Вы тут

Наталля Качанава правяла сустрэчы з першымі лэдзі Нігерыі і Кыргызстана


Жонкі прэзідэнтаў Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя і Кыргызскай Рэспублікі Алурэмі Цінубу і Айгуль Жапарава прыбылі ў Беларусь якраз у дні, калі адкрыецца «Славянскі базар». Аднак культурнай праграме высокіх гасцей папярэднічалі сур’ёзныя дзелавыя сустрэчы. 


Ад міжпарламенцкага дыялогу да партнёрства ў маладзёжнай палітыцы 

У размове з першай лэдзі Нігерыі Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на тым, што Беларусь і Нігерыю звязваюць добрыя сяброўскія адносіны і наша краіна гатова да супрацоўніцтва абсалютна па ўсіх кірунках. «Сёння Беларусь з’яўляецца той краінай, якая мае магутны прамысловы патэнцыял, — канкрэтызавала спікер. — Мы выпускаем даволі шмат сельскагаспадарчай тэхнікі. Мы — высокаіндустрыяльная краіна, у нас ёсць высокія тэхналогіі ў розных галінах. Нашы прадукты харчавання і сельская гаспадарка сёння прызнаны практычна ва ўсім свеце. Мы забяспечваем харчовую бяспеку сваёй краіны і пастаўляем на экспарт нямала прадуктаў харчавання — у мінулым годзе на суму звыш 8 мільярдаў долараў». 

Па словах Наталлі Качанавай, для Беларусі важным з’яўляецца і супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Яна паведаміла, што ў бягучым годзе ў нашай краіне атрымліваюць адукацыю 336 нігерыйскіх студэнтаў. Беларусь гатова і далей даваць гранты для навучання моладзі з гэтай краіны. 

Асаблівая ўвага — супрацоўніцтву ў маладзёжнай палітыцы. «Для нас гэта вельмі важна: тады, калі сябруе моладзь, — гэта залог сяброўства нашых краін, — патлумачыла спікер. — Таму маладзёжная палітыка з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў сацыяльнай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай краіне». 

Беларусь гатова да ўзаемадзеяння і па лініі грамадскіх арганізацый. Вядома, для заканадаўцаў у прыярытэце — міжпарламенцкае супрацоўніцтва. «Ваш візіт у нашу краіну надасць новы імпульс міжпарламенцкаму супрацоўніцтву» , — падкрэсліла Наталля Качанава, звярнуўшы ўвагу на тое што госця з’яўляецца іх калегай, сенатарам нігерыйскага парламента. 

Алурэмі Цінубу расказала аб парламенцкай дзейнасці ў Нігерыі, сваім сенатарскім вопыце, у цэлым падзялілася, у якіх няпростых умовах прэзідэнту даводзіцца кіраваць гэтай афрыканскай краінай.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што сустрэча праходзіць у дзень, калі ў Беларусі адзначаецца 30-годдзе інстытуту прэзідэнцтва. «30 гадоў таму ў нас была такая ж гісторыя: разгул, бандытызм, разваліўся Савецкі Саюз — і мы апынуліся на развале, — канкрэтызавала спікер. — І нашай краіне пашанцавала: прыйшоў той чалавек, які адвёў краіну ад бездані. Нам пашанцавала, што ў нас такі нацыянальны лідар. Сёння мы гэта дакладна ведаем і разумеем, бо за невялікі прамежак гісторыі — крыху больш як 30 гадоў — у нас сёння высокаразвітая краіна з выдатным чалавечым патэнцыялам. Наш Прэзідэнт жыве праблемамі краіны, сваіх людзей. І таму мы хочам шчыра пажадаць вашаму мужу, Прэзідэнту Нігерыі, каб ён змог вытрымаць усе тыя праблемы, якія сёння ляглі на яго плечы. Вы павінны ведаць, што ў вас ёсць добрыя сябры ў Беларусі. Дакладна ведаю: Аляксандр Рыгоравіч у любую хвіліну гатовы падзяліцца парадай, дапамогай для таго, каб працягваць развіваць нашы добрыя адносіны паміж нашымі краінамі. Вы павінны ведаць, што тут, у цэнтры Еўропы, у вас ёсць надзейныя сябры, якія заўсёды побач».

Развіццё па ўсіх кірунках 

Вітаючы першую лэдзі Кыргызстана Айгуль Жапараву ў Савеце Рэспублікі, Наталля Качанава адзначыла: «Беларусь і Кыргызстан — сяброўскія і блізкія краіны, і, вядома, трывалы фундамент гэтым адносінам задаюць нашы прэзідэнты. Важны палітычны дыялог паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў — аснова нашых узаемаадносін. Для нас важна супрацоўніцтва з Кыргызстанам абсалютна па ўсіх кірунках». 

Па словах спікера, тавараабарот паміж краінамі складае больш як 160 мільёнаў долараў, але, як заўважыла Старшыня Савета Рэспублікі, ёсць да чаго імкнуцца. Кажучы аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве, Наталля Качанава выказала ўдзячнасць, што паміж Беларуссю і Кыргызстанам складваюцца добрыя адносіны. Аб гэтым сведчыць афіцыйны візіт спікера кыргызскага парламента ў нашу краіну ў мінулым годзе. Беларускія парламентарыі, у сваю чаргу, удзельнічалі ў мерапрыемствах МПА СНД у Бішкеку. 

Кажучы аб рэалізацыі сумесных праектаў, Наталля Качанава прапанавала кыргызстанскаму боку правесці сумесны форум, падобны на Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі або Форум жанчын-прадпрымальніц Беларусі і Узбекістана. Яна нагадала, што дзеці з Кыргызстана ўдзельнічалі ў культурна-адукацыйны праекце «Цягнік Памяці». «Патрыятычнае выхаванне моладзі, работа з моладдзю — адзін з прыярытэтных кірункаў нашай парламенцкай дзейнасці», — канстатавала спікер. 

У сваю чаргу, Айгуль Жапарава падзякавала за гасціннасць, у асобе спікера павіншавала беларускі народ з Днём Незалежнасці, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што ў дзвюх краін — агульная гісторыя. Першая лэдзі Кыргызстана расказала, што ў нашай краіне знаходзіцца другі раз. «У Беларусі вельмі развіта барацьба з анкалогіяй, у прыватнасці, дзіцячай, трансплантацыя у вас на вышэйшым узроўні», — канкрэтызавала яна і папрасіла аб дапамозе кыргызскаму боку ў гэтых сферах. Таксама першая лэдзі агучыла просьбу аб магчымасці павелічэння квот для студэнтаў з Кыргызстана. Па меркаванні госці, ёсць патрэба і ў адкрыцці чартарнага рэйса «Мінск — Бішкек», што паўплывае на ўзаемадзеянне і ў турыстычнай сферы. 

Рэзюмуючы, Наталля Качанава адзначыла, што беларускі бок зробіць усё, што ад яго залежыць. «Нічога няма лепшага, чым асабістыя сустрэчы. Асабістыя кантакты не заменіць ні хто і ні што», — адзначыла ў завяршэнні сустрэчы спікер.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Міжнародныя стасункі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.