Вы тут

11 ліпеня адзначаецца сусветны дзень шакаладу


Сусветны дзень шакаладу з’явіўся ў календары адносна нядаўна — у 1995 годзе. Прыдумалі яго, вядома ж, французы, тонкія знаўцы радасцяў жыцця, і задумваўся ён як свята лакальнае. Але ідэя спадабалася ласунам і з іншых краін, свята стала агульнасусветным. Адзначаецца яно 11 ліпеня. У гэты дзень кандытарскія фабрыкі адчыняюць дзверы для наведвальнікаў, праводзяць экскурсіі і майстар-класы. У Беларусі шакалад таксама любяць есці і ўмеюць гатаваць. І, напэўна, такія волаты, як «Камунарка» ды «Спартак», таксама не застануцца ўбаку ад салодкага мэйнстрыму.


Фота: pixabay.com

Радзіма шакаладу — Мексіка. У Еўропу яго прывезлі канкістадоры. У Паўднёвай Амерыцы дакалумбаўскіх часоў какава-бабы выконвалі ролю грошай. У нашы дні галоўная сфера выкарыстання шакаладу, зразумела, кандытарская. Але ў сучасным свеце ёсць і іншыя сферы, дзе шакалад незаменны. 

Напрыклад, касметалогія: какава-прадукты ўваходзяць у склад крэмаў, масак, алеяў для масажу твару і цела. У медыцыне алей шакаладу — у складзе супрацькашлявых і адхарквальных сродкаў, какава-прадукты — адзін з інгрэдыентаў прэпаратаў для лячэння бранхіту, ВРВІ, ангіны. Яшчэ какава-алей фармацэўты ўжываюць для зніжэння ўзроўню халестэрыну.

Ежа багінь

Шакалад — не проста ласунак: гэта яшчэ і вельмі сімвалічны вобраз. Дастаткова ўспомніць некалькі метафар. Шакаладны загар — гэты, безумоўна, прыгожы, роўны, паўднёвы, на градках такі не атрымаеш. «Усё ў шакаладзе» — значыць паспяхова: і ў прафесійным, і ў асабістым жыцці, і ў матэрыяльным плане. Шакалад асацыіруецца з прадукцыйным узростам: ім пахнуць юныя дзяўчыны. Духі Montale Chocolate Greedy былі створаны шмат гадоў таму, але да гэтага часу яны — бестселер. Нядзіўна, бо ў масавай падсвядомасці пах шакаладу звязаны з юнацкасцю і знешняй прывабнасцю. Наўрад ці — гэта разумее дзяўчына — на першым спатканні з «тым самым, адзіным і непаўторным» варта перакусваць шавермай, капаючы на сукенку сумессю маянэзу з кетчупам... Вядома, ёсць мужчыны, якім падабаюцца дзяўчаты з добрым апетытам. Але, пакуль мы дакладна не ведаем чужых прыхільнасцяў, аптымальны выбар — шакалад: і голад сыдзе (каларыйнасць шакаладу агульнавядомая), і наша шляхетнасць не страціцца. Невыпадкова мая лічылі шакалад «ежай багоў» (у дадзеным выпадку няхай будзе «багінь» — спішам гэта на недакладнасць перакладу).

Складаны асацыятыўны рад, звязаны з шакаладам, эксплуатуюць і салоны прыгажосці. Ці эфектыўныя шакаладныя абгортванні? Мабыць, так: абгортванні з ужываннем шакаладнай сумесі, насычанай мінеральнымі солямі, жалезам, магніем, фосфарам, кальцыем і пратэінамі, паляпшаюць абмен рэчываў і кровазварот у верхніх пластах скуры, умацоўваюць сасуды. Але папулярнасць працэдуры, думаецца, не з галіны здаровага сэнсу; сама назва настройвае, што ўсё ў жыцці будзе «ў шакаладзе». 

