Вы тут

У Гродне рэалізаваны дызайнерскі праект на тэму экалогіі


Ідэя стварэння вонкавай рэкламы ў гарадскім асяроддзі належыць Гродзенскаму абласному камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праект быў падтрыманы гарадскімі ўладамі, а дызайнерскае рашэнне прапанавалі навучэнцы гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Я. Купалы. Для рэалізацыі быў абраны найбольш ажыўлены прыпынак грамадскага транспарта. 


Па словах намесніка старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў Сяргея Базара, рашэнне аб усталяванні сацыяльнай рэкламы экалагічнай тэматыкі было прынята яшчэ летась. Праект атрымаў фінансаванне на сёлятні год і нядаўна быў рэалізаваны. 

— Гэта першы тэматычны прыпынак экалагічнага кірунку ў Гродне. Напачатку года мы прыступілі да распрацоўкі дызайн-праекта. У гэтым нам дапамаглі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Быў аб’яўлены конкурс, у якім прынялі ўдзел 14 студэнцкіх каманд. Мы выбралі тры лепшых праекта. Пераможца конкурса якраз і атрымаў увасабленне ў жыццё. Планы ёсць і надалей. Тым больш, што два астатнія праекты таксама заслугоўваюць увагі. Таму спадзяюся, што з цягам часу мы запусцім і іх, — выказаў меркванне Сяргей Базар. 

Чаму выбрана данае месца? Па словах прадстаўніка прыродаахоўнага ведамства, тут даволі ажыўлена, што дазваляе ахапіць інфармацыяй значнае кола пасажырапатока. Мэтавая аўдыторыя пры гэтым разнастайная. 

— Кожны чалавек так ці інакш уцягнуты ў гэту сферу. Некаторыя моманты адлюстраваны на дызайн-праекце. Таксама тут змешчаны QR-коды, па якіх можна перайсці на розныя парталы — аховы прыроды, Белгідрамета, другасных рэсурсаў — і атрымаць патрэбную інфармацыю, — паясніў Сяргей Базар. 

«Экалагічны» прыпынак у сіне-зялёным колеры знаходзіцца на праспекце Янкі Купалы абласнога цэнтра. Пасажыры з цікавасцю разглядаюць малюнкі на актуальную тэматыку. Тут можна ўбачыць увесь спектр прыродаахоўных спраў — і пасадка дрэў, і барацьба са смеццем, і ачыстка вадаёма. Значную частку кампазіцыі займаюць ветракі — крыніцы чыстай узнаўляльнай энэргетыкі. Дарэчы, у рэгіёне такіх «высотак» амаль чатыры дзесятка. І колькасць іх з кожным годам расце. 

На галоўным фасадзе прыпынка пазнаюцца самыя славутыя аб’екты горада — драматычны тэатр і старажытныя замкі, якія высяцца над Нёманам. Сіняя рака гарманіруе з зялёным асяроддзем дрэў і кустарнікаў. Горад проста патануў у прыродзе. Магчыма, такім Гродна бачыцца аўтарам праекта — навучэнцам Гродзенскага гуманітарнага каледжа ГрДУ імя. Я. Купалы Алегу Кішаву і Арсенію Маісею. 

— Нас зацікавіла прапанова паўдзельнічаць у конкурсе праектаў на экалагічную тэму. Мы адмовіліся ад рэалістычных фотакампазіцый, а вырашылі, што прыпынак павінен быць мінімалістычным і мульцяшным. Такі падыход цікавы як дзецям, так і дарослым. Бо экалагічныя праблемы не маюць узростаў. Таксама не складзе цяжкасці праз QR-коды знайсці патрэбную інфармацыю на адпаведных інтэрнэт-платформах. Дарэчы, тут нават можна паглядзець мультфільм, які зроблены гродзенскімі школьнікамі на экалагічную тэму, — расказалі Алег і Арсеній. 

