Вы тут

42 краіны — ў Віцебску


Сёння ўвечары адбудзецца цырымонія ўрачыстага адкрыцця ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Менавіта сённяшні дзень дае афіцыйны старт усім мерапрыемствам бягучага форуму. Раніца 11 ліпеня ў паўночнай сталіцы пачалася з сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці і горада, дырэктарам фестывалю і арганізатарамі ў міжнародным прэс-цэнтры.


З прывітальным словам да прадстаўнікоў СМІ, гасцей і ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. «33-ці фестываль традыцыйна вялікі, яркіі, адкрыты для ўсіх. Менавіта на яго пляцоўцы праз мастацтва, дабрыню і сяброўства мы будзем ствараць і тварыць новыя праекты і здзіўляць адзін аднаго. Усім хочацца пажадаць знайсці штосьці цікавае для сябе на гэтай безлічы разнастайных пляцовак. Кожны можа чамусьці павучыцца, навучыць і знайсці адтуліну на палях нашага гасціннага горада. Усім незабыўных эмоцый, са святам!», — сказаў кіраўнік Віцебшчыны. 

Мэр горада Віцебска Генадзь Сабыніч расказаў, што была зроблена велічэзная работа па падрыхтоўцы горада да культурнай падзеі. Гэтыя пазітыўныя змены, дарэчы, заўважылі не толькі жыхары, але і госці горада на Дзвіне. «Вы бачылі, што шэраг знакавых аб’ектаў закрануў капітальны рамонт, з’явілася шмат новых гарадскіх лакацый. Усе намаганні камунальных службаў і будаўнікоў у першую чаргу былі накіраваны на павышэнне ўзроўню камфортнасці жыцця віцябчан і, вядома, каб гасцям было ў нас утульна і камфортна. Вельмі хочацца, каб тая духоўнасць, чысціня і сяброўская атмасфера, якая пануе ў нашым горадзе, распаўсюджвалася на ўсе краіны, прадстаўнікі якіх у гэтыя дні фестываляць тут», — падкрэсліў Генадзь Генадзьевіч.

Аб ролі і важнасці «Славянскага базару» у фарміраванні адзінага культурнага асяроддзя Беларусі і Расіі расказаў старшыня Камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па культуры, навуцы і адукацыі Мікалай Бурляеў. Ён адзначыў, што менавіта культура, навука і адукацыя — гэта тры кіты асновы нацыянальнай бяспекі. «Вельмі важна, як мы будзем развіваць гэты фестываль, каб ён з года ў год станавіўся жамчужынай высокай якасці. Я буду прыкладаць усе намаганні нашай камісіі Саюзнай дзяржавы, каб дапамагаць «Славянскаму базару» узлятаць усё вышэй». Мікалай Пятровіч падкрэсліў, што светлая творчасць і ідэі адзінства — тое, што трэба зараз маладым людзям, а шоу-бізнэс апошнім часам перастаў быць культурай. 

Сёлета асвятляць падзеі 33-га валошкавага форуму прыехалі каля 500 прадстаўнікоў СМІ з 11 краін свету. І гэта, па словах дырэктара «Славянскага базара» Глеба Лапіцкага, абсалютны рэкорд. У гэтым годзе да журналістаў, якія амаль тры дзесяцігоддзі крочаць разам з фестывалем, далучыліся новыя сябры — прадстаўнікі СМІ краін, якія ўваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. «Зусім нядаўна, 4 ліпеня, Беларусі ўвайшла ў вялікую, сям’ю ШАС. Мы вельмі ганарымся гэтым і ўдзячны ўсім членам арганізацыі, якія падтрымалі ініцыятыву нашага Прэзідэнта», — сказаў дырэктар. Дарэчы, удзельнікі вялікага прэс-тура для прадстаўнікоў СМІ краін ШАС ужо паспелі ацаніць гасціннасць і прыгажосць горада на Дзвіне. 

Адказваючы на пытанне, аб чым 33-ці фестываль, Глеб Лапіцкі падкрэсліў, што чырвонай ніткай праз мерапрыемствы форуму праходзіць тэмы 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 1050- годдзе Віцебска. «Акрамя такіх значных дат, на «Базары» мы адзначым мноства асабістых юбілеяў славутых людзей: Людмілы Зыкінай, ансамбля «Песняры», Марка Фрадкіна і інш. Літаральна тры гады мы праводзім не адзін, а тры дні пад эгідай Саюзнай дзяржавы і сёлета адзначаем 25-годдзе падпісання дамовы аб будаўніцтве СД. У гэтым годзе адзначаецца і 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — гэта той чалавек, дзякуючы якому фестываль жыве і развіваецца, ён падтрымаў яго на самым пачатку. І, што цікава, 30 гадоў запар Прэзідэнт прыязджае на «Славянскі базар». Усе гэтыя тэмы будзем імкнуцца данесці да гледачоў на іх мове, бо «Славянка» — гэта не толькі амфітэатр, а мноства праектаў рознага накірунку», — расказаў дырэктар фестывалю. 

Сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Аляксандр Лук’янаў расказаў, што ў такі сімвалічны для нашай краіны год — 80-годдзе вызвалення — арганізатарам Дзён моладзі на «Славянскім базары» было важна напоўніць павестку мерапрыемстваў важнымі падзеямі. У іх ліку — маладзёжны патрыятычны форум «Сям’я вызваліцеля», дзе маладыя людзі і прадстаўнікі органаў ўлады раскажуць аб укладзе іх сем’яў у вызваленне Беларусі. «У рамках узаемадзеяння з нашымі калегі з Расійскай Федэрацыі мы аб’явім старт нацыянальнага конкурсу патрыятычнай песні «Салдацкі канверт» — гэта фестываль, які збярэ ў Віцебску 66 калектываў з усіх куткоў краіны, а фінальнай яго пляцоўкай стане горад Стаўрапаль. Традыцыйна 12 ліпеня адбудзецца патрыятычная акцыя і шэсце на мемарыяльным комплексе «Вызваліцелям Віцебска — савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам». У гэты дзень пройдзе фінал нацыянальнага фестывалю-конкурсу «Агонь маладзёжных талентаў», узнагароджанне пераможцаў адбудзецца на гала-канцэрце закрыцця Дзён моладзі», — адзначыў Лук’янаў. 

Адкрыццё міжнароднага прэс-цэнтра «Славянскага базара» адбылося. Тым часам Віцебск папаўняецца новымі гасцямі і ўдзельнікамі, сёння раніцай на чыгуначны вакзал прыбыў «Зорны цягнік» з артыстамі, якія возьмуць удзел у вячэрняй цырымоніі адкрыцця фестывалю. На сённяшні дзень на форум мастацтваў акрэдытаваліся прадстаўнікі 42 краін. 

Аляксандра Гвоздзева.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.

Адукацыя

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?

Рэлігія

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.