Вы тут

У Мінскім гарадскім Палацы культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 30-годдзя ўстанаўлення інстытута прэзідэнцтва


Трыццаць гадоў таму назад незалежная Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай. Перамогу на выбарах атрымаў Аляксандр Лукашэнка — палітык, якому людзі паверылі, якому аддалі свае галасы і лёсы. Дзякуючы мудраму выбару, які большасць народа зрабіла трыццаць гадоў назад, сёння суверэнная краіна Беларусь упэўнена крочыць па шляху стваральнага развіцця ва ўсіх сферах дзейнасці. Аб гэтым у Мінскім гарадскім Палацы культуры гаварылі ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства з нагоды 30-годдзя ўстанаўлення інстытута прэзідэнцтва. 


Лёсавызначальнае рашэнне

«Сёння мы адзначаем 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва ў нашай краіне, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Белапусь Наталля Качанава. — На мой погляд, рашэнне, прынятае 30 гадоў таму, было лёсавызначальнае, таму што за гэтыя гады спраўдзілася галоўнае: наша Беларусь суверэнная і незалежная. Гэта краіна, якая вельмі эфектыўна развіваецца, дзе ў прыярытэце народ і яго праблемы, дзе дзяржаўная ўлада робіць усё для таго, каб краіна развівалася і ў далейшым.... Тыя ліхія 90-я мы памятаем вельмі добра: разгул бандытызму, праблемы ў сацыяльна-эканамічнай сферы — практычна трэба было тады адводзіць краіну ад бездані. Прэзідэнт гэта зрабіў. Разам з тымі людзьмі, якія былі побач. Па крупінках стварылі сваім розумам, сваім талентам, нашу краіну, нашу цудоўную Беларусь, у якой сёння жывем мы і якой па праве ганарымся». 

Наталля Качанава адзначыла, што абсалютна па ўсіх паказчыках за мінулыя тры дзесяцігоддзі у нас ёсць сур’ёзны прагрэс. «І калі параўнаць тую краіну ў 90-я, у якой жыла я і многія з нас, і сённяшнюю, — гэта істотная розніца. Проста складана ўявіць тое, чаго мы дасягнулі за гэтыя гады. Таму, вядома, я ў чарговы раз скажу пра тое, што наш нацыянальны лідар — Прэзідэнт, і рашэнні, што прымаюцца ім, заўсёды былі накіраваны на карысць нашага народа, на зацвярджэнне Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Паглядзіце, наколькі сёння лічацца з намі на міжнароднай арэне! Мы сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.... Колькі спробаў разгайдаць нашу краіну рабілася і робіцца, але народ разумее: нам ёсць, што губляць. Сёння мы дасягнулі таго, што многія яшчэ толькі імкнуцца дасягнуць. Таму, вядома, для нас, для кожнага патрыёта сваёй краіны, — гэта знакавая дата, і мы з гонарам падводзім вынікі 30-гадовага шляху свайго станаўлення і развіцця. І ўдзячныя тым людзям, якія тады, 30 гадоў таму, прынялі гэтае лёсавызначальнае рашэнне для нашай краіны». 

Народная Перамога

Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў прыгадаў, як у пачатку 90-х сталіца ўяўляла з сябе масавыя мітынгі людзей, якія прасілі аднаго: каб з’явіліся прадукты ў крамах. «Маладое пакаленне сёння здзіўляецца, кажа, што так не можа быць. Але мы памятаем, як прыходзілі да Дома ўрада з такімі патрабаваннямі. І ў лексіконе ў людзей было папулярным слова „безнадзёга“. ... Трыццаць гадоў назад народ, які ўжо не верыў нікому і нічому, таму што было шмат абяцанняў, але яны чамусьці не спраўджваліся, інтуітыўна прыняў мудрае рашэнне. Ён паверыў народнаму дэпутату Вярхоўнага Савета Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, які гаварыў для народа проста і зразумела, і стрымліваў свае абяцанні. Гэта была не проста перамога на выбарах — гэта была народная перамога. Дзякуючы ўвядзенню інстытута прэзідэнцтва і перамогі нашага Прэзідэнта на выбарах паступова „безнадзёга“ з ужывання знікла... Эканоміку трэба было не проста перабудаваць, а пабудаваць з нуля, таму што яна была не гатовая працаваць у тых умовах. І гэта атрымалася. Таму што прымаліся граматныя кіраўнічыя рашэнні. Камусьці яны здаваліся не вельмі папулярнымі, хтосьці казаў: „Навошта нам гэтыя заводы? Нам жа ўсё прывязуць“. Прывезлі?.. Мы павінны запомніць галоўнае — мы нікому не патрэбныя, таму што мы народ, які павінен працаваць на сябе, і тады ў нас будзе мір і дабрабыт. І гэта яшчэ раз даказвае, што курс быў выбраны правільны», — сказаў Уладзімір Кухараў. 