Хлопцы і самі не стаяць убаку ад экалагчных акцый. Яны ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў такога кшталгу свайго гуманітарнага каледжа. Што датычыць экалагічнага стану горада, тут, на думку Алега, важна больш увагі надаць чысціні Нёмана, які працякае ў самым цэнтры Гродна. Рака патрабуе пастаяннага кантролю за станам, асабліва ва ўмовах будаўніцтва і рэканструкцыі мастоў. 

Старшыня Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў Ягор Скепка звярнуў увагу на слоган, які прысутнічае на дызайн-праекце. 

— Гэта працуе, бо моладзь добра ўспрымае кліпавую падачу матэрыяла. Вось, напрыклад, «Змяні сябе, а не прыроду», ці «Чысты горад — наша заслуга». Слоган пададзены такім чынам, каб кожны адчуваў сваё дачыненне да аховы навакольнага асяроддзя, — заўважыў Ягор. 

Ён перакананы, што зараз важна прыцягваць моладзь да прыродаахоўных мерапрыемстваў. У гэтым кірунку можна скарыстацца вопытам іншых краін, дзе распаўсюджана экалагічнае валанцёрства. Такі падыход пачынае развівацца і ў Беларусі. 

— Атрады валанцераў збіраюцца і прымаюць меры па тым ці іншым кірункам дзейнасці, у тым ліку, і па інфармацыйным забеспячэнні. У нас такім прыкладам якраз і з’яўляецца прыпынак грамадскага транспарта. Таксама валанцёры выходзяць на збор смецця, іншыя акцыі і мерапрыемствы, якія дапамагаюць захаваць нашу прыроду і прыцягнуць да гэтага нашу моладзь. У нас плануецца падпісанне пагаднення з Ніжагародскай вобласцю Расіі, у тым ліку мы плануем рэалізаваць сумесныя праграмы па экалагчнай бяспецы нашых краін. Магчыма гэта будзе грантавы праект. Ва ўсялякім выпадку, мы будзем рыхтаваць праект як для сумеснага беларуска- расійскай праграмы, так і ў наш абласны Савет, — расказаў лідар маладзёжнага парламента вобласці. 

Што датычыць напрамку прыродаахоўнай дзейнасці рэгіёна, тут важнае значэнне надаецца навядзенню парадка на зямлі. Па словах Сяргея Базара, работа вядзецца згодна з планам, які штогод праходзіць узгадненне як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўні. У ім прапісаны ўвесь комплекс мерапрыемстваў — ад інвазіўных раслін да добраўпарадкавання дваравых тэрыторый, дзіцячых пляцовак. У рамкаха праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» вырашаецца праблема па скарачэнні недастаткова ачышчаных сцёкавых водаў. Таксама стаіць задача па павялічэнні працэнта вымання другаснай сыравіны. Дарэчы, гродзенцы ў гэтым сэнсе ў ліку лідараў. Калі ў цэлым па Беларусі карысных адходаў збіраецца 35%, то ў Гродзенскай вобласці гэта лічба дасягае 46%. Напрыклад, зараз у Ваўкавыску будуецца даволі магутны завод па сарціроўцы бытавых адходаў. «Многімі праблемамі займаецца жыллёва —камунальная служба, але ў нас адзіны кірунак дзейнасці — зрабіць асяроддзе камфортным для людзей», — рэзюміраваў прадстаўнік прыродаахоўнай службы рэгіёна.

Трэба сказаць, што і самі гродзенцы імкнуцца зрабіць свой горад прыгожым і зялёным. Напрыклад, Тамара Іванаўна, якая чакала аўтобус на новым прыпынку, заўсёды робіць кветнікі вакол дома, а некалькі гадоў таму нават пасадзіла алею дрэў на месцы былога прыпынку. Яна ўпэнена, што Гродна верне былую славу «зялёнага» горада, якую меў раней. У новых мікрараёнах вядуцца пасадкі алей, аднаўляюцца вырубкі аварыйных дрэў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.