На правах рэкламы

Шакалад — папулярны вобраз і ў рэкламе. Прычым выкарыстоўваецца не толькі асацыятыўны шэраг «элемент любоўнай гульні», але і папулярная асацыяцыя — з домам, мамінай фірменнай выпечкай, сямейнымі святамі, цяплом, утульнасцю і абароненасцю. І, нарэшце, яшчэ адно «значэнне» шакаладу — знак увагі, пасланне аб вашым асабістым добрым стаўленні. Збіраючыся ў госці, мы па традыцыі бяром з сабой каробку цукерак або плітку шакаладу…

Дарэчы, для мужчын і жанчын ён рэкламуецца па-рознаму. Для жанчын у кадры прыгажуні ладзяць «раман» з дэсертам. Пасыл відавочны: шакалад падорыць задавальненне, але не здрадзіць, як гэта можа зрабіць мужчына, і заўсёды будзе з табой. Яго можна падзяліць з сяброўкай. Для мужчын сюжэт рэкламных ролікаў зводзіцца да формулы «стаміўся — з’еў шакаладны батончык, атрымаў зарад энергіі і можаш зноў бегчы, ехаць, паказваць вынік». 

Што табе даспадобы?

Псіхолагі, дарэчы, па нашай прыхільнасці да таго ці іншага віду шакаладу могуць распавесці аб нашым характары і нават аб «шкілетах у шафе». Цікава, што «інжынеры чалавечых душ» гатовы даць адказ, чаму большасць нашых суграмадзян аддае перавагу «народнаму» малочнаму шакаладу перад «арыстакратычным» горкім. Справа ў тым, што часцей за ўсё ў нашай краіне і сёння, як дзесяцігоддзі таму, першае знаёмства з шакаладам у дзіцяці пачынаецца з класічнай «савецкай» рэцэптуры — напрыклад, з «Алёнкі» ад той жа «Камунаркі». Такія рэцэпты апрыёры ўтрымліваюць малако. Апошняе таксама не просты прадукт, а свайго роду пасланне нашай падсвядомасці. Яго смак практычна для кожнага чалавека асацыіруецца з бяспекай, абаронай, прадказальнасцю свету. Так, паклаўшы кавалачак малочнага шакаладу ў рот, мы і ў дарослым узросце адчуваем спакой, упэўненасць і прыліў сіл.

З прыхільнасцю да горкага шакаладу ўсё складаней. Яго пазіцыяніруюць, з аднаго боку, як ласунак для ўсвядомленых людзей (тых, хто сочыць за вагой, заклапочаны правільным харчаваннем і г. д.), з іншага — як вытанчаны гламурны прадукт. Адпаведна, сярод аматараў чорнага шакаладу нямала тых, хто па розных прычынах выбірае яго «не сэрцам, а розумам». Калі прычына выбару — усвядомленасць, перад намі чалавек валявы, які ўмее ставіць мэты і дасягаць іх. Праўда, ёсць верагоднасць, што гэта заадно ўладальнік «неўрозу дасягатарства», які ставіць дасягненні вышэй за атрыманне задавальнення ад жыцця і гатовы на любыя ахвяры дзеля перамогі. Калі ж чорны шакалад выбіраюць як прыкмету «гламуру» і вытанчанасці (хоць сэрца просіць малочнага шакаладу), такім людзям, наадварот, цяжка рабіць выбар, яны схільныя трапляць пад уплыў і не могуць адказаць на пытанне, што ім сапраўды падабаецца ў жыцці. Зрэшты, нямала і тых, каму горкі шакалад сапраўды смачны. Сярод іх найбольш цікавыя ласуны, якім падабаюцца незвычайныя камбінацыі: спалучэнне гаркаты і салодкасці, пікантныя смакі тыпу «горкі шакалад з перцам». Пра такіх псіхолагі кажуць: гэтыя людзі прывыклі спадзявацца на ўласныя меркаванні, не схільныя да чужога ўплыву, усведамляюць свае жаданні і маюць смеласць іх прытрымлівацца. А калі вы любіце «шакалад наогул» (і малочны, і горкі, і белы), да таго ж ахвотна спрабуеце новыя сарты — усё, што толькі ні прыдумаюць кандытары? Гэта прыкмета людзей маладых душой, мабільных і гатовых да новых уражанняў.

Адным словам, лёсавызначальнае першае спатканне ёсць сэнс прызначыць у кандытарскай: зыходзячы з таго, які шакалад абярэ чалавек, можна зрабіць аб ім шмат высноў. Дарэчы, калі выбраннік звяртаецца да вас з «кандытарскімі» эпітэтамі («мая салодкая», «цукерачка» і г. д.), можа, і не варта ўспрымаць яго словы як камплімент. У гэтым выпадку псіхолагі кажуць аб абясцэньванні асобы жанчыны. Задумайцеся: ці сапраўды гэты мужчына — «той самы, адзіны і непаўторны» або вам проста так падалося.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Шакатэрапія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.