Залог поспеху — у бяспецы

Сярод злачынстваў, якія здзяйсняліся ў першай палове 1990-х, адзначалася вялікая колькасць асабліва цяжкіх. «Шмат злачынстваў здзяйснялася ў дачыненні да асобы. Дык вось, за трыццаць гадоў разбойныя напады на вуліцы скараціліся практычна ў 25 разоў, — адзначыў міністр унутраных спраў, генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў. — Цяпер, калі яны і адбываюцца, то носяць іншы характар і здзяйсняюцца асобамі ў п’яным выглядзе. Раней жа людзі баяліся выйсці на вуліцу ў дарагім галаўным уборы, дарагой вопратцы, бо нападалі бандыты, каб завалодаць гэтай маёмасцю. Было шмат разбойных нападаў на жылыя памяшканні. За мінулы год ніводнага такога нападу не было зарэгістравана», — распавёў кіраўнік сілавога ведамства.

У Мінску 30 гадоў таму налічвалася каля 200 тысяч адзінак мота- і аўтатранспарту, а сёння гэтая лічба набліжаецца да мільёна. «Калі казаць пра крадзяжы, то іх колькасць зменшылася ў 100 разоў. І гэтаму спрыяе развіццё заканадаўства, стварэнне сістэмы відэаназірання, арганізацыя на новым узроўні аховы грамадскага парадку. І менавіта кіраўнік дзяржавы, прыйшоўшы на пасаду 30 гадоў таму, прымаў тыя рашэнні, якія дазвалялі супрацоўнікам МУС забяспечваць ахову грамадскага парадку, пачынаючы ад забеспячэння бяспекі супрацоўнікаў, бо было шмат пагроз, нападаў аж да забойства міліцыянераў і членаў іх сем’яў. Менавіта кіраўнік дзяржавы прыняў тыя рашэнні, якія далі свой вынік. Таму сёння жыць у нашай краіне бяспечна. А калі будзе бяспека, значыць, будзе развівацца ўсё, у тым ліку эканоміка», — сказаў Іван Кубракоў.

Ад «нядрэннай» да топавай медыцыны

«Нам дасталася не самая горшая ў Савецкім Саюзе медыцына, — распавёў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо. — Але так атрымалася, што першыя гады незалежнасці мы былі адарваныя ад цэнтра, усё найлепшае было ў Маскве, і ўсе найлепшыя імкнуліся там жыць і працаваць. Для беларускай медыцыны былі цяжкія часы... На шчасце, так супала, што мой прыход у самастойнае прафесійнае жыццё і выбранне ў Беларусі Прэзідэнта ішлі паралельна. На маіх вачах адбываліся тыя моманты, якія характарызуюць Беларусь як дзяржаву для народа, арыентаваную на сваіх людзей».

Паводле яго слоў, савецкая спадчына, якая падтрымлівалася ўсімі народамі СССР, у эпоху незалежнасці складана станавілася на новыя рэйкі. «Але трэба было рухацца наперад, развіваць новыя тэхналогіі, якія каштуюць велізарных грошай. Прыкладна да 2010 года нашай камандзе ўдалося правесці першую трансплантацыю печані ў гісторыі Беларусі, а цяпер у нас выконваюцца ўсе віды аператыўных умяшанняў, якія робяцца ў свеце, лечацца ўсе віды захворванняў, простых і складаных. Больш за тое, наша ахова здароўя разам з некаторымі галінамі стала трэндам, у прыватнасці беларуская транспланталогія», — адзначыў Алег Румо.

Ён падкрэсліў тое, што з усіх куткоў былога СССР, з краін Еўропы ў Беларусь прыязджаюць лячыцца, абменьвацца вопытам і вучыцца. «Я лічу, што гэта два самыя галоўныя дасягненні: магчымасць ратаваць сваіх грамадзян тут, а таксама трансляваць нашы веды і вопыт, навучаць людзей з іншых краін, а таксама выязджаць для выратавання. Ад нуля да топу ў сусветных рэйтынгах — шлях, які мы прайшлі за 30 гадоў. І для такіх вялікіх спраў гэта не тэрмін», — падагульніў дырэктар НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. 

Адукацыя і кадравы патэнцыял

«30-годдзе інстытута прэзідэнцтва для нас асаблівая дата. Для мяне асабіста, тады яшчэ студэнта БДУІР, гэта былі першыя выбары, у якіх я ўдзельнічаў, — расказаў рэктар БДУІРа, старшыня рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Вадзім Богуш. — Краіна ў той час перажывала вельмі значны этап. І кіраўнік дзяржавы зрабіў многае, каб сацыяльная сфера, у прыватнасці сістэма адукацыі, набыла тое аблічча, якое яна мае цяпер, каб мы не толькі захавалі высокатэхналагічныя і навукаёмістыя школы падрыхтоўкі, але і адкрылі новыя напрамкі».

За 30 гадоў Беларусь стала ядзернай і касмічнай дзяржавай. «Мы развіваем мікраэлектроніку, інфармацыйныя тэхналогіі — усё дзякуючы падтрымцы дзяржавы, якая аказваецца адукацыі перш за ўсё. Мы ўсе выдатна разумеем, што ўзровень жыцця залежыць і ад якасці кадравага патэнцыялу. Усе гэтыя складнікі дазваляюць нам не толькі забяспечваць эканамічны рост, але і ў цэлым павышаць узровень жыцця беларусаў», — адзначыў ён.

Штогод у сістэме адукацыі праводзіцца некалькі этапаў работы па яе ўдасканаленні. «Першы этап — абнаўленне зместу адукацыі, перагляд навучальных праграм па ўжо наяўных спецыяльнасцях, адкрыццё новых спецыяльнасцяў для падрыхтоўкі кадраў, другі этап — сінхранізацыя сістэмы адукацыі з рынкам працы і трэці — праца са школьнікамі ад інфармавання да ўдзелу іх ва ўступнай кампаніі. Гэта ўсе этапы вялікага руху да прафесіі, да рэалізацыі ўчорашняга школьніка як грамадзяніна сваёй краіны», — падсумаваў рэктар БДУІРа.

З гонарам пра сваю краіну

«У 1994 годзе я якраз заканчвала школу, і вельмі добра памятаю гэты эканамічна і палітычна складаны час, — распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава. — Але з якім гонарам я зараз кажу пра сваю краіну, якая за гэтыя гады дасягнула такіх вынікаў па ўсіх напрамках дзейнасці. Сапраўды, нам ёсць, чым ганарыцца, — эканомікай, аховай здароўя, сацыяльнаяй сферай, навукай і многім іншым. Сёння трэба расставіць акцэнты, гаварыць аб важным, значным для жыцця нашых людзей. Бо заўсёды ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта і дзяржаўнай палітыкі, якую ён праводзіць, быў, ёсць і будзе чалавек працы. І мы выдатна разумеем, што проста так у жыцці нічога не даецца. І тое, што мы маем сёння, ёсць у нас дзякуючы нашым намаганням і працавітасці».

У супрацы са сваім народам

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — аб сваім бачанні ролі інстытута прэзідэнцтва і лідара краіны

Алег Гайдукевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах:

«Калі б Аляксандра Лукашэнку не выбралі ў 1994 годзе, у Беларусі было б у дзесяць разоў горш, чым ва Украіне. Радыкальнага нацыяналізму, які хацеў фактычна вайны з Расіяй, хацеў забараняць рускую мову, было яшчэ больш. Дзякуючы Лукашэнку, дзякуючы моцнай прэзідэнцкай уладзе ўсё гэта перамаглі. Фактычна калі б Лукашэнка не стаў Прэзідэнтам, пытанне незалежнасці і дзяржаўнасці магло б не стаяць. Іх бы проста не было — ні незалежнасці, ні дзяржаўнасці... Сіла Прэзідэнта Лукашэнкі для мяне ў тым, што ў 1994 годзе яго не падтрымаў ніхто, акрамя народа: за ім не стаяла ні адна палітычная структура, практычна ніводзін чыноўнік, за ім не стаялі нейкія групы бізнесменаў. За ім стаяў адзін толькі народ. Нам пашанцавала, таму што і ў сваёй дзейнасці на працягу 30 гадоў ён абапіраўся толькі на народ і больш ні на каго. Гэта дапамагала яму адстойваць нацыянальныя інтарэсы і рабіць нашу краіну мацнейшай».

Вячаслаў Даніловіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры:

«Найвялікшая заслуга Аляксандра Рыгоравіча ў тым, што ён стаў сапраўды народным лідарам. Яго немагчыма зламаць, ён да апошняга будзе адстойваць інтарэсы краіны. Для яго інтарэсы народа, інтарэсы дзяржавы — гэта не пусты гук, яны заўсёды на першым месцы, і людзі гэта адчуваюць. Ён здолеў мабілізаваць нас на тое, каб мы разам выбудавалі суверэнную і мірную Рэспубліку Беларусь і цяпер спакойна ішлі па шляху стварэння і прагрэсу».

Вадзім Гігін, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі:

«Палітолагі часам ужываюць тэрмін „рэвалюцыя Лукашэнкі“. Ведаю, што сам Прэзідэнт не вельмі любіць такое азначэнне. Але змены, што адбыліся ў Беларусі, сапраўды маюць фундаментальны характар.Нам быў падрыхтаваны шлях Украіны ці Прыбалтыкі, гэта значыць уцягвання ў антырасійскія схемы і камбінацыі, раскрадання народнай гаспадаркі, разгулу неанацысцкай ідэалогіі, алігархізацыі. Аляксандр Лукашэнка не даў рэалізавацца гэтаму сцэнарыю.

За 30 гадоў у Беларусі пабудавана суверэнная і незалежная дзяржава для народа. У нас сфарміравана ўласная мадэль народаўладдзя. Можна яшчэ пералічваць і пералічваць дасягненні перыяду прэзідэнцтва Аляксандра Рыгоравіча. Усе яны сталі магчымыя дзякуючы супрацы кіраўніка дзяржавы і самога народа.

Што такое Беларусь эпохі Лукашэнкі? Давайце скажам шчыра: найлепшы час за ўсю гісторыю айчыннай дзяржаўнасці».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.