Вы тут

Алена Батурына: Падчас дойкі мы нават спяваем!


Яна не баіцца цяжкасцяў, пакарае новыя вяршыні ў рабоце, выхоўвае чацвярых дзяцей і знаходзіць час для грамадскай дзейнасці.

А яшчэ аператар машыннага даення ААТ «10 з’езд Саветаў», што ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці, член Беларускага саюза жанчын, адна з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» Алена Батурына ўпэўнена: ва ўсім трэба знаходзіць пазітыў.


— Алена Браніславаўна, як даўно Вы ў прафесіі? З якімі цяжкасцямі сутыкаецца аператар машыннага даення?

— У нашай шматдзетнай сям’і бацькам часта бывала няпроста. Каб хутчэй пачаць ім дапамагаць, я прыняла рашэнне пайсці працаваць пасля заканчэння школы. У сферы сельскай гаспадаркі я каля дзевяці гадоў.

На мой погляд, галоўнай складанасцю ў рабоце аператара машыннага даення з’яўляецца немалая фізічная нагрузка. Нам трэба ўвесь час знаходзіцца на нагах, ды і кіраванне ўстаноўкай патрабуе высілкаў. Адпачыць можна толькі паміж дойкамі.

— Разам з трыма калегамі Вы кіруеце ўстаноўкай, якая ажыццяўляе даенне 600 кароў. Ці складана знаходзіць кантакт з такой колькасцю кароў?

— Абавязковым патрабаваннем у нашай рабоце з’яўляецца любоў да жывёл. З гэтым у мяне якраз праблем няма. Яшчэ ў дзяцінстве, калі дапамагала маме на ферме, у мяне з’явілася цікавасць да братоў нашых меншых. Да кожнай з кароў важна знайсці падыход, бо ва ўсіх — розныя характары. Спачатку нават не абыходзілася без траўмаў, але з часам пачынаеш лепш разумець жывёл, запамінаеш іх звычкі і перавагі. Цяпер я магу сама дапамагаць пачаткоўцам адаптавацца.

Апаратамі машыннага даення мы карыстаемся на працягу шасці гадоў. Асвоіць новы механізм няцяжка. Паступова навучыліся настройваць працэс, рацыянальна размяркоўваць абавязкі.

Важна, каб у калектыве была камфортная абстаноўка, тады і работа выконваецца хутка і з задавальненнем. Нашым узаемаадносінам з калегамі можна пазайздросціць: мы працуем зладжана і прытрымліваемся дэвізу «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Падчас дойкі мы нават спяваем — гэта зараджае нас энергіяй і паднімае настрой. Каровам таксама падабаецца музычнае суправаджэнне!

— Вы сталі пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Гаспадыня сяла». Якія эмоцыі зведалі пры ўзнагароджанні? Ці змянілася пасля гэтага штосьці ў Вашым жыцці?

— Спачатку нават не магла паверыць, што я заслужыла такую высокую ўзнагароду. Пры яе ўручэнні, вядома, хвалявалася: было нязвыкла знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. На ўрачыстым мерапрыемстве мне ўдалося пазнаёміцца з вялікай колькасцю дастойных жанчын. Было цікава кантактаваць з імі, даведвацца новае, дзяліцца вопытам. З некаторымі мы працягваем падтрымліваць сувязь. Дзякуючы конкурсу і перамозе ў ім у мяне з’явілася дадатковая цікавасць у жыцці, матывацыя рухацца наперад. А дзеці, у сваю чаргу, адчулі гонар за маці!

— У вас вялікая сям’я — чацвёра дзяцей. З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца? Ці дапамагае падрастаючае пакаленне са справамі па гаспадарцы?

— Незалежна ад колькасці дзяцей, займацца выхаваннем, вядома, няпроста. У нашай сям’і прынята праяўляць ініцыятыву і падтрымліваць адно аднаго. Старэйшая дачка зрабіла сваім абавязкам гатаванне ежы, а сыны дапамагаюць мне са справамі, якія патрабуюць фізічных намаганняў. У вольны час дзеці не прапускаюць магчымасці падзарабіць. Так, малодшы сын патраціў першыя заробленыя грошы на падарунак мне — купіў новы зручны абутак. Радуе, што дзеці вырашылі пайсці па маіх слядах: старэйшы сын не раз праходзіў практыку ў гаспадарцы, малодшая дачка таксама працавала на базе нашага комплексу.

— Якія рысы характару дапамагаюць Вам адчуваць сябе ў жыцці ўпэўнена?

— На мой погляд, каб спраўляцца з вялікім аб’ёмам спраў, усюды паспяваць і дамагацца поспехаў, трэба быць моцнай, вынослівай і працавітай. Таксама з упэўненасцю магу назваць сябе жыццярадаснай і вясёлай; імкнуся не маркоціцца і ва ўсім шукаю пазітыў. Акрамя гэтага, я спагадлівы чалавек. Заўсёды стараюся прыйсці на дапамогу, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Усе гэтыя якасці прывіваю і дзецям.

— Чым любіце займацца ў вольны час? Як адпачываеце?

— Паўнавартасна адпачыць не заўсёды атрымліваецца, бо акрамя працы ёсць хатнія справы. Калі з’яўляецца вольны час, люблю пабыць у цішыні адна. Таксама з задавальненнем займаюся ўнукамі — яны зараджаюць мяне энергіяй і паднімаюць настрой.

— Ці можаце Вы назваць сябе шчаслівым чалавекам? Што для Вас значыць гэтае слова?

— Безумоўна, я — шчаслівы чалавек. Галоўная нагода для гэтага — здароўе і дабрабыт блізкіх. Я рада, што змагла выхаваць добрых дзяцей, якія любяць і паважаюць сваю маму. Гэтыя думкі натхняюць і даюць сілы ісці наперад, працаваць і развівацца.

Лізавета МАЛЬЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.