Вы тут

Не пра футбол. Хоць і пра яго крыху таксама


Гэты чэмпіянат Еўропы па футболе стаў для мяне асабіста не вельмі прыемным адкрыццём. Справа не ў тым, як яны гуляюць (хоць і тут можна было б сказаць штосьці падобнае). Справа ў... Дзідзье Дэшаме. Калі хто не ведае, гэта галоўны трэнер французскай зборнай. Гэткі імпазантны сівы месье ў гадах, у яго, напэўна, ужо ўнукі ёсць. Пры чым тут гэты, хай сабе і вельмі імпазантны француз, спытаеце? Справа ў тым, што, паглядзеўшы на яго, я вельмі нават востра і яскрава, бадай што ўпершыню, вельмі многае зразумела пра свой уласны ўзрост. Бо гэтага самага Дэшама я памятаю, калі ён яшчэ быў крыху кудлатым бландзінам і капітанам той самай зорнай зборнай, якая стала запар чэмпіёнамі свету і Еўропы. А я тады была іх заўзятай балельшчыцай, а яшчэ ў «Звяздзе» ў мяне была тады рубрыка «Жаночы погляд на футбол», якую я з задавальненнем вяла падчас сусветнага і кантынентальнага першынства, даволі-такі нядрэнна разбіраючыся ў самой гульні (дзякуй брату-фізруку), але пры гэтым магла туды ўставіць гарэзлівае: «Дзяўчаты, а вы бачылі Кана пад дажджом, так бы і пакратаў яго, праўда?..»


Фота: lequipe.fr

Здаецца, зусім нядаўна тое было — лета, футбол, любімая зборная ў плэй-оф, у якой сімпатычны капітан-бландзін (і яшчэ больш сімпатычны лысы галкіпер). Здаецца, і сёння ўсё як раней: лета, футбол, французы ў плэй-оф... Толькі вось бландзін ужо ніякі не бландзін, а сівы дзядзька, хай сабе і дагледжаны, і салідны, але ж ужо, як у нас кажуць, перадпенсіённага ўзросту. А ён жа ўсяго на некалькі гадоў старэйшы... Карацей кажучы, паглядзела я на таго Дэшама і зразумела раптам, што і «Жаночы погляд на футбол» наўрад ці цяпер у мяне атрымаўся б. Бо адна справа — гэты погляд кідаць на поле, па якім бегаюць твае равеснікі, і зусім іншая — калі, па сутнасці, твае дзеці. Тут ужо не за гульнёй глядзіш, а за тым, як яны, атрымаўшы па нагах ці па твары, па траве качаюцца. І так шкада гэтых хлопчыкаў... Вось табе і ўвесь «жаночы погляд» — бедненькі Мбапэ, так яму было балюча, калі нос зламалі…

Вы толькі не падумайце, што я разнылася тут пра тое, што ўсе мы не маладзеем і што жыццё — надзвычай хуткаплынная штука. Хоць і з гэтым не паспрачаешся. Я хутчэй пра тое, наколькі мы адэкватна ўспрымаем аб’ектыўную рэчаіснасць, наколькі прымаем яе і наколькі гатовы ў ёй нармальна, гарманічна існаваць. І тут хутчэй не пра тое, як мы апранаемся, як сябе паводзім і пра што думаем. Вядома, шасцідзесяцігадовая пані з распушчанымі валасамі ў ружовых ласінах на самакаце выкліча ў многіх здзіўленне або ўсмешку. А па мне, калі ёй самой добра, дык хай і едзе сабе на тым самакаце. Я пра іншае — пра час. Пра тое, што яго ў кожнага з нас — і ў старэйшых, і ў зусім маладых — з кожным днём застаецца ўсё менш. Здаецца, яшчэ малады, поўны сіл, скачаш, як маладая вавёрка. Жартуеш, што ўсё «яшчэ спераду», і гэтаксама лёгка, як жартуючы, адкладваеш на пасля важнае і не вельмі, і думаеш, што яшчэ ўсё паспееш. А потым раптам са здзіўленнем бачыш пасівелага колішняга знаёмага (няхай гэта і футбаліст каманды, балельшчыкам якой ты зусім нядаўна быў). І не толькі разумееш, што часу ўжо не так шмат, але і прыгадваеш, колькі яго, часу, было змарнавана, бо думаў, што яго, часу, — нешта блізкае да бясконцасці…

Нядаўна мы пра гэта гаварылі са знаёмай, якую ведаю вельмі добра і вельмі даўно. Дык вось, да яе гэта разуменне прыйшло ў шэсцьдзесят тры. Не скажу, што яна ў шоку, але добрага настрою ёй гэта не дадало дакладна. «Ведаеш, ужо амаль жыццё прайшло, а я так і не пабыла, дзе хацела, не зрабіла тое, што планавала. Не для кагосьці — для сябе самой. Спачатку думала: усё паспею, пасля сям’я, дзеці, толькі іх глядзела... Колькі разоў з мужам хацелі ўдваіх куды адпачыць з’ездзіць — усё адкладвалі: то рамонт у хаце, то яшчэ якая прычына. Муж памёр — цяпер і ехаць няма з кім. Уяўляеш, я ні разу за жыццё не лятала на самалёце! Не трагедыя ўсяленская, канешне, але вось гэта мне апошнім часам спакою не дае. І не атрымаецца ўжо, напэўна, паляцець — куды адной, дый здароўе ўжо падводзіць. У мяне і сябровак не засталося: куды ні клікалі пайсці ці паехаць, я адмаўлялася: у мяне ж дзеці, вось як вырастуць, тады. Дзеці выраслі, у іх свае сем’і, свае клопаты... А сяброўкі тыя ўжо і не звоняць даўно, хоць ведаю, што збіраюцца разам, адна да адной на лецішча кампаніямі ездзяць. А мне ўжо толькі дажываць, як ёсць, застаецца, ды шкадаваць пра тое, што калісьці не зрабіла...»

Я на гэта толькі спагадліва паківала галавой і прамаўчала. Праўда, праз некалькі дзён скінула ёй спасылкі на цікавыя туры, якія прадугледжваюць магчымасць падарожнічаць аднаму, у тым ліку і на самалёце. Яна спачатку аднеквалася, а ўчора званіла, удакладняла дэталі. Захапілася ідэяй паляцець у Баку, чым ашаламіла дзяцей і іншых сваякоў. Ужо, сказала, аформіла білеты і праз два тыдні будзе там.

А сама ў нядзелю буду глядзець футбол. Ну і што, што работы і ў вёсцы, і ў горадзе процьма. І што па полі будуць бегаць хлопчыкі, большасць з якіх па ўзросце мае дзеці. І што дарослай цётцы захапляцца футболам не вельмі, напэўна, і прыстойна... Мне гэта цікава, я ў гэтым нядрэнна разбіраюся. І не хачу шкадаваць калі-небудзь, што па нейкай надуманай прычыне не ўбачыла фінал Еўра-2024.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.

Адукацыя

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?

Рэлігія

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.