Вы тут

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно


Пра артыста Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Барыса Цяцёркіна, кажуць: шчыры, таленавіты і перспектыўны. Ён нарадзіўся ў Туле, потым пераехаў у Маскву, там скончыў Інстытут сучаснага мастацтва, а пасля прыехаў працаваць у Мінск па запрашэнні тагачаснага рэжысёра Купалаўскага тэатра Данііла Філіповіча. Карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены» пагутарыла з акцёрам пра дзяцінства, шлях да сцэны, а таксама даведалася, ці складана было вывучаць беларускую мову, кантактаваць з калегамі.


— Як прафесія артыста прыйшла ў ваша жыццё?

— Бацькі ніякага дачынення да тэатра не маюць. Так атрымалася, што ўсё дзяцінства мяне цягнула да творчасці, хоць, вядома, у юным узросце я дакладна не ведаў, чым хачу займацца. Спрабаваў сябе ў розных кірунках, пакуль у дванаццаць гадоў не трапіў у тэатральную студыю — і там зразумеў, што іншага шляху я для сябе не бачу: хачу быць артыстам. Тым больш што былі сябры, якія таксама абіралі гэтую прафесію, натхняў іх прыклад. І цяпер я артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Ажыццяўляю сваю мару.

— Раскажыце, як так атрымалася, што пасля вучобы ў Маскве вы прыехалі працаваць у Мінск?

— У Расіі няма размеркавання пасля вучобы, і таму кожны выпускнік, калі казаць менавіта пра тэатральныя інстытуты, ходзіць на праслухоўванні ў чаканні, што дзесьці яго талент можа быць карысным. Няма такога, што ты адвучыўся — і цябе дакладна адправілі працаваць у пэўны тэатр. Трэба самому клапаціцца пра будучыню. Так атрымалася, што праз месяц пасля выпуску мы сустрэліся з тагачасным рэжысёрам Купалаўскага тэатра Даніілам Філіповічам. Ён тады шукаў у Купалаўскі тэатр артыстаў, якія маглі б выканаць ролі Рамэа і Джульеты ў аднайменнай пастаноўцы. Быў кастынг, пошук — у выніку рэжысёр знайшоў нас: мяне і артыстку Ганну Мешчаракову, якая выконвала ролю Джульеты. Нас запрасілі ў Мінск, і падалося, што гэта вельмі цікавы вопыт і вялікі гонар, таму мы, доўга не думаючы, сабралі рэчы і прыехалі — так апынуліся ў трупе Купалаўскага тэатра.

— Якімі былі вашы першыя ўражанні ад знаходжання ў Мінску?

— Тут неверагодна прыязныя людзі, адкрытыя, шчырыя, уважлівыя — такое не часта сустрэнеш у Маскве, таму што там уся ўвага людзей накіравана на сваё жыццё, мэты і планы. У Мінску ўсе гатовыя прыйсці на дапамогу, калі патрэбна. І гэта асабліва заўважна, калі ты ўпершыню прыязджаеш сюды. Але не так шмат часу ў мяне было на знаёмства з горадам, таму што літаральна на наступны дзень пасля прыезду у нас пачаліся рэпетыцыі спектакля «Наш космас». Гэта пластычная пастаноўка, прысвечаная беларускім мастакам. У ёй няма слоў. Дарэчы, рэкамендую кожнаму беларусу яе паглядзець, бо гэта гісторыя пра людзей, якія ўслаўляюць краіну. А тое, што пастаноўка прадстаўлена ў такім незвычайным, новым фармаце, асабліва захапляе.

— Як вас прынялі ў Купалаўскім тэатры?

— Выдатна! Адной з першых артыстак, з якой сустрэліся, была Тамара Васілеўна (Міронава. Народная артыстка Беларусі. — Аўт.). Яна на нас пільна глядзела, нібыта вывучала, але я менавіта тады адчуў, што ўсё тут складзецца паспяхова. Цудоўна прынялі таксама і мастацкі кіраўнік, іншыя вопытныя артысты, і маладыя калегі. Мы тут адчуваем сябе як дома.

— Ці не ўзнікала жадання вярнуцца дадому?

— Па-першае, Беларусь і Расія — Саюзная дзяржава. Нашы краіны знаходзяцца побач, супрацоўнічаюць, таму нават не ўзнікае адчування, што я знаходжуся далёка ад дома. Па-другое, усё звязана, менталітэт у нас вельмі падобны, да нас сюды прыязджаюць у госці сябры і родныя. Я адчуваю сябе часткай чагосьці цэлага.

— Што вас натхняе?

— Мне здаецца, у людзей, якія прысвячаюць сваё жыццё творчасці, няма пэўнай рэчы ці з’явы, якая натхняе. Бывае, ідзеш па вуліцы, ні пра што не думаеш — і раптам адчуваеш сябе натхнёным, хочацца нешта новае прыдумляць, ствараць. Такі стан у мяне ўзнікае ў абсалютна розныя перыяды і моманты жыцця.

— Ці ёсць у вас лайфхак, як яго не згубіць?

— Трэба ўвесь час развівацца, спрабаваць новае, чытаць, глядзець тое, што цікава. І не думаць пра выгаранне. Нельга затрымлівацца на чымсьці адным — гэта працуе ўсюды, у любой прафесіі, і тым больш у творчай. Мы ж увесь час павінны быць у пошуку, інакш дыяпазон артыста будзе зусім мізэрны.

— Барыс, а чым вы цікавіцеся акрамя тэатра і кіно?

— Люблю займацца спортам, чытаць кнігі, глядзець спектаклі. Як мага больш часу імкнуся праводзіць з роднымі і сябрамі. Безумоўна, тэатр — асобнае жыццё, наш другі дом, але ў ім не трэба хавацца і закрывацца, можна сумяшчаць і быць адкрытым для новых зносін. Дарэчы, спрабую сябе не толькі як артыст тэатра, але і як артыст кіно. Нядаўна зразумеў, што мне вельмі падабаецца выкладаць. Магчыма, гэта тое, чым я ў далейшым хацеў бы займацца. І рэжысурай таксама, але, вядома, калі з’явіцца больш вопыту.

— Атрымліваецца, што ў вас хапае часу глядзець і тыя пастаноўкі, якія прадстаўляюць вашы калегі з іншых тэатраў?

— Калі работы вельмі шмат, няма магчымасці глядзець на тое, што паказваюць калегі, таму што мы, як правіла, працуем у адзін час, толькі ў розных месцах горада. Я часта гляджу відэаверсіі спектакляў. І яшчэ, калі, напрыклад, ездзім на гастролі і там ёсць магчымасць наведаць нейкія пастаноўкі, раблю гэта з задавальненнем.

— Напэўна, калі вы толькі прыехалі працаваць у Купалаўскі тэатр, былі некаторыя складанасці з веданнем беларускай мовы. Ужо асвоіліся?

— У параўнанні з мінулым годам, размаўляем па-беларуску мы значна лепш. Добра, што нашы калегі валодаюць мовай і гатовыя заўсёды дапамагчы ў вывучэнні, паправіць памылкі. З гэтым праблем няма: разумею, што чытаю, пра што кажу, і тэкст вучыцца лёгка.

— Вы так захоплена расказваеце пра тэатральнае жыццё... А ці сутыкаецеся з цяжкасцямі ў прафесіі?

— Па-першае, прысутнічае пастаянная незадаволенасць вынікам. Здаецца, усё, што ты робіш, няправільна, час ад часу задаешся пытаннем: «А ці патрэбны я тут?» Не ведаю, праходзіць гэта з часам або не, але мне здаецца, дзякуючы гэтым сумненням, адбываецца прафесійны рост і рух наперад. Па-другое, прафесія патрабуе пастаяннай эмацыянальнай і фізічнай напружанасці і напоўненасці. Усе ролі неабходна пражываць па-новаму, нельга зацыкліцца на чымсьці. Глядач заўсёды адчувае фальш. Неабходна развівацца і прыўносіць нешта новае, тэатр не можа стаяць на месцы.

— Раскажыце пра ролю мары…

— На дадзены момант амплуа не паўтараюцца, мне даюць спрабаваць сябе ў зусім непадобных ролях: і гераічных, і характарных, і драматычных. 

Да кожнай з іх у мяне асаблівае стаўленне, і вельмі выдатна, што ўсе яны мне падабаюцца. А калі казаць пра ролю мары, я не думаю пра гэта. Можа быць, праз некалькі гадоў мяне чакае такая роля, пра якую я і марыць не мог. І цудоўна, што нельга нічога прадбачыць. 
Калі нешта новае прапаноўваюць, думаю: «Ці па зубах мне гэта?»

— Ці хвалюецеся перад выхадам на сцэну?

— Хваляванне ёсць заўсёды — і далоні пацеюць, і думкі ўзнікаюць, што нешта зробіш не так, а можа, наогул словы забудзеш. Мне здаецца, доля хвалявання павінна прысутнічаць, каб зусім не расслабіцца на сцэне.

— Як бы вы апісалі беларускага гледача?

— Ён шчыры, але часам пабойваецца спрабаваць новае. Яго, напэўна, трэба трошкі разварушыць і паказаць, што тэатр бывае розны. Спектаклі накшталт «Паўлінкі», якая ўсім добра вядомая, глядач шануе і любіць, заўсёды аншлаг. Яна — скарб беларускага тэатра, такія пастаноўкі абавязкова павінны быць. Але хочацца, каб глядач не баяўся новага і ішоў у нагу з сучаснымі тэндэнцыямі, таму што свет мяняецца, і ў тым ліку — у тэатры.

— Дык ён ці кіно?

Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно. Яны быццам і перасякаюцца, але разам з тым знаходзяцца зусім адасоблена. Іх немагчыма параўноўваць. Мая кінакар’ера таксама імкліва развіваецца, у мінулым годзе прыняў удзел у шасці праектах. І цяпер вядуцца перагаворы. Словам, гэта бясконцы працэс, у якім хочацца развівацца.

— Чаго чакаць гледачам Купалаўскага тэатра ў наступным сезоне з вашым удзелам?

— Рыхтуецца некалькі яркіх прэм’ер, у некаторых з іх я буду дакладна ўдзельнічаць. Упэўнены, што здабуду цікавы вопыт, які мы з гледачом пражывём разам.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота з асабістага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.