Вы тут

Анастасія Яленская: У гэтага руху адны плюсы!


Трэці працоўны семестр у самым разгары. Работы разгарнуліся не толькі ў розных рэгіёнах нашай краіны, але і далёка за яе межамі. А пра тое, што ж такое студатрадаўскі рух, ці карыстаецца ён сёння попытам і якія магчымасці дае сучаснай моладзі, мы пагаварылі з камісарам Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Анастасіяй Яленскай.


— Раскажыце, як так атрымалася, што вы звязалі сваё жыццё са студатрадаўскім рухам, і як даўно вы ў ім?

— Насамрэч, студатрадаўскі рух ідзе чырвонай лініяй па маёй біяграфіі. Усё пачалося ў далёкім 2011 годзе. Я родам з Віцебскай вобласці і неяк вырашыла адправіцца ў лагер «Актыва», які быў пад патранажам БРСМ. Спачатку — як выхаванка, потым прыязджала як важатая і выхавацель у складзе студэнцкага атрада. Зацягнула атмасфера, бо каля шасці гадоў я працавала педагогам у лагерах Віцебскай вобласці, а пазней і ў Віцебскім абласным штабе студэнцкіх атрадаў. Далей па размеркаванні накіравалася працаваць завучам у адну са школ Віцебскага раёна. Здавалася, ужо падышоў да канца мой «раман» са студатрадаўскім рухам. Але воляй лёсу сустрэлася са сваімі былымі калегамі з БРСМ і вось ужо два гады працую ў Рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў.

— Атрымліваецца, што вы з усіх бакоў вывучылі гэты рух. Як лічыце, ён актуальны для сучаснай моладзі?

— Вядома! Нават калі браць проста лічбы, то можна ўбачыць, што мы ідзём па нарастальнай: у 2021 годзе колькасць студатрадаўцаў складала — 34 тыс. чалавек, у 2022 і 2023 гадах — ужо 43 тыс. і 50 тыс. адпаведна.

Першапачаткова сюды ідуць па свае першыя грошы. Але хутка разумеюць, што студэнцкі атрад — штосьці большае, чым проста магчымасць зарабіць. Гэта калектыўны рух, аналагаў якому няма ў нашай краіне. Зносіны, мерапрыемствы, камісарская дзейнасць — усё накіравана на развіццё юнакоў і дзяўчат. Вядома, вялікую ўвагу мы ўдзяляем і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Так і атрымліваецца, што ў гэтага руху адны плюсы: і папрацавалі, і ўзбагаціліся, і час з карысцю правялі.

— Раскажыце падрабязней аб гарантыях, якія дае праца ў студатрадах.

— Пачнём з таго, што ў іх ёсць свая заканадаўчая база, якая падмацавана ўказам Прэзідэнта. Так, за студатрадаўцаў працадаўца не ўносіць 13% у ФСАН. Палова гэтых грошай ідзе ў рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў і пераразмяркоўваецца на арганізацыю мерапрыемстваў і на развіццё дзейнасці студэнцкіх атрадаў, а астатняя палова застаецца ў наймальніка. Вось на гэтыя сродкі працадаўца можа забяспечыць або харчаванне, або пражыванне, або сродкі індывідуальнай аховы. Атрымліваецца, што гэтыя грошы ў такой вось форме вяртаюцца студэнтам. Таксама праца ў студатрадзе — гэта поўныя сацыяльныя гарантыі з запісам у працоўнай кніжцы. Вялікі плюс — магчымасць працаўладкавання для непаўналетніх. Па гадзінах яны працуюць менш, аднак зарабляюць не менш за дарослых.

— Якія кірункі для працаўладкавання вы прапануеце моладзі і на якіх аб’ектах байцы працуюць у гэтым годзе?

— Увогуле, у нас ёсць сем асноўных кірункаў. Гэта сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, педагагічныя, сервісныя, вытворчыя, экалагічныя і медыцынскія атрады. Дарэчы, самы запатрабаваны з іх сэрвісны кірунак. Гэта работы ў «Зелянбудзе» па добраўпарадкаванні гарадскіх тэрыторый, работа прадаўцамі, у сферы абслугоўвання і гэтак далей.

Штогод у нас з’яўляюцца новыя цікавыя праекты і новыя месцы працаўладкавання. Літаральна летась упершыню стартаваў медыцынскі праект «Медыкус», дзякуючы якому моладзь працуе ў Полацку і Наваполацку малодшым і сярэднім медыцынскім персаналам. Масава набіраюцца байцы напраекты «Атлант», «Трактарабудаўнік» і «Аўтазаводзец» у Мінску.

Адзін з самых складаных і маштабных кірункаў — галіновы міжпрофільны праект «Дарога магчымасцяў». Каб працаваць праваднікамі і манцёрамі шляхоў на Беларускай чыгунцы, байцы з лютага вывучаюць тэорыю, практыкуюцца, здаюць іспыты і ў выніку атрымліваюць запаветныя пасведчанні ў такія вось сціснутыя тэрміны.

Вядома, нельга не згадаць і ўсебеларускую маладзёжную будоўлю «Патрыятычны цэнтр» у Брэсцкай крэпасці. Тут будзе працаваць зводны атрад Саюзнай дзяржавы.

— А на якія аб’екты ў Расійскай Федэрацыі адпраўляецца наша моладзь?

— Ёсць розныя арганізацыі, з якімі мы супрацоўнічаем ужо на працягу многіх гадоў. Напрыклад, усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня», дзе працуюць нашы выхавальнікі. Не так даўно пачалі шчыльна ўзаемадзейнічаць з лагерамі Рэспублікі Татарстан. Яшчэ ёсць праекты для медыцынскіх атрадаў, напрыклад, «Сэрца Пармы» ў Пярмі, і работа ў Ленінагорскай ЦРБ. Больш за тое, ва ўсіх на слыху зараз будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. Туды таксама адправіцца нашая моладзь.

— Па якім прынцыпе на замежныя праекты адбіраюць байцоў?

— І сапраўды, многія імкнуцца туды трапіць, але едуць, вядома, найлепшыя. На летні сезон адбор пачынаецца ўжо ў сакавіку. Байцы праходзяць інтэнсівы, асабістыя сумоўі ў тым ліку і на месцах. Таксама трапляюць атрады, якія працавалі там раней і добра 
сябе паказалі. Напрыклад, наш педагагічны атрад «Фенікс» з ВДУ імя П. М. Машэрава. Яны працуюць у «Арляняці» ўжо некалькі гадоў.

— Што, на ваш погляд, дае досвед працы ў студатрадах? 

— Гэта добрая дадатковая практыка да ведаў, атрыманых ва ўстановах адукацыі. Так, будучыя педагогі набіраюцца досведу ў лагерах, а медыкі — на медыцынскіх праектах. Ну і, вядома, гэта напрацоўка навыку ўзаемадзеяння ў калектыве. А яшчэ — новыя знаёмствы і яркія эмоцыі, якія застаюцца ў студатрадаўцаў назаўжды.

— Студатрадаўскаму руху больш за 60 гадоў. Ці захоўваеце вы нейкія традыцыі з мінулага альбо робіце ўсё абсалютна па-новаму?

— Мы стараемся знайсці «залатую сярэдзіну». Насамрэч, шмат традыцый захавалася. Нязменнай засталася студатрадаўская спеўка. Душэўнае мерапрыемства, падчас якога моладзь садзіцца ў кола і спявае песні пад гітару.

Безумоўна, мы не адрываемся ад сучаснага парадку дня. Напрыклад, у нас быў і конкурс сродкаў індывідуальнай абароны, і конкурс касак. З дапамогай такіх мерапрыемстваў хочам нагадаць пра ахову працы і тэхніку бяспекі. А ўвогуле мерапрыемстваў вельмі шмат пад кожнае свята, і ўсе яны вельмі розныя.

— Дапусцім, малады чалавек прачытаў гэтае інтэрв’ю і вырашыў папоўніць рады студатрадаўцаў. Як гэта зрабіць і якім крытэрыям ён павінен адпавядаць?

— У нас рэгулярна праводзіцца промапраект «Выбіраем студатрад», дзе нашы штабісты пра ўсё распавядаюць. Можна звярнуцца ў сваю першасную арганізацыю БРСМ, дзе дакладна сарыентуюць. Акрамя гэтага, ёсць магчымасць падаць заяўку анлайн з дапамогай нашых чат-ботаў. Там вы запаўняеце анкету, усё гэта прыходзіць да нас, мы вывучаем інфармацыю і размяркоўваем моладзь па месцах.

Што да крытэрыяў, то тут абавязкова павінны быць выкананы ўзроставыя рамкі. Байцамі студатрадаў могуць стаць маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года (непаўналетнія дадаткова прыкладаюць да дакументаў згоду бацькоў). Кірунак можна выбіраць на свой густ. Аднак важна, каб жаданні супалі з фізічнымі магчымасцямі. Так, неабходны допуск да работы і медыцынская даведка. Калі здароўе дазваляе, то за год можна паспрабаваць сябе хоць ва ўсіх кірунках. У нас былі прыклады, што байцы працавалі выхавацелямі, а потым з’язджалі на будоўлю.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.