патрэбна зрабіць у першую чаргу, каб беларусам жылося лепш, каб дзяржава мацнела і аўтарытэт яе быў прызнаны міжнароднай супольнасцю. Гэта рэдкая якасць, уласцівая далёка не кожнаму лідару. Нават многія людзі, хто спачатку быў апазіцыйных поглядаў, не згаджаўся з Прэзідэнтам і не верыў яму, урэшце зразумелі, што гэта той чалавек, якога варта падтрымліваць. З ім беларусы адчуваюць сябе ў бяспецы, таму што кіраўнік дзяржавы не паддаецца на правакацыі і пагрозы, а спакойна стварае ўсе ўмовы, каб гарантаваць нашым людзям спакойнае жыццё і працу.

Вядома, 30 гадоў — для гісторыі невялікі тэрмін. Але столькі зроблена нашай краінай пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта, што мала якая іншая краіна можа ганарыцца тым жа. Хочацца павіншаваць Аляксандра Рыгоравіча з гэтай датай! Ён 30 гадоў — на перадавой і разам са сваім народам адстойвае інтарэсы нашай краіны. Думаю, што і яго далейшая работа, тым больш што ён выбраны Старшынёй Усебеларускага народнага сходу, дазволіць дасягнуць нам новых поспехаў. І самае галоўнае — адысці ад навязвання ўсяго таго, што прапануюць нам заходнія краіны. Я ўпэўнены, што пазіцыя нашага Прэзідэнта базіруецца на тым, каб падтрымліваць самае лепшае — будаваць адносіны з Расіяй, з Кітаем і іншымі краінамі, якія па-сяброўску ставяцца да нас. І трэба тлумачыць нашу пазіцыю іншым краінам, бо мы не супраць супрацоўніцтва, але жадаем будаваць яго на роўных, каб нас чулі і разумелі.

Запісалі Алена ДРАПКО, Вераніка КАНЮТА, Